Сэрцам пачуты звон  Алесь Гарун

Сэрцам пачуты звон

Алесь Гарун
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 359с.
Мінск 1991
74.42 МБ
— Якім спосабам?
— Простым,— праз бабу. Помніце, як Панас бабу сваю на небе прыняў? Уцёк ад яе, а замест яе з дзвюма другімі, маладзейшымі, пабраўся. Думаў, пэўне, за іх схавацца,— ого, ліха з два ты ад злоснай бабы схаваешся: з-пад каменя ў вадзе дастане і дапячэ. I гэта далякла. Круціла-вярцела мазгамі і знайшла-такі спосаб.
— Што ж яна зрабіла?
— Пацярпеце — раскажу. Помніце, што ў канцы Бядулінага паведамлення сказана? Добра жывуць палешукі, толькі трывожацца тым, што да іх з зямлі ўсё болей ды болей людзей прыбывае, а палешукі ніяк гэтаму дарадзіць не могуць. Ну, дык вот і выкарыстала Панасіха гэты іхні клопат. Ды як спрытна! Hi адзін з маіх ураднікаў 2 з ёй не зраўняўся б.
Гады са тры таму назад выпрасілася яна ў Петры жыць за райскую браму. «Я, ка, кабета простая, без работы ані дня не ўседжу, а тамака, ля дарогі, суніцы, бачыла, растуць пекныя. Во буду збіраць ды прадаваць,— тым і сыта буду. Усё ж роўна мяне тут мой гэты дранцвіцель хлебам не корміць». Угаварыла Петру, а ў самой «суніцы» саўсім другія на вуме. Прыладзілася жыць каля дарогі і як ні спаткае якога палешука, дык і пачне яму на Панаса кідкі кідаць, нагаварываць — «а ён такі, а ён гэтакі... А мяне, справядлівую жанчыну, пакінуў, a сам з бонкамі3 жыве...» Спачатку гэта мала давала карысці, бо кожны паляшук, спаткаўшы яе, рад успомніць быў, што ад свае пілкі-шчэрбы адкараскаўся ўрэшце.
1 Маецца на ўвазе апавяданне 3. Бядулі «У Панасавым садзе».
2 Чыноўнікаў.
3 Бонка — жанчына, якая знаходзіцца на ўтрыманні (гл. Слоўнік беларускай мовы I. Насовіча).
Гэкне пару разоў, хмыкне сабе пад нос, паправіць піпку ў зубох і далей тралюе ў Панасава сяло.
Але вось ад двох ужо гадоў змяніўся народ. Ідуцьужо палешукі, але найчасцей не такія самыя, як раней ішлі. Здзівіла гэта спачатку Панасіху. Што за ліха? Даўней ідзе сабе паляшук па дарозе проста, валіць, як мядзведзь праз пушчу, не аглянецца, не прывітаецца; на прывітанне стрэліць маланняй з-пад апушчаных броў — і толькі таго так, што каб з імі разгаварыцца, дык трэ было дарогу заступіць ды канюкаць: «Дзядзюшко, родненькі, паслухаў мае крыўды...» А тутака ляціць гэтакі лёганькі, шпаркаваты, ва ўсе бакі галавой, як цыган,. аглядаецца, а абачыўшы ГІанасіху, яш чорт... (выбачайце, абмовіўся паляшуцкім словам) яшчо ліха ведае адкуль шапку скідае і кланяецца гжэчнінька, як пісар з воласці, і па-панску вітае: «Здрасце, таварыш!» Прызнаёміўшыся крыху і з гэтым стапам убачыла Панасіха, штоз гэтымі людзьмі можна бражку курыць яшчэ лепш, можа, чымся з сапраўднымі палешукамі. Бо гэтыя ўжо не хмыкаюць у сваю піпку, быццам вол той у цэбар з пойлам, на яе скаргі, але, пачуўшы, што Панас на добруіо гаспадарку ўзлез, самі пачынаюць яе ўгаварываць, што ён кепскі чалавек, дый з такім заўзяццем, якога і свой за свайго не заўсёды пакажа. За жонак яшчэ не так: «Ета,— кажуць,—таварііц, новый порядок дажа одобряет», але за гаспадарку — дык глынуць, здаецца, гатовы. Панасіха на ўсё згодна: «Хай сабе і гэ, дзядзюшкі, ка, знайду я сабе без яго добрага чалавека,-—толькі вы яму маей крыўды не даруйце».
Далей болей, так адукавалася кабеціна, што яе і сам Панас не пазнау бы,— такая зрабілася асэсарка. Набрала сабе, пане, такіх звычаяў не паляшуцкіх, як у павятовай спраўнічыхі,— разважнела, распанела, а языком меле, як цэпам б’е. Лепей за ўсіх гэных каватараў. Нават самы закаранелы паляшук, адышоўшыся ад яе, пачынаў ужо, схаваўшы піпку і капшук, як папугай бэкаць: «Бур... жуй!.. Як... сплю... а... тага...»
I, як думаеце, свайго-ткі даканалася. Зрабіла так, што хаця яна й адна на дарозе свае «суніцы» збірае (а хто ведае — можа, у гэты час ужо і пе збірае), але і Панасу ўжо жыцця няма. Выжывуць яго, мабыць, хутка з Панасавага сяла. Бо валасы ўжо страціў разам з галавой.
Стан — саслоўе.
Пачалося гэта ад таго, што як назбіралася тамака жменька гэтага вархольства, Панас свае жонкі страціў: адбілі і саўсім на свой капыл перарабілі. Потым, бачучы, што палешукі на іх касавурацца і волі не лішне даюць, знайшлі спосаб, як сваё таварыства пасяліць. Пасадзілі ў воласць сваіх людзей, балазе ўсё пісьменнікі — і ўстанавілі свае парадкі, для сябе зручнейшыя. Даўней, бывала, у воласці пыталіся ў таго, хто хацеў упісацца: «А ты, чоловіча, паляшук?» Калі той, не вымаючы люлькі з зубоў, акуратна адказваў: «Эге»,— то, нічога не зробіш — свой ■— прымалі; калі ж не — дык выпраўлялі шукаць іншага свету. А за новымі парадкамі паляшуцтвам ужо мала цікавіліся: больш пыталіся, з якой партыі.
Палешукі толькі вочы таропілі на тое, што дзеецца, але покуль раскусілі гарэх, дык час прабавілі — спбзніліся. Цяпер, папраўдзе, дык не яны ўжо гаспадары, але гэныя, новыя. Панаса з хаты яны выгналі, той сабе ў варэннай 1 ціханька сядзіць, як мыш у мяшку, ды толькі вохкае, каб чаго горшага не дачакацца. Рэшта палешукоў сядзяць і не рыпаюцца на што-небудзь. На млыне няма завозу, бо ніхто нічога не прывозіць, а што было, дык чысцюсенька вымелі. Борух ярмолку страціў і, бегаючы, барадой трасе; няма ўжо Борухавай карчмы — цяпер тамака клюб зрабілі. Гарэлку, аднак, п’юць яшчэ мацней, чым даўней у карчме, на што ў беднага Боруха сэрца кроўю абліваецца гледзячы — такі профіш страціць! Усё цяпер па-іншаму ў Панасавым сяле. He тыя пайшлі парадкі, не даўнейшыя. Хто ў пашане быў, той цяпер тамака ў запечку сядзіць, а той, чыйго духу там даўней не было,— найбольшую пашану мае. Панасіху, хоць яе яшчэ там і няма, лепш ведаюць і болей шануюць, чым самога Панаса, каторы сялу пачатак даў. Цяпер хочуць сяло на рэспубліку перайначыць, а Панасіха, кажуць, мае прэзідэнтам зрабіцца. I гэта не дурна кажуць: нейкія перамены там будуць незабавам, конча будуць...
— Шкода Панаса і наагул усяго сяла шкода,— сказаў я бачучы, што мой бяседнік перастаў гаварыць, мабыць, скончыў.
— Нічога не параіш! Час такі дый баба зух, хай яе не знаць. Дый сам Панас вінен, што так усё праміргаў. Ну, але вы гэтага яшчэ ні ад каго не чулі? — перабіў ён сам сябе пытаннем да мяне.
1 Варэнная—кухня (гл. Слоўнік беларускай мовы I. Насовіча).
— He, ад вас першага...
— Вот бачыце! Што ж у вас тут, якія навіны?
— Ад ліха — ціха, дабра не чуваць...
— Ці, хутчэй: «Папаўся ў нерат — ні ўзад ні ўперад»? А Рада 1 што?
— Рада — як Рада...
— А!.. Ну, выбачайце — дзякую за тое, што паслухалі, і за цёплую печку: адагрэўся знамяніта. Бывайце здаровы!
Коратка сціснуўшы маю далонь у сваёй мяккай і цёплай ручцы, чорт адкінуў хвост набок, як шаблю, адзяваючы на галаву капялюш, на момант паказаўся ўвесь, як стаіць, і ў мгненню вока счэзнуў праз вакенны вушак.
Лямпа згасла... але, калі я прачнуўся, праз вакно заглядаў паранак. Я ўстаў з пасцелі і, насунуўшы на плечы кажух, сеў пры стале і пачаў запісываць гэтую цікавую версійку.
1 Рада — кіраўнічы цэнтр Беларускай Народнай Рэспублікі.
П’ЕСЫ
ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ
«ЖЫВЫЯ КАЗКІ»
(1920)
«Жывымі» назваў я казкі, надрукаваныя ў гэтай кніжачцы, дзеля таго, што я не чуў іх ад каго-небудзь і потым запісаў, але ўласнымі вачыма бачыў і вушамі чуў усё тое, што ў іх дзеецца. Спадзяюся, што мае чытачы гэта і самі ўмеюць: бачыць тое, чаго для іншых саўсім няма.
«Жывымі» назваў я іх яшчэ і дзеля таго, што хацеў, каб з іх была для маіх чытачоў большая карысць, чым з тых апісанняў больш ці менш цікавых здарэнняў, каторыя звычайна называюцца таксама казкамі і па прачытанні найчасцей забываюцца. Я хацеў, каб кожная з маіх казак пасля яе прачытання выклікала ахвоту паказаць прачытанае ў асобах — «згуляць»; адным словам, мае дарагія прыяцелі, да вашых гульняў я хацеў дадаць вам яшчэ тры гульні: у «хлопчыка ў лесе», у «шчаслівага ■чырвонца» і ў «дзіўны лапаць».
Пры гэтым я саўсім не буду пакрыўджаны, калі, гуляючы — паказываючы гэтыя казкі, вы штось у іх зменіце подлуг свайго ўпадабання, што-нішто дадасцё, штонішто ўйміцё. Наадварот, я буду вельмі рады гэткаму папраўлянню, а калі б, заахвочаныя сваёй працай над гэтым, выдумалі б нешта саўсім новае, то я віншаваў бы ,сябе з тым, што мае казкі добрыя ўдаліся.
Аўтар
Вокладка зборніка «Матчын дар».
«Беларуская хатка»: знешні выгляд і план.
у «Беларускай хатцы» (Захараўская (Савецкая), 15) размяшчалася сталоўка Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны (загадчыцай яе была майі Зоські Верас — Эмілія Сівіцкая). У пачатку лета 1917 г. сталоўка была перанесена. а «Беларуская хатка» стала сядзібай розных арганізацый: Цэнтральнай рады белаоускіх арганізацый, Таварыства дапамогі ахвяоам вайны. затым рэдакцыі «Вольнай Беларусі». Летам 1919 г. жыў тут Зм. Бядуля з сям’ёй.
Размяшчэнне пакояў: 1) кухня; 2) сталоўка; 3) пакой, дзе ўвосень 1917 г. кватараваў А. Гарун з маці і братам; 6) «Невялікі пакой. Пад вакном пісьмовы стол і стары мяккі фатэль. Там у фатэлі Максім Багдановіч (1916 — пачатак 1917 г.) вечарамі, калі ўсе сябры разыдуцца.— любіў сядзець і адпачываць да позняга вечара» (3. Верас); 7) даўгі пакой, дзе жыла (1916 —да вясны 1917 г.) Зоська Верас са сваёй маці, а ў канцы 1918 г. перабраўся сюды Алесь Гарун.
Будынак не захаваўся. Фотаздымкі і звесткі з асабістага архіва Зоські Верас (Л. Сівіцкай).
ХЛОПЧЫК У ЛЕСЕ
Казка ў трох абразкох
АБРАЗI
На сцэне — падножжа лесу: камлі вялікіх дрэваў, высокія кусты, буйная трава, з якой дзенідзе выглядаіоць кветкі звапочкі.
З’ЯВА I
Нейкі час ціха. Пасля чуваць, збліжаючыся паволі, дзяціны голас: «Мама, мама!» На сцэну выходзіць X л о п ч ы к гадоў 8—9, адзеты ў зрэбніну, паверх якой —латаная світачка. Хлопчык у лапцёх, без шапкі. Валасы падстрыжаны роўненька і гладка ўчасаны. Усё на ім беднае, але чыстае.
X Л О П Ч Ы К
(кліча)
Мама!.. Мама!
(Шукае між кустоў.)
Мама!.. Мама!..
(Падыходзячы на перад сцэны, як бы сам сабе.) Дзе ж мама?
Хаджу, хаджу, шукаю і...
нігдзе няма мамы...
(Аглядаецца, не сходзячы з месца, кругом; як. бы да публікі.)
Мама некуды пайшла...
Сам не ведаю, дзе я...
Страшна ў лесе: скрозь імгла...
(У глыб лесу.)
Мама!.. Мамачка мая!
(Зноў абходзячы кусты.)
Мама!.. Мама!.. Мама!..
(Як раней.)
Ну, куды цяпер ісці? —
Скрозь тут дрэвы, слізкі мох...
Ах,— мне сцежкі не знайсці
У гэтых нетрах, пустырох...
(Зноў у глыб лесу.)
Мама!.. Мама!..
(Паўза.)
Тут звяры...
ЛІогуць ноччу разарваць...