Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
Усе ўтраіх стаялі і глядзелі ёй услед. Бэмбі і Фаліна — зацяўшы дыханне, Габо — з назнарок пакорлівым выглядам.
Яны бачылі, як Марэна павольна, няўпэўненай паходкай крок за крокам прасоўвалася да паляны. Высока ўскінуўшы голаў, яна ва ўсе бакі абнюхвала паветра.
Раптоўна — маланкавы паварот, высокі скачок і быццам магутным парывам ветру яе аднесла назад у гушчар.
— Ён!.. Ён там!—лапатала яна перарывістым ад жудасці голасам.— Я... я бачыла Яго... Ён там, па той бок, ля алешыны...
— Трэба ўцякаць! — ускрыкнуў Бэмбі.
— Бяжым, Габо! — узмалілася Фаліна.
А Марэна бязгучна шаптала:
— Прашу цябе, Габо, бяжым адсюль... я прашу цябе...
Але Габо заставаўся спакойным, абыякавым да іхняй трывогі:
— Бяжыце, уцякайце, хто вас затрымлівае! А я пайду да Яго насустрач, каб прывітаць Яго!
I ён тут жа, без ваганняў, рушыў наперад.
Перапоўненыя страхам за Габо, яны засталіся на месцы, не пабеглі і цяпер бачылі, як упэўнена і не спяшаючыся выйшаў ён на паляну. Спакойна стоячы сярод паляны, Габо разгледзеў, адшукаў вачыма алешыну. Вось ён радасна ўскінуў галаву, мусіць, вітаючы свайго сябра, і тут грымнуў гром. Габо падкінула ў паветра, ён імкліва павярнуўся і няпэўнымі скачкамі кінуўся назад у гушчар.
Бэмбі, Фаліна і Марэна ўсё яшчэ анямела стаялі,
здранцвелыя ад жудасці, калі міма іх прамчаў Габо. Яны пачулі яго цяжкае, са свістам дыханне, ураз павярнуліся, нагналі Габо і, заключыўшы яго пасярод сябе, панесліся далей.
Ля старога дуба Габо зваліўся з ног.
Яны адразу спыніліся: Марэна побач з Габо, Бэмбі і Фаліна крыху далей.
Габо ляжаў з развернутым бокам. Слабым, ненадзейным, няпэўным рухам прьіўзняў ён галаву.
— Марэна...— прамовіў ён з цяжкасцю.— Марэна... Ён не пазнаў мяне...— Голас яго перарваўся.
Парывіста і грозна зашумелі кусты на ўскрайку паляны.
Марэна нахілілася да Габо:
— Ён ідзе, Габо, Ён ідзе... Уставай, ты павінны ўстаць!..
Габо яшчэ раз паспрабаваў прыўзняць галаву, застрыг нагамі і сціх.
3 трэскам, шоргатам, свістам рассунуліся кусты — і выйшаў Ён.
Марэна ўбачыла Яго зусім блізка. Павольна, бясшумна ступіла яна назад і схавалася ў кустах арэшніку, затым лёгкімі, нячутнымі скачкамі пакіравала да Бэмбі і Фаліны.
Бегучы, яна яшчэ раз азірнулася і ўбачыла, як Ён схіліўся над зваленым, пераможаным і схапіў яго.
Затым раздаўся звінючы перадсмяротны крык Габо.
Бэмбі быў адзін. Ён ішоў на раку, што ціха плыла паміж густога трыснягу і старых вербаў. 3 таго часу як Бэмбі абраў адзінокую дарогу, ён усё часцей і часцей прыходзіў сюды. Тут не было сходжаных сцежак, і яму не вельмі пагражала сустрэча з кімнебудзь са сваякоў. Ён вельмі змяніўся за апошні час: пасуровеў і пасумнеў, жыццё ўяўлялася яму безнадзейна змрочным. Ён і сам не разумеў, што з ім адбываецца, і не спрабаваў разабрацца ў тым. У галаве яго мітусіліся нейкія няясныя, блытаныя думкі, але роздум дадаваў яшчэ большай стомы.
У Бэмбі была звычка падоўгу стаяць на рачным беразе. Яму падабалася назіраць за цячэннем вады на выгіне ракі; халаднаватае дыханне хваль несла
з сабой незнаёмую, гаркавую духмянасць, якая супакойвала і асвяжала душу. Бэмбі стаяў і глядзеў на качак, якіх тут было мноства — сапраўднае качынае царства! Яны несціхана перамаўляліся адна з адной, заўсёды міла, разумна і сур’ёзна. Ля берага плавалі качкі-маці, кожная са сваім вывадкам. Маці ўвесь час вучылі і выхоўвалі малых, нястомна паведамляючы ім усё новыя і новыя карысныя звесткі. Часам то адна, то другая маці падавала сігнал небяспекі. Качаняты адразу кідаліся ў розныя бакі, зусім бязгучна і вельмі хутка.
Бэмбі бачыў, як малыя, якія яшчэ не ўмелі лятаць, уцякалі ў густыя зараснікі чароту. Яны прасоўваліся так спрытна і абачліва-асцярожна, што ніводная чарацінка не магла выдаць іх здрадніцкім уздрыгам. I там і тут маленькія цёмныя цельцы шпарка прашмыгвалі ў сітнік. Кароткі кліч маці — і ўся чарада віхрам неслася назад. У адно імгненне вывадак быў у зборы і зноў прымаўся асцярожна крэйсіраваць у затоцы. Бэмбі не пераставаў здзіўляцца спрытнай качынай звычцы. Сапраўды, гэта было падобна на фокус!
Неяк пасля чарговай трывогі Бэмбі спытаў у шаноўнай качкі-маці:
— А чым была выклікана трывога? Я глядзеў вельмі ўважліва, але нічога не заўважыў.
— Нічога і не было,— адказала качка.
Другі раз сігнал трывогі падало маленькае качаня. Выдаўшы дзве-тры рэзкія ноты, яно шпарка павярнулася, стралой пранеслася праз чарот і выйшла на бераг якраз у тым самым месцы, дзе стаяў Бэмбі.
— Што здарылася? — спытаў Бэмбі.— Я нічога не заўважыў.
— Ды нічога і не было,— адказаў малыш. Ён не па гадах умела атрос хвастовае пер’е, умела склаў над імі вострыя канечыкі крылаў і зноў нырнуў у ваду.
Але Бэмбі быў завельмі высокай думкі пра качак, каб паверыць гэтым словам. Ён разумеў, што яны больш чулыя і пільныя, чым ён, у іх вастрэй слых і больш пільны, праніклівы позірк. Калі ён знаходзіўся побач з імі, яго крышку адпускала тое пастаянна цяжкае становішча, у якім ён жыў апошнім часам.
Бэмбі любіў гутарыць з качкамі. У адрозненне ад іншых насельнікаў лесу яны не любілі пляткарыць аб дробязях. Яны расказвалі пра паветра, вецер, палі, дзе растуць сакавітыя травы.
Некалькі разоў Бэмбі бачыў, як паўз бераг, нібыта шматколерная маланка, праносіўся ў паветры невядомы яму маленькі лятун. «Ш-р-р!» —ціхенька, быццам пра сябе, вішчаў зімародак, малюсенькая кропка, што гула, вярэдзіла душу. Ён ззяў блакітным і зялёным, іскрыўся чырвоным, раптам узгараўся і знікаў. Захоплены рэдкім уборам незнаёмца, Бэмбі неаднойчы абгукаў яго, але дарэмна.
— Дарэмна вы стараецеся,— пачуўся з густога чарота голас вадзяной курачкі,— ён усё роўна не адкажа.
— Дзе вы? — запытаў Бэмбі, шукаючы яе вачыма ў чароце.
— Я тут! — пачуўся з травы смяшок вадзяной курачкі.— Гэты змрочны тып, якога вы толькі што гукалі, ні з кім не водзіцца. Так што дарэмна вы стараецеся.
— Ён такі прыгожы! — сказаў Бэмбі.
— Але паганы! — заключыла вадзяная курачка, якая паспела зноў змяніць месца.
— Чаму вы так думаеце? — пацікавіўся Бэмбі.
Зусім з іншага боку, з сухога жоўтага трыснягу, прагучаў адказ вадзяной курачкі:
— Яго нішто і ніхто не цікавіць. Хай хоць увесь свет пойдзе прахам. Ён ні з кім не вітаецца і не адказвае на прывітанні. Ён ніколі не паведаміць, што блізка небяспека. Ён яшчэ ні з кім не перакінуўся словам.
— Бядак...— сказаў Бэмбі.
Вадзяная курачка працягвала расказ; цяпер яе вясёлы галасок гучаў сярод шырокіх цёмных лістоў гарлачыкаў:
— Ён думае, што яго дзве-тры фарбачкі выклікаюць зайздрасць, і не жадае, каб хто-небудзь разгледзеў яго лепш.
— Але вы таксама не даеце на сябе зірнуць,— заўважыў Бэмбі.
Адразу ж вадзяная курачка з’явілася перад ім. Невялічкага росту, але зграбна складзеная, у цёмным просценькім, бліскучым ад вады ўборы.
паўстала яна перад Бэмбі — рухавая, жвавая, забаўная. I ўраз схавалася пад вадой.
— He разумею, няўжо можна так доўга заставацца на адным месцы! — крыкнула яна і дадала ўжо з адлегласці: — Гэта сумна і небяспечна!
I яшчэ раз прагучаў яе галасок, амаль што ў другім баку:
— Болей рухацца!
Зноў перамяніўшы месца, вадзяная курачка весела закончыла:
— Калі хочаш доўга жыць і быць заўсёды сытым — трэба рухацца!..
Лёгкае хістанне былінак прымусіла Бэмбі насцярожыцца. Ён прыгледзеўся. На берагавым схіле мільганула чыясьці рыжая шубка і схавалася ў трыснягу. I адразу адчуў ён гарачы, востры пах лісіцы. Бэмбі хацеў крыкнуць, папераджальна грукнуць вобземлю капытам, не паспеў. Зашастаў чарот, штосьці боўтнулася, і жаласна закрычала качка. Бэмбі пачуў яе роспачнае трапятанне, на імгненне качка ўзнікла над травой, і Бэмбі ўбачыў, што яна з усяе сілы хвошча лісіцу крыламі па шчоках. Затым яны схаваліся за берагавым адхонам. Але вось зноў з’явілася лісіца са здабычай у зубах. Галава качкі бяссільна панікла, яе крылы злёгку трапяталіся, але гэта ніколькі не непакоіла лісіцу.
Бэмбі стаяў нерухома. 3 моцным краканнем узняліся ўвысь дзве старыя качкі. Вадзяная курачка з усяе сілы падавала запознены сігнал трывогі. Здавалася, яе галасок гучыць адначасна ў некалькіх месцах. На кустах усхвалявана папісквалі сініцы. У чароце разгублена шнарылі качаняты. Над берагам, зіхатліва пераліваючыся, ляцеў зімародак.
— Выбачайце! — закрычалі качаняты.— Вы не бачылі нашай мамы?
— Ш-р-р! — прасвістаў зімародак.— Мне няма да яе справы! — і загарэўшыся пунцовым полымем, знік.
Бэмбі павярнуўся і заспяшаўся прэч. Ён перасёк пустку, зарослую рутай, мінуў высокі змешаны хмызняк, доўга ішоў арэхавым зараснікам, пакуль не аказаўся на ўскрайку глыбокага яра. Бэмбі перабраўся праз яр і пачаў шукаць старога важака. Даўно ўжо, з самай пагібелі Габо, яны не бачыліся.
Нарэшце Бэмбі ўбачыў старога і з усіх ног кінуўся яму насустрач.
Некаторы час яны моўчкі ішлі бок у бок. Затым стары спытаў:
— Ну, часта сярод вашых успамінаюць аб ім?
Бэмбі здагадаўся, што той мае на ўвазе Габо.
— He ведаю... я амаль увесь час адзін...— I нерашуча дадаў: — Але я... я часта думаю аб ім.
— Значыць, ты цяпер адзін?
— Ага,— сказаў Бэмбі і чакальна паглядзеў на старога.
Але стары маўчаў. Яны пайшлі далей. Раптам стары спыніўся:
— Ты нічога не чуеш?
Бэмбі прыслухаўся. He, ён нічога не чуў.
— Хадзем! — усклікнуў стары і паспешліва пакрочыў наперад.
Бэмбі ішоў за ім. I зноў стары спыніўся:
— Ты ўсё яшчэ нічога не чуеш?
Цяпер Бэмбі сапраўды ўчуў нейкі незразумелы шоргат. Падобна было на тое, што дзесьці прыгнуліся і рэзка выпраміліся галіны. I яшчэ штосьці глуха і мякка ўдарылася аб зямлю.
Бэмбі прыгатаваўся да ўцёкаў.
— Пайшлі туды! — загадаў стары і, павярнуўшыся на шум, пакіраваў наперад.
— А там не небяспечна? — запытаў, не спыняючыся, Бэмбі.
— Як жа!..— змрочна абгукнуўся стары.— Там вялікая небяспека!
Неўзабаве яны ўбачылі рослы куст чаромхі. Яе галіны парывіста расхістваліся ўгору і ўніз, быццам іх хтосьці торгаў ці трос. Калі падбеглі бліжэй, убачылі невялікую прасеку. I ў самым пачатку прасекі, на зямлі, распасцёрся друг-прыяцель заяц. Ён то кідаўся ў розныя бакі, то раптам заміраў, то зноў пачынаў кідацца, прычым кожны яго рух абгукаўся на галінах чаромхі.
Бэмбі прыкмеціў тонкую нітку, якая падобна была на парастак ці вусік расліны. Туга напятая нітка спускалася з галіны, другім канцом захліснуўшы шыю зайца.