Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
— Вон з майго гнязда! — шалеў першы.— Разбойнік! Я размажджэру табе галаву! Такая подласць! Такая нізасць!
Другі, прыкмеціўшы пад дрэвам Бэмбі, зляцеў на ніжнюю галіну і гаркнуў:
— А табе што трэба, морда? Пайшоў вон!
Бэмбі скокнуў з усяе сілы як мага далей адсюль, дагнаў маці і пайшоў за ёй следам, прыціхлы і напалоханы. Маці не падавала выгляду, што заўважыла
яго кароткую адсутнасць, і праз некатооы час Бэмбі загаварыў сам:
— Мама, што такое подласць?
Маці сказала:
— Я не ведаю.
Бэмбі крыху падумаў, затым пачаў зноўку:
— Мама, а чаму тыя двое так злавалі адно на аднаго?
Маці адказала:
— Яны паспрачаліся з-за ежы.
Бэмбі запытаў:
— А мы, алені, таксама сварымся з-за ежы?
— He,— адказала маці.
— Чаму не?
— Таму што тут дастаткова ежы для ўсіх нас. Але Бэмбі хацелася яшчэ пра сёе-тое даведацца. — Мама...
— Што, сынок?
— А мы, алені, злуем калі-небудзь адно на аднаго?
— He, маленькі, у нас, аленяў, такога не бывае.
Яны ішлі далей. У нейкі міг перад імі раскрылася шырокая светлая, сляпуча-светлая шчыліна. Там скончылася жывая агароджа кустоўя, абрывалася спежка. Яшчэ некалькі крокаў — і перад імі ва ўсе бакі раскінуўся-распасцёрся заліты сонцам прастор. Бэмбі хацеў скокнуць наперад, але маці стаяла нерухома.
— Што гэта такое? — усклікнуў ён нецярпліва, зачараваны новым хараством свету.
— Паляна,— адказала маці.
— А што такое паляна?
— Гэта ты хутка сам убачыш,— строга сказала маці.
Яна зрабілася сур’ёзнай і насцярожанай. Закінуўшы галаву, яна да чагосьці напружана прыслухоўвалася і глыбока ўцягвала ноздрамі паветра.
— Усё спакойна,— вымавіла яна нарэшце.
Бэмбі скочыў наперад, але маці заступіла яму дарогу.
— Чакай, калі я цябе пазаву.
Бэмбі паслухмяна спыніўся.
— Вось так,— ухваліла маці.— А цяпер слухай мяне.
Бэмбі адчуў прытоенае хваляванне ў голасе маці.
Ён напружыў усю сваю ўвагу.
— Гэта не так проста — ісці на паляну,— сказала маці.— Гэта цяжкая і небяспечная справа. He запытвай чаму — калі-небудзь ты і сам даведаешся. А цяпер добранька запомні, што я табе скажу. Абяцаеш?
— Ага,— адказаў Бэмбі.
— Дык вось. Спярша я пайду адна. Ты стой тут і не зводзь з мяне вачэй. Калі ўбачыш, што я бягу назад, дык і ты бяжы прэч, бяжы як мага хутчэй. Я ўжо даганю цябе.
Яна змоўкла, аб чымсьці думаючы, затым працягвала глыбокім праніклівым голасам:
— Ва ўсялякім выпадку бяжы, бяжы з усяе сілы. Бяжы... калі нават што здарыцца са мной... Калі ўбачыш, што я... што я ўпала... не звяртай увагі. Што ты ні ўбачыш, што ні пачуеш — прэч адсюль, неадкладна прэч... Абяцаеш?
— Ага,— ціха сказаў Бэмбі.
— А цяпер мы пойдзем на паляну, спачатку я, потым ты. Табе там вельмі спадабаецца. Ты будзеш гуляць, бегаць. Толькі абяцай, што пры першым жа маім клічу ты будзеш каля мяне. Абяцаеш?
— Ага,— сказаў Бэмбі яшчэ цішэй — маці ж так сур’ёзна гаварыла.
— Калі ты пачуеш мой кліч, не глядзі па баках, ні аб чым не запытвай, а адразу ж, як вецер, ляці да мяне. Без прамаруджання, без роздуму. Калі я пабягу, імчы за мной і ты, і нідзе не спыняйся, пакуль не апынешся ў гушчары. Ты не забудзеш?
— He,— скрушліва адказаў Бэмбі.
— А цяпер я пайду,— сказала маці і рушыла наперад.'
Яна выступала павольна, высока падымаючы но ■ гі. Бэмбі не зводзіў з яе вачэй. Цікаўнасць, страх, чаканне чагосьці незвычайнага змагаліся ў ягонай душы. Ён бачыў, як маці прыслухоўваецца, бачыў, як напружылася яе цела, і сам напружыўся, гатовы ў любую секунду кінуцца наўцёкі. Але вось маці выцягнула шыю, задаволена агледзелася і крыкнула:
— Хадзі сюды!
Бэмбі скочыў наперад. Вялізная радасць, якая
ахапіла яго з чароўнай сілай, прагнала страх. У гушчары ён бачыў толькі зялёны купал лістоты. праз які дзе-нідзе свяцілася белымі крапінамі неба. А цяпер яму адкрыўся ўвесь неабдымны блакіт нябеснага купала, і ён адчуў сябе шчаслівым, сам не ведаючы чаму. У лесе ён амаль не ведаў сонца. Ён думаў, што сонца — гэта шырокія палосы святла, якія слізгаюць па лістоце і ствалах дрэў. А цяпер ён стаяў у зіхатлівым ззянні, у добрым царстве цяпла і святла; цудоўная, уладная сіла закрывала яму вочы і адкрывала насцеж сэрца.
Бэмбі быў узрупіаны, ап’янёны, адурманены. Ён падскокваў на месцы — два, тры, чатыры, пяць, шэсць... дзесяць разоў. Гэта рабілася насупраць яго волі, ён і не скакаў нават — яго падкідала ў паветра. Яго юныя члены так напружыліся, яго грудзі дыхалі так поўна і глыбока духмяным, рэзкім паветрам паляны, што яго ўзносіла ўгору.
Бэмбі ўсё-такі быў дзіцем. Каб быў ён сынам чалавечым, ён моцна крычаў бы ад шчасця. Але ён быў аленяняткам, а аленяняткам недаступна выказванне радасці па-чалавечы. Бэмбі радаваўся, весяліўся па-свойму.
Маці бачыла яго бездапаможныя, смешныя скачкі і ўсё разумела. Бэмбі ведаў толькі вузкія аленевыя сцежкі, за кароткі век свайго існавання ён прывык да цеснаты гушчарніку, ён не ведаў, што такое прастор і як ім карыстацца.
Яна нахіліла галаву і імкліва кінулася наперад. Бэмбі засмяяўся, а праз секунду і сам пусціўся за ёй наўздагон, ды так, што высокія травы гучна зашамацелі. Гэта напалохала Бэмбі, ён спыніўся, не ведаючы, што яму рабіць. I тут, у суправаджэнні таго ж дзіўнага шамацення, буйнымі скачкамі наблізілася да яго маці, са смехам прыгнулася, крыкнула:
— А ну, шукай мяне! — I ўраз знікла.
Бэмбі быў азадачаны. Што б гэта магло азначаць? Куды падзелася маці? Але вось яна паказалася зноў, хутка пранеслася міма, тыцнула яго на бягу носам і крыкнула:
— Гэ-гэ-э-й, злаві мяне!
Бэмбі кінуўся за ёй. Два, тры крокі... Але гэта не крокі, гэта лёгкія, лунаючыя скачкі. Яго несла над зямлёй, яго ахапіла хвалюючае адчуванне палёту.
Толькі на кароткі міг дакранаўся ён да зямлі і зноў нёсся, лунаў у прасторы. Росныя травы шамацелі ля самых яго вушэй, то мякка і пяшчотна, то шаўковапругка хвасталі, сцябалі па яго падалым наперад целе. Ён імчаў без мэты і накірунку, кідаўся з боку ў бок, а затым зноў апісваў кругі ў салодка-дурманлівым палёце. Маці сачыла за ім, затаіўшы дыханне.
Бэмбі да самазабыцця весяліўся-гарэзаваў. Аднак гэта працягвалася не так ужо й доўга. Высокім, грацыёзным крокам наблізіўся ён да маці і заглянуў ёй у вочы вільготным ад шчасця позіркам. Цяпер яны пачалі прагульвацца нетаропка, бок у бок.
Дасюль Бэмбі ўспрымаў прастор, сонца, неба нібыта цялесна; яму грэла спінку, яму лёгка і свабодна дыхалася, ён адчуў радасць свабоднага, нічым неабмежаванага руху, але толькі на кароткі міг яго аслепленаму позірку адкрыўся мігатлівы блакіт неба. А цяпер ён упершыню цешыўся ўсёй паўнатой бачання. На кожным кроку яго захопленаму і прагнаму позірку адкрываліся ўсё новыя дзівосы паляны.
Тут зусім не было патайных куткоў, такіх, як у глыбіні лесу. Кожная мясцінка праглядвалася да апошняй сцяблінкі, да самай малюсенькай травінкі і так заваблівала пакачацца, папесціцца ў гэтай цудоўнай духмянай мяккасці! Зялёны прастор быў усеяны белымі зорачкамі маргарытак, тоўсценькімі галоўкамі фіялетавай і ружовай кашкі, залатымі свечкамі званца.
— Глядзі, мама! — усклікнуў Бэмбі.— Кветачка паляцела!
— Гэта не кветка,— сказала маці.— Гэта матылёк.
Бзмбі здзіўлена паглядзеў на матылька, які то кружыў у палёце, то прысаджваўся на сцяблінку, то зноў узвіваўся ўвысь. Цяпер Бэмбі бачыў, што мноства такіх, як той, матылькоў кружыць над палянай, імкліва і плаўна апускаючыся на аблюбаваную сцяблінку. Яны і на самай справе нагадвалі кветкі, якія лятаюць, вясёлыя кветкі, якія пакінулі свае дакучліва нерухомыя сцябліны, каб крыху патанцаваць. А яшчэ яны здаваліся кветкамі, што спусціліся з сонца. Чужынцы на зямлі, яны нястомна шука-
юць прыстанку, але ўсе лепшыя сцябліны заняты зямнымі кветкамі; ім нічога не застаецца, як працягваць свой дарэмны пошук...
Бэмбі хацелася разгледзець матылька зблізку альбо хоць бы прасачыць палёт аднаго матылька, але яны мільгалі так хутка, што кружылася галава.
Калі ён зноў паглядзеў на зямлю, то заўважыў, што кожны яго крок падымае з травы тысячы малюсенькіх жвавых істот. Яны пырскалі ва ўсе бакі дробным зялёным дожджыкам і, толькі на кароткі міг выявіўшы сваё існаванне, зноў паглыналіся зялёным покрывам зямлі.
— Што гэта такое, мама? — запытаў Бэмбі.
— Так... Усякая драбяза,— адказала маці.
— He, ты паглядзі! — ускрыкнуў Бэмбі.— Травінка, а скача!.. I як высока скача!
— Якая ж гэта травінка? — сказала маці.— Гэта самы сапраўдны конік.
— Навошта ж ён так скача? — здзіўлена запытаў Бэмбі.
— Мы ўспудзілі яго.
— О! — Бэмбі павярнуўся да коніка, які ўжо ўсеўся на сцяблінку маргарыткі.— О! Вы дарэмна пужаецеся, мы не зробім вам нічога дрэннага,— ветліва сказаў Бэмбі.
— Я не з палахлівых,— скрыпучым голасам адказаў конік.— Я толькі спачатку крыху напалохаўся. Ад нечаканасці. Я размаўляў з жонкай...
— Прабачце, калі ласка,— засмучана сказаў Бэмбі.— Мы вам перашкодзілі...
— Такой бяды,— праскрыпеў конік.— Калі гэта вы — не бяда. Але ж ніколі не ведаеш загадзя, хто ідзе. Даводзіцца заўсёды быць напагатове.
— Разумееце,— даверліва пачаў Бэмбі,— я ўпершыню ў жыцці трапіў на паляну. Мая маці...
Конік капрызна схіліў галаву, насупіўся і праскрыпеў:
— Ведаеце, мяне гэта ніколькі не цікавіць. У мяне няма часу выслухоўваць балбатню. Мяне чакае жонка. Хоп!..— I ён знік.
— Хоп! — паўтарыў Бэмбі, ашаломлены дзівосным скачком коніка.
Ён падбег да маці:
— Ведаеш... я размаўляў з ім!
— 3 кім?
— 3 конікам. Ён вельмі прыветлівы. I мне ён таксама спадабаўся. Ён такі зялёны, а потым раптам стаў зусім празрыстым, празрысцей самага тоненькага лісточка.
— Гэта крылы,— сказала маці.— Ён выпусціў крылы.
— Няўжо? — Бэмбі працягваў расказ.— У яго такі сур’ёзны, задумлівы твар. I вельмі мілы. А як ён скача! Напэўна, гэта страшэнна цяжка. Сказаў «хоп» і адразу знік.
Яны рушылі далей. Гутарка з конікам расхвалявала і крыху стаміла Бэмбі — ён жа ніколі яшчэ не гаманіў з чужымі. Ён адчуў, што павінны падмацаваць свае сілы, і пацягнуўся да маці.
Калі ён зноў стаяў спакойна ў пяшчотным дурмане той лёгкай ап’янеласці, якую заўсёды адчуваў, напіўшыся матчынага малака, зноў заўважыў у спляценні травінак светлую рухомую кветку. He, гэта не кветка, гэта зноў матылёк. Бэмбі падкраўся бліжэй.
Матылёк ляніва завіс на сцяблінцы і ціхенька варушыў крыльцамі.