• Часопісы
  • Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка Казкі. П’еса Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн

    Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка

    Казкі. П’еса
    Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
    Для сярэдняга школьнага ўзросту
    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 299с.
    Мінск 1997
    95.78 МБ
    — Так! — весела закрычала Фаліна! — Яна жывая... але я даўно не бачыла яе.
    — Я хачу зараз жа да яе! — сказаў Габо.— Вы пойдзеце са мной?
    I яны ўтраіх рушылі ў шлях і ішлі ў поўным маўчанні. Бэмбі і Фаліна адчувалі, што думкі Габо заняты маці, і не хацелі яму перашкаджаць. Толькі зрэдку, калі Габо, спяшаючыся, прабягаў міма патрэбнага паваротку або з гарачкі паварочваў не туды, куды належыць, яны ціха папраўлялі яго.
    — Прама! — шаптаў Бэмбі.
    — He, не сюды! — шаптала Фаліна.
    Некалькі разоў ім давялося перасекчы адкрытыя мясціны. Бэмбі і Фаліна заўважылі, што Габо ні разу не спыніўся на ўскрайку гушчару, каб агледзецца, азірнуцца па баках, а выбягаў на прастор адразу, без усялякай апаскі, не асцерагаючыся. Яны абменьваліся здзіўленымі паглядамі, але нічога не гаварылі Габо і ўсхвалявана ішлі за ім.
    Доўга блукалі яны па лесе, пакуль Габо не пазнаў сцяжынку свайго дзяцінства. Расчулены, ён павярнуўся і, не падазраючы, што яго вялі Фаліна і Бэмбі, крыкнуў:
    — Што скажаце — лоўка я вас прывёў?..
    Але неўзабаве яны прыйшлі да маленькага патаемніка.
    — Тут! — крыкнула Фаліна і праслізгнула ўнутр.
    Габо рушыў за ёй, і сэрца яго замерла салодкім болем. Гэта быў той самы патаемнічак, тая зялёная хаціна, дзе абое яны з’явіліся на свет і каля маці правялі ўсё сваё дзяцінства. Позіркі іх сустрэліся, і Фаліна ціхенька пацалавала брата.
    Яшчэ доўга блукалі яны па лесе. Сонца свяціла скрозь галіны дрэў усё ярчэй і ярчэй, дзённая цішыня ахінала лес, набліжаўся час адпачынку. Але Габо не адчуваў стомленасці. Ён ішоў, не разбіраючы дарогі, бязмэтна шукаючы штосьці вакол сябе вачыма. Ён зусім адвык ад ляснога жыцця. Ён увесь сціснуўся, калі ў траве прашмыгнула ласка, і ледзьве не наступіў на фазанаў, якія прыціснуліся да зямлі. Калі ж фазаны, моцна зашамацеўшы крыламі, узляцелі перад самым яго носам, Габо страшэнна напалохаўся.
    Бэмбі здзіўляла слепата і няўклюднасць Габо — ён паводзіў сябе на лясной сцяжыне як чужынец.
    Але вось Габо стрымаў крок і, павярнуўшыся да Фаліны, роспачна ўскрыкнуў:
    — Мы ніколі не знойдзем маму!
    I ён зноў засамоціўся, загараваў, і адбітак гэтага гора лёг яму на твар. Фаліна добра адчувала, што робіцца на душы брата.
    — Хутка, Габо,— сказала яна мякка,— хутка.— I дадала са смехам: — А хочаш — давай зваць маму, як мы звалі яе ў дзяцінстве, помніш?
    I тут Бэмбі, які ішоў крыху наперадзе, раптам убачыў цёцю Энну.
    Яна адпачывала ў цяньку арэшыны. He паспеў ён абгукнуць Габо і Фаліну, як яны ўжо апынуліся каля яго. Усе трое моўчкі глядзелі на цёцю Энну. Тая ціха ўзняла галаву і паўрасплюшчыла сонныя вочы.
    Габо рэзка зрабіў крок наперад.
    — Мама! — дрыготка, амаль што нячутна пазваў ён.
    Быццам ўзнятая грамавым ударам, цёця Энна ўміг ускочыла на ногі, і Габо ўсім целам падаўся да яе.
    — Мама!.. — голас яго абсекся.
    Маці паглядзела сыну ў вочы, задрыжала ўсім целам ад хвалявання, якое прабрала, працяла яе ўсю з галавы да ног. Яна нічога не сказала, ні аб чым не запытала, яна толькі павольна цалавала Габо ў губы, цалавала яго шчокі і шыю; яна абмывала яго сваімі пацалункамі, як у той далёкі час, калі ён толькі з’явіўся на свет...
    Усе насельнікі лесу сабраліся ў глыбіні гушчару, паселі цесным гуртком, каб паслухаць Габо.
    Быў тут і друг-прыяцель заяц, сын нябожчыка зайца. На вялікае здзіўленне ўсім, узнімаў ён свае вушы-лыжкі, баючыся прапусціць хоць адно слоўца, і раптам апускаў іх бяссіла, каб адразу ж зноў узняць.
    Сарока прымасцілася на нізенькім сучку маладога бука і слухала апавядальніка з аслупянелым выглядам. У адрозненне ад яе сойка, якая сядзела на ясені, паводзіла сябе неспакойна: яна раз-пораз пранізліва ўскрыквала, не ў сілах справіцца са здзіўленнем, усхваляванасцю. Тут жа знаходзіліся і знаёмыя фазаны са сваімі жонкамі і дзецьмі. Яны ў бязмоўным здзіўленні паварочвалі шыямі, выгінаючы іх і так і гэтак, і ва усе бакі ляцелі ад іх залатыя стрэлы.
    Нястомна пераскоквала па галінах усхваляваная вавёрка. Яна то саслізгвала па ствале ледзь не да самай зямлі, то ўзлятала да макушкі дрэва, то раптам ўсаджвалася слупком на свой пушысты хвост, паказваючы белыя грудкі. Ёй не цярпелася перапыніць Габо, каб выказацца самой, але прысутныя кожны раз заклікалі яе да парадку.
    А Габо расказваў, як, апынуўшыся без усялякай дапамогі на снезе, ён чакаў смерць.
    — Сабакі знайшлі мяне,— апавядаў ён.— Сабакі — гэта самае страшэннае ў свеце. Іх пашча поўная крыві, іх голас поўны гневу, яны не ведаюць, што такое спачуванне.
    Звысоку агледзеўшы слухачоў, ён працягваў:
    — Ну... з тае пары я неаднойчы гуляў. з імі, быццам яны мае сваякі, і цяпер я зусім не баюся іх. I ўсё ж, калі я чую брэх сабак, у мяне па-ранейшаму пачынае шумець у галаве і дранцвее сэрца. Яны далёка не заўсёды робяць гэта з дрэннымі намерамі, але іх голас цяжка выносіць...— Габо шматзначна замаўчаў.
    — Ну, а што ж было тым разам? — з палахлівай цікаўнасцю запытала Фаліна.
    — Той раз сабакі хацелі разарваць мяне, але тут з’явіўся Ён!
    Габо зрабіў паўзу, слухачы амаль не дыхалі.
    — Так,— сказаў Габо,— тут з’явіўся Ён, прыкрыкнуў на сабак, і яны адпаўзлі ад мяне прэч. Ён прыкрыкнуў яшчэ раз, і сабакі пакорліва ляглі ля яго ног. Тады Ён узняў мяне і, пяшчотна прыціскаючы да сябе, панёс...
    — Што гэта значыць? — панёс? — запытала Фаліна.
    Габо пачаў тлумачыць ёй важна і грунтоўна.
    — Ды гэта зусім проста! — перапыніў яго Бэмбі.— Ты паглядзі, Фаліна, як гэта робіць вавёрачка, калі яна скача з арэшкам у лапах. Гэта і значыць «несці».
    Тут вавёрачка палічыла нарэшце магчымым уставіць сваё слова.
    — Адзін з маіх братоў... — пачала яна шпарка.
    Але ўсе раптам закрычалі:
    — Цішэй, цішэй, няхай Габо працягвае!
    Вавёрачцы давялося замаўчаць.
    Яна засмучана прыціснула да грудзей пярэднія лапкі і павярнулася да сарокі ў спадзяванні, што тая выслухае яе ў прыватным парадку.
    — На самой справе... адзін з маіх братоў...
    Але сарока проста паказала ёй спіну.
    А Габо ўсё расказваў пра розныя дзівосы.
    — Звонку халодна, лютуе непагадзь, а ўнутры ціха і цёпла, быццам летам...
    — Гхах! — праскрыпела сойка.
    — Звонку лье дождж, усё мокне, а ўнутры хоць бы адна кропля ўпала, і ты зусім сухі.
    Бліснуўшы каштоўным пер’ем, фазаны ў лад схілілі галовы набок.
    — Звонку ўсё было пакрыта тоўстым пушыстым снегам, а я знаходзіўся ў цяпле, мне было проста горача. Ён карміў мяне каштанамі, бульбай, рэпай, нават сенам — словам, усім, чаго я толькі і мог пажадаць.
    — Се-нам? — узбуджана і недаверліва закрычалі алені ў адзін голас.
    — Так, свежым, салодкім сенам,— паўтарыў Габо такім тонам, быццам размова ішла пра самыя звычайныя рэчы.
    У малітоўнай цішыні, якая настала, зноў прагучаў тонкі галасок вавёрачкі:
    — Адзін з маіх братоў...
    — Ды ці замоўкнеш ты! — закрычалі на яе хорам.
    I калі зноў настала цішыня, Фаліна запытала брата:
    — Адкуль жа браў ён зімою сена ды і ўсё астатняе?
    — Ён вырошчваў,— важна адказаў Габо.— Ён можа вырасціць усё, што захоча і калі захоча. Чаго б ён ні пажадаў — усё тут жа з’яўляецца перад ім.
    — Скажы праўду, Габо: няўжо табе не было страшна ў Яго прысутнасці?
    Габо паблажліва ўсміхнуўся:
    — He, дарагая Фаліна, ніколькі. Я ведаў, што Ён не зробіць мне нічога дрэннага. Навошта ж мне было баяцца? Вы ўсе лічыце Яго злосным, але Ён зусім нязлосны. 3 тымі, каго Ён любіць, хто верна служыць Яму, Ён дзіўна добры. Ніхто ў цэлым свеце не можа быць дабрэй за Яго.
    Габо ўсё яшчэ ўсхваляў дабрыню свайго новага сябра, калі з зарасніку бясшумна выступіў стары важак. Габо не прыкмеціў яго, але ўсе астатнія ўбачылі старога важака і замёрлі ў пашаноўным спалосе. А той стаяў нерухома, нібыта абмацваючы Габо сваімі строгімі, глыбокімі вачамі.
    — Яго дзеці таксама любілі мяне,— расказваў Габо,— і яго жонка любіла мяне, і ўсе Яго дамачадцы. Яны песцілі мяне, давалі мне есці розныя прысмакі, гулялі са мной...
    Тут Габо абсекся, заўважыўшы нарэшце старога важака.
    I ў цішыні, якая настала, стары важак звярнуўся да Габо сваім звычайным, спакойным і ўладным голасам:
    — Што гэта за паласа ў цябе на шыі?
    Тут толькі ўсе заўважылі на шыі Габо быццам лямоўку з прымятых, часткова выцертых валасоў.
    Габо разгублена адказаў:
    — Гэта?.. Гэта след ад прыгожага банта, які я насіў... Гэта Яго бант... Вялікі гонар насіць Яго бант...
    Стары важак доўга глядзеў на Габо, пранікліва і самотна.
    — Няшчасны,— сказаў ён ціха, павярнуўся і мігам знік. Скарыстаўшы хвілінную збянтэжанасць, вавёрачка зноў узялася за сваё:
    — На самай справе... Адзін з маіх братоў таксама пабываў у Яго... Ён злавіў майго брата і доўга трымаў пад замком... О, вельмі доўга. Але аднойчы мой брат...
    Ніхто не стаў слухаць вавёрачку, усе разыходзіліся ў глыбокім задуменні і разгубленасці.
    Нечакана-негадана з’явілася Марэна.
    Той зімой, калі знік Габо, яна была амаль дарослай дзяўчынай, але з тае пары ніхто не бачыў яе — яна трымалася асобна, жыла асобна, аддаючы перавагу адзінокай дарозе.
    Яна засталася такой жа худзенькай і таму выглядала зусім юнай. Але яна была сур’ёзнай, ціхай і пераўзыходзіла равесніц мяккай стрыманасцю. Цяпер яна даведалася ад вавёрачкі, дразда і сарокі, што ў лес вярнуўся Габо, які перажыў дзіўныя прыгоды, і прьійшла, каб убачыцца з ім.
    Маці Габо ганарылася наведваннем Марэны. Яна перажывала цяпер лепшую часіну свайго жыцця: увесь лес гаварыў пра яе сына, яна цешылася славай і патрабавала, каб кожны прызнаваў Габо самым разумным, самым дастойным павагі, самым лепшым у цэлым свеце.
    — Што скажаш, Марэна? — вітала яна госцю.— Што скажаш ты пра Габо? — He чакаючы адказу, яна працягвала: — Ты помніш, цёця Нетла не лічылася з Габо і таму толькі, што ён крыху дрыжаў у час маразоў. Помніш, яна прадказвала, што ён не прынясе мне радасці?
    — Але вы хапілі нямала гора з Габо,— заўважыла Марэна.
    — Гэта ўсё ззаду! — усклікнула маці, ад душы здзіўленая, як можна ўспамінаць цяпер падобныя дробязі.— Ах, мне да слёз шкада бедную цёцю Нетлу! Памерці, так і не ўбачыўшы, якім стаў мой Габо!
    — Ага, бедная цёця Нетла,— ціха сказала Марэна.— Сумна, што яе няма сярод нас.
    Габо з задавальненнем слухаў пахвалу, якою шчодра абсыпала яго маці, яна цешыла яго, песціла слых, зачароўвала, цепліла сэрца, быццам сонечнае цяпло.