Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
Сафія ціхенька ўвайшла ў маміну спальню. Тая яшчэ спала, але Сафія паклала руку ёй на галаву і сказала:
А ты ў нас самая шчаслівая. Бо ты не проста жывеш, як палявыя нарцысы, і ты не проста жывая істота, як Шархан ці Гавінда, ты чалавек, а значыць, маеш рэдкую здольнасць мысліць.
Сафія, ты што там балбочаш? маці гэты раз прачнулася хутчэй, чым звычайна.
Я кажу, што ты падобная да соннай чарапахі. А яшчэ магу паведаміць табе, што я прыбралася ў пакоі. I падышла да гэтай справы з філасофскай грунтоўнасцю.
Маці села ў ложку:
Я зараз прыйду. А ты не згатуеш тым часам кавы?
Сафія зрабіла, як прасіла маці, і неўзабаве яны сядзелі на кухні, п’ючы каву, какаву і сок. Праз пэўны час Сафія спытала:
Мама, ты калі-небудзь задумвалася, навошта мы жывем?
Зноў ты пра тое ж.
Пра тое ж, але я ведаю адказ. Людзі жывуць на гэтай планеце, каб паўсюль па ёй вандраваць і даваць усім рэчам назвы.
Вось як? Ніколі не думала.
Тады ў цябе сур’ёзная праблема. Бо чалавек гэта істота, якая думае. Калі ты не думаеш, дык ты і не чалавек.
Сафія!
Уяві, каб існавалі толькі расліны і жывёлы. Тады ніхто не адрозніваў бы «катоў» ад «сабак», «нарцысы» ад «агрэсту». Праўда, расліны і жывёлы таксама жывыя, але толькі мы здольныя размяркоўваць усё існае па групах і класах.
Ты ў мяне, далібог, самая дзіўная дачка на свеце, сказала маці.
Ну, ты ўжо як скажаш, запярэчыла Сафія. Усе людзі больш ці менш дзіўныя. Я чалавек, а значыць, я таксама больш ці менш дзіўная. А таму што я ў цябе адзіная дачка, значыць, я ў цябе сапраўды самая дзіўная на свеце.
Я мела на ўвазе, што ты мяне палохаеш усімі гэтымі... сваімі размовамі.
Якая ты ў нас палахлівая.
Пазней Сафія збегала да Схованкі і цішком пранесла бляшанку з-пад пернікаў да сябе ў пакой так, каб маці не заўважыла.
Спачатку яна расклала аркушы па парадку, потым прабіла ў іх дзіркі і пачапіла на колцы ў тэчцы перад раздзелам пра Арыстоцеля. А пасля кожную старонку ў правым верхнім куточку пранумаравала. Назбіралася больш за 50 старонак. У Сафіі ўжо складаўся
асабісты падручнік філасофіі. Праўда, яна пісала яго не сама, але яго пісалі спецыяльна для яе.
Пра ўрокі на панядзелак яна і не ўспомніла. Мабыць, па асновах хрысціянства будзе кантрольная, але настаўнік заўсёды казаў, іпто яму важней зацікаўленасць у прадмеце і асабістыя меркаванні вучняў. Сафія адчувала, што і адно, і другое ў яе збольшага ёсць.
ЭЛІНІЗМ
... іскра ад вогнішча ...
Хоць лісты ад настаўніка філасофіі цяпер прыходзілі адразу ў Схованку, у панядзелак раніцай Сафія ўсё ж зазірнула ў паштовую скрынку па старой звычцы.
Нічога дзіўнага, што там было пуста. Яна пайшла па Канюшынавай вуліцы. Але раптам заўважыла на дарозе паштоўку. На ёй белы джып з блакітным сцягам. На сцягу стаялі дзве літары: «UN». Ці ж гэта не сцяг Арганізацыя Аб’яднаных Нацый?
Сафія перавярнула картку і тут толькі заўважыла, што ніякае гэта не фота, а звычайная паштоўка. Каму: «Хільдзе Мёлер Кнаг, атрымальнік Сафія Амундсэн»... Марка была нарвежская, праштампаваная «Батальён ААН, пятніца, 15.06.1990».
15 чэрвеня! Гэта ж Сафіін дзень народзінаў!
У паштоўцы было напісана:
Дарагая Хільда! Спадзяюся, што не спазніўся да святкавання твайго 15-годдзя. Ну, можа, на які дзень. Але гэта вялікайролі неіграе, бомайго падарунка табе хопіць надоўга. У пэўным сэнсе, ты зможаш карыстацца ім усё жыццё. Але ўсёроўна, віншую цябе яшчэ раз. Ты, мабыць, ужо здагадалася, чаму я пасылаю паштоўкі Сафіі. Я ні на кроплю не сумняваюся, што яна іх табе перадасць.
P.S. Мама расказала, што ты згубіла сваю партманетку. Абяцаю кампенсаваць згубленыя 150 крон. А новы вучнёўскі білет ты напэўна атрымаеш яшчэ да пачатку летніх вакацыяў. Твой mama.
Сафія стаяла, як укопаная. Калі праштампавана папярэдняя паштоўка? Нешта ў гл ыбінях свядомасці гавары ла ёй, што паштоўка з выяваю пляжа таксама была праштампавана ў чэрвені, але да яго жяшчэ цэлы месяц! Яна тады і ўвагі не звярнула...
Сафія зірнула на гадзіннік і стрымгалоў пабегла назад да хаты. Хай лепш яна спозніцца ў школу.
Сафія адамкнула дзверы і паляцела да сябе наверх. Першая паштоўка, адрасаваная Хільдзе, ляжала пад чырвоным шаўковым шалікам. Так і ёсць: яна таксама была праштампавана 15 чэрвеня! На Сафіін дзень народзінаў і за дзень да пачатку летніх вакацый!
Па дарозе да гандлёвага цэнтра, ля якога яе чакала Ёрунь, яна напружана думала.
Хто такая Хільда? Чаму яе бацька вырашыў, што Сафія яе знойдзе? Усё роўна няма ніякага сэнсу слаць паштоўкі дачцэ праз Сафію. Сафія ніколі не паверыла б, што ён не ведае, дзе жыве яго дачка. Мо які жарт? Яму, мабыць, хочацца здзівіць дачку на дзень народзінаў, вось ён і скарыстаўся зусім не знаёмай дзяўчынкай, якая падыходзіць і ў якасці сышчыка, і ў якасці паштальёна. Можа, дзеля гэтага паштоўкі й прыйшлі на месяц раней? I можа, ён карыстаецца ёю ў якасці сувязнога, каб на дзень народзінаў падараваць дачцэ новую сяброўку? Можа, яна і ёсць той падарунак, якім «можна карыстацца ўсё жыццё»?
Але ж калі гэты дзівак сапраўды цяпер у Ліване, то як яму ўдалося здабыць Сафіін адрас? I гэта яшчэ не ўсё: Сафію і Хільду аб’ядноўваюць прынамсі дзве рэчы. Калі Хільдзін дзень народзінаў прыпадае на 15 чэрвеня, значыць, яны нарадзіліся ў адзін дзень. I, акрамя таго, у абедзвюх таты, якія працуюць далёка ад дому.
Сафія адчувала сябе нібы ў зачараваным свеце. Мабыць, варта верыць у лёс. Ды не, не трэба спяшацца і рабіць вынікі, бо можа стацца, і тут знойдзецца сваё натуральнае тлумачэнне. Але вось як Альбэрта Кнокс здолеў знайсці Хільдзіну партманетку, калі Хільда жыве аж у Лілесане? Датуль ехаць і ехаць. I чаму паштоўка ляжала на дарозе? Няўжо паштальён згубіў яе, калі ішоў да Сафіінай паштовай скрынкі? Дый чаму ён згубіў менавіта гэтую паштоўку?
Ты пры сваім розуме? пачала абурацца Ёрунь, як толькі згледзела Сафію ля магазіна.
Прабач.
Ёрунь строга глянула на яе, бы які школьны настаўнік:
Спадзяюся, у цябе была ўважлівая прычына.
Гэта звязана з ААН, апраўдвалася Сафія. Мяне высачыла варожая міліцыя Лівана.
Кінь дурное! Ты проста закахалася!
Яны з усіх ног пабеглі да школы.
Кантрольную па асновах хрысціянства, да якой Сафія падрыхтавацца не паспела, далі на трэцім уроку.
Светапогляд і талерантнасць
1. Пералічы, што чалавек можа ведаць. Пасля пералічы, у што чалавек можа толькі верыць.
2. Назаві некалькі фактараў, якія ўплываюць на светапогляд чалавека.
3. Што такое сумленне? Ці ўсе людзі, на тваю думку, маюць аднолькавае сумленне?
4. Што такое «прыярытэт каштоўнасцяў»?
Перш чым адказаць, Сафія доўга сядзела і разважала. Ці можна тут выкарыстаць нешта з курса Альбэрта Кнокса? Зрэшты, нічога іншага не заставалася, бо ў падручнік па асновах хрысціянства яна даўно ўжо не зазірала. Але пайшло добра, словы самі клаліся на паперу.
На думку Сафіі, чалавек можа ведаць, што месяц гэта ніякі не кружок сыру і на яго нябачным баку таксама ёсць кратэры, што Сакрата і Ісуса асудзілі на пакаранне смерцю, што ўсе людзі рана ці позна памруць, што велічныя храмы Акропаля пабудавалі ў V стагоддзі да н. э. пасля грэка-персідскай вайны і што галоўным грэцкім вешчуном быў Дэльфійскі аракул. Пералічваючы, у што чалавек можа верыць, яна напісала, што адны, напрыклад, ве-
раць у існаванне жыцця на другіх планетах, а другія не; адны вераць, што Бог існуе, а другія што ніякага Бога няма; адны вераць, што ёсць жыццё пасля смерці, а другія што ніякага жыцця пасля смерці не бывае; адны вераць, што Ісус быў сын Божы, а другія што ён быў проста мудры чалавек. У канцы яна напісала: «Усё ж нікому не дадзена ведаць, адкуль пайшоў свет. Сусвет можна параўнаць з агромністым трусам, якога выцягваюць з вялікага капелюша. Філосафы стараюцца ўзлезці наверх па танюткіх шарсцінках трусінай поўсці і зазірнуць у вочы Вялікаму Чарадзею. Але цяжка сказаць, ці здолеюць яны гэта. Аднак калі адзін філосаф стане на плечы другому, то пакрысе яны апынуццатакі на паверхні мяккай трусінай поўсці, і тады, на маю думку, аднойчы ім удасца гэта зрабіць. P.S. У Бібліі распавядаецца пра адну такую танюткую шарсцінку ў трусінай поўсці. Гэтая паўсцінка называлася Вавілонскай вежай. Яна была зраўнаваная з зямлёй, бо Чарадзею не спадабалася, з якім імпэтам маленькія людзіблошкі пнуліся наверх з поўсці белага труса, якога ён толькі што начараваў».
Наступнае пытанне: «Назаві некалькі фактараў, якія ўплываюць на светапогляд чалавека». Натуральна, выхаванне і асяроддзе гэта дужа важныя фактары. У людзей, якія жылі ў часы Платона, быў зусім іншы светапогляд, чым у многіх з нас, проста таму што яны жылі ў іншы час і ў іншым асяроддзі. Акрамя гэтага, немалаважным быў досвед, які набываў чалавек. Розум таксама быў важны ў выбары светапогляду. На розум асяроддзе ніяк не ўплывала, яно было агульнае для ўсіх. Асяроддзе і стасункі ў грамадстве можна, мабыць, параўнаць з умовамі, якія панавалі ў глыбіні Платонавай пячоры. Дзякуючы розуму, некаторыя пачынаюць выбірацца з поцемкаў да святла. Але такое падарожжа патрабуе ад чалавека незвычайнай мужнасці. Сакрат добры ўзор чалавека, які здолеў вызваліцца ад існуючых уяўленняў з дапамогаю розуму. У канцы яна напісала: «У наш час людзям з розных краін і розных культур даводзіцца кантактаваць цясней. Таму ў адным шматпавярховіку могуць суседнічаць хрысціяне, мусульмане і будысты. Тут важней
талерантна ставіцца да чужой веры, а не пытацца, чаму не ўсе вераць у тое самае».
Сафія лічыла, што курс філасофіі шмат у чым ёй дапамог. У дадатак яна змагла ўжыць і крыху сваёй прыроднай кемлівасці, а таксама выкарыстаць веды, засвоеныя раней.
Яна перайшла да трэцяга пытання: «Што такое сумленне? Ці ўсе людзі, на тваю думку, маюць аднолькавае сумленне?» Пра гэта ў школе ім гаварылі шмат. Сафія напісала: «Сумленне гэта здольнасць чалавека аддзяляць добрае ад дрэннага. Я асабіста лічу, што ўсе людзі валодаюць такой здольнасцю, іначай кажучы, сумленне прыроджанае. I Сакрат так меркаваў таксама. А вось што каму кажа сумленне гэта ва ўсіх па-рознаму. Тут, мабыць, сафісты мелі рацыю. Яны меркавалі, што вызначэнне добрага і дрэннага залежыць ад асяроддзя, у якім чалавек выхоўваецца. А Сакрат, наадварот, лічыў, што сумленне ва ўсіх аднолькавае. Зрэшты, мабыць, абодва бакі мелі рацыю. Нават калі не кожнага будзе мучыць сумленне ад таго, што ён голы, але ж большасць адчуе згрызоты, калі непрыстойна абыдзецца з другім чалавекам. Удакладню: мець сумленне і дзейнічаць сумленна дзве розныя рэчы. У некаторых сітуацыях людзі паводзяць сябе так, быццам зусім не маюць сумлення, але, па-мойму, якое-ніякое сумленне ў іх усё-ткі ёсць, проста яно глыбока схаванае. Гэтак сама часам здаецца, што некаторыя цалкам пазбаўленыя розуму, але ж так яно толькі таму, што яны ім не карыстаюцца. P.S. Розум і сумленне можна параўнаць з цягліцамі. Калі якой цягліцай не карыстацца, яна з часам усохне і аслабне».