Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
Настаўнік філасофіі цяпер, напэўна, стаіць на тым беразе. Яму патрэбен човен, каб трапіць дадому. Сафія адчувала сябе горай няма куды. Але ж яна не хацела, яно само так атрымалася.
А гэты канверт! 3 ім выйшла ўвогуле абы што. Навошта яна ўзяла яго? Праўда, на ім стаяла яе імя, а значыць, ён нібыта прызначаўся ёй. Але ўсё роўна яна адчувала сябе зладзюжкай. Апроч таго, цяпер гаспадар напэўна здагадаецца, хто быў у хаце.
Сафія выцягнула з канверта цыдулку. У ёй было пяць пытанняў:
Што было перш курыца ці «ідэя курыцы»?
Ці ёсць у людзей прыроджаныя ідэі?
У чым розніца паміж раслінай, жывёлай і чалавекам?
Чаму лье дождж?
Што чалавеку трэба, каб жыць добра?
Сафія не мела цяпер ніякай магчымасці разважаць над такімі пытаннямі, хоць была ўпэўненая, што ўсе яны так ці інакш звязаныя з наступным філосафам. Здаецца, ім павінен быць Арыстоцель?
Яна на ўвесь дых кінулася бегчы па лесе, і калі, нарэшце, згледзела наперадзе жываплот свайго сада ёй нібы кінулі выратавалыіы круг. Прызнацца, глядзець на жываплот з гэтага боку было неяк нязвыкла. Яна зашылася ў глыб сваёй Схованкі і толькі тут глянула на гадзіннік. Палова адзінаццатай! Яна сунула вялікі канверт да іншых папер у перчікавай бляшанцы, а цыдулку з новымі пытаннямі запхала ў панчоху.
Калі Сафію зайшла ў хату, маці гаварыла па тэлефоне, але, згледзеўшы ў дзвярах дачку, імгненна паклала слухаўку.
Ты дзе была?
Я... гуляла... у лесе, запінаючыся, адказала дзяўчынка.
Уяві сабе, мяне гэта не здзіўляе.
Сафія стаяла моўчкі і толькі глядзела з сукенкі на падлогу цурком сцякае вада.
А я ўжо тэлефанавала Ёрунь.
Ёрунь?
Маці дастала сухое адзенне. Сафія ледзь паспела перахаваць цыдулку з філосафавымі пытаннямі. Яны пайшлі на кухню, маці паставіла варыцца какаву.
Ты была з ім? спытала яна.
3 кім з ім?
Сафія не магла адагнаць думку пра настаўніка філасофіі.
Ну, з ім. 3 гэтым тваім... «трусам».
Сафія адмоўна пакруціла галавою.
Чым вы там займаецеся? I чаму на табе ні сухой ніткі?
Сафія сядзела з сур’ёзным выглядам, патупіўшыся ў стол, але ўсярэдзіне ёй было смешна. Бедная мама, ну з чаго яна так хвалюецца?
Яна зноў адмоўна пакруціла галавою. Але на яе, як з меха, пасыпаліся новыя пытанні:
Я павінна пачуць усю праўду. Ты што, гуляла цэлую ноч? Чаму ты легла, не распрануўшыся? Ты, мусіць, пайшла з дому, як толькі я заснула? Сафія, табе толькі чатырнаццаць. He, ты зараз мне ўсё пра яго раскажаш.
Сафія заплакала. I расказала. Ёй было страшна, а калі чалавеку страшна, ён, як правіла, кажа праўду.
Яна расказала, як прачнулася вельмі рана і пайшла гуляць у лес. Расказала пра хатку і човен, а таксама пра дзіўнае люстра. Але ні слова не прамовіла пра таемны завочны курс філасофіі. I пра зялёную партманетку ні слова. Яна й сама яшчэ дакладна не ведала, чаму, але пра Хільду яна мусіла трымаць язык на прывязі.
Маці абняла яе за плечы. I Сафія адчула, што, нарэшце, яна ёй паверыла.
I ні ў каго я не закахалася, хлюпала носам Сафія. Я проста сказала, што закахалася, каб ты не хвалявалася так праз белага труса.
Ты, значыць, дайшла аж да Маёравай хаткі... задуменна прамовіла маці.
Да Маёравай хаткі? Сафія здзіўлена ўтаропілася на яе.
Тую хатку, на якую ты натрапіла ў лесе, яшчэ называюць «Маёравай», бо некалі вельмі даўно там жыў адзін стары маёр. Ён быў крыху дзівакаваты. Але хопіць пра яго. 3 таго часу хатка даўно пустуе.
Гэта ты так думаеш. Але цяпер там жыве філосаф.
Усё, хопіць ужо выдумляць.
Сафія сядзела ў сваім пакоі і думала над перажытым. У галаве панаваў поўны вэрхал, быццам у ёй пасяліўся цырк з велізарнымі сланамі, смешнымі клоўнамі, смелымі паветранымі гімнастамі і дрэсіраванымі малпамі. Але перад вачыма стаяла ранейшая карціна: у лясным гушчары пасярод азярца гайдаецца маленькі човен з вяслом, а на беразе стаіць чалавек, якому гэты човен патрэбен, каб дабрацца дадому...
Сафія была ўпэўненая, што настаўнік філасофіі не жадаў ёй нічога благога, і нават калі зразумеў, што яна была ў хатцы, напэўна ж, на яе не пакрыўдзіўся. Але яна парушыла дамову. Вось як яна аддзячыла незнаёмаму чалавеку, які ўзяў на сябе клопат аб яе філасофскім выхаванні! Як цяпер выправіць сітуацыю?
Яна дастала ружовы аркуш і напісала:
Дарагі філосаф! Гэта я пабывала ў тваёй хатцы раніцай у няЬзелю. Мне дужа хацелася з табой сустрэцца і абмеркаваць некаторыя філасофскія пытанні. Я, увогуле, прыхільніца Платона, але не зусім упэўненая, што ён меў рацыю, думаючы, што недзеў іншай рэчаіснасці існуюць ідэі ці нейкіяўзоры, паводле якіх усё ствараецца. Безумоўна, яны існуюць у нашай душы, але, як я разумею, гэта зусім іншая справа. На жаль, я мушу таксама прызнацца, што пакуль не ўпэўненая цалкам, ці сапраўды душа неўміручая. Ва ўсякім разе ў мяне з папярэдняга жыцця не засталося ніякіх успамінаў. Калі б ты здолеў пераканаць мяне, што душы маёй нябожчыцы бабулі добра ў свеце ідэй, я была б дужа ўдзячная.
Але, прызнаюся, я не дзеля філасофіі распачала гэты ліст, які пасля пакладу ў ружовы канверт разам з грудочкам цукру. Я проста хацела папрасіць прабачэння за сваё непаслушэнства. Я шчыра спрабавала выцягнуць човен на бераг, але ж я не такая дужая. Акрамя таго, магло здарыцца, што човен падабрала буйнаю хваляй і потым аднесла на сярэдзіну.
Спадзяюся, ты ўсё-ткі дабраўся дадому, не намачыўшы ног. А калі не, суцешу цябе хоць бы тым, што таксама да касцей прамокла, прамерзла і, відаць, моцна захварэю. Але я сама вінаватая.
Я нічога не чапала ў хатцы, але, на жаль, не стрымалася і ўзяла канверт, на якім стаяла маё імя. He думай, што я хацела нешта скрасці, але на канверце значылася маё імя, вось я й падумала, што ён трошкі і мой. Прабач, калі ласка. Абяцаю больш ніколі цябе не расчароўваць.
P.S. Я зараз жа сяду і добра падумаю над пытаннямі з апошняй цыдулкі.
P.P.S. А масянжовае люстра над белай камодай яно звычайнае ці чарадзейнае? Пытаюся таму, што ніколі яшчэ не бачыла, каб мой адбітак у люстры мне падміргваў.
Усяго добрага. Твая шчыра зацікаўленая вучаніца Сафія.
Сафія перачытала ліст двойчы і толькі тады паклала ў канверт. Ва ўсякім разе, гзты атрымаўся не такім высакамоўным, як першы. Яна ўжо сабралася пайсці на кухню па грудочак цукру, але спачатку вырашыла зірнуць на цыдулку з апошнімі пытаннямі.
«Што было перш курыца ці «ідэя курыцы»? Пытанне не меней складанае, чым старая загадка пра курыцу і яйка. Без яйка не будзе курыцы, але без курыцы не будзе яйка. Вось і вырашыць, што было перш курыца ці «ідэя курыцы», так сама цяжка. Сафія, зрэшты, ведала, што адказаў бы Платон. Ён лічыў, што «ідэя курыцы» існавала ў свеце ідэй задоўга да таго, як у пачуццёвым свеце ўзнікла нейкая курыца. На думку Платона, душа «бачыла» саму «ідэю курыцы» яшчэ да таго, як усялілася ў цела. Але ці не ў гэтым, як здавалася Сафіі, Платон не зусім меў рацыю? Чалавек, які ніколі ў жыцці не бачыў ні жывой курыцы, ні выявы курыцы, не меў бы і ніякай ідэі пра курыцу. Таму можна перайсці да другога пытання:
«Ці ёсць у людзей прыроджаныя ідэі?». «Вельмі сумняваюся», падумала Сафія. Яна не надта верыла, каб нованароджанае немаўля мела нейкія асаблівыя ідэі. Зрэшты, сказаць гэта напэўна нельга, бо нават калі дзіця не ўмее гаварыць, гэта не значыць, што ў яго няма ніякіх думак. Але каб мець хоць нейкае ўяўленне пра рэчы, што існуюць у навакольным свеце, хіба іх не трэба спачатку ўбачыць?
«У чым розніца паміж раслінай, жывёлай і чалавекам?» Ужо ж тут якраз Сафія бачыла досыць выразную розніцу. Яна не верыла, напрыклад, каб расліны мелі нейкія асаблівыя душэўныя пачуцці. Хіба хто калі чуў, каб званочак пакутаваў ад нераздзеленага кахання? Расліна расце, жывіцца і дае насенне, з якога вырастае новая расліна. Але гэта, бадай, усё, што можна сказаць пра расліну. Сафія
падумала, што характарыстыкі, якія тычацца раслінаў, могуць быць аднесеныя і да жывёл і людзей. Але ў дадатак жывёлы маюць іншыя здольнасці. Напрыклад, яны могуць рухацца. (Каля якая ружа бегала 60-метроўку?) Крыху цяжэй правесці розніцу паміж жывёлай і чалавекам. Людзі здольныя думаць, але ж і жывёлы, пэўна, таксама? Сафія была цалкам упэўненая, што кот Шархан думае. Ва ўсякім разе, на розныя хітрыкі глузду яму хапае. Але ці можа ён разважаць над філасофскімі пытаннямі? Ці можа кот акрэсліць розніцу паміж раслінай, жывёлай і чалавекам? Наўрад ці! Зразумела, усякі кот здольны радавацца і сумаваць, але хіба ён задаецца пытаннем пра існаванне Бога ці несмяротнасць душы? Сафіі гэта здавалася надта малаверагодным. Тут тая самая сітуацыя, што з немаўляці і прыроджанымі ідэямі. Абмяркоўваць падобныя праблемы што з нованароджаным дзіцём, што з катом аднолькава цяжка.
«Чаму лье дождж?» Сафія паціснула плячыма. Ну, дождж лье таму, што вада ў акіяне выпараецца, з пары ўтвараюцца хмары, а пасля з іх льецца дождж. Яны гэта яшчэ ў трэцім класе праходзілі. Безумоўна, можна сказаць, што дождж лье таму, што раслінам і жывёлам трэба расці. Але ці так яно насамрэч? Ці мае дождж нейкае прызначэнне?
Ва ўсякім разе, апошняе заданне ў цыдулцы якраз пра такое прызначэнне і пыталася. «Што чалавеку трэба, каб жыць добра?» Настаўнік філасофіі сёе-тое пісаў пра гэта яшчэ на пачатку курса. Усім людзям патрэбны ежа, цяпло, любоў і клопат. Прынамсі, з гэтага складаюцца пачатковыя ўмовы добрага жыцця. Потым ён казаў яшчэ, што кожны павінен знайсці адказы на пэўныя філасофскія пытанні. Акрамя таго, няблага мець прафесію, якая табе падабаецца. Бо, напрыклад, калі нехта не любіць гарадскі транспарт, яму наўрад ці прыйдзецца па душы стаць шафёрам таксоўкі. Ці калі нехта не любіць рабіць урокі, яму не дужа разумна будзе ісці ў настаўнікі. Сафія любіла жывёл, таму ёй хацелася быць ветэрынарам. Ва ўсякім разе, яна не лічыла, што дзеля добрага жыцця трэба выйграць у лато мільён. Хутчэй, якраз наадварот. Як той казаў: «Хто працуе, таму й шанцуе».
Сафія сядзела ў сябе ў пакоі, аж пакуль маці не паклікала снедаць. На стол была пададзена ялавічына з печанай бульбай. Смаката! Маці нават запаліла свечкі. А на дэсерт была марошка з вяршкамі.
Пра што яны толькі не гаварылі! Маці спытала, як Сафія думае святкаваць сваё пятнаццацігоддзе. Да яго заставалася ўсяго некалькі тыдняў.
Сафія паціснула плячыма.