Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
Але вось ён мінуў пустую прастору, і другі гушчар прыняў яго ў свае абдымкі. Ззаду яшчэ гучалі крыкі, грымелі стрэлы ў галінах, штосьці перасыпалася, быццам усчынаўся градабой. Затым усё сціхла.
На снезе ляжаў паміраючы фазан са скручанай шыяй, крылы яго злёгку трапяталіся. Пачуўшы крокі Бэмбі, ён злёгку таргануўся і прашаптаў:
— Вось і ўсё...
He звярнуўшы на яго ўвагі, Бэмбі прабег міма. Неўзабаве, заблытаўшыся ў густым бураломе, ён вымушаны быў стрымаць крок. Нецярпліва прыняўся ён намацваць сцежку і раптам пачуў:
— Бэмбі!
Бэмбі рэзка спыніўся. Голас належыў камусьці з яго племені.
Зноў прагучала:
— Бэмбі?.. Гэта ты?..
Наўзбоч ад сцежкі па самую шыю завяз у снезе Габо. Відаць, ён зусім выбіўся з сілы і ўжо не спра баваў стаць на ногі.
Ахоплены гарачым шкадаваннем, Бэмбі кінуўся да свайго друга.
— Дзе твая мама, Габо? — запытаў ён задыхаючыся.— Дзе Фаліна? — Бэмбі гаварыў шпарка, узбуджана, нецярпліва, страх усё яшчэ грукаў у яго сэрцы.
— Мама і Фаліна пабеглі далей,— пакорна адказаў Габо.— Я ўпаў, і яны вымушаны былі пакінуць мяне тут. Я не магу ісці далей, але ты павінны бегчы.— Ен гаварыў ціха, але сур’ёзна і разважліва, як дарослы.
— Уставай! — крыкнуў Бэмбі.— Уставай, Габо! Ты дастаткова адпачыў. Уставай! Хадзем са мной!
— He, пакінь мяне,— ціха сказаў Габо.— Я не магу падняцца, у мяне няма сілы. Праўда, Бэмбі. Я ахвотна б выканаў тваё жаданне, але я не магу.
— Што ж з табой будзе? — запытаў Бэмбі.
— He ведаю. Напэўна, я памру,— проста сказаў Габо.
I тут зноў пачуліся стрэлы і крыкі. Бэмбі ўвесь падабраўся. Штосьці затрашчала ў зарасніку, затупала па снезе і раптам паўстала перад імі юным Карусам. Заўважыўшы Бэмбі, Карус крыкнуў бегучы.
— Наперад! He спыняцца! Хто можа — наперад!
Ён знік, але яго імклівы бег паклікаў Бэмбі за сабой. Бэмбі нават не ўсведамляў, што бяжыць, і прайшоў нейкі час, раней чым ён, не паварочваю чыся, крыкнуў:
— Бывай, Габо!
Але ён быў задужа далёка, каб Габо мог яго пачуць.
Да самай раніцы насіўся Бэмбі па грымлівым, грукатлівым лесе. Толькі з надыходам цемры ўсё сціхла. Лёгкі ветрык выдзьмуў начыста агідны пах, які паспеў прабрацца ў самыя патайныя куточкі лесу. Першым, каго сустрэў Габо, быў Рано. Ён кульгаў мацней звычайнага.
— Ля падножжа вялікай сасны,— пачаў апавядаць Рано,— ляжыць лісіца ў перадсмяротнай агоніі. Я толькі што праходзіў міма. Жахліва бачыць яе пакуты. Яна прагрызла снег і цяпер грызе зямлю...
— Вы не бачылі маю маму? — запытаў Бэмбі.
— Не,— спалохана адказаў Рано і тут жа адышоў.
Ужо позняй ноччу Бэмбі сустрэў цёцю Нетлу з Фалінай. Вось была радасць!
— Вы не бачылі маю маму? — запытаў Бэмбі.
— He,— адказала Фаліна.— Я нават не ведаю, дзе мая ўласная мама!
—• Вось дык прыгода! — весела заўважыла цёця Нетла.— Я, здаецца, атрымала нечаканы падарунак! Я радавалася, што мне ніколі болей не давядзецца мець справу з дзецьмі, і раптам у мяне на шыі адразу двое! Вельмі ўдзячна!
Бэмбі і Фаліна засмяяліся.
Потым размова зайшла пра Габо. Бэмбі расказаў, у якім становішчы заспеў яго, і абодвум стала сумна, вочы іх заслязіліся. Але цёця Нетла не дала ім паплакаць.
— Перш за ўсё мы павінны паклапаціцца аб ежы. Гэта ж нечувана — за цэлы дзень у нас не было макавай расінкі ў роце.
Цёця Нетла павяла дзяцей да кустоўя, на якім яшчэ захавалася пабляклае, пажухлае лісце. Сама яна не дакраналася да ежы — хацела, каб Фаліна і Бэмбі добра паелі. Затым яна пацягнула іх на другое месца, дзе з-пад снегу тарчалі кусцікі травы. «Вось тут добра... He, вось тут лепей...»
Іншы раз цёця Нетла бурчала:
— Чужыя дзеці! Якая лухта! Вечна ты, Нетла, трапляеш у дурныя гісторыі!..
Раптам усе ўбачылі цёцю Энну і кінуліся ёй насустрач.
Фаліна, не помнячы сябе ад радасці, высока падскочыла, напяваючы:
— Мамачка!.. Мамачка!..
— Цёця Энна! — крычаў Бэмбі.
Але цёця Энна плакала, яна была да смерці вымучанай.
— Прапаў Габо! Знік — рыдала яна.— Я была на тым месцы, дзе мы яго пакінулі,— там пуста. Няма яго, няма майго маленькага Габо!
Цёця Нетла прамармытала:
— Ты б паглядзела, куды вядуць сляды. Гэта лепш, чым плакаць.
— Там няма слядоў майго сыночка,— адгукнулася цёця Энна.— Але... Ён пакінуў мноства слядоў... там, дзе ляжаў Габо.
Настала маўчанне, тады Бэмбі з глыбокай засмучанасцю запытаў:
— Цёця Энна... ты не бачыла маю маму?
— He,— ціха адказала цёця Энна.
Бэмбі ніколі больш не бачыў сваёй маці...
Лугі даўно расцвілі. Зазелянелі кусты і дрэвы, але нованароджанае лісцейка было зусім малюсенькім. Азоранае пяшчотным святлом ранняй раніцы, свежае, быццам з усмешкаю, яно нагадвала толькі што абуджаных дзяцей.
Стоячы перад кустом арэшніку, Бэмбі цёрся сваёй маладой каронай аб ствол. Гэта было незвычайна прыемна! Акрамя таго, гэта было неабходна, таму што луб і футра абвалаквалі яго рог. Безумоўна, гэты непрыгожы чахол і так, сам па сабе, адпаў бы ўрэшце-рэшт, але той, хто любіць парадак, сам аб сабе лепей паклапоціцца. I Бэмбі так старанна чысціў сваю карону, што лубяная абалонка ірвалася на шматкі і доўгімі лахманамі звешвалася яму на вушы.
I ў нейкае імгненне, паддаўшы арэшнік нагамі, Бэмбі адчуў, што яго карона мацней за ствол арэшніку. Гэтае адчуванне перапоўніла яго гордасцю і сілай. Люта, раз’юшана наскокваў ён на арэшнік, зрываючы, здзіраючы з яго шматкі кары. Агалелае белае цела дрэва хутка пакрывалася на паветры чырвоным налётам іржы. Але Бэмбі не шкадаваў
3 Сіняя птушка
65
дрэва, насупраць — свежыя раны арэшніку мацней узбуджалі яго. Неўзабаве і кусты бузіны, што абступалі арэшнік, пакрыліся глыбокімі меткамі...
— Ну, яшчэ крышку — усё будзе ў парадку,— вымавіў побач з Бэмбі нечы юны галасок.
Бэмбі ўскінуў галаву і ўбачыў вавёрачку, якая з прыязнай увагаю сачыла за яго працай.
— Цья-ха! — рэзка і каротка рагатнуў нехта ў вышыні.
Бэмбі і вавёрачка не паспелі спалохацца, як з гушчыні дубовых галін прагучаў голас дзятла:
— Прабачце, калі ласка... Я не магу стрымацца ад смеху, калі бачу такое!..
— А што, уласна кажучы, вас так рассмяшыла? — ветліва запытаў Бэмбі.
— Ну,— сказаў дзяцел,— вы зусім не ўмееце брацца за справу. Перш за ўсё трэба выбіраць ствалы таўсцейшыя, на тонкіх ствалах іх увогуле не бывае.
— Каго вы маеце на ўвазе? — запытаў Бэмбі.
— Жукоў, вядома! — засмяяўся дзяцел.— Жукоў і лічынак. Глядзіце, як гэта робіцца.— I ён забарабаніў па ствале: тук, тук, тук!..
Вавёрачка прашмыгнула па ствале і, знайшоўшы дзятла, пачала на яго сварыцца:
— Ну што вы балбочаце! Якая прынцу справа да ўсялякіх жукоў і лічынак?
— А чаму ж не? — здзівіўся дзяцел.— Яны вельмі смачныя.— Тут ён са смакам храбуснуў жука і зноў загрукаў дзюбай па кары дуба.
— Ах, вы нічога не разумееце! — абуралася вавёрачка.— У гэтага знатнага пана зусім іншыя, болып высокія мэты... Вы паставілі сябе ў дурное становішча!
— Мяне гэта ніколькі не хвалюе, я плюю на высокія мэты! — весела закрычаў дзяцел і паляцеў прэч.
Вавёрачка слізганула ўніз.
— Вы мяне не ведаеце? — какетліва запытала яна Бэмбі.
— Я думаю, што вас ведаю вельмі добра,— прыязна адказаў Бэмбі.— Вы жывяце там, наверсе.— Ён кіўнуў на верхавіну дуба.
Вавёрачка весела паглядзела на яго.
— Вы блытаеце мяне з маёй бабуляй,— сказала яна.— Я так і ведала, што вы зблытаеце мяне з бабуляй. Гэта яна жыла там, наверсе, калі вы яшчэ былі дзіцянём, прынц Бэмбі. Яна часта расказвала мне пра вас. Ага... але затым яе забіла куніца. Гэта было даўно, зімой. Вы, напэўна, не помніце...
— Чаму ж,— Бэмбі схіліў галаву,— я чуў аб гэтым.
— Пасля яе сюды перасяліўся мой бацька.— Вавёрачка ад здзіўлення вытарашчыла вочы, выпрамілася і ветліва прыціснула да грудзей пярэднія лапкі.— Можа, вы блытаеце мяне з маім бацькам? Вы ведалі майго бацьку?
— На вялікі жаль, не, такога задавальнення не меў.
— Ну, гэта нядзіўна! — усклікнула вавёрачка.— Ён быў такі пануры і палахлівы, ён ні з кім не вадзіўся.
— А дзе ён цяпер? — запытаўся Бэмбі.
— Ах! — усклікнула вавёрачка.— Месяц таму ён трапіў у лапы да савы. 3 тае пары я пасялілася тут і так прыжылася, што многія думаюць, быццам я жыла тут заўсёды.
Бэмбі павярнуўся, каб ісці сваёй дарогай.
— Пачакайце хвіліначку! — аклікнула яго вавёрачка.— Я зусім не пра тое збіралася з вамі размаўляць. У мяне зусім іншае было наўме!
— Што вы хацелі сказаць? — ласкава, спыняючыся, запытаў Бэмбі.
— Што я хацела сказаць? — Вавёрачка задумалася, затым раптам падскочыла і села слупком, абапершыся на свой пушысты хвост.— Ах, я ўспомніла! Я хацела сказаць, што ваша карона незвычайна прыгожая!
— Вы лічыце? — узрадавана спытаў Бэмбі.
— Дзівосная карона, не адвесці вачэй! — I вавёрачка клятвенна прыціснула да грудзей пярэднія лапкі.— Такая высокая і пышная! I з такімі доўгімі светлымі зубцамі! Гэта так рэдка бывае...
— Праўда? — спытаў Бэмбі.
Ён так абрадаваўся, што тут жа зноў атакаваў арэшнік. Кара спадала доўгімі рамянямі.
— Я павінна прама сказаць,— працягвала тым часам вавёрачка,— што ні ў кога з вашых няма
такой кароны, акрамя старога важака, вядома. Гэта проста незвычайна... Для тых, хто ведаў вас мінулым летам... Я бачыла вас аднойчы, але цяжка паверыць, што вы той самы малыш. Гэтыя тоненькія адросткі, якія...
— Бывайце здаровы,— нечакана перапыніў яе Бэмбі.— Мне пара ісці.— I ён пабег прэч.
Бэмбі не любіў, калі яму нагадвалі аб мінулым леце. Гэта была самая цяжкая пара ў ягоным жыцці. Першы час пасля знікнення маці ён адчуваў сябе зусім разгубленым, блукаў, як непрытомны, як сам не свой. Той год зіма цягнулася бясконца; намерзлым, нагаладалым лясным жыхарам здавалася, што вясна ніколі не прыйдзе. Калі б не цёця Нетла, Бэмбі наўрад перазімаваў бы. Яна ўзяла яго пад сваю апеку і дапамагала ўсім, чым толькі магла. I ўсё ж Бэмбі адчуваў сябе вельмі адзінокім. Яму не хапала Габо, бядняжкі Габо, які падзяліў самотны ўдзел многіх насельнікаў лесу. Бэмбі часта ўспамінаў пра яго. Толькі цяпер зразумеў ён па-сапраўднаму, які добры і высакародны быў яго друг.
Фаліну ён бачыў рэдка. Незвычайна нясмелая і палахлівая, яна трымалася пастаянна каля маці.
Позняй восенню, калі нарэшце пацяплела, Бэмбі крыху падбадзёрыўся. Ён начысціў да белізны сваю першую маладую карону і вельмі ганарыўся ёю. Але тут прыйшла новая напасць: усе іншыя каранаваныя алені ўзненавідзелі яго і дапякалі ўсім, чым толькі можна было. Яны праганялі яго ад сябе, не выносілі яго суседства. Іх жорсткія адносіны трымалі Бэмбі ў пастаянным страху. На кожным кроку падцікоўвала бяда. Ён пачаў пазбягаць публічных зборышчаў, выбіраў закінутыя, патаемныя сцежкі і блукаў там у панылай, маўклівай адзіноце.