Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
Яснымі, сонечнымі днямі яго ахопліваў незразумелы неспакой, сэрца яго перапаўнялася палкім, тужлівым імкненнем, жудасным і салодкім. Сустракаючы зрэдку Фаліну ці якую-небудзь іншую з яе сябровак, ён адчуваў, як нястрымна цягне яго да іх. Тое ж самае адчуваў ён, калі пазнаваў іх след ці нюхам адгадваў іх блізкую прысутнасць. Тады, не ў стане справіцца з сабою, ён кідаўся на пошукі. У лепшым выпадку ён нікога не знаходзіў, толькі дарэмна, змучаны душой і целам, праблукаў па
лесе; у горшым — натыкаўся на каго-небудзь са сваіх каранаваных сваякоў. Тады яму моцна ад іх даставалася. Яго калашмацілі, білі, звальвалі з ног, качалі па зямлі і з сорамам праганялі прэч. Горш усіх абыходзіліся з ім Рано і Карус.
Навошта толькі нагадала яму вавёрачка аб гэтай горкай пары! Навошта ўскалыхнула-разварушыла ў яго душы цяжкія і прыніжальныя ўспаміны! Быццам жадаючы ўцячы ад іх, Бэмбі рынуўся прэч, не разбіраючы дарогі.
Сініцы і каралькі напалохана выпырхвалі з кустоў, праз якія імчаў Бэмбі, і здзіўлена запытвалі адна адну:
— Хто гэта?.. Што гэта?..
Сарока трывожна гаркнула:
— Што здарылася? Што здарылася?
Ва ўнісон ёй узлавана закрычала сойка:
— Ну, што там яшчэ ў вас?
Бэмбі не звярнуў на іх ніякай увагі.
Чорны дрозд, пералятаючы з дрэва на дрэва, напяваў яму:
— Добрай раніцы!.. Як я ра-а-ды!..
Бэмбі не адказаў на гэтае вітанне.
Лес наўкол пасвятлеў. Гэта сонца наскрозь пранізала яго, але Бэмбі і гэтага не заўважыў...
Раптам штосьці з трэскам вылецела з-пад самых яго ног і, бліснуўшы ўсімі колерамі вясёлкі, на імгненне асляпіла Бэмбі. Гэта быў Джанела, фазан. Яшчэ імгненне — і Бэмбі наступіў бы яму на спіну. Набіраючы вышыню, Джанела моцна сварыўся.
— Гэта нечувана!.. — крычаў ён сваім надтрэснутым голасам, што, здавалася, квахтаў.
Бэмбі азадачана паглядзеў яму ўслед.
— Добра яшчэ, што так абышлося... — прабуркаваў пяшчотны галасок побач з Бэмбі.— Але з вашага боку гэта, праўда, неасцярожна.
Гэта была Джанеліна, жонка фазана. Яна выседжвала ў траве яйкі.
— Мой муж страшэнна напалохаўся,— працягвала яна з дакорам.— Так, як, між іншым, я сама. Але я не магу зрушыцца, я прыкавана да месца, як і заўсёды ў падобных абставінах, і вы лёгка маглі раздушыць мяне...
Бэмбі сумеўся.
— Прабачце, калі ласка,— вымавіў ён запінаючыся.— Я не хацеў гэтага, я... не са злосці.
— О, калі ласка! Вядома ж, вы не хацелі таго, вы не са злосці. Але мой муж і я — мы такія нервовыя цяпер. Вы ж самі разумееце...
Бэмбі нічога не зразумеў і пацягнуўся далей. Лес спяваў на ўсе лады. Добрае сонца пазалаціла і нагрэла паветра, і ажылі кустоўе, травы, дрэвы, востра, духмяна запахла росная зямля. I Бэмбі адчуў незвычайны прыліў сілы, маладая, разлілася яна па ўсім яго целе, і ён рушыў наперад нейкім асабліва пругкім, спружыністым крокам.
Вось ён наблізіўся да куста бузіны і, высока ўскідваючы калені, пачаў рыць-перакопваць зямлю, раскідваючы ва ўсе бакі чорныя тлустыя камякі. Яго тонкія, востра раздвоеныя капыткі скошвалі рослую ля падножжа бузіны траву, заечую капустку, падснежнікі, фіялкі і адграбалі іх прэч, пакуль не агалілася цёмная ўскапаная зямля.
Два краты, якія шчыравалі, ладзілі свае хады ля развіліны кораню старой біручыны, з цікаўнасцю ўтаропіліся на Бэмбі.
— Аднак... Гэта ж курам на смех тое, што ён робіць!—прашаптаў адзін крот другому.— Хіба так рыюць?
Другі іранічна падціснуў куточкі тонкага рота:
— Ды ён ніякага ўяўлення не мае пра рыццё... адразу відаць... Так заўсёды бывае, калі бяруцца не за сваю справу.
Раптам Бэмбі ўзняў галаву, натапырыў вушы і ўважліва агледзеўся. Праз пляцёнку лісця кустоўя прасвечвала штосьці чырвонае, невыразна бялелі зубцы кароны. Бэмбі чмыхнуў. Хто ж гэта зноў гоніцца за ім: Рано, Карус ці нехта іншы? Хопіць! «Пакажы, што ты нікога не баішся! — узрушанатрывожна думаў Бэмбі.— Няхай баяцца цябе!» I ён кінуўся наперад...
Шамацелі кусты, трашчала і ламалася сучча на шляху імклівага скоку Бэмбі. Цяпер ужо ён бачыў праціўніка ва ўвесь рост, але не пазнаваў яго. Усё плыло перад вачыма, толькі адна выразная думка білася ў галаве: наперад!
Нізка апусціўшы рогі, сабраўшы ў патыліцы ўсю сілу, рыхтаваўся Бэмбі да ўдару. Ён ужо чуў пах
шэрсці праціўніка, бачыў яго неабаронены бок. Але тут праціўнік Бэмбі зрабіў ледзь улоўны рух, і Бэмбі, скокнуўшы, замест чаканай перашкоды сустрэў пустату. Праскочыўіпы міма мэты, ён пахіснуўся, але ўсё ж захаваў раўнавагу і хутка павярнуўся, гатовы да новага скачка. I тут ён пазнаў старога важака...
Бэмбі ад нечаканасці так разгубіўся, што зусім панік, толькі сорам перашкодзіў яму ўцячы. Ён стаяў, бездапаможна пераступаючы з нагі на нагу.
— Ну? — спакойна вымавіў стары важак.
Яго глыбокі голас, які гучаў ледзь чутна, але загадна, як і заўсёды, дастаў самага патаемнага куточка сэрца Бэмбі.
— Ну? — паўтарыў стары важак.
— Я думаў... — прамармытаў Бэмбі,— я думаў, гэта Рано ці... — Ён запнуўся і толькі нясмела глядзеў на старога важака.
А стары стаяў, нерухомы і магутны, яго галава ўжо зусім пасівела, але цёмны, глыбокі позірк зіхцеў ранейшай гордай, агнявой сілай.
— Чаму ж ты не нападаеш на мяне? — спытаў стары важак.
Бэмбі глядзеў на яго цяпер з дзіўным, невядомым уздымам і таемнымі дрыжыкамі ў целе... Яму хацелася адказаць: «Таму што я люблю цябе, стары важак»,— але замест таго ён сказаў:
— He ведаю.
А стары абмацваў яго вачыма:
— Даўно я не бачыў цябе. Ты стаў вялікім і моцным.
Бэмбі нічога не адказаў, ён калаціўся ад шчасця. А стары працягваў выпрабавальна разглядваць яго. Нечакана ён падступіў вельмі блізенька да Бэмбі.
— Будзь храбрым,— сказаў ён, павярнуўся і у той жа міг знік.
Бэмбі доўга заставаўся на месцы...
Надышло спякотнае лета. I салодкая, прыцягальная, ужо аднойчы адчутая туга зноў ахапіла Бэмбі. Яна спявала ў яго крыві, палка віравала ва ўсім ягоным целе. Нястомна блукаў ён па лесе, нястрымна, напружана гнаўся, ахоплены палкім, нязведаным яшчэ пачуццём, нявызнаным жаданнем за невядомым. Што гэта было, ён і сам не мог вытлума-
чыць, ён мучыўся, спадзяваўся на нейкі цуд, чакаў яго, жадаў яго...
Аднойчы ён сустрэў Фаліну. Сустрэў зусім нечакана і, затуманены сваёй дзіўнай тугой, не адразу пазнаў яе. I вось яна стаіць перад ім...
Некалькі секунд Бэмбі аглядаў, сузіраў яе моўчкі, затым у яго вырвалася:
— Фаліна, якая ты цяпер прыгожая!
— А ты ўсё-такі пазнаў мяне? — запытала Фаліна.
— Як я мог цябе не пазнаць! — закрычаў Бэмбі.— Хіба мы не выраслі разам?
Фаліна ўздыхнула:
— Мы так доўга не бачыліся...— I дадала: — Мы сталі зусім чужымі адно аднаму.— Гэта было сказана яе ранейшым лёгкім, нязмушаным тонам.
Цяпер яны стаялі блізка адно ля аднаго.
— Вось гэтай сцежкай,— пасля кароткага маўчання пачаў Бэмбі,— мы часта хадзілі з мамай, калі я быў яшчэ маленькім.
— Яна вядзе на паляну,— сказала Фаліна.
— На паляне я ўпершыню сустрэў цябе! — захоплена выпаліў Бэмбі.— Ты помніш?
— Так,— адказала Фаліна,— мяне і Габо.— Яна ціхенька ўздыхнула: — Бедны Габо!
I Бэмбі паўтарыў:
— Бедны Габо!
Яны пачалі ўспамінаць мінулае, безупынку запытваючы адно аднаго: «А помніш?», «А гэта ты помніш?»
Высветлілася, што абое помняць усё. Гэта радавала іх і здзіўляла.
— Там, на паляне,— успомніў Бэмбі,— мы гулялі ў «даганялку». Помніш?
— Здаецца, гэта было вось так... — пачала Фаліна і раптам, як маланка, сіганула ўбок.
У першы міг Бэмбі сумеўся, разгубіўся ад нечаканасці, пасля закрычаў шчаслівым голасам:
— Пачакай! Пачакай хвіліначку!
— Я не магу чакаць! — падражніла яго Фаліна.— Я вельмі спяшаюся.— I лёгка заскакала праз кусты і травы, апісваючы паўкругі.
Бэмбі кінуўся ёй напярэймы, хутка нагнаў і перагарадзіў ёй дарогу.
Цяпер яны зноў стаялі побач, размаўлялі і смяяліся. Ім было лёгка і радасна. Нечакана Фаліна высока падскочыла, быццам яе ўкалолі, гайсанула ўбок і зноў пачала кружыць па паляне. Бэмбі пусціўся за ёю. Але цяпер яму не ўдавалася так хутка яе злавіць — Фаліна выслізгвала кожны раз ад яго гарачага дыхання, ад яго жадання хутчэй паведаміць ёй нешта вельмі важнае.
— Пачакай! — умольваў Бэмбі.— Ну пачакай жа... Мне трэба табе штосьці сказаць!..
Фаліна спынілася.
— Ну, што? — запытала яна з цікаўнасцю.
Бэмбі маўчаў.
— Ах, вечна ты ўсё выдумляеш! — I Фаліна павярнулася, быццам наважваючыся пайсці.
— Пачакай,— на гэты раз хуценька прамовіў Бэмбі.— Я хацеў... Я хацеў запытацца ў цябе... Ты любіш мяне, Фаліна?
Яна зацікаўлена і чакальна паглядзела на яго:
— Я не ведаю.
— Але ты павінна гэта ведаць,— настойваў Бэмбі.— Я ж вось ведаю, усёй сваёй істотай ведаю, што люблю цябе. Страшэнна люблю. Ну скажы, што ты любіш мяне.
— Магчыма, і люблю... — няўпэўнена ўжо адказала Фаліна.
— I ты заўсёды будзеш са мной?
— Калі ты належным чынам папросіш аб тым! — усміхнулася яна.
— Я прашу цябе, Фаліна! Каханая, дарагая, дзівосная мая Фаліна! — закрычаў Бэмбі.— Ты чуеш? Я прашу цябе ўсім сэрцам!
— Ну, тады я, безумоўна, буду з табой,— пяшчотна адказала Фаліна і, кіўнуўшы яму, пайшла прэч.
Зачараваны і расчулены, Бэмбі рушыў за ёй на значнай адлегласці. Абагнуўшы на ўзлеску паляну, Фаліна паглыбілася ў гушчар. Бэмбі хацеў пайсці ўжо за ёй следам, але раптам затрашчалі кусты, і перад ім паўстаў раз’юшаны Карус.
— Стой! — крыкнуў ён.
Але, заняты толькі адной Фаліной, Бэмбі ледзь глянуў на яго.
— Пусці! — паспешна сказаў ён.— Мне цяпер не да цябе. __
— Прэч! — злосна прахрыпеў Карус.— Зараз жа прэч! Або я знявечу цябе! Я забараняю табе праследаваць Фаліну!
Гэтыя словы абудзілі ў Бэмбі самыя горкія, самыя ненавісныя ўспаміны: як доўга, як несправядліва, як бязлітасна яго прыгняталі, здзекваліся з яго, цкавалі, не давалі нідзе спакою, мучылі! Ён не вымавіў ні слова, але, ўраз прыгадаўшы ўсе свае пакуты, ашалела апусціў галаву і рынуўся на Каруса. Гэта быў непераможны, надзвычайны ўдар! Перш чым Карус мог усвядоміць, што адбылося, ён ужо ляжаў на зямлі. Карус зараз жа ўскочыў, але толькі аказаўся на нагах, як новы магутны ўдар адкінуў яго ўбок. Карус захістаўся, прысеў, адчуваючы нязвычную слабасць ва ўсіх членах.
— Бэмбі! — крыкнуў ён і хацеў яшчэ раз крыкнуць.— Бэм... — Але трэці ўдар у лапатку ледзь не выбіў з яго дух.
Карус адхіліўся ўбок, каб пазбегнуць чарговага наскоку Бэмбі, і раптам дзіўна пахаладалым сэрцам зразумеў: гэта пагібель. Ён павярнуўся і кінуўся наўцёкі.