• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка Казкі. П’еса Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн

    Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка

    Казкі. П’еса
    Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 299с.
    Мінск 1997
    95.78 МБ
    — Што-о? — незадаволена вымавіў сыч.
    Бэмбі расказаў яму аб сваёй сустрэчы з магутнымі сваякамі.
    — Ох ужо гэтыя сваякі! — прабурчаў сыч.— У мяне таксама поўна сваякоў. Варта мне толькі паказацца днём, як ад іх адбою няма. А ці ёсць на свеце што-небудзь такое ж непатрэбнае, як сваякі?
    Калі яны знатней вас, вам няма чаго з імі рабіць, а калі не, то тым больш. Першых мы трываць не можам за гордасць, другіх — за нікчэмнасць. Словам, ад сваякоў лепш трымацца як мага далей.
    — Але... я зусім не ведаю сваіх сваякоў,— нясмела сказаў Бэмбі.
    — He клапаціцеся пра гэту публіку,— прахрыпеў сыч.— Паверце мне,— сыч важна закаціў вочы,— паверце добрай парадзе. Сваякі не варты сяброў. Вось мы з вамі проста добрыя знаёмыя, і гэта так прыемна для нас абодвух.
    Бэмбі хацеў было ўставіць слова, але сыч яму не даў:
    — Вы яшчэ такі малады, даверцеся майму вопыту. Я разбіраюся ў такіх рэчах. Зрэшты, мне няпроста ўмешвацца ў вашы сямейныя адносіны.
    Ен глыбакадумна закаціў вочы, і яго твар стаў такім задумлівым і значным, што Бэмбі не адважыўся пярэчыць...
    Аднойчы здарылася жахлівае...
    Раніца гэтага дня выдалася свежай і расістай, на небе ні аблачынкі. Здаецца, мацней звычайнага духмяна пахла асвежанае вільгаццю ночы кустоўе, і паляна шырокімі хвалямі пасылала ва ўсе канцы свае вострыя пахі.
    — Пі-і! — праспявалі сініцы прачнуўшыся.
    Праспявалі зусім ціха, бо па зямлі яшчэ слаўся шэраваты змрок. Зноўку надоўга запанавала цішыня. Затым аднекуль зверху прагучалі рэзкія гартанныя галасы варон. Адразу ж адгукнулася сарока:
    — Ча-ча-га-ра! Ці не думае хто, што я сплю?
    I тут на мноства ладоў зашчабяталі сотні тоненькіх галасоў:
    — Піў, піў, цью, цюіць, цюіць, цюіць, цью!
    У гэтым голасе яшчэ адчуваліся і сон і прыцемак, але з кожнай хвілінай ён гучаў усё свяжэй і радасней.
    Але вось прыляцеў чорны дрозд і ўсеўся на верхавіне буку. Ён выбраў самую высокую галінку, якая тонка і востра прапускала праз сябе блакітнае паветра, і, агледзеўшы прастор паверх дрэў, убачыў на ўсходзе палева-шэрае, быццам стомленае, неба, заружавелае ўжо, заквітнелае маладой зарой. I дрозд пачаў сваю прывітальную песню. Ён быў
    толькі крышку цямней галінкі, на якой сядзеў, яго маленькае чорнае целечка нагадвала завялы лісток, але яго песня радасна-вясёлым гімнам разлівалася над абуджаным лесам. Усё ажыло.
    Забілі берасцянкі, зацёхкалі-зашчоўкалі малінаўкі і шчыглы. Гучна лопаючы крыламі, галубы пераляталі з галінкі на галінку. Гарлапанілі фазаны, быццам у іх разрывалася горла. 3 тугім і мяккім шоргатам зляталі яны з дрэў, якія былі ім добрым прыстанкам для начлегу, і, разарваўшы гартань металічным крыкам, пачыналі ціха буркаваць. Высока ў небе ваяўніча і радасна заклікалі сокалы:
    — Йя-йя-йя!..
    Узышло сонца.
    — Дзью, дзью! — звонка праспявала івалга.
    Яна лятала паміж галін узад і ўперад, і яе жоўценькае кругленькае целечка ззяла залатой пулькай.
    Бэмбі выйшаў з-за старога дуба на паляну. Яна ззяла расой, духмяніла вільготнай травой, зямлёй і кветкамі. У ёй адчувалася трымценне, біццё бясконцых жыццяў.
    Шмат знаёмых сабралася цяпер на паляне. Там сядзеў друг заяц і, здавалася, раздумваў аб нейкіх важных рэчах. He спяшаючыся прагульваўся высакародны фазан; ён падзёўбваў у траве і часам насцярожана азіраўся, яго ізумруднае горла ззяла на сонцы.
    А амаль побач з Бэмбі стаяў незнаёмы малады алень. Упершыню ў жыцці апынуўся Бэмбі блізка ад дарослага аленя. Ледзь заслонены кустамі бузіны, стаяў ён нерухома супраць Бэмбі. Бэмбі таксама замёр.
    А што, калі алень зусім выйдзе з кустоў — ці адважыцца Бэмбі загаварыць з ім?
    Трэба параіцца з маці. Бэмбі азірнуўся, але маці была далёка, яна размаўляла з цёцяй Эннай. Бэмбі не рухаўся, ён перажываў пакутныя сумненні. Каб трапіць да маці, ён павінны быў прайсці міма маладога аленя. Бэмбі знаходзіў гэта непрыстойным.
    «Ах,— думаў ён,— навошта мне запытваць маму! Гаварыў жа са мной стары важак, а я і слоўца не сказаў аб тым маме. Паспрабую сам загаварыць з маладым аленем. Хай усе ўбачаць, як я з ім раз-
    маўляю. Я скажу: «Добрай раніцы, пан!» He можа ж ён раззлавацца на гэта. А калі раззлуецца, я ўцяку...»
    I ўсё ж Бэмбі не пераставаў вагацца.
    Але вось малады алень выступіў з-за кустоў бузіны.
    «Зараз я скажу яму...» — падумаў Бэмбі.
    I тут з усяе сілы ўдарыў, грымнуў гром.
    Бэмбі ўвесь сціснуўся, не разумеючы, што здарылася. Ён бачыў толькі, што малады алень высока падскочыў і кінуўся ў гушчар. Ён пранёсся зусім блізка ад Бэмбі...
    Бэмбі разгублена азірнуўся. Страшны гул грому яшчэ гучаў у яго целе. Ён бачыў, як маці, цёця Энна, Габо і Фаліна кінуліся да лесу, як пасля кароткай збянтэжанасці, кароткага замяшання прыпусціў туды ж друг-прыяцель заяц і наўздагон яму, высока задзіраючы цыбатыя ногі, памчаўся фазан. Адчуў ён і імгненную гнятлівую цішыню, якая пасапраўднаму пужала, бо завалодала ўсёю палянай, усім лесам. I ён увесь напружыўся, падцягнуўся і таксама скокнуў у гушчар.
    Бэмбі не зрабіў і трох крокаў, як натыкнуўся на маладога аленя, распасцёртага на зямлі. Шырокая рваная рана зеўрала на яго плячы, з раны струменіла кроў.
    — He спыняйся! — пачуў ён побач з сабою. Гэта была маці...— Бяжы!—крычала яна.— Бяжы з усяе сілы!
    Адчайны кліч маці сарваў Бэмбі з месца, ён рынуўся наперад.
    — Што гэта было, мама? — запытаў ён, не спыняючы бегу.— Што гэта было?
    I, задыхаючыся, маці адказала:
    — Гэта быў... Ён!..
    Нарэшце яны, знямогшы, спыніліся:
    — Што вы сказалі? Я прашу паўтарыць, што вы сказалі? — данёсся зверху галасок.
    Бэмбі ўзняў галаву і ўбачыў вавёрачку, якая спускалася па галінах.
    — Я бегла за вамі ўслед! — крычала яна.— He, гэта жахліва!
    — Вы ўсё бачылі? — запытала маці.
    — Само сабой зразумела! — адказала вавёрачка.— Я дасюль уся дрыжу.
    Яна ўселася слупком, абапёршыся на свой пушысты хвост і выставіўшы вузенькую белую грудзінку; пярэднія лапкі яна прыціснула да грудзей быццам прысягала, тым самым пацвярджаючы праўдзівасць сваіх слоў:
    — Я не ў сабе, я ўзрушана да глыбіні душы!
    — Гэта неспасціжна розуму! — сказала маці.— Ніхто з нас не бачыў Яго.
    — Ну? — горача ўскрыкнула вавёрачка.— Вы памыляецеся, я прыкмеціла Яго даўным-даўно!
    — Я таксама! — пракрычаў другі голас.
    Гэта была сарока, яна падляцела і апусцілася на галіну.
    — Я таксама! — пачулася аднекуль яшчэ вышэй: там на сучку сядзела сойка.
    А з вяршалін дрэў панура пракаркалі дзве вароны:
    — Мы таксама бачылі Яго!
    Так гаварылі жыхары, напалоханыя і ўзлаваныя.
    — Я прыклала вялізныя намаганяі,— гаварыла вавёрачка, прысягальна прыціскаючы да грудзей лапкі,— так, вялізныя намаганні, каб папярэдзіць беднага юнага.
    — I я,— далучылася сойка,— я крычала яму, але ён не хацеў мяне слухаць.
    — Мяне ён таксама не паслухаў,— забалабоніла сарока.— Аціжяне крычала, ці ж я не старалася! Я ўжо хацела падляцець да яго, але вось тут якраз усё і здарылася.
    — Мой голас мацнейшы за ўсе вашы, і я крычала на ўсю моц,— горка сказала варона, але іх высокасці звяртаюць вельмі мала ўвагі на такіх, як мы.
    — Сапраўды, завельмі мала,— пацвердзіла вавёрачка.
    — Мы зрабілі, што маглі,— забалабоніла сарока.— I калі здарылася няшчасце, то нас ні ў чым нельга абвінаваціць.
    — Такі прыгожы юнак! — з жалем сказала вавёрачка.— У самым росквіце гадоў!..
    — Гха! — праскрыпела сойка.— Каб не быў ён такім ганарыстым і каб паболей слухаў нас...
    — Ды ён зусім не ганарысты,— запярэчыла вавёрачка.— He болып, чым іншыя прынцы з яго рода.
    — I такі ж дурны! — засмяялася сойка.
    — Ты сама дурная! — закрычала зверху варона.— Усяму лесу вядомая твая дурасць!
    — Я? — здзіўлена паўтарыла сойка.— Я дурная? Першы раз чую. Напэўна, некалькі няпамятлівая, але дурная — гэта неверагодна!
    — Як сабе хочаце,— сказала варона, уздыхнуўшы,— Забудзьце ўсё, што я сказала. Але адно запомніце: прынц загінуў не таму, што быў неразумны ці фанабэрысты, а таму, што ніхто не можа супрацьстаяць Яму!
    — Гха! — скрыпнула сойка.— He выношу такіх размоў! — I паляцела.
    Варона працягвала:
    — I сярод маіх сваякоў Ён знішчыў многіх. Ён забівае, калі захоча. I нішто не можа дапамагчы нам...
    — Мы ўсе павінны быць пільнымі,— заўважыла сарока.
    — Вядома,— самотна згадзілася варона.— Да пабачэння.
    Яна паляцела прэч, а ўслед за ёй і ўсё груганнё.
    Бэмбі азірнуўся. Маці не было побач.
    «Аб чым яны гаварылі? — думаў Бэмбі.— Ці не той гэта Ён, якога я сустрэў аднойчы на прагалку? Але ж мяне Ён не забіў?..»
    I тут Бэмбі ўявіў маладога аленя, які ляжыць у лужыне ўласнай крыві. Мёртвы, нерухомы...
    А лес зноў разліваўся шматтысячнымі галасамі, і сонца пранізвала яго прамымі, шырокімі прамянямі. Усюды панавала святло, духмяна пахла лістота, уверсе звінеў кліч сокала, унізе рассыпаўся рагаток дзятла, быццам нічога і не здарылася. Але ўсё гэта не радавала Бэмбі: штосьці цёмнае навалілася на душу. Ён не разумеў, як могуць іншыя быць бесклапотнымі і вясёлымі. Жыццё ж такое цяжкае і небяспечнае! Схавацца б ад небяспекі ў лясной глушы, у патайным, нікому не даступным прыстанішчы і звекаваць свой век там ціха і непрыкметна. Навошта яму паляна з усімі сваімі радасцямі, калі за іх даводзіцца так жорстка расплачвацца?.. Штосьці
    зашастала ў кустах. Бэмбі хуценька аглянуўся: перад ім стаяў стары важак.
    Бэмбі сціснуўся, гатовы кінуцца наўцёкі. Стары важак глядзеў на яго сваімі вялізнымі, глыбокімі, пранізлівымі вачамі:
    — Ты быў пры гэтым?
    — Ага,— здаўлена прамовіў Бэмбі: яго сэрца білася амаль ля самага горла.
    — Дзе твая маці? — запытаў стары важак.
    — Я не ведаю,— сумна адказаў Бэмбі.
    Стары важак свідраваў яго сваім позіркам:
    — I ты не завеш яе?
    Бэмбі зірнуў на поўную годнасці, у мігценні серабра галаву, якую увенчвала царская карона, і сэрца яго раптам перапоўнілася мужнасцю.
    — Я магу быць адзін,— сказаў ён.
    Стары нейкі час трымаў яго пад прыцэлам сваіх дзівосных вачэй, затым крыху мякчэй запытаў:
    — Ты той самы малыш, які плакаў, застаўшыся адзін без маці?
    Бэмбі сумеўся, але адразу авалодаў сабою:
    — Так, гэта я.
    Стары глядзеў на яго моўчкі, але Бэмбі здалася ласка ў глыбіні яго позірку.
    — Ты вылаяў мяне тады, стары важак! — усклікнуў ён парывіста.— Я ж баяўся заставацца адзін. А цяпер я не баюся больш!
    Стары глядзеў усё яшчэ выпрабавальна, але Бэмбі падалося, што ён ледзь прыкметна ўсміхнуўся.