Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
Бэмбі моўчкі гнаўся за ім па пятах, і ў гэтым грозным маўчанні праціўніка Карус прачытаў свой прысуд: не чакай літасці, Бэмбі расквітаецца з табой раз і назаўсёды. Карус крута завярнуў з дарогі, з апошняй сілы ўварваўся ў кустоўе і пацягнуўся далей, пакідаючы на суках касмылі шэрсці. Але Бэмбі раптам спыніў пагоню. Ён прыслухаўся, чуйна стрыгучы вушамі, затым заспяшаўся назад.
I ён не памыліўся: ледзь толькі выбег на ўзлесак, як убачыў, што за Фалінай гоніцца ўжо Рано.
— Рано! — крыкнуў ён, сам не чуючы свайго голасу.
Кульгавы Рано бегаў дрэнна. Ён быццам парадаваўся нечаканай перашкодзе і тут жа спыніўся:
— Вось табе на! — з пыхаю, фанабэрыста звярнуўся ён да Бэмбі.— Мой маленькі Бэмбі! Табе штонебудзь трэба ад мяне?
— Я хачу,— са здушаным гневам адчаканіў Бэмбі,— я хачу, каб ты пакінуў у спакоі Фаліну і зараз жа пайшоў адсюль прэч.
— Толькі ўсяго? — здзекліва перапытаў Рано.— А ты, аднак, вырас адважным хлопцам!
— Рано,— сказаў Бэмбі яшчэ цішэй,— я прашу аб гэтым дзеля цябе самога. Цяпер ты яшчэ можаш пайсці, але пасля... потым...
— Ого! — усклікнуў Рано, не на жарт раззлаваны.— Вось як ты затрубіў! Ці не лічыш ты мяне і сапраўды кульгавым? Або перамога над бяднягай Карусам ударыла табе ў галаву? Паслухай добрай парады...
— He, Рано,— перапыніў яго Бэмбі,— гэта я даю табе добрую параду — ідзі адсюль.— Голас яго дрыжаў.— Я заўсёды любіў цябе, Рано, заўсёды пакланяўся табе, схіляў галаву перад тваім розумам. Я паважаю цябе, Рано, таму што ты старэйшы і вопытней мяне. Але цяпер у апошні раз кажу: ідзі адсюль... Мая цярплівасць канчаецца...
— Дрэнна, што ў цябе так мала цярплівасці,— з пагардай сказаў Рано.— Гэта вялікі недахоп, малыш. Але супакойся, я цябе не затрымаю. Я расквітаюся з табой у адно імгненне. Няўжо забыў, колькі разоў я калашмаціў цябе?
Лепш бы Рано не нагадваў аб тым. Бэмбі анямеў ад лютасці і, як шалёны, рынуўся на Рано. Той чакаў яго, нізка апусціўшы галаву. 3 трэскам схапіліся яны, стукнуліся лбамі. Рано стаяў цвёрда, і яго здзівіла, што Бэмбі не адляцеў назад. Ён ніяк не чакаў, што Бэмбі адважыцца напасці першым. Смеласць праціўніка збянтэжыла яго. Адчуў ён і маладую, важкую сілу Бэмбі і зразумеў, што яму не выстаяць. Тады Рано адважыўся на хітрасць: у адно імгненне адвёў ён галаву, разлічваючы, што, страціўшы апору, Бэмбі грымнецца вобземлю. Але Бэмбі толькі пахіснуўся, стаў на заднія ногі і рынуўся на Рано з падвоенай лютасцю. Пачуўся рэзкі, звонкі хруст — у Рано абламаўся зубец кароны, але Рано падалося, што трэснуў лоб. У вушах яго засвісцела, загудзела, з вачэй пасыпаліся іскры. У наступны міг магутны ўдар разарваў яму плячо. У Рано сперла дух, ён апусціўся на зямлю, а над ім у неутаймоўным, шалёным гневе вырас Бэмбі.
— Злітуйся, пашкадуй!.. — прастагнаў Рано.
Бэмбі ўсляпую, наўздагад нанёс яму яшчэ ўдар.
— Я прашу цябе... — жаласна маліў Рано.— Ты ж ведаеш, што я кульгавы... Я проста жартаваў... Злітуйся, пашкадуй мяне...
Грудзі Бэмбі цяжка ўздымаліся. Ён павольна адвёў скіраваныя для ўдару рогі і саступіў убок. Рано з цяжкасцю падняўся. Ён сцякаў крывёю, яго хістала з боку ў бок. Моўчкі зачыкільгаў ён прэч... Бэмбі накіраваўся ў гушчар, каб адшукаць Фаліну, але яна сама выйшла яму насустрач. Яна схавалася тут, ля ўзлеску, і ўсё бачыла.
— Гэта было цудоўна! Слаўна! — сказала яна смеючыся, а затым ціха і сур’ёзна дадала: — Я люблю цябе...
I яны пайшлі разам, шчаслівыя і блізкія.
Аднойчы яны вырашылі адшукаць прагалінку, на якой Бэмбі апошні раз сустрэў старога важака. Бэмбі ўжо неаднойчы захоплена расказваў Фаліне пра гэту сустрэчу.
— Можа, нам пашчасціць яшчэ раз яго ўбачыць. Я так засумаваў па ім!
— Гэта было б міла,— няўважна сказала Фаліна.— Я не супраць пабалакаць з ім.
Яна гаварыла няпраўду: пры ўсёй сваёй легкадумнай смеласці яна пабойвалася старога важака.
Змрок рассеяўся, праяснела між дрэў, кустоўя. Набліжаўся ўсход сонца. Яны ціха ішлі праз кустоўе, якое хісталася, калыхалася ад свежага ранішняга ветрыку. Недалёка ад іх нешта зашамацела. Яны замерлі, насцярожана ўглядваючыся ў густы зараснік. I вось што яны ўбачылі. Рассоўваючы кусты, да прагалку павольна рухаўся іх вялізны паўночны суродзіч. У перадранішнім змроку, які пазбаўляў прастор звычайных фарбаў, ён здаваўся гіганцкім шэрым прывідам.
Фаліна жаласна закрычала. Бэмбі таксама напалохаўся і вось-вось гатовы быў, як звычайна, ускрыкнуць на ўсю моц, але чамусь палкім гарачым намаганнем стрымаў сябе. Голас Фаліны гучаў no634, і так бездапаможна, што шкадаванне і спачуванне перамаглі ў Бэмбі страх.
— Што з табой? — пяшчотна шаптаў ён, хоць голас яго дрыжаў.— Што з табой? Ён не зрабіў нам нічога дрэннага.
Але Фаліна лямантавала як непрытомная, немым голасам крычала.
— He хвалюйся, дарагая,— прасіў Бэмбі.— Ён жа наш сваяк, урэшце.
Але Фаліна не хацела і чуць аб гэткім сваяцтве. Як заварожаная, паглядала яна на рослага аленя, які, ніколечкі не турбуючыся пра выкліканае ўражанне, спакойна ішоў далей. Яна ж усё крычала і крычала.
— Ну перасіль жа сябе! — умольваў Бэмбі.— Што ён падумае пра нас!
— Хай думае што хоча! — усклікнула Фаліна, не спраўляючыся са сваімі пачуццямі, ніяк не авалодваючы сабою.— А-а-о!.. Ба-а-о! А-а-о! Гэта занадта — быць такім вялізным!..— Яна працягвала ва ўсё горла крычаць: — А-а-о!.. Ба-а-о!.. — а ў прамежках паміж выкрыкамі кідала Бэмбі: — Пакінь мяне ў спакоі! Я не магу інакш! А-о-о!.. Ба-а-о!..
Магутны родзіч спыніўся на прагалку, пачаў шукаць у траве сакавітыя былінкі.
Пераводзячы разгублены позірк са звар’яцелай Фаліны на спакойнага, раўнадушнага волата, Бэмбі адчуваў, што ў яго душы нешта зрушылася, выспела нейкае новае, невядомае дасюль пачуццё. Супакойваючы Фаліну, ён перадолеў уласны страх, і цяпер яму было нават незразумела, чаму раней так губляўся пры сустрэчы з гэтымі высакароднымі.
— Як недарэчна!.. Сорамна як!.. — асудзіў ён сам сябе.— Зараз жа пайду і пазнаёмлюся з ім.
— He рабі гэтага! — закрычала Фаліна.— He pa61 гэтага! Ба-а-о! Гэта прынясе нам няшчасце! Ба-а-о!
— Я зраблю гэта зараз жа,— цвёрда запярэчыў Бэмбі.
Яго зневажаў і прыніжаў фанабэрлівы спакой аленя, які не звяртаў на іх ніякае ўвагі.
— Я іду да яго,— сказаў ён.— А ты пастарайся супакоіцца, Фаліна. Убачыш, усё будзе добра.— I ён сапраўды пайшоў.
Але Фаліна не чакала ўжо развязкі. Яна павярнулася і з моцным крыкам пабегла прэч. Доўга гучаў яе голас:
— Ба-а-о!.. Ба-а-о!..
Па праўдзе кажучы, Бэмбі таксама б так, як яна, зрабіў, пабег бы за ёй следам, але гэта было ўжо немагчыма. Сабраўшыся з духам, ён рушыў наперад.
Моцна закалацілася сэрца ў грудзях Бэмбі, калі
ён ступіў на прагалак. Магутны алень ускінуў галаву, зірнуў на прышэльца зверху ўніз і адразу ж адвёў позірк.
Пагарда выказвалася ў кожным яго руху. I ў тым, як ён змерыў Бэмбі позіркам, і ў тым, як глядзеў цяпер паверх яго галавы ў нейкую далёкую пустату.
Бэмбі разгубіўся, ён цвёрда наважваўся загаварыць з аленем. «Добрай раніцы,— хацеў ён сказаць,— мяне завуць Бэмбі. Ці можна мне даведацца ваша шаноўнае імя?» Вось і ўсё! Але як жа няпроста аказалася гэта на самой справе! Правілы прыстойнасці абавязвалі Бэмбі загаварыць першым, калі ўжо ён падышоў да аленя, але боязь падацца назойлівым затыкала яму рот.
Велічна стаяў алень, выгляд яго быў непрыступным і таму скоўваў, прыгнятаў Бэмбі. Дарэмна спрабаваў ён стрэсці з сябе гэту дзіўную здранцвеласць, дарэмна сцвярджаў сабе: «Чаго я баюся? Я амаль такі ж вялікі, як ён... Я такі ж вялікі, як ён...»
Але ўгаворы не дапамагалі: у глыбіні сваёй душы ён адчуваў, што ён зусім не такі, як гэты алень. Далёка не такі вялікі. Тужліва і моташна было на сэрцы.
А алень глядзеў на Бэмбі і думаў:
«Ён цудоўны!.. Ён па-сапраўднаму цудоўны! Якая пастава!.. Якая вытанчанасць у кожным руху!.. Але я не павінны так разглядваць цудоўнага юнака. Гэта можа яго збянтэжыць...»
I ён зноў пачаў глядзець паверх Бэмбі, удалеч...
Які пагардлівы пагляд! Гэта проста невыносна — ты адчуваеш сябе побач з ім самай кволай казюлькай на павуцінавых ножках!..
А алень думаў: «Я б з задавальненнем загаварыў з ім. Як гэта недарэчна і прыкра, што мы не маем ніякіх зносін паміж сабой!» — I позірк яго ледзь затуманіўся смуткам.
«Я для яго проста не існую,— думаў Бэмбі.— Усе мы нішто для паноў з гэтага клана!»
«Але аб чым бы мог я з ім гаманіць? — думаў алень.— Я не гаварлівы, скажу што-небудзь недарэчнае — толькі зняслаўлю сябе. I ў вачах гэтага юнака буду сапраўднай казюлькай, а ён жа, мусіць, вельмі разумны...»
Бэмбі сабраўся нарэшце з духам і цвёрда, адважна глянуў на аленя: «Які ён горды і чароўны!» — падумаў ён з роспаччу.
«Не, мусіць, давядзецца адкласці знаёмства на другі раз» — вырашыў алень і пайшоў сваёй дарогай, незадаволены, расчараваны і, як заўсёды, велічны.
Бэмбі доўга глядзеў яму ўслед...
Лес курэў пад спякотнымі праменнямі сонца. Ледзь узышоўшы, яно сагнала з неба ўсе хмары, не пакінуўшы нават самай маленькай перыстай аблачынкі, і цяпер адзінаўладна царавала-панавала ў паблеклым ад спёкі бязмежжы блакіту.
Над палянамі і лугамі, над каронамі дрэў калыхалася шкляна-празрыстымі хвалямі паветра — так калышацца яно над гарачым полымем. He зварухнецца, не шавяльнецца ні ліст, ні былінка. Замоўклі птушкі, пахаваліся ў цянёк істоты. Наўкол пустэльнасць; пустынныя прагалы, дарогі і прасекі, ніводзін звер не выйдзе цяпер на сцяжыну. Асвятляльным святлом пранізаны лес, і цішыня, такая цішыня тут цяпер! Нібыта замёр лес, слухаючы сябе, сваю ўласную душу. Нерухомасць яго — вонкавая... На самой жа справе лес поўны жыцця, нябачнага, схаванага для няўважлівых вачэй. Дыхае зямля, дыхаюць кветкі, кусты, дрэвы, дыхае звяр’ё ў цяжкой асалодзе спякоты.
Бэмбі спаў.
Усю ноч ён раскашаваў, упіваўся іпчасцем са сваёй любай Фалінай, іхняя гульня была вясёлай і цудоўнай. Нарэшце пачало займацца на дзень, праз верхавінне дрэў засвіцілася, запунцавела неба, і пара было падумаць аб ежы. Але Бэмбі так стаміўся, што зусім не адчуваў голаду. Вочы яго зліпаліся, сон адольваў яго так, што ні аб чым болей ні думалася, ні жадалася. Сон, сон, нястрымны сон... I ён апусціўся на жаданую зямлю і адразу ж заснуў. Гаркавата-востры пах нагрэтага сонцам ядлоўцу і тонкі водар маладой чаромхі абвявалі яго, соннага, напаўняючы свежай, п’янкаю сілай.