• Часопісы
  • Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка Казкі. П’еса Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн

    Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка

    Казкі. П’еса
    Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
    Для сярэдняга школьнага ўзросту
    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 299с.
    Мінск 1997
    95.78 МБ
    Мімі з вялікім здзіўленнем глядзела на Якава.
    — Які ты стаў рослы і прыгожы! — закрычала яна.— Ты цяпер зусім не падобен на карліка.
    Якаў вельмі ўзрадаваўся. Яму захацелася зараз жа бегчы да бацькоў і паказацца ім, але ён помніў аб сваёй выратавальніцы.
    — He будзь цябе, дарагая Мімі,— я б на ўсё жыццё астаўся карлікам і, магчыма, памёр бы пад сякерай палача,— сказаў ён, пяшчотна пагладжваючы гуску па спіне і па крыллях.— Я павінен табе
    аддзякаваць. Я адвязу цябе да твайго бацькі, і ён цябе расчаруе. Ён жа разумней усіх чараўнікоў.
    Мімі залілася слязьмі ад радасці, і Якаў узяў яе на рукі і прыціснуў да грудзей. Ён непрыкметна выйшаў з палаца — ні адзін чалавек не пазнаў яго — і адправіўся з Мімі да мора, на востраў Готланд, дзе жыў яе бацька, чараўнік Ветэрбок.
    Яны доўга падарожнічалі і, нарэшце, дабраліся да гэтага вострава. Ветэрбок зараз жа зняў чары з Мімі і даў Якаву многа грошай і падарункаў. Якаў неадкладна вярнуўся ў свой родны горад. Цяпер бацька і маці з радасцю сустрэлі яго — ён жа стаў такі прыгожы і прывёз столькі грошай.
    Трэба яшчэ расказаць пра герцага. Раніцой, на другі дзень, герцаг рашыў выканаць сваю пагрозу і адсячы карліку галаву, калі ён не знайшоў той травы, аб якой гаварыў князь. Але Якава нідзе не маглі знайсці. Тады князь сказаў, што герцаг знарок схаваў карліка, каб не страціць свайго лепшага кухара, і назваў яго ашуканцам. Герцаг страшна раззлаваўся і аб’явіў князю вайну. Пасля многіх боек і сражэнняў яны, нарэшце, памірыліся, і князь, каб адсвяткаваць мір, загадаў свайму кухару спячы сапраўдны Пірог Каралевы. Гэты мір паміж імі так і назвалі «Пірожны мір».
    Вось і ўся казка аб Карліку Носе.
    О. Уайльд
    ХЛ0ПЧЫК-30РКА САЛАВЕЙ I РУЖА
    КАЗКІ
    ХЛОПЧЫК — ЗОРКА
    Аднойчы два беднякі-Лесарубы ішлі дадому праз густы
    хвойнік. Была зімовая ноч, трашчаў люты мароз. На зямлі і на дрэвах ляжала тоўстае снежнае покрыва; Лесарубы чулі, як з абодвух бакоў патрэсквалі ад марозу маленькія галінкі, а калі яны падышлі да Горнага Вадаспада, дык убачылі, што ён нерухома застыў у паветры, бо яго пацалавала Снежная Кара-
    лева.
    Мароз быў такі люты, што нават звяры і птушкі не ведалі, як уратавацца.
    — Бр-р! — прабурчаў Воўк і заскакаў між кустоў, падкурчыўшы хвост.— Жахлівае надвор’е! I куды толькі глядзіць Урад?
    — Цвырк! Цвырк! Цвырк! — працвыркалі зялёныя Канаплянкі.— Старая Зямля памерла, і яе захуталі ў белы саван.
    — Зямля збіраецца да вянца, і гэта яе шлюбнае ўбранне,— прашапталі адна адной Галубкі. Іх ружовыя лапкі зусім скалелі, але яны лічылі сваім абавязкам прытрымлівацца рамантычнага погляду на жыццё.
    — Лухта! — як адрэзаў Воўк.— Гавару вам, ва ўсім вінаваты Урад, а калі не верыце мне, дык я вас з’ем.— Воўк быў вельмі практычны і ніколі не лез па слова ў кішэню.
    — Што датычыцца мяне,— сказаў Дзяцел,— дык мне не патрэбна навуковае тлумачэнне з’явы. Я бачу рэчы такімі, якія яны ёсць. А цяпер невы-
    носна холадна.
    Сапраўды было так. Маленькія Вавёрачкі, што
    жылі ў дупле гонкай яліны, церлі адна адной носікі, каб хоць крыху сагрэцца, а Зайчыкі скурчыліся ў сваіх норках і носу адтуль не патыкалі. Адным толькі вялікім рагатым Сычам прыйшлася даспадобы сцюжа. Пер’е ў іх зусім зацвярдзела ад наледзі, але ім было хоць бы што, яны варочалі вялізнымі жоўтымі вачыма і гукалі адзін аднаго праз увесь лес.
    — У-yy! У-ух! У-уу! У-ух! Якое сёння цудоўнае надвор’е!
    А два Лесарубы ўсё ішлі і ішлі наперад, з усяе сілы хукалі на пальцы і тупалі па абледзянелым снезе сваімі вялізнымі, падкаванымі ботамі. Адзін раз яны праваліліся ў глыбокі сумёт і выбраліся адтуль белыя, што млынары, калі тыя стаяць ля жорнаў; другі раз паслізгнуліся на цвёрдым гладкім лёдзе замёрзлага балота, галлё рассыпалася, і ім прыйшлося збіраць яго і зноў рабіць вязкі; а яшчэ неяк ім здалося, што яны заблудзілі, і іх ахапіў вялікі страх, бо яны ведалі: снег жорсткі да тых, хто засынае ў ягоных абдымках.
    Але Лесарубы спадзяваліся на добрага Святога Марціна, які ахоўвае ўсіх, хто ў дарозе, вярнуліся крыху назад, а далей пайшлі болып абачліва і, нарэшце, выбраліся на ўзлесак і ўбачылі далёка ў даліне агні сваёй вёскі.
    Яны так узрадаваліся выратаванню, што гучна рассмяяліся, і Зямля здалася ім сярэбранай кветкай, а Месяц — кветкай залатой. Але пасля нядоўгай весялосці да іх вярнулася журба, бо яны ўспомнілі пра сваю беднасць, і адзін з іх сказаў другому:
    — Чаго гэта мы так развесяліліся? Жыццё для багатых, а не для такіх, як мы. Лепш бы мы замерзлі ў лесе або трапілі да дзікіх звяроў у зубы.
    — Праўду кажаш,— згадзіўся яго сябар,— адным дадзена многа, а другім — нічога. Несправядлівасць падзяліла свет, нягуста пакінуўшы ў ім месца шчасцю, але шчодра абдарыўшы яго горам.
    Пакуль яны наракалі на сваю горкую долю, здарылася нешта дзіўнае. Яркая і прыгожая зорка скранулася з нябёсаў. Яна пракацілася па небасхіле паўз іншыя зоркі, і здзіўленыя Лесарубы праводзілі яе позіркам; ім здалося, што яна ўпала за купай
    вербалозу, які рос ля маленькай аўчарні, у некалькіх кроках ад таго месца, дзе яны стаялі.
    — Слухай! Гэта ж кавалак золата, трэба яго знайсці! — закрычалі яны і кінуліся бегчы — так імі авалодала прага золата.
    Але адзін з Лесарубаў бег хутчэй за другога, перагнаў свайго таварыша, прашыўся цераз кустоўе і... На белым снезе сапраўды ляжала нешта падобнае на золата. Лесаруб падбег бліжэй, нахіліўся, працягнуў рукі і ўбачыў, што гэта плашч з залатой тканіяы, вычварна вышываны зоркамі і скручаны ў камячок. Ён крыкнуў таварышу, што знайшоў скарб, які зваліўся з неба, і, калі той падбег, яны разам селі на снег і расхінулі плашч, каб дастаць золата і падзяліць між сабой. Але, на жаль, не было там ні золата, ні серабра і ніякіх іншых скарбаў, а толькі маленькае дзіця, якое спала.
    I адзін з Лесарубаў сказаў:
    — Разбіліся нашы надзеі, няма нам шчасця. Якая чалавеку карысць ад дзіцяці? Давай яго пакінем тут і пойдзем дадому: людзі мы бедныя, сваіх дзяцей поўная хата, і не маем права адбіраць у іх апошні кавалак, каб аддаваць чужому дзіцяці.
    Але яго сябар не пагадзіўся:
    — Грэх кінуць дзіця канаць на снезе, і, хоць я такі самы бядняк, як і ты, і багата ратоў просіць есці, а ў гаршчках трасца варыцца, я ўсё-такі занясу дзіця дадому, і мая жонка паклапоціцца пра яго.
    I ён пяшчотна падняў дзіця, захутаў яго ў плашч, каб абараніць ад лютага холаду, і пайшоў з узгорка да сваёй вёскі, а таварыш толькі падзівіўся яго глупству і мяккасардэчнасці.
    Калі яны прыйшлі ў вёску, гэты таварыш і кажа:
    — Ты ўзяў дзіця, аддай мне тады плашч, мы ж павінны падзяліць знаходку.
    Але той адказаў:
    — He, не дам, бо плашч не твой і не мой, а толькі дзіцяці,— і, пажадаўшы сябру ўсяго найлепшага, падышоў да сваёй хаты і пастукаўся ў дзверы.
    Калі жонка адчыніла і ўбачыла, што гэта яе муж вярнуўся дахаты жывы і здаровы, яна абхапіла яго аберуч за шыю, пацалавала, зняла з плячэй вязку галля, счысціла снег з ботаў і запрасіла ў хату.
    Але ён сказаў:
    — Я нешта знайшоў у лесе і прынёс табе, каб ты паклапацілася.— I ён не пераступіў парога.
    — Што там? — пацікавілася жонка.— Пакажы, бо ў нас у хаце пуста і шмат чаго патрэбна.
    I тады ён расхінуў плашч і паказаў ёй дзіця. Малое яшчэ спала.
    — А божа ж ты мой! — забожкала жанчына.— Хіба ў нас мала сваіх дзяцей, каб табе, гаспадару, спатрэбілася пасадзіць у хаце яшчэ і падкідыша? I хто ведае, можа, ён прынясе нам гора! А як за ім даглядаць? — I яна злосным позіркам бліснула на мужа.
    — Але ж гэта Дзіця-Зорка,— адказаў той і расказаў, як дзіўна знайшоў яго.
    Аднак і гэта не супакоіла жанчьіну. Яна пачала кпіць з мужа, лаяцца і крычаць:
    — У нас свае дзеці не ядуць хлеба ўволю, а мы яшчэ будзем карміць чужынца? Хто паклапоціцца пра нас? Хто нам дасць хлеба?
    — Але Бог шкадуе нават вераб’ёў і дае ім пажытак,— запярэчыў муж.
    — А мала вераб’ёў канае зімой з голаду? — не здавалася жонка.
    Чалавек нічога не адказаў ёй, толькі і не пераступіў цераз парог.
    I тут моцны вецер з лесу ўварваўся праз адчыненыя дзверы, жанчына ўздрыгнула, пацепнулася і зноў накінулася на мужа:
    — Чаму ты не зачыніш дзвярэй? Па хаце гуляе сівер, я замерзла.
    — У хаце, дзе жывуць людзі з жорсткімі capitaMi, заўсёды будзе сівер,— сказаў той.
    I жанчына не адказала нічога, толькі падалася бліжэй да агню.
    Праз некаторы час яна павярнулася і паглядзела на мужа, і вочы ў яе былі поўныя слёз. I тады ён хутка ўвайшоў у хату, аддаў малога ёй на рукі, а яна пацалавала дзіця і паклала яго ў калыску з самым меншым са сваіх дзяцей. А раніцай Лесаруб узяў дзіўны плашч з золата і схаваў яго ў вялікі куфар, а яго жонка зняла з шыі дзіцяці бурштынавыя каралі і таксама паклала ў куфар.
    * *
    Так Хлопчык-Зорка пачаў гадавацца з дзецьмі Лесаруба: і сядзеў з імі за адным сталом, і гуляў разам з імі. 3 кожным годам ён прыгажэў і прыгажэў, і вяскоўцаў перапаўняла здзіўленне, што яны ўсе смуглявыя, а ў яго скура белая і далікатная, колеру слановай косці, а кучаравыя валасы нагадваюць пялёсткі нарцыса. Вусны ў яго былі, што пунсовая ружа, а вочы — як адбітак фіялак у празрыстай рачной вадзе, і ўвесь ён быў, як кветка, што вырасла на лузе, дзе не ступала нага касца.
    Але прыгажосць прынесла яму зло, бо ён рос фанабэрысты, жорсткі і сябелюбівы. Дзецьмі Лесаруба і ўсімі астатнімі дзецьмі ў вёсцы ён пагарджаў, бо, гаварыў, яны ўсе нізкага паходжання, у той час калі ён — арыстакратычнага, бо яго маці — Зорка. I ён адчуваў сябе панам, і зваў іх сваімі слугамі. Ён не спачуваў бедным і сляпым, калекам ці наогул няшчасным, шпурляў у іх каменні, гнаў з вёскі на дарогу, забараняў ім у вёсцы жабраваць, і пасля гэтага рэдка хто з выгнаннікаў другі раз прыходзіў сюды па міласціну. Сапраўды, ён быццам быў зачараваны сваёй прыгажосцю і пакепліваў з хворых і непрыгожых, здзекаваўся з іх; сябе ж ён любіў і ўлетку, ціхім надвор’ем, лажыўся ля сажалкі ў садзе пастара, любаваўся адбіткам свайго дзівоснага твару і смяяўся ад асалоды, якую яму прыносіла ягоная прыгажосць.
    Лесаруб з жонкай часта саромілі яго:
    — Мы ж прынялі цябе ў сям’ю, як свайго, а ты так ставішся да гэтых гаротных небарак, за якіх няма каму заступіцца ў цяжкую хвіліну. Чаму ты такі жорсткі да тых, каму патрэбна спагада?
    Часта яго запрашаў да сябе пастар і навучаў любові да жывых істот: