Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
Брэх усё набліжаўся, злосны, задыханы, разгарачаны,— напэўна, гэта быў маленькі сабака.
Неўзабаве яны пачулі праз брэх чыёсьці хваравітае бурчанне. Бэмбі занепакоіўся, але стары важак зноў сказаў:
— Гэта нас не тычыцца.
Яны па-ранейшаму ляжалі, толькі крыху пасунуліся да выхаду. Цяпер ім добра было бачна, што адбываецца звонку.
Храбусцеў буралом, з галін, закранутых чыімсьці нябачным бегам, ападаў снег, і вось ужо можна разгледзець тых, хто бяжыць.
Праз сумёты і кусты, праз пні і тоўстыя карані скакала, паўзла, прасоўвалася старая ліса. А па пятах за ёй гнаўся сабака — нязграбны кудлаты сабака на кароткіх лапах.
У лісы была перабіта пярэдняя лапа, на лапатцы вырвана футра. Яна трымала перабітую лапу ў па-
ветры, перад сабой, кроў біла з раны па грудзях. Ліса не помніла сябе ад страху і злосці, ад стомы і безнадзейнасці. На нейкае імгненне яна рэзка павярнулася, выскаліўшы зубы.
Гэты нечаканы манеўр праціўніка спалохаў сабаку, і ён адскочыў на некалькі крокаў. Ліса села на заднія лапы, далей бегчы ў яе не хапіла сілы. Ляскаючы зубамі, яна злосна зашыпела на сабаку, той адказаў новым прыступам шалёнага брэху.
— Вось! Вось! Вось ён! — надрываўся сабака.— Вось! Вось! Вось ён!
Крык яго яўна прызначаўся не лісе, а камусьці іншаму, хто быў яшчэ далёка адсюль.
I Бэмбі, і стары важак разумелі, што сабака зазывае Яго. Ведала гэта і ліса. Кроў лілася, біла з яе струменем. Ліса слабела на вачах, яе разбітая лапа бяссільна апусцілася, дотык да халоднага снегу быў нясцерпна балючым. 3 вялікай цяжкасцю, перамагаючы боль, прыўзняла яна дрыготкую лапу і выцягнула яе перад сабой.
— Злітуйся нада мной, пашкадуй мяне,— пачала маліць, прасіцца ліса.— Злітуйся нада мной, пашкадуй мяне!..
— He! He! He! He! — заладзіў сабака са злосным хрыпам.
— Прашу цябе,— пакорліва і прыніжана прасіла ліса.— Я больш не магу... я паміраю... Дай мне адысці адсюль, дай мне спакойна памерці.
— He! He! He! He! — заходзіўся сабака.
— Мы ж з табой сваякі...— прасілася ўсё ліса.— Амаль сёстры... адпусці мяне... дазволь мне памерці сярод .сваіх... мы ж амаль сёстры... ты і я...
— He! He! He! He! — упарціўся сабака.
Сабраўшы апошнія сілы, неймаверным намаганнем ліса выпрамілася, яе прыгожыя вострыя вусы гаротна абвіслі, але вочы адкрыта і прама зірнулі на праціўніка, і зусім іншым спакойным, самотным голасам сказала яна:
— I табе не сорамна? Здраднік!..
— He! He! He! He — надрываўся сабака.
— Ты перабежчык!.. Ты адступнік!..— гаркотна прамаўляла ліса; уся яе істота перапоўнілася няна вісцю і пагардай.— Сабака-сышчык!.. Подлы сабака-сышчык!.. Ты высочваеш нас там, дзе нават Ён
не змог бы знайсці нас... Ты праследуеш нас там, куды нават Яму не дабрацца... Ты нішчыш нас, тваіх сваякоў, мяне, тваю сястру... I ты не ведаеш ніякага сораму!..
I адразу наўкол забурлілі галасы.
— Здраднік! — крычалі сарокі з верхавін дрэў.
— Адступнік! — хрыпела сойка.
— Сабака-сышчык! — прасвісцела ласка.
3 усіх дрэў, з усіх кустоў шыпелі, сыкалі, свісталі, пішчалі, хрыпелі, а высока ў небе закаркалі вароны:
— Кар-каравул!.. Кар-каравул, гвалт, ратуйце! Сярод нас здраднік!..
Усе спяшаліся сюды, пакідаючы вяршаліны дрэў, норкі, земляныя сховішчы, каб удзельнічаць у гэтай спрэчцы. Абурэнне, якое прарвалася з лісы, абудзіла і ў іншых старыя крыўды, гадамі назапашаныя гаркату і нянавісць, а выгляд крыві, якая пляміла бель снегу, ап’яняў, забіваючы звычны страх.
Сабака злосна азірнуўся.
— Вы! — крыкнуў ён.— Чаго вы хочаце? Што вы ведаеце? Аб чым балбочаце? Усё, усё належыць Яму. I я люблю Яго, я малюся на Яго, я служу Яму! Вы што, хочаце паўстаць супраць Яго, усемагутнага, вы — убогія! Ён валадар усяго, Ён — цар над усімі намі! Усё, што ёсць у вас,— ад Яго! Усё, што расце і дыхае,— ад Яго! — Сабаку аж трэсла ад хвалявання.
— Здраднік!..— прашыпела ліса.— Гадзіна!
I тут сабака ўчапіўся за яе горла. Гыркаючы, сапучы, хрыпучы, качаліся яны па снезе — калматы пярэсты камяк, які віхурна круціўся і круціўся, узнімаючы воблака завейнага снегу. I ў гэтым віхурным танцы было ўсё — касмылі шэрсці, узвіхраны снег, пырскі крыві. Але праз некалькі хвілін камяк разваліўся — ліса ж так і засталася там распластанай на ўзрыхленым снезе.
Сабака для пэўнасці трасянула яе яшчэ раз-другі і кінула. Упэўніўшыся ў надзейнасці зробленай справы, шырока паставіла свае кароткія лапы і закрычала раптам пераможным, урачыстым голасам:
— Вось! Вось! Вось ён тут!..
Сведкі бітвы ў жудасці кінуліся хто куды ўрассыпную.
— Мне страшна...— ціха прызнаўся Бэмбі.
— Страшна не забойства,— абгукнуўся стары важак.— Страшная іх вера ў тое, што казаў сабака. Яны вераць у Яго ўсемагутнасць і жывуць у вечным страху перад Ім. Яны ненавідзяць Яго, пагарджаюць сабой... і пакорліва прымаюць пагібель, смерць з Яго рукі!..
Халады раптоўна скончыліся, быццам настаў перапынак у гэтай лютай зіме. Прагна піла зямля расталы снег, неўзабаве пакрылася яна цёмнымі лысінамі. Чорныя дразды, праўда, яшчэ не спявалі, але, узнімаючыся з зямлі, дзе вышуквалі чарвякоў, ці пералятаючы з дрэва на дрэва, яны выцягвалі доўгія, радасныя ноты, што вельмі адпавядала вясновым спевам. Пачуўся і рагаток дзятла, больш гаварлівымі сталі вароны і сарокі, безупынна балбаталі паміж сабой сініцы, а фазаны, злятаючы з дрэў, на якіх яны зімавалі, падоўгу, як у добрую летнюю пару, заставаліся на зямлі, каб пачысціць пёркі і прывітаць узыход сонца металічным-надрыўным крыкам-лямантам.
Аднойчы Бэмбі зацягнуўся вельмі далёка — далей, чым звычайна, і на світанку дасягнуў ускрайку яра. На тым баку, дзе ён некалі жыў, мільгала чыясьці чырвоная шубка. Схаваўшыся ў кустах, Бэмбі пачаў назіраць. Так, там сапраўды хтосьці паходжваў з яго племя і, вышукваючы вольныя ад снегу мясцінкі, ласаваўся маладой траўкай, якая толькі што прабілася да сонца з яшчэ непрагрэтай ім зямлі..
Бэмбі хацеў ужо вяртацца назад, але тут ён пазнаў Фаліну. Першым яго жаданнем было, вядома ж, кінуцца да яе, але ён па-ранейшаму стаяў, быццам яго ногі прыраслі да зямлі. Сэрца яго горача тахкала ў грудзях. Ён так даўно не бачыў Фаліну! Яна павольна ішла, хада яе была нечым абцяжаранай, ці то ад стомы, ці то ад смутку. Яна зрабілася падобнай на сваю маці. Вылітая цёця Энна, самотна адзначыў Бэмбі. Фаліна, мусіць, затрывожылася, адчуўшы блізкае, узняла галаву і пашукала вачыма... Мусіць, сапраўды адчула побач яго, Бэмбі...
Зноў Бэмбі адчуў, як салодка замерла сэрца, як
затахкала, затрымцела яно перад ёю, такою роднай, блізкай яму. I так нястрымна пацягнула да яе! Бедная Фаліна, як пасівела і пастарэла яна! «Вясёлая, свавольная маленькая Фаліна,— думаў ён,— якой прыгожай, спрытнай і бесклапотнай была ты некалі!» Усё яго юнацтва раптам трапётка ўскалыхнулася ў ім, прайшло перад яго вачыма. Ён прыгадаў паляну, дарогі, якімі вадзіла яго маці, вясёлыя гульні з Габо і Фалінай, мілага коніка, прыгожага, вытанчанага коніка, бітвы з Карусам і Рано, у якіх ён заваяваў Фаліну... Але і на гэты раз, з такім шчымлівым успамінам у сэрцы, ён не зрушыў з месца, не кінуўся да Фаліны...
А там, удалечыні, павольна, стомлена і самотна, з паніклай галавой усё далей і далей адыходзіла ад яго Фаліна. Бэмбі любіў яе ў гэту хвіліну як ніколі, такога адчування еднасці з ёю не было нават тады, калі яна была маладою і элегантнай, здаровай заўсёды і свежай. Так любяць толькі ў апошні раз — пяшчотна-трывожна, сумна і безнадзейна... О, як хацелася яму пераскочыць, пераляцець, як у казцы, яр, які так доўга разлучаў яго з ёю, хацелася дагнаць яе і гаварыць, гаварыць з ёю бясконца аб усім дарагім і мілым, што было ў іхнім жыцці,— пра юнацтва, пра маці, пра сяброў, што былі калісьці побач з імі! Але ён не рухаўся з месца, толькі трывожна глядзеў і глядзеў ёй услед, быццам абдымаў яе вачамі, быццам прасіў: «Пачакай, не спяшайся пакінуць мяне, не адыходзь, дай на цябе ў апошні раз нагледзецца, о Фаліна, мая Фаліна!».
I доўга стаяў ён у самотным одуме на ўскрайку яра, неадрыўна гледзячы ўдалячынь.
I раптам ударыў гром. Бэмбі ўвесь падцягнуўся. Прагрымела па гэты бок яра, не вельмі блізка, але і не вельмі далёка. Затым яшчэ і яшчэ. Некалькі скачкоў — і Бэмбі апынуўся ў гушчары. Прыслухаўся. Цішыня. Тады ён асцярожна рушыў дахаты. Стары чакаў яго каля ствала паваленага бука.
— Ты чуў? — запытаў стары важак.
— Чуў,— адказаў Бэмбі,— тройчы грукатаў гром. Ён у лесе.
— Ён у лесе,— неяк дзіўна паўтарыў стары важак.— I мы павінны ісці...
— Куды?..— вырвалася ў Бэмбі. Ён не ўяўляў
сабе лепшага прыстанішча, такая глыбокая ў іх пячора пад ствалом паваленага бука.
— Туды,— цяжка сказаў стары важак.— Туды, дзе знаходзіцца Ён.
Бэмбі ўздрыгнуў.
— He бойся,— працягваў стары важак,— цяпер ты можаш ісці да Яго без боязі. Я рады, што магу павесці цябе туды раней, чым...— Голас яго быццам спатыкнуўся аб камень, але ён авалодаў сабой і цвёрда закончыў: — Раней, чым мы развітаемся назаўсёды...
I тут Бэмбі быццам упершыню ўбачыў, як састарэў, адрахлеў важак. Пра такіх кажуць «лядашчы». Але ён не любіў гэтага слова... Галава важака стала бялейшай за снег, твар схуднеў, у цудоўных вялікіх вачах патух глыбокі бляск, яны набылі стомленае зеленаватае адценне.
Яны адышлі зусім недалёка ад свайго прыстанішча, калі ў ноздры ім дало знаёмым рэзкім пахам — вечнай пагрозай, вечным страхам.
Бэмбі спыніўся, але стары важак ішоў далей, насустрач паху, і Бэмбі нерашуча рушыў за ім.
Усё болып цяжкімі хвалямі наплываў на іх гэты раздражняльны, узбуджальны пах. Ён заглушыў ужо ўсе астатнія лясныя пахі, ён закладваў нос і глотку, нельга было нават дыхнуць. «Уцякаць, хутчэй адсюль уцякаць!» — толькі аб тым думалася Бэмбі, толькі гэтага хацелася зараз Бэмбі, галава яго затуманілася, усе жылачкі напружыліся, і, не спадзеючыся ўжо на сябе, ён пачаў цесна прыціскацца да старога важака. Але той няспынна ішоў наперад.
— Тут! — сказаў стары важак і ступіў убок.
У паламаным хмызняку, на ўзрыхленым снезе, дагары ляжаў Ён. Страх, перад якім цьмелі, гаслі ўсе іншыя, калі-небудзь адчутыя, перажытыя страхі, ахапіў Бэмбі. Дагэтуль здушанае імкненне да ўцёкаў ірванула з грудзей неймавернай сілай — Бэмбі імкліва, як падкінуты ўгору, скокнуў.
— Стой! — пачуў ён грозны воклік, агледзеўся і ўбачыў, што стары важак спакойна стаіць каля Яго, па-ранейшаму распасцёртага на зямлі.