• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сафіін свет раман пра гісторыю філасофіі Юстэйн Гордэр

    Сафіін свет

    раман пра гісторыю філасофіі
    Юстэйн Гордэр

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 560с.
    Мінск 2014
    130.68 МБ
    Некалькі разоў у жыцці Плаціну выпадала адчуць адзінства сваёй душы з Богам. Такі досвед мы называем містычным пачуццем. Але яго даводзілася перажываць не аднаму Плаціну. Ва ўсе часы ва ўсіх культурах былі людзі, якія паведамлялі пра нешта падобнае. Яны па-рознаму апісвалі свае адчуванні, але агульныя рысы ва ўсіх апавяданнях нязменныя. Разгледзім некаторыя з іх.
    Містыцызм
    Пры ўзнікненні містычнага пачуцця чалавек перажывае адзінства з Богам, або «сусветнай душой». Шмат у якіх рэлігіях свярджаецца, што паміж Богам і яго стварэннем ляжыць цэлая прорва, але містык не адчувае ніякай прорвы. Ён «пранікаецца Богам» або «яднаецца» з Ім.
    Рэч у тым, што «я», пра якое мы кажам у будзённым жыцці, гэта не сапраўднае наша я. У пэўныя імгненні мы можам адчуваць сваю прыналежнасць да нейкага большага «я», якое адны містыкі называюць «Богам», другія «сусветнай душой», «маці прыродай», «Сусветам». Яднаючыся ці зліваючыся з Богам, містык «страчвае сябе», як кропля вады «страчвае сябе», змяшаўшыся з морам. Адзін індыйскі містык выказваў гэта так: «Калі быў я, Бога не было. Цяпер ёсць Бог, але больш няма мяне». А хрысціянскі містык Сілезіюс (1624-1677) неяк напісаў: «Як, дасягнуўшы мора, кропля зрабіцца ім можа, так, Цябе дасягнуўшы, Табой душа робіцца, Божа».
    Ты, мусіць, думаеш, што ў «страце сябе» мала прыемнага. I я цябе разумею, Сафія. Але ж ты страчваеш нашмат менш, чым атрымліваеш наўзамен. Ты страчваеш сябе такую, якою ёсць у гэты момант, разам з тым разумеючы, што напраўду ты штось
    нашмат большае. Ты цэлы Сусвет. Так, дарагая Сафія, ты і ёсць тая самая сусветная душа. Ты і ёсць Бог. Калі табе калі-небудзь давядзецца адмовіцца ад сябе як ад Сафіі Амундсэн, можаш суцяшацца тым, што некалі табе ўсё адно наканавана страціць тваё «будзённае я». На думку містыкаў, тваё сапраўднае я, тое, што ты адчуваеш, толькі калі вызваляешся ад сябе, гэта дзівосны агонь, які гарыць вечна.
    Але містычнае пачуцце не заўсёды прыходзіць само сабой. Найчасцей дзеля сустрэчы з Богам містыку трэба прайсці «шлях ачышчэння і азарэння». Такі шлях складаецца з аскетычнага ладу жыцця і разнастайных спосабаў медытацыі. I калі раптам містык дасягае мэты, ён абвяшчае: «Я ёсць Бог» або «Я ёсць Ты».
    Містычныя плыні ўласцівыя ўсім буйным сусветным рэлігіям I апісанні містычнага пачуцця, якое ўзнікае ў містыкаў самых розных культур і традыцый, ва ўсіх на дзіва падобныя. Культурныя адрозненні праяўляюцца, толькі калі містык тлумачыць сваё містычнае пачуцце з пазіцый сваёй рэлігіі ці філасофіі.
    У заходняй містыцы, гэта значыць у межах юдэйства, хрысціянства і ісламу, містыкі, як правіла, кажуць пра сустрэчу з Богам. Тут Бог хоць і прысутнічае ў прыродзе і ў чалавечай душы, але звычайна ўзнесены высока над светам. Ва ўсходняй містыцы, гэта значыць у межах індуізму, будызму і даасізму, звычайна апісваецца поўнае яднанне з Богам ці «сусветнай душой». «Я сусветная душа» ці «Я Бог», можа сказаць усходні містык, бо ягонага Бога нельга лакалізаваць у свеце, ён паўсюль і нідзе.
    У Індыі моцныя містычныя плыні былі пашыраныя задоўга да Платона. Свамі Вівекананда, які спрыяў распаўсюджванню ідэй індуізму на Захадзе ў XIX стагоддзі, казаў:
    «Як некаторыя сусветныя рэлігіі называюць атэістам чалавека, які не верыць у Бога па-за сабою, так мы называем атэістам чалавека, які не верыць у самога сябе. Нявера ў веліч сваёй душы і ёсць атэізм».
    Містычнае пачуцце мае значэнне і ў этыцы. Былы прэзідэнт
    Індыі Радхакрышнан сказаў аднойчы: «Любі свайго бліжняга, як самога сябе, бо ты і ёсць твой бліжні. Верыць, што твой бліжні не ты, ілюзія».
    У нашыя дні ёсць людзі, якія не практыкуюць ніякай рэлігіі, але таксама перажываюць містычныя пачуцці. Па іх словах, яны раптам далучаюцца да «касмічнага розуму» або «сусветнага акіяну». У такія моманты яны адчуваюць сябе як бы выкінутымі з часу, і свет адкрываецца ім «з пункту погляду вечнасці».
    Сафія паварушылася ў ложку. Ёй захацелася адчуць, што ў яе ёсць цела.
    Чытаючы пра Плаціна і містыкаў, яна пачала адчуваць, быццам расплываецца па пакоі, вылятае з акна і ўзлятае высока над горадам. Яна ўбачыла ўнізе людзей на плошчы, але плыла ўсё далей і далей па-над зямною куляй, на якой жыла, па-над Паўночным морам і Еўропай, па-над Сахарай і неабсяжнымі афрыканскімі саванамі.
    Уся агромністая планета ператварылася ў жывую істоту, і здавалася, быццам гэтая істота сама Сафія. «Я і ёсць свет», падумалася ёй. Увесь велічэзны Сусвет, які часцяком здаваўся Сафіі неспасціжным і небяспечным, стаў яе ўласным я. Уражанне было дзіўнае: то Сусвет выглядаў велічным і бяскрайнім, то ёй самой не было ані краю, ані канца.
    Пачуццё хутка мінула, але Сафія не сумнявалася, што ніколі не забудзе яго. 3 яе нібыта штосьці вырвалася і змяшалася з астатнім светам гэта як усяго адна кропля фарбы, трапіўшы ў пітнік, можа афарбаваць у ім усю ваду.
    Калі ўсё скончылася, яна нібы прачнулася ад дзіўнага сну. Галава балела. Сафія амаль з расчараваннем заўважыла, што ў яе ёсць цела і гэтае цела хоча паварушыцца. Пакуль яна ляжала на жываце і чытала старонкі, атрыманыя ад Альбэрта Кнокса, у яе задранцвела спіна. Але пачуцці, якія ёй выпала перажыць, былі надзвычайныя.
    Нарэшце Сафія здолела злезці з ложка. Яна прабіла ў аркушах дзіркі і, падшыўшы іх да папярэдніх лекцый у тэчцы, пайшла ў сад.
    Паўсюль радасна ціўкалі птушкі, нібыта ў дзень стварэння Сусвету. Светла-зялёнае лісце на бярозах за трусінымі клеткамі зіхацела так ярка, што здавалася, быццам Тварэц не скончыў яшчэ разбаўляць фарбы.
    Няўжо яна сапраўды можа лічыць, што ўсё існае гэта яе боскае «я»? I што яе душа «іскарка з вогнішча»? Калі так, выходзіць, што яна сама боская істота.
    ПАШТОУКІ
    ...я накладаю на сябе строгую цэнзуру...
    Наступныя некалькі дзён лісты ад настаўніка філасофіі не прыходзілі. Чацвер прыпадаў на 17 траўня, дзень Канстытуцыі, і васемнаццатага заняткаў таксама не было.
    У сераду, шаснаццатага траўня, па дарозе са школы Ёрунь раптам спытала:
    Што калі выправіцца куды-небудзь з намётам?
    Спачатку Сафія падумала, што не варта надоўга сыходзіць з дому. Але ўрэшце сказала:
    Увогуле, я не супраць.
    Праз пару гадзін Ёрунь была ў Сафіі з вялізным заплечнікам. Сафія таксама ўжо склала заплечнік і падвязала да яго намёт. Дзяўчаты ўзялі з сабой спальныя мяшкі і цёплую адзежу, подсцілкі і ліхтарыкі, два вялікія тэрмасы з гарбатай і шмат рознага смакоцця.
    Каля пятай дадому вярнулася маці, і дзяўчаты праслухалі цэлую лекцыю пра тое, што трэба і чаго не трэба рабіць. Акрамя таго, маці пацікавілася, дзе дакладна яны думаюць размясціцца.
    Яны сказалі, што паставяць намёт на Цецеруковым пагорку. Можа, раніцай ім пашчасціць пачуць цецеруковае такаванне.
    Але Сафію прапанавала Цецерукоў пагорак не толькі дзеля цецерука. Яна ведала, што адтуль да Маёравай хаткі рукой падаць. Нешта вабіла яе да гэтага месца, хоць другі раз яна ў тую хатку нізавошта ўжо не ўвайшла б.
    Яны рушылі на сцяжыне, якая збочвала ў лес якраз насупраць
    Сафіінага дома. Па дарозе яны гаманілі пра ўсякую ўсячыну, і Сафіі было нават прыемна, што можна не думаць пра філасофію.
    Каля восьмай яны паставілі намёт на роўнай пляцоўцы каля Цецеруковага пагорка і, раскруціўшы спальныя мяшкі, падрыхтаваліся да начоўкі. Калі ўправіліся з прыхопленымі з дому бутэрбродамі, Сафія спытала:
    Ты чула пра Маёраву хатку?
    Якую яшчэ Маёраву хатку?
    Тут непадалёк у лесе стаіць дамок... каля азярца. У ім некалі жыў адзін дзівакаваты маёр, таму яго і называюць Маёравай хаткай.
    А цяпер там жывуць?
    Можа і жывуць, давай сходзім і пабачым?
    А дзе гэта?
    Сафія махнула ў кірунку бліжэйшых дрэваў.
    Ёрунь ісці не надта хацелася, але ўрэшце яна дала сябе ўгаварыць. Сонца заходзіла.
    Спачатку дзяўчаты ішлі паміж высокіх ялін, але потым былі вымушаныя прадзірацца скрозь густы хмызняк. Праз пэўны час яны выбіліся на нейкую сцежку. Ці не гэтаю сцежкай Сафія ішла ў нядзелю?
    Несумненна, гэтай і неўзабаве паміж дрэвамі справа ад сцежкі заблішчала вада.
    Нам туды, сказала Сафія.
    Яшчэ крыху, і яны стаялі каля азярца. Прыставіўшы далонь да вачэй, Сафія ўгледзелася ў другі бераг. Аканіцы на вокнах хаткі былі гэты раз зачыненыя. Чырвоны дамок выглядаў цалкам закінутым і нежылым.
    Мы што, пойдзем па вадзе? спытала Ёрунь, азіраючыся вакол.
    He, паплывем на чоўне.
    Сафія паказала на зараснік чароту. Як і мінулы раз, там стаяў човен.
    Ты што, ужо была тут?
    Сафія пакруціла галавой. Раскажы яна сяброўцы пра першае на-
    ведванне пытанняў не абярэшся, бо як расказаць, не згадаўшы пра Альбэрта Кнокса і курс філасофіі?
    Дзяўчаты плылі цераз возера, весела жартуючы і смеючыся. А калі прысталі да берага, Сафія ўжо пастаралася, каб гэты раз увесь човен быў выцягнуты на бераг. Неўзабаве яны стаялі каля дзвярэй. Ёрунь патузала ручку, хоць у хаце яўна нікога не было.
    Замкнута... А ты хіба спадзявалася, што будзе адчынена?
    Можа, пашукаем ключ? прапанавала Сафія і пачала глядзець пад камянямі на прызбе.
    Ды ну цябе, давай лепш вернемся да намёта, не вытрымаўшы, буркнула Ёрунь.
    Але Сафія радасна завішчэла:
    Знайшла! Знайшла!
    I ўрачыста паказала ключ. Яна ўставіла яго ў замочную шчыліну, і дзверы адамкнуліся.
    Сяброўкі, нібы злодзеі, пракраліся ў хату. Там было холадна і цёмна.
    Я нічога не бачу, шапнула Ёрунь.
    Але Сафія прадугледзела і гэта. Выцягнуўшы з кішэні карабок, яна шоргнула запалкай. Тая патухла, дазволіўшы дзяўчатам разгледзець хіба толькі, што ў хаце нікога няма. Сафія шоргнула другой і цяпер заўважыла на каміне каваны падсвечнік. Трэцяй запалкай яна запаліла недагарак свечкі, і кволы агеньчык асвятліў вітальню, у якой яны стаялі.
    Глядзі, такі маленькі агеньчык, а колькі дае святла! заўважыла Сафія.
    Ёрунь кіўнула. А Сафія сказала зноў:
    Але недзе гэтае святло ўсё-ткі канчаецца. Хоць напраўду цемры няма. Гэта проста адсутнасць святла.
    Ат, не наводзь страху. Хадзем лепш адсюль!
    Толькі спачатку паглядзімся ў люстра.
    Сафія паказала на люстра ў масянжовай раме, якое, як і мінулы раз, вісела над камодай.
    Якое прыгожае...
    Глядзі, яно зачараванае!
    -	«Люстра мілае, скажы, ды ўсю праўду далажы: ў свеце хто за ўсіх мілейшы, і румянейшы, й бялейшы?»
    -	Я не жартую, Ёрунь. Калі ў яго паглядзецца, можна ўбачыць, што робіцца па той яго бок.