Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
Калі Сакрат мусіў выпіць келіх з атрутай, Платону (427347 гг. да н. э.) было 29 гадоў. Доўгі час ён быў Сакратавым вучнем і пільна сачыў за яго судоваю цяжбай. Платон быў глыбока ўражаны тым, што афінскае грамадства здолела вынесці смяротны прысуд найстарэйшаму грамадзяніну. Пазней гэта вызначыла напрамак усёй яго філасофскай дзейнасці.
Пасля Сакратавай смерці Платон выразна ўбачыў, што паміж рэальнымі адносінамі, што існуюць у грамадстве, і праўдай, або ідэалам, існуе супярэчнасць. Першае, што зрабіў Платон як філосаф, ён выдаў прамову Сакрата перад судом. У ёй Платон апісвае зварот Сакрата да шматлікага сходу прысяжных.
Ты, напэўна, памятаеш, што Сакрат сам нічога не пісаў. Многія дасакратыкі пакінулі пасля сябе пісьмовую спадчыну, аднак мала што захавалася да нашых дзён. А вось асноўныя працы Платона, як лічыцца, захаваліся. (Акрамя Сакратавай абарончай прамовы перад судом, ёсць яшчэ збор лістоў і аж 35 філасофскіх дыялогаў).
Усе гэтыя творы дайшлі да нас дзякуючы яшчэ і таму, што непадалёк ад Афінаў Платон заснаваў сваю філасофскую школу. Школа месцілася ў гаі, які насіў імя міфічнага героя Акадэма. Таму Платонава філасофская школа атрымала назву «Акадэмія». (3 той пары па ўсім свеце былі заснаваныя тысячы розных «акадэмій». Мы і дагэтуль ужываем словы «акадэмікі» і «акадэмічныя дысцышііны»!)
У Плагонавай Акадэміі выкладалі філасофію, матэматыку і гімнасгыку. Зрэшты, не зусім правільна будзе назваць гэта «выкладаннем». Самым важным у Платонавай Акадэміі было жывое абмеркаванне. Таму Платон не выпадкова выбраў пісаць у форме дыялога.
Вечна праўдзівае, вечна прыгожае, вечна добрае
Перш чым пачаць гэты курс філасофіі, я казаў, што часцяком бывае карысна пацікавіцца, у чым екладаўся прадмег даследаванняў філосафа. Таму я і пытаюся: што даследаваў Платон?
Калі быць сціслым, можна сказаць, што Платона цікавілі адносіны паміж вечным і нязменным, з аднаго боку, і «цякучым», або «мінучым», з другога. (He раўнуючы дасакратык!)
Мы ўжо згадвалі, што сафісты і Сакрат адышлі ад натурфіласофскіх пытанняў і ў асноўным заняліся чалавекам і грамадствам. Але ў пэўным сэнсе, і сафістаў, і Сакрата, паранейшаму цікавілі адносіны паміж вечным і непарушным, з аднаго боку, і тым, што «цячэ», з другога. Яны цікавіліся гэтымі пытаннямі ў дачыненні да людской маралі і грамадскіх ідэалаў, ці вартасцяў. Па вялікім рахунку, сафісты меркавалі, што правілвнае і няправільнае вызначаюцца ў розных гарадах-дзяржавах і ў розных пакаленнях па-рознаму. Вызначэнне правільнага і няправільнага, такім чынам, было, на іх думку, «мінучым». Сакрат з сафістамі не згаджаўся. Ен меркаваў, шго правілы вызначэння правільнага і няправільнага вечныя і не залежаць ад часу. Кожны чалавек можа спасцігнуць такія няз-
менныя нормы з дапамогаю свайго розуму, бо чалавечы розум якраз ёсць нязменным і вечным.
Ты гэта зразумела, Сафія? Тады вернемся да Платона. Ён цікавіцца адначасова вечным і нязменным у прыродзе і вечным і нязменным у маралі і грамадскім жыцці. Менавіта так, бо для Платона гэта адно й тое ж. Ён спрабуе асэнсаваць усё «быццё» вечнае і нязменнае. Уласна кажучы, на тое філосафы й існуюць. Яны не займаюцца вызначэннем найпрыгажэйшай дзяўчыны года ці найтаннейшых памідораў гэтага чацвярга. (Таму, дарэчы, яны не заўжды папулярныя!) Філосафы спрабуюць унікнуць марных, паўсядзённых справаў. Яны шукаюць вечна «праўдзівае», вечна «прыгожае» і вечна «добрае».
Цяпер, калі мы ў агульных рысах акрэслілі прадмет даследавання Платона, разгледзім яго больш дэталёва. Паспрабуем зразумець гэты надзвычайны склад мыслення, які пакінуў глыбокі след ва ўсёй пазнейшай еўрапейскай філасофіі.
Свет ідэй
Эмпедокл і Дэмакрыт зазначалі, што ўсё ў прыродзе «цячэ», але павінна быць і «нешта», ніколі нязменнае («чатыры карані» або «атамы»), Платон падтрымліваў такую пастаноўку пытання, але вырашаў яго па-іншаму.
На думку Платона, усё ў прыродзе, што мы ўспрымаем пачуццямі, «цячэ». Ніякіх «першаэлементаў», якія не падупадалі б разбурэнню, няма. Літаральна ўсё, што належыць «пачуццёваму свету», складаецца з матэрыялу, які руйнуецца часам. Але ўсё ўтворана паводле пэўнае «формы», часу не падуладнай, нязменнай і вечнай.
Ты разумееш? Ну, разгледзім гэта іначай...
Чаму, Сафія, усе коні аднолькавыя? Ты, мабыць, скажаш, што яны зусім не аднолькавыя. Але ж ва ўсіх коней ёсць нешта агульнае, нешта такое, што не дае нам памыліцца, паказваючы на каня. Кожны асобны конь, сапраўды, «мінучы». Ён можа быць старым
і кульгавым, з цягам часу пачынае хварэць і здыхае. Але сама «форма каня» вечная і нязменная.
Для Платона, такім чынам, вечным і нязменным ёсць не пэўны фізічны «першаэлемент». Вечнымі і нязменнымі з’яўляюцца пэўныя ўяўныя, або абстрактныя, формы, узоры, паводле якіх ствараецца ўсё існае.
Патлумачу: дасакратыкі знайшлі даволі прыдатнае тлумачэнне зменам у прыродзе, якое разам з тым дапускала, што застаецца і нешта нязменнае. Яны меркавалі, што ў аснове прыроднага кругазвароту знаходзяцца вечныя і яязменныя найдрабнейшыя часцінкі, якія не знікаюць ніколі. I няхай яно так, Сафія! Я кажу: няхай так\ Але ж яны не далі ніякага прыдатнага тлумачэння, чаму гэтыя «найдрабнейшыя часцінкі», якія некалі былі цаглінкамі ў складзе каня, праз чатыры-пяць стагоддзяў збіраюцца разам і ўтвараюць новага «каня»! Або слана, калі на тое пайшло, або кракадзіла. Платон адзначаў, што Дэмакрытавы атамы ніколі не ўтвораць «кракалана» або «сланадзіла». Таму ён і пайшоў у сваіх развагах далей.
Калі ты ўжо зразумела, пра што гаворка, можаш прапусціць гэты абзац. Але я на ўсякі выпадак яшчэ патлумачу: у цябе ёсць набор кубікаў «Лега», з якіх ты складаеш каня. Пасля ты разбураеш фігурку і складаеш кубікі ў скрынку. Але другі раз новы конь у цябе не атрымаецца толькі ад таго, што ты патрасеш скрынку з кубікамі. Хіба ж яны здолеюць скласціся ў новага каня самі па сабе? He здолеюць, Сафія, табе давядзецца складаць каня самой. А здольная ты на гэта таму, што ў цябе ў галаве ёсць уяўленне пра тое, як конь выглядае. Такім чынам, «Лега»-конь ствараецца паводле пэўнага ўзору, які ва ўсіх конях застаецца нязменным.
А ці справілася ты з заданнем пра 50 аднолькавых пернікаў? Давай уявім, што ты ўпала з неба і ў жыцці ніколі не бачыла пякаряі. I вось табе трапляецца досыць прывабная пякарня, у якую ты заходзіш і бачыш на прылаўку 50 аднолькавых пернікавых чалавечкаў. Думаю, ты пачухала б патыліцу, здзівіўшыся, як так магло стацца, што ўсе яны такія аднолькавыя. Зрэшты, можа,
аднаму не хапае рукі, у другога крыху адкрышылася галава, а ў трэцяга на пузе пузыр. Але трошкі разважыўшы, ты, бадай, прыйдзеш да высновы, што ўсе гэтыя чалавечкі маюць нешта агульнае. Няхай яны не ўсе беззаганныя, падумаеш ты, але яўна маюць агульнае паходжанне. Ты зразумееш, што ўсе пернікі зроблены адной і той самай формай. Болып за тое, Сафія: табе дужа захочацца самой убачыць гэтую форму. Бо зразумела, сама форма павінна быць нашмат дасканалейшая ці, так бы мовіць, прыгажэйшая за яе несамавітыя падабенствы.
Калі ты справілася з гэтым заданнем сама і без чужой дапамогі, значыць, ты развязала філасофскую задачу такім самым чынам, як і Платон. Падобна да большасці мысляроў, Платон «упаў з неба». (Ён прымасціўся на самай паверхні тонкай трусінай поўсці). Яго цікавіла, чаму ўсе з’явы ў прыродзе такія падобныя адна на адну, і ён прыйшоў да высновы, што гэта магчыма ў сувязі з абмежаванай колькасцю формаў, якія стаяць «за» або «над» усім, што мы бачым вакол. Гэтыя формы Платон назваў ідэямі. За ўсімі коньмі, свіннямі і людзьмі стаіць «ідэя каня», «ідэя свінні» і «ідэя чалавека». (Так і ў згаданай пякарні, можна знайсці пернікавых людзей, пернікавых свіней і пернікавых коней. Таму што ў сапраўднай пякарні знойдзецца не адна, а шмат розных формаў. Але на кожны гатунак пернікаў дастаткова ўсяго адной формы).
Выснова: Платон меркаваў, што за «пачуццёвым светам» стаіць нейкая адмысловая рэчаіснасць. Гэтую рэчаіснасць ён назваў светам. ідэй. У ім знаходзяцца вечныя і нязменныя «першавыявы» узоры, паводле якіх ствараецца ўсё існае ў прыродзе. Такое разуменне рэчаіснасці мы называем платонаўскім вучэннем аб ідэях.
Сапраўдныя веды
He сумняваюся, дарагая Сафія, што ты ўсё зразумела ў папярэднім раздзеле. Але ты можаш спытаць: «Няўжо Платон сапраўды так меркаваў? Няўжо ён сапраўды лічыў, што ў нейкай іншай рэчаіснасці існуюць такія формы?»
Насамрэч, ён літаральна так не казаў, але прынамсі ў некаторых ягоных дыялогах яго можна так зразумець. Паспрабуем прасачыць за яго довадамі.
Кожны філосаф імкнецца да спазнання вечнага і нязменнага. Які, напрыклад, можа быць сэнс у філасофскім даследаванні, прысвечаным існаванню канкрэтнай мыльнай бурбалкі? Папершае, яе і вывучыць належным чынам, бадай, не ўдасца, перш чым яна лопне. А па-другое, філасофскі трактат аб тым, чаго ніхто не бачыў і што праіснавала нейкіх пяць секунд, наўрад ці будзе мець попыт.
Платон меркаваў, што ўсё існае ў прыродзе усё, што мы здольныя пачуццёва ўспрыняць, можна параўнаць з мыльнаю бурбалкай. Бо нішто ў пачуццёвым свеце не вечна. Ты сама добра ведаеш, што ўсе людзі і жывёлы раней ці пазней паміраюць і знікаюць. Нават мармуровая камлыга мяняецца і пакрысе разбураецца. (Акропаль ляжыць у руінах, Сафія! Па мне, гэта проста абуральна. Але нічога не зробіш.) Платон выказваў думку, што мы няздольныя здабыць дакладныя веды пра тое, што безупынна змяняецца. Пра ўсё, што належыць пачуццёваму свету то бок усё, што мы можам успрыняць пачуццямі, мы маем толькі няпэўныя ўяўленні, або домыслы. Дакладныя веды мы здабываем толькі з дапамогаю розуму.
Усё так, Сафія, і я зараз патлумачу Платонаву думку: асобны пернікавы чалавечак, пакуль цесга падыдзе і ён спячэцца, можа ў выніку гатоўкі выглядаць такім небаракам, што бывае цяжка сказаць, на што ён, уласна, падобны. Але пабачыўшы 20-30 такіх пернікаў якія могуць быць больш ці менш дасканалымі, я ўжо буду болей дакладна ведаць, як выглядае пернікавая форма. Я змагу іірыйсці да гэтай высновы, нават калі ніколі не бачыў самой формы. I я не ўпэўнены, што, убачыўшы яе на свае вочы, склаў бы пра яе лепшае ўяўлемне. Бо мы не заўсёды можам давяраць нашым пачуццям. Нават зрок у розных людзей неаднолькавы. Затое мы можам давяраць таму, што нам кажа розум, бо розум ва ўсіх аднолькавы.