Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
— Нават стары важак прыходзіў, каб зірнуць на Габо,— працягвала маці таемным шэптам.— А ён жа ніколі не паказваўся сярод нас... Але дзеля Габо ён прыйшоў.
— Чаму ён назваў мяне няшчасным? — незадаволена запытаў Габо.— Хацелася б ведаць, які тут прытоены сэнс?
— Пакінь! — суцешыла яго маці.— Ён стары і дзіваваты.
Але Габо ніяк не мог супакоіцца:
— Я ўвесь час ламаю над гэтым галаву. Няшчасны! Які ж я няшчасны? Я вельмі шчаслівы. Я бачыў і перажыў болей, чым вы усе, разам узятыя! Я лепш любога насельніка лесу ведаю свет і гэтае жыццё. Як ты думаеш, Марэна?
— Несумненна,— пераканаўча, упэўнена адказала Марэна.— Гэтага ніхто не зможа адмовіць!..
3 тае пары Габо і Марэна пачалі хадзіць разам.
Бэмбі шукаў старога важака. I ноччу, і ў перад-
світальную часіну, і на досвітку, на ранішніх зараніцах блукаў ён няходжанымі сцежкамі адзін, без Фаліны.
Часам яго цягнула да Фаліны, і ён з ранейшым задавальненнем гуляў з ёй, слухаючы яе балбатню, абедаў з ёй на паляне ці на лясным узлеску, але гэта ўжо не захапляла яго так, як раней, каб аж дух займала. Раней, цалкам захоплены блізкасцю Фаліны, ён толькі зрэдку, мімаходам думаў пра сустрэчу са старым важаком. Цяпер, шукаючы яго па ўсім лесе, ён амаль не ўспамінаў пра Фаліну.
Слова, якое стары важак сказаў Габо, неадчэпна гучала ў вушах Бэмбі. 3 першага дня свайго вяртання Габо прынёс у душу Бэмбі востры неспакой. Было штосьці вартае жалю і балючае, пакутлівае ў яго абліччы. Боязь за Габо ні на міг не пакідала Бэмбі. Перад ім ён адчуваў дзіўны і невытлумачальны, незразумелы сорам. Калі яму даводзілася бываць у кампаніі з Габо, прастадушнага, самазадаволенага, наіўна-высакамернага Габо, наўме чамусьці звінела адно слова «няшчасны». Ён не мог выкінуць гэта слова з галавы.
Аднойчы цёмнай ноччу Бэмбі спыніў прарэзлівы ўскрык старога сябра сыча. Разыграўшы, па звычаю, спалох, Бэмбі раптам скеміў, што начны лятун можа спатрэбіцца яму ў яго пошуках і нават быць карысным у іх.
— Ці не ведаеце вы часам, дзе цяпер стары важак? — спытаў ён сыча.
Сыч прабурчаў, што не мае аб гэтым ніякай інфармацыі, але Бэмбі падалося, што голас яго гучыць няшчыра.
— He,— сказаў ён,— я вам не веру. Вы такі разумны, вам вядома ўсё, што робіцца ў лесе. Хіба вы можаце не ведаць, дзе знаходзіцца стары важак!
Сыч, надзвычай задаволены, усцешаны такой пахвалой, цесна прыціснуў пёркі да цела, ад чаго стаў зусім маленькім і гладкім.
— О так, мне гэта вядома,— прамовіў ён ціха і важна,— але я не маю права выдаваць тайну...
Бэмбі пачаў упрошваць:
— Я не выдам вас, ды і ці магу я пры маёй глыбокай да вас павазе...
Сыч зноў ператварыўся ў пухкі, мяккі шэра-
карычневы шарык, пакруціў сваімі разумнымі вялікімі вачамі. як і заўсёды, калі яму было што даспадобы, і сказаў:
— Так-так, вы мяне паважаеце. А за што, дазвольце запытацца?
— За вашу мудрасць,— шчыра адказаў Бэмбі.— Акрамя таго, за вашу ветлівасць і яшчэ за тое, што вы так адмыслова, як сапраўдны майстар, умееце пужаць усіх нас. Гэтак разумна, надзвычай разумна! Калі б я валодаў вашым талентам, гэта б прынесла мне вялікую карысць.
Сыч глыбока апусціў дзюбу ў грудное апярэнне — ён быў шчаслівы.
— Ну,— сказаў ён,— мне вядома, што стары вельмі добра адносіцца да вас.
— Чаму вы так думаеце? — спытаў Бэмбі, і сэрца яго радасна забілася.
— Я цалкам упэўнены ў тым,— адказаў сыч.— Ён усёй душою, шчыра шануе вас, і я думаю, гэта дае мне права адкрыць вам яго месцазнаходжанне.
Ён зноў сцягнуў свае пёркі да цела, быццам чакаючы, што яго ўдзячна пагладзяць.
Ці ведаеце вы роў, зарослы вербамі?
— Ага,— кіўнуў Бэмбі.
— А ці знаёмы вам малады зялёны дубок па той бок глыбокага рова?
— He,— прызнаўся Бэмбі,— я яшчэ не быў на тым баку.
— Тады слухайце ўважліва,— прашаптаў сыч.— Па той бок рова расце дубняк. За дубняком раскінулася кустоўе, шмат кустоўя: арэшнік, серабрыстая таполя і глог. А пасярод ляжыць стары, зламаны ветрам бук. Там вы і павінны шукаць. Але глядзіце, не выдавайце мяне!
— Пад ствалом? — ашаломлена паўтарыў Бэмбі.
— Ну так! — засмяяўся сыч.— Ствол жа ляжыць упоперак глыбокай ямы. Там вы і знойдзеце старога, важака.
— Дзякуй вам,— сказаў Бэмбі,— ўсім сэрцам! He ведаю, ці змагу я адшукаць яго па гэтых прыкметах, але тысячу разоў удзячны вам.
I ён хутка пабег прэч.
Сыч бясшумна рушыў за ім і раптам зароў над самым яго вухам:
— У-ік! У-ік! У-ік!
Бэмбі аж скалануўся:
— Вы спужаліся? — вінавата перапытаў сыч.— Я напужаў вас?
— Ага... — поалепятаў Бэмбі, і на гэты раз ён сказаў праўду.
Шчасліва і задаволена забуркаваў сыч.
— Я толькі хацеў яшчэ раз нагадаць вам — не выдавайце мяне.
Але Бэмбі пабег ужо далей.
Калі ён дасягнуў краёчка яра, з цёмнай, змрочнай глыбіні нечакана і бясшумна вырас перад ім стары важак.
— Мяне ўжо няма там, куды ты імчыш,— сказаў ён.— Што табе трэба ад мяне?
— Нічога... — прамармытаў Бэмбі, адчуўшы раптоўную нясмеласць.— О... нічога асаблівага...
Пасля кароткага маўчання стары сказаў:
— Але ты шукаеш мяне не першы дзень. Учора ты двойчы прайшоў зусім блізка ад мяне, а сёння ты ледзь не дакрануўся да мяне, прабіраючыся праз павал ля лісінай нары.
— Чаму... — Бэмбі сабраў усю сваю мужнасць.— Чаму вы так сказалі тады пра Габо?..
— Ты што, думаеш, што я няправы?
— He, я адчуваю, што гэта праўда!.. — палка ўсклікнуў Бэмбі.
Стары важак ледзь прыкметна кіўнуў. Вочы яго яшчэ ніколі не глядзелі на Бэмбі так прыязна, і Бэмбі, асмялеўшы, паўтарыў:
— Але чаму? Вось чаго я не магу зразумець!
— Хопіць і таго, што ты адчуваеш гэта. Прыйдзе час — і ты ўсё зразумееш. Бывай.
Хутка ўсе насельнікі лесу пачалі заўважаць дзіўныя і небяспечныя паводзіны Габо.
Ноччу, калі ўсе не спалі, нядрэмна блукалі па лесе, Габо спаў. Затое днём, калі кожная разумная істота шукае схову, каб выспацца і адпачыць, Габо без ніякай боязі выходзіў з гушчару і стаяў пасярод паляны ў яркім святле сонца, захоўваючы поўны душэўны спакой.
Бэмбі не мог болей трываць такую бяздумнасць.
— Ты што гэта, зусім не думаеш пра небяспеку? — спытаў ён у Габо.
— He,— адказаў Габо,— для мяне яе проста не існуе.
— Ты забываеш, дарагі Бэмбі,— умяшалася цёця Энна,— ты забываеш, што Ён лепшы сябар майго Габо. Вось чаму Габо можа дазволіць сабе значна больш, чым ты ці хто іншы.— I цёця Энна пераможна азірнулася.
Аднойчы Габо даверліва сказаў яму:
— Дзіўныя парадкі ў вас тут у лесе: кожны харчуецца як давядзецца і дзе давядзецца.
— А як жа інакш? — не зразумеў Бэмбі.
— Што тычыцца мяне,— самазадаволена прызнаўся Габо,— то я прывык, каб ежу мне прыносілі ў вызначаны час і запрашалі мяне паесці.
Спачувальна паглядзеў Бэмбі на Габо. Затым ён перавёў позірк на цёцю Энну, Фаліну і Марэну, але тыя толькі пасмейваліся са слоў Габо.
— Мне здаецца,— сказала Фаліна,— табе будзе асабліва цяжка прывыкнуць да зімы, Габо. У нас тут няма ні свежага сена, ні бульбы, ні рэпы.
— А праўда ж,—■ задумаўся раптам Габо.— Мне гэта неяк не прыходзіла ў галаву. Я нават уявіць сабе не магу, як гэта будзе зімой. Мусіць, страшэнна!..
— He трэба перабольшваць,— спакойна сказаў Бэмбі.— Іншы раз, праўда, даводзіцца цяжка, але нічога жахлівага ў тым няма.
— Ну,— фанабэрыста сказаў Габо,— калі мне будзе цяжка, я зноў пакірую да Яго. Чаму я павінны галадаць? Гэта не ў маіх правілах.
Бэмбі моўчкі адвярнуўся і пайшоў прэч.
Калі Габо застаўся сам-насам з Марэнай, ён загаварыў пра Бэмбі.
— Ён не разумее мяне,— скардзіўся Габо.— Мілы Бэмбі думае, што я ўсё той жа маленькі, дурненькі Габо, якім мяне ведаў некалі. Ён ніяк не можа зразумець, што з мяне выйшла нешта не зусім звычайнае, што я не такі, як усе. Надакучыў са сваёй небяспекай! Ён зыходзіць з добрых намераў, але хай раз і назаўсёды засвоіць, што небяспека існуе толькі для яго і такіх, як ён, але не для мяне.
Марэна ва ўсім згаджалася з Габо. Яна любіла яго, і Габо любіў яе, яны былі вельмі шчаслівымі.
— Разумееш,— працягваў Габо,— ніхто не разу-
мее мяне так добра, як ты. Вядома, мне няма на што скардзіцца, мяне паважаюць і шануюць паўсюдна. Але ты, ты разумееш мяне лепш за ўсіх. Колькі ні расказваю я іншым пра Яго дабрыню, яны ўсё роўна застаюцца абыякавымі, са сваімі меркаваннямі...
— А я заўсёды верыла ў Яго! — залетуценіла Марэна.— Хіба ты не помніш, што мы гаварылі пра Яго незадоўга да твайго знікнення? I я сказала тады, што прыйдзе час і Ён заявіцца да нас у лес і будзе гуляць з намі...
— Не-е,— працягнуў Габо,— гэтага я не помню...
Мінула некалькі тыдняў. Ранняя хмарная раніца заспела Бэмбі і Фаліну, Габо і Марэну ў родным арэшніку, непадалёк ад паляны. Бэмбі і Фаліна толькі што вярнуліся з прагулкі; абмінуўшы стары дуб, яны пачалі падшукваць сабе месца для начлегу, і тут раптам сутыкнуліся з Габо і Марэнай. Габо трымаў курс на паляну.
— Заставайся лепш з намі,— прапанаваў Бэмбі.— Хутка ўзыдзе сонца, цяпер ніхто не выходзіць на волю.
— Вось як! — усміхнуўся Габо.— Але я ўжо неаднойчы казаў табе, што іншыя мне не ўказ.
Ён рушыў сваёй дарогай, Марэна пайшла за ім услед.
— Хай робіць, што хоча! — раззлавана кінуў Бэмбі Фаліне.— Пойдзем!..
Але не паспелі яны і кроку зрабіць, як з другога боку паляны пачуўся прарэзлівы, папераджальны крык сойкі.
Бэмбі ўраз павярнуўся і кінуўся следам за Габо. Ён нагнаў яго і Марэну амаль ля самага дуба.
— Чуеш? — крыкнуў Бэмбі.
— Ты пра што? — азадачана спытаў Габо.
Зноў прарэзліва закрычала сойка.
— Няўжо ты не чуеш? — паўтарыў Бэмбі.
— Ах, ты пра сойку!..— спакойна сказаў Габо.— Але якая мне справа да яе?
— Гэта небяспека! — спрабаваў давесці яму Бэмбі.— Зразумей ты — небяспека!
Але вось затрашчала сарока, за ёй другая, а неўзабаве і трэцяя ўпляла свой строкат у іх трывожныя перазовы. Яшчэ раз пракрычала сойка, а высока ў паветры падала свой сігнал варона.
Цяпер і Фаліна ўзялася ўгаворваць брата.
— He выходзь, Габо! Гэта небяспечна! Застанься тут, Габо! Ну будзь такім мілым! Застанься сёння з намі... Там небяспека!..
Але Габо толькі пасмейваўся:
— «Небяспека!..» «Небяспека!..» Якая мне справа да вашай небяспекі?
I тут Фаліне прыйшла добрая думка:
— Хай тады адзін з нас выйдзе першым, каб мы хоць ведалі...
He паспела Фаліна дагаварыць, як Марэна адным скачком вылецела са сховішча.