Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
— Так, я зусім упэўнена.
Здагадка Фаліны заслугоўвала таго, каб над ёю падумаць, але Бэмбі не мог ні аб чым думаць, яму было вельмі тужліва. Ён пайшоў прэч, Фаліна і Габо пацягнуліся за ім.
Усе трое голасна гукалі:
— Мама!.. Мама!..
Але вось Габо і Фаліна спыніліся. Далей яны не пойдуць.
Фаліна сказала:
— Навошта? Мама ведае, дзе мы, яна адразу нас знойдзе, як толькі вернецца.
Але Бэмбі не мог стаяць на месцы. Ён прабраўся праз гушчар, выйшаў на маленькую лясную прагаліну і раптам замёр...
Там, на другім канцы прагалу, у зарасніку арэшніка стаяла невядомая небывалая істота. Ад яе цягнула невядомым, рэзкім пахам, чужым, цяжкім, які зводзіў з розуму.
Зачаравана глядзеў Бэмбі, не ў стане адвесці вачэй ад незнаёмца. Той стаяў дзівосна прама, на двух нагах, тонкі і вузкі, у яго быў бялявы твар, зусім голы вакол вачэй і носа, агідна голы. Невыказнай, халоднай жудасцю павейвала ад гэтага твару і, разам з тым, дзівоснай уладнай сілаю. Бэмбі не мог адарваць ад яго позірку.
Незнаёмец доўга заставаўся нерухомым. Затым ён падняў верхнюю нагу, якая была так блізка ад твару, што Бэмбі напачатку нават не прыкмеціў яе. Але цяпер ён раптам убачыў гэтую дзіўную
нагу, распасцёртую ў паветры, і аднаго гэтага руху незнаёмца было дастаткова, каб Бэмбі здзьмула ўбок, як пушынку.
Ён і сам не прыкмеціў, як апынуўся ў гушчары. Аднекуль узнікла маці і паімчала з ім побач. Яны імчалі бок у бок, праз кусты і ламачча, імчалі з усяе сілы. Маці вяла па адной ёй вядомай сцежцы. Яны стрымалі крок толькі ля парога сваёй хаціны.
— Ты бачыў? — ціха запытала маці.
Бэмбі не мог адказаць, у яго сперла дух. Ён толькі кіўнуў галавой.
— Гэта быў... Ён! —сказала маці.
I абодвух працялі, пранізалі наскрозь дрыжыкі...
Цяпер Бэмбі ўсё часцей даводзілася заставацца аднаму, але ён ужо не адчуваў ранейшага страху. Маці знікала, ён мог зваць, гукаць яе колькі душы заўгодна, але яна ўсё роўна не прыходзіла. Але нечакана яна з’яўлялася і зноў была з ім, як раней.
Аднойчы ноччу, зноў пакінуты, Бэмбі адзінока бадзяўся па лесе. Цемра ўжо прарэдзілася, было блізка да світанку, на шэра-шызым фоне неба праяўляліся невыразныя абрысы вяршалін дрэў. Штосьці зашамацела ў кустах, шорах пракаціўся па лістоце, усё бліжэй, бліжэй, і раптам паратварыўся, абярнуўся ў маці. Яна была не адна. Хто быў гэты другі, Бэмбі не змог разгледзець, але маці ён пазнаў адразу, хоць яна толькі на кароткае імгненне мільганула міма яго і з гучным крыкам пранеслася прэч. Усё сціснулася ў Бэмбі — такія незразумелыя былі для яго і гэты дзіўны бег праз кусты, і гэты трыумфальна-радасны, але з адценнем страху крык маці.
Яшчэ болып дзіўны выпадак адбыўся з ім аднойчы днём. Ён доўга без ніякае мэты блукаў па лесе. He выбіраючы дарогі, паварочваў то налева, то направа, то вяртаўся назад, то зноў плёўся наперад. А затым у нейкі момант ён спыніўся і гучна, адчайна стаў клікаць маму. О не, не з-за спалоху, не з-за таго, што як быццам ён спужаўся,— ён проста не мог болып заставацца адзін, невыноснай зрабілася для яго адзінота. I раптам побач з ім паўстаў ва ўсёй сваёй красе адзін з бацькоў. Бэмбі не чуў яго набліжэння і моцна спужаўся. Гэты стары алень быў самым магутным з усіх тых, што бачыў Бэмбі,
самым рослым і ганарлівым. Шуба яго палала, гарэла ярка-чырвоным полымем, ад твару ішло серабрыста-шэрае мігценне, разложьістыя, у цёмных бугарках рогі высока ўзносіліся над чуйна стрыгучымі вушамі.
Ён змерыў Бэмбі суровым позіркам:
— Чаго ты крычыш? — вымавіў ён.— Ты што, не можаш быць адзін? Як табе не сорамна!
Бэмбі хацеў сказаць, што яму ўжо неаднаразова даводзілася заставацца аднаму, што ён прывык быць адзін, але язык быццам прыліп да гартані. Пякучы сорам ахапіў усю яго маленькую істоту. А стары алень павярнуўся і ўмомант знік, нібы праваліўся скрозь зямлю. Гэта было неверагодна: як ні прыслухоўваўся Бэмбі, яго слых не ўлавіў ні тупату капыт, ні хоць бы слабога шоргату кустоўя. Бэмбі абнюхваў паветра — нікога. Ён з палёгкай уздыхнуў, і ўсё ж ён бы многа даў, каб яшчэ раз убачыцца са старым аленем і заслужыць яго прыхільнасць.
Бэмбі ні слоўца не сказаў маці аб гэтай сустрэчы. Але цяпер ён ужо не крычаў, не гукаў яе, калі яна знікала. Блукаючы ў адзіноце, ён страсна марыў аб сустрэчы са старым аленем. Ён хацеў сказаць яму: «Бачыш, я болей не баюся.» I тады стары алень, магчыма, пахваліў бы яго.
Але з Габо і Фалінай Бэмбі падзяліўся сваёй таямніцай. Затоена слухалі яго сябры. Гэта сапраўды незвычайная сустрэча, у іхнім жыцці не здаралася нічога падобнага.
— Ты, напэўна, моцна спужаўся? — спачувальна сказаў Габо.
Яшчэ б! Сапраўды, Бэмбі спужаўся, але зусім крышачку.
— Я на тваім месцы памёр бы са страху! — прызнаўся Габо.
He, вялікага страху Бэмбі не адчуваў: стары алень трымаўся сардэчна.
— Гэта крыху бадзёрыць мяне,— сказаў Габо.— Мне здаецца, я не пасмеў бы ўзняць на яго вочы. Калі мне страшна, у мяне ўсё расплываецца ў вачах, а сэрца калоціцца так моцна, што я задыхаюся.
Фаліну расказ Бэмбі прымусіў глыбока задумацца, але яна прытаіла, пакінула свае думкі пры сабе.
Калі ім зноў давялося сустрэцца, Габо і Фаліна кінуліся да Бэмбі з усіх ног. Яны, як і Бэмбі, зноў былі адны.
— Мы цябе ўвесь час шукаем! — усклікнуў Габо.
— Так,— важна пацвердзіла Фаліна.— Мы ведаем цяпер, з кім ты сустракаўся.
Бэмбі падскочыў:
— 3 кім?..
Фаліна крыху памаўчала, затым значна сказала: — Гэта быў стары важак.
— Адкуль ты ведаеш?..
— Ад нашай маці,— заявіла Фаліна.
Бэмбі здзівіўся:
— Вы расказалі ёй маю гісторыю?
Абодва кіўнулі.
— Але ж гэта тайна! — абурана ўсклікнуў Бэмбі.
Габо тут жа пачаў прасіць прабачэння.
— Я не вінаваты, гэта ўсё Фаліна...
Але Фаліна вясёла абарвала:
— Ах, што тайна! Мне хацелася даведацца, хто гэта быў! Цяпер мы ведаем, і так значна цікавей!
3 гэтым Бэмбі не мог не згадзіцца. Фаліна ахвотна задаволіла яго цікаўнасць.
Гэта самы высакародны з усіх аленяў. Ён важак. Роўнага яму няма. Ніхто не ведае, колькі яму гадоў, ці ёсць у яго блізкія. Толькі нямногім пашчасціла ўбачыць яго хоць аднойчы. Нярэдка па лесе праходзіць погалас, што ён памёр,— так доўга няма яго іншы раз. Але затым ён прадстане перад суродзічамі на імгненне, і такім чынам усе даведваюцца, што ён жывы. Ніхто не асмельваецца запытаць, дзе ён прападаў,— ён жа ні з кім не размаўляе, і ніхто не адважваецца загаварыць з ім першым. Яго шляхі нікому невядомыя, але ведаюць, што ён выхадзіў лес да самых далёкіх даляў. Ён ставіцца з пагардай да небяспекі, грэбуе ёю. Бывае, алені дужацца, барукаюцца паміж сабою, калі гуляючы, калі ўсур’ёз, але з ім ніхто спрадвеку не ўступаў у адзінаборства. 3 яго даўніх сапернікаў ніводзін не застаўся ў жывых. Ён вялікі важак.
Бэмбі ахвотна дараваў Фаліне і Габо, што яны прабалбаталі аб яго тайне, інакш ён ніколі, ніякім
чынам не даведаўся б пра мноства цікавых і важных рэчаў. Але добра, што Габо і Фаліне вядома не ўсё. Так, яны не ведаюць, што вялікі важак сказаў Бэмбі: «Ты не можаш быць адзін? Як табе не сорамна!» Так, Бэмбі зрабіў правільна, змаўчаўшы аб тым: Габо з Фалінай усё роўна прагаварыліся б і ён стаў бы пасмешышчам усяго лесу.
У гэтую ноч, калі ўзышоў месяц, вярнулася маці. Нечакана з’явілася яна каля высокай сасны. Яна ціха стаяла там і глядзела на Бэмбі. Ён кінуўся да яе. Гэта ноч прынесла Бэмбі новае перажыванне.
Маці вярнулася стомленай і галоднай і яны скарацілі сваю звычайную прагулку. Яны пайшлі на паляну. Маці пачала паскубваць вільготную халаднаватую начную траву. Потым яны абое ўзяліся за маладыя парасткі і за гэтым заняткам паглыбіліся ў лес. Нечакана і грозна зашумелі кусты. Перш чым Бэмбі што-небудзь сцяміў, маці перапалохана і разгублена, жудасна закрычала:
— А-о-о! А-о-о!
3-за кустоў у роўным і моцным шуме, быццам гіганцкія прывіды, выступілі небывала дзіўныя, незвычайныя істоты. Яны былі падобныя і на маці, і на цёцю Энну, і на іншых родзічаў Бэмбі, але былі такога волатаўскага росту, што Бэмбі давялося задраць галаву, каб цалкам ахапіць іх. I тады Бэмбі таксама раптам закрычаў на ўсю глотку:
— А-о-о!.. Ба-о-о! — Ен не разумеў, чаго крычыць, але не крычаць не мог.
Працэсія павольна прайшла міма. Тры, чатыры асілкі адзін за адным. Напаследак з’явіўся яшчэ адзін. Ён быў яшчэ вышэйшы, больш магутны, з яго шыі спускалася густая грыва, а галаву ўвенчвала цэлае дрэва.
Штосьці кіпела, бушавала ў грудзях у Бэмбі, штосьці рвалася адтуль, так жудасна на душы яшчэ ніколі ў яго не было.
Гэта не было страхам, але ніколі яшчэ не здаваўся ён сабе такім маленькім і нікчэмным. Нават маці і тая неяк жаласна зменшылася ў яго ўяўленні. Саромеючыся свайго дзіваватага пачуцця, ён трубіў:
— Ба-а-о-о! Ба-о-о!
Крык прыносіў некаторую палёгку.
Працэсія згубілася з вачэй. Стала ціха. Толькі
Бэмбі час ад часу спускаў кароткі трубны гук.
— Ды супакойся ты,— сказала маці, яны пайшлі.
— 0 мама! — пралепятаў Бэмбі.— Хто яны?
— Ах, гэта зусім не так небяспечна,— сказала маці.— Гэта нашы рослыя паўночныя сваякі... Так, яны вялікія і высакародныя, яшчэ высакародней нас.
— I яны не небяспечныя для нас? — запытаў Бэмбі.
— Па-мойму, не,— адказала маці.— Аб тым гавораць рознае, але ці варта надаваць значэнне чуткам? Мне і маім знаёмым яны не зрабілі нічога дрэннага.
— А чаму яны павінны рабіць нам дрэннае? — разважаў услых Бэмбі.— Яны ж нашы сваякі.
— Ды нічога яны нам не зробяць,— сказала маці. I пасля кароткага маўчання дадала: — Я сама не ведаю, чаму іх з’яўленне так пужае. Я страчваю над сабой усялякую ўладу. I так заўсёды...
Размова прымусіла Бэмбі задумацца. Якраз у гэтую мінуту ў галінах алешыны з’явіўся сыч і па ўласцівай яму звычцы абвясціў аб сабе немым крыкам. Але Бэмбі быў так паглыблены ў сябе, у свае думкі, што, насуперак звычаю, забыў спалохацца. Сыч зляцеў на ніжнюю галіну і запытаўся:
— Я вас, мусіць, напалохаў?
— Вядома,— адказаў Бэмбі.— Вы мяне заўсёды палохаеце.
Сыч ціхенька засмяяўся.
— Спадзяюся, вы на мяне не крыўдуеце? — сказаў ён.— Такая ўжо ў мяне звычка!
Ён раздзьмуўся, стаў падобным на шарык, апусціў сваю дзюбу ў пухкія грудныя пярынкі і зрабіў надзвычай мілы і сур’ёзны твар.
— Ведаеце,— даверліва сказаў Бэмбі,— зусім нядаўна я спалохаўся яшчэ мацней.