• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сафіін свет раман пра гісторыю філасофіі Юстэйн Гордэр

    Сафіін свет

    раман пра гісторыю філасофіі
    Юстэйн Гордэр

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 560с.
    Мінск 2014
    130.68 МБ
    Такім чынам, I старажытнаіндыйскія Веды, і грэцкая філасофія, і нават сагі пра багоў Сноры Стурлусана* ствараліся на роднасных мовах. Але блізкімі іх рабіла не толькі мова. Роднаснасць мовы звычайна абумоўлівае і роднаснасць мыслення. Якраз таму мы і гаворым пра індаеўрапейскае «культурнае асяроддзе».
    Індаеўрапейская культура вызначалася перадусім верай у мноства багоў, гэта значыць політэізмам. На ўсёй прасторы рассялення індаеўрапейцаў імёны багоў, а таксама асноўныя словы і выразы, звязаныя з рэлігійнаю практыкай, паўтараюцца. Згадаю некалькі прыкладаў.
    У старажытнай Індыі шанавалі бога неба Д’яуса. Па-грэцку гэтага бога звалі Зэўс, па-лацінску Юпітэр (дакладней Ёўпатэр,
    * Ісландскі гісторык і паэт, аўтар зборнікаў car, вядомых як «Малодшая Эда» і «Зямное кола».
    што значыць «Бацька Ёў»), а па-старажытнанарвежску Тыр. Такім чынам, імёны Д’яус, Зэўс, Ёў і Тыр «дыялектныя» варыянты таго самага слова.
    Ты, пэўна, памятаеш, што скан дынаўскія вікінгі верылі ў багоў, якіх называлі асамі. Гэтае слова са значэннем «багі» таксама можна сустрэць на ўсёй прасторы рассялення індаеўрапейцаў. На старажытнай індыйскай мове (санскрыце) багі называюцца асурамі, а па-іранску ахурамі. Другое слова са значэннем «бог» на санскрыце гучыць як дзева, па-іранску дэва, па-лацінску дэус, а па-старажытнанарвежску тывур.
    Акрамя таго, у Скандынавіі верылі ў цэлую групу багоў урадлівасці (напрыклад, Н’ёрд, Фрэй і Фрэя). Для гэтых багоў існавала асобная назва ваны. Гэтае слова роднаснае лацінскай назве багіні ўрадлівасці Венеры. На санскрыце знойдзецца роднаснае вані, якое азначае «жаданне» або «пажада».
    Выразнае сваяцтва можна заўважыць і ў асобных міфах, пашыраных па ўсім індаеўрапейскім арэале. Калі Снуры Стурлусан распавядае пра скандынаўскіх багоў, некаторыя яго сагі нагадваюць індыйскія міфы, якім ужо дзве-тры тысячы гадоў. Безумоўна, у сагах Снуры Стурлусана адбіваюцца асаблівасці скандынаўскай прыроды, а ў індыйскіх міфах прырода індыйская. Але шмат якія міфы маюць адно ядро, што сведчыць пра агульнасць паходжання. Найбольш выразна такое ядро прыкметна ў міфах пра жыватворны напой і барацьбу багоў з нейкай пачварай хаосу.
    Падабенства паміж індаеўрапейскімі культурамі прасочваецца і ў ладзе мыслення. Усе яны ўспрымаюць свет, як драму, у якой сілы добра і зла вядуць між сабою няспынную барацьбу. Індаеўрапейцы, так бы мовіць, спрабуюць «прадказаць» будучы лёс свету.
    Грэцкая філасофія зусім не выпадкова ўзнікла менавіта на індаеўрапейскай прасторы. I грэцкая, і індыйская, і скандынаўская міфалогіі маюць у сваёй аснове філасофскае, або «спекулятыўнае», сузіранне свету.
    Індаеўрапейцы імкнуліся «зразумець», ці «уведаць», хаду
    падзеяў у свеце. У розных культурах індаеўрапейскага арэала, дарэчы, можна знайсці падабенства ў словах, якія азначаюць «веданне», «усведамленне» ці «веды». У санскрыце, напрыклад, ёсць слова відыя. Яно сугучна з грэцкім ідэя, якое, як ты памятаеш, адыгрывала важную ролю ў Платонавай філасофіі. 3 лацінскай мовы да нас прыйшло слова відэа, праўда, у рымлян яно азначала «бачу». (Ды толькі цяпер гэтае «відэа» амаль цалкам звязваецца ў нас з тым, што чалавек сядзіць, утаропіўшыся ў экран тэлевізара.) У ангельскай мове ёсць словы wise (мудры) і wisdom (мудрасць), у нямецкай wissen (ведаць). I нарвежскае viten (веды) таксама мае аднолькавы корань з індыйскім «відыя», грэцкім «ідэя» і лацінскім «відэа».
    Увогуле можна зрабіць выснову, што галоўным пачуццем у індаеўрапейцаў быў зрок. Традыцыйная літаратура індыйцаў і грэкаў, іранцаў і германцаў прасякнутая відзежамі касмічнага ўпарадкавання. (I слова «відзеж», дарэчы таксама ўтворана ад лацінскага дзеяслова «відэа»). Знамянальным для індаеўрапейскіх культур было і тое, што, абапіраючыся на міфы, яны стваралі выявы і скульптуры багоў.
    Нарэшце, індаеўрапейцаў аб’ядноўвае цыклічны погляд на гісторыю. Усе яны меркавалі, што гістарычныя падзеі развіваюцца па коле, утвараючы цыкл, кшталту змены паравін года. Таму гісторыя не мае ні пачатку, ні канца. У сувязі з гэтым гаворка часцяком вядзецца пра розныя светы, якія ўзнікаюць і гінуць у бесперапыннай чарадзе нараджэння і смерці.
    Дзве буйныя ўсходнія рэлігіі індуізм і будызм маюць індаеўрапейскае паходжанне. Тыя самыя карані і ў грэцкай філасофіі, таму паміж індуізмам і будызмам, з аднаго боку, і грэцкай філасофіяй, з другога, можна правесці выразныя паралелі. У індуізме і будызме дагэтуль вялікую ролю адыгрывае філасофская рэфлексія.
    У індуізме і будызме даволі часта падкрэсліваецца, што боскае прысутнічае ва ўсім (пантэізм) і што чалавек здольны дасягнуць еднасці з Богам праз рэлігійнае адкрыццё ісціны. (Успомні,
    што казаў Плацін, Сафія!) Дзеля гэтага вернікі паглыбляюцца ў сябе, медытуюць. Таму шмат дзе на Ўсходзе бяздзейнасць і адасобленасць услаўляюцца рэлігіяй. Многія грэкі таксама лічылі, што дзеля ўратавання душы чалавеку трэба жыць у аскезе, або рэлігійнай самотнасці. Ад такіх уяўленняў, якія існавалі ў грэкарымскім свеце, паходзяць і шмат якія рысы, характэрныя для ладу жыцця ў сярэдневяковых кляштарах.
    Акрамя таго, шмат у якіх індаеўрапейскіх культурах рабіўся акцэнт на веры ў перасяленне душ. Цягам больш як дзвюх з паловай тысячагоддзяў першай мэтаю кожнага індыйца было пазбавіцца ад гэтага вандравання. Тут дарэчы будзе ўспомніць Платона, які таксама верыў у перасяленне душы (метэмпсіхоз).
    Семіты
    Пяройдзем цяпер да семітаў, Сафія. Гэта ўжо зусім іншыя культурныя традыцыі і зусім іншая мова. Семіты паходзяць з Аравійскай паўвыспы, але семіцкае культурнае асяроддзе мае непараўнана большы арэал. Больш за дзве тысячы гадоў габрэі жывуць далёка ад сваёй прарадзімы. Але семіцкая гісторыя і семіцкая рэлігія пашырыліся яшчэ далей за межы геаграфічнага абсягу іх рассялення, што сталася магчымым дзякуючы хрысціянству. Значна паспрыяў распаўсюджванню семіцкай культуры таксама іслам.
    Усе тры заходнія рэлігіі юдаізм, хрысціянства і іслам маюць семіцкія карані. I мусульманскі Каран, і Стары Запавет складзеныя на роднасных семіцкіх мовах. Адно са старазапаветных словаў, якім пазначаецца «Бог», мае той самы корань, што і мусульманскае «Алах» (якое таксама азначае «бог»).
    Крыху складаней з хрысціянствам. Яно, несумненна, мае таксама семіцкія карані. Але Новы Запавет быў напісаны па-грэцку, і на фармаванне хрысціянскага багаслоўя, або тэалогіі, значна паўплывалі грэцкая і лацінская мовы, а разам з імі эліністычная філасофія.
    Як я вышэй згадваў, індаеўрапейцы верылі ў шмат розных багоў. Што да семітаў, то яны даволі рана прыйшлі да веры ў існаванне аднаго Бога. Такое называецца монатэізмам. Адзінабожжа ляжыць у аснове і юдаізму, і хрысціянства, і ісламу.
    Агульным для семітаўз’яўляецца і лінейны погляд на гісторыю. Іначай кажучы, яны ўспрымаюць гісторыю ў выглядзе лініі. Гісторыя аднойчы пачалася з таго, што Бог стварыў свет. Але некалі яна скончыцца, і адбудзецца гэта ў «судны дзень», калі Бог будзе вяршыць суд над жывымі і мёртвымі.
    Важная рыса, якая аб’ядноўвае тры найбуйнейшыя заходнія рэлігія, заключаецца ў ролі, якую яны адводзяць гісторыі. Дакладней, у ідэі, што Бог умешваецца ў гісторыю і сама гісторыя існуе дзеля таго, каб Бог мог вяршыць сваю волю над светам. Як некалі ён вывеў Абрагама да «абяцанай зямлі», так праз усю гісторыю вядзе чалавецтва да «Апошняга суду», калі ўсё зло на зямлі будзе вынішчана.
    3 гэтай вялікаю верай у ролю Бога ў гісторыі семіты і пісалі цягам многіх тысячагоддзяў гісторыю свайго народа. Таму ў аснове Святога Пісання ляжаць гістарычныя падзеі.
    Ерусалім дагэтуль з’яўляецца рэлігійным цэнтрам і для юдэеў, і для хрысціян, і для мусульман, што таксама сведчыць пра іх агульныя гістарычныя карані. У гэтым горадзе месцяцца буйныя сінагогі, цэрквы і мячэці. Таму шкада, што Ерусалім стаў яблыкам разладу і людзі тысячамі забіваюць адно аднаго, бо ніяк не разбяруцца, каму належыць гэты багаты на традыцыі горад. Спадзяюся, аднойчы ААН патрапіць ператварыць Ерусалім у месца сустрэчы ўсіх трох рэлігій. (Але гэтую практычную частку філасофскага курса мы лепш пакінем пакуль Хільдзінаму бацьку. Бо, як ты, пэўна, зразумела, ён назіральнік ААН у Ліване. Скажу больш: ён маёр міратворчых сілаў. Калі ты пачынаеш здагадвацца, у чым тут узаемасувязь, гэта выдатна. Але не будзем прыспешваць падзеі.)
    Мы згадвалі, што ў індаеўрапейцаў галоўным пачуццём быў зрок. А вось у семіцкай традыцыі важная роля адводзілася слы-
    ху. Таму не дзіва, што юдэйскі сімвал веры пачынаецца словамі «Слухай, Ізраіль!». У Старым Запавеце мы чытаем пра тое, як народ «слухаў» Госпада, а габрэйскія прарокі пачынаюць свае казанні зваротам: «Так казаў Яхвэ (Бог)». У хрысціянстве таксама акцэнт робіцца на «слуханні» Божага слова. Увогуле, і юдэйскія, і хрысціянскія, і мусульманскія набажэнствы вызначаюцца найперш чытаннем услых, або рэчытатывам.
    Я казаў таксама, што індаеўрапейцы заўсёды стваралі выявы і скульптуры сваіх багоў. А вось для семітаў характэрна якраз забарона на ўсякія выявы і Бога, і святьгх. У Старым Запавеце згадваецца, што чалавек не павінен ствараць сабе куміраў (што значыць стодаў, скульптурных выяваў бога), і такая забарона дагэтуль захоўваецца ў ісламе і юдаізме. Больш за тое, у ісламе не надта прыхільна ставяцца нават да фатаграфіі і выяўленчага мастацтва. Тлумачыцца гэта тым, што чалавек не павінен супернічаць з Богам у справе «стварэння».
    «Але ж у хрысціянскіх цэрквах паўсюль поўна выяваў і Бога, і Ісуса», напэўна, думаеш ты. I маеш рацыю, Сафія, але гэта якраз прыклад уплыву на хрысціянства грэка-раманскага свету. (У праваслаўнай царкве у Грэцыі і ў Расіі дагэтуль дзейнічае забарона на «выразаныя выявы» скульптуры і ўкрыжаванні са сцэнамі з біблейскай гісторыі).
    У адрозненне ад галоўных усходніх рэлігій тры заходнія веравызнанні кажуць пра прорву, якая ляжыць паміж Богам і яго стварэннямі. Іх мэта -ўратаванне чалавека не ад перасялення душы, а ад граху і правіны. Акрамя таго, рэлігійнае жыццё ў іх болей вызначаецца пацерамі, казанямі і чытаннем Святога Пісання, а не медытацыяй і паглыбленнем у сябе.А
    Ізраіль
    Я не хачу збіраць хлеб у твайго настаўніка ў асновах хрысціянства, дарагая Сафія, але ўсё ж кораценька спынюся на юдэйскіх асновах хрысціянскай веры.