• Часопісы
  • Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка Казкі. П’еса Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн

    Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка

    Казкі. П’еса
    Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
    Для сярэдняга школьнага ўзросту
    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 299с.
    Мінск 1997
    95.78 МБ
    Глава 3
    ЧАРОЎНЫ ПРЫНЦ
    Пакуль Разалі спала, у лес на паляванне з паходнямі прыехаў Чароўны прынц. Ён сабакамі атутаваў аленя, і той, перапалоханы, схаваўся ў хмызах непадалёк ад месца, дзе спала Разалі. Сабачая зграя і мысліўцы былі ўжо зусім блізка, яны гатовыя былі накінуцца на аленя, калі сабакі раптам перасталі брахаць і ціха скупіліся вакол Разалі. Прынц
    сышоў з каня, каб пусціць сабак зноў у пагоню. Але якое ж было яго здзіўленне, калі ён убачыў прыгожую маладую дзяўчыну, якая спакойна спала пасярод дрымучага лесу! Ён паглядзеў вакол, але нікога болей не ўбачыў: яна была адна, зусім адна, пазабытая ўсімі. Разгледзеўшы яе ўважлівей, прынц заўважыў на яе твары сляды ад слёз, якія і цяпер каціліся з яе заплюшчаных вачэй. На Разалі была простая сукенка, але пашыта яна была з вельмі дарагога ядвабу, яе прыгожыя белыя ручкі, тонкія пальчыкі, акуратныя каштанавыя валасы, дбайна зашпіленыя залатым грабянцом, зграбныя чаравічкі і нізка дробных перлаў на шыі — усё сведчыла пра яе высокае паходжанне.
    Дзяўчына спала, хоць вакол тупалі капытамі коні, брахалі сабакі, шумна перагукаліся загоншчыкі і мысліўцы. Здзіўлены прынц не мог звесці вачэй з Разалі, але ніхто з прыдворных не ведаў, хто яна і адкуль. Прынц пачаў хвалявацца, чаму дзяўчына спіць такім непрабудным сном? Ён ціхутка ўзяў яе за руку, але Разалі не прачнулася. Тады ён крыху пакратаў яе за плячо, але ўсё роўна не змог пабудзіць.
    — Я не магу пакінуць тут гэтае няшчаснае дзіця,— сказаў прынц сваім афіцэрам.— Нехта, відаць, наўмысна завёў яе ў гэты лес і кінуў. Яна, напэўна, ахвяра нейкага злоснага ашуканства. Але як яе можна адсюль забраць, каб не пабудзіць?
    — Прынц,— сказаў яму галоўны мысліўца Губэр,— мы маглі б зрабіць з галля насілы і занесці на іх дзяўчыну ў які-небудзь заезны двор па суседстве. А вы тым часам маглі б паляваць далей.
    — Ты ўсё добра прыдумаў, дарагі Губэр,— ухваліў прынц.— Аддавай загад! Няхай зробяць насілы і на іх пакладуць дзяўчыну, але вы панесяце яе не ў заезны двор, а да мяне ў палац. Гэтая асоба, як відаць, знатнага роду. I апроч таго, яна прыгожая, як анёлак. Я сам буду сачыць, каб ёй прыслугоўвалі, як гэта належыць яе сану.
    Губэр з афіцэрамі хутка зрабілі насілы, а прынц паслаў на іх сваю накідку і акуратна паклаў на яе Разалі, якая па-ранейшаму спала. Якраз у гэтую хвіліну Разалі, напэўна, прысніла сон, яна ўсміхнулася і шэптам прамовіла: «Бацька, мой бацька!.. Ты
    будзеш уратаваны!.. Каралева феяў... Чароўны прынц... я бачу яго... які ён прыгожы!»
    Прынц вельмі здзівіўся, калі пачуў, што дзяўчына прамовіла яго імя. Цяпер ён ужо не сумняваўся, што яна прынцэса і што на яе насланыя нечыя злыя чары. Ён загадаў, каб слугі, якія трымалі насілы, ішлі вельмі ціха і каб ніводзін іх рух не пабудзіў Разалі. Сам ён сеў на каня і таксама паехаў побач, ні на хвіліну не адлучаючыся ад насілаў.
    Неўзабаве яны прыбылі ў палац. Чароўны прынц загадаў, каб Разалі падрыхтавалі каралевіну спальню, і, не дазваляючы нікому да яе дакрануцца, сам панёс у пакой і паклаў там на ложак. Ён сказаў фрэйлінам, якія павінны былі ёй прыслугоўваць, каб яны адразу папярэдзілі яго, калі дзяўчына прачнецца.
    Разалі праспала ўсю ноч і ўвесь ранак, і калі нарэшце прачнулася, на двары ўжо быў новы дзень. Яна здзіўлена зірнула вакол і нідзе не ўбачыла шэрае Мышы, тая некуды знікла.
    — Няўжо я пазбавілася ад гэтае Мярзотнае варажбіткі? — радасна падумала Разалі.— Можа быць, я трапіла да чараўніцы, яшчэ магутнейшай за яе?
    Яна падышла да акна і ўбачыла на двары жаўнераў і афіцэраў, апранутых у прыгожую ўніформу. Яшчэ болей здзівіўшыся, яна хацела была кагонебудзь паклікаць, бо падумала, што ўсё гэта чараўнікі ды чарадзеі, але раптам пачула ў сябе за спінай чыюсьці хаду. Яна азірнулася і ўбачыла Чароўнага прынца. Ён быў у раскошным гарнітуры і глядзеў на дзяўчыну, не хаваючы свайго захаплення. Разалі адразу пазнала прынца са сваіх сноў і мімаволі ўскрыкнула:
    — Чароўны прынц!
    — Вы ведаеце мяне? — здзівіўся прынц.— Але, калі мы ўжо бачыліся, то як жа я мог забыцца на вашае прозвішча і аблічча?
    — Прынц,— чырванеючы адказала яму Разалі,— я вас бачыла ў сваіх снах. I майго прозвішча вы ведаць не можаце, бо я сама даведалася пра яго толькі ўчора ад свайго бацькі.
    — Што ж гэта за прозвішча, якое ад вас так доўга хавалі?
    I тады Разалі распавядала яму ўсё, пра што даведалася ад бацькі. Яна шчыра прызналася ў сваёй злачыннай цікаўнасці і расказала пра тое вялікае няшчасце, якое яна прынесла.
    — Можаце ўявіць сабе, прынц, як я пакутавала, калі была вымушаная пакінуць бацьку, каб уратавацца ад полымя, якое наслала на наш дом нягодная варажбітка, калі памірала ад холаду і голаду, і ніхто не хацеў пусціць мяне на начлег! Але потым мной авалодаў глыбокі сон, і я не ведаю, як апынулася тут, у вашым палацы.
    Чароўны прынц расказаў Разалі, як знайшоў яе ў лесе, дзе яна спала, і як пачуў яе словы, якія яна прамовіла ў сне. I потым дадаў:
    — Ваш бацька не сказаў вам яшчэ аднаго, Разалі. Каралева феяў, наша сваячаніца, вырашыла, што пасля таго, як вам споўніцца пятнаццаць гадоў, вы зробіцеся маёй жонкай. Таму я не сумняваюся, што менавіта яна паслала мне думку паехаць на паляванне з паходнямі, каб я мог знайсці вас у тым лесе, дзе вы заблудзілі. I калі ўжо ўсё роўна да вашага дня нараджэння застаецца зусім нямнога, я прашу вас лічыць гэты палац вашым і загадваць у ім, як сапраўдная каралева. Хутка ваш бацька зноў будзе з вамі, і мы зможам адсвяткаваць наша вяселле.
    Разалі шчыра падзякавала прынцу і пайшла ў свой туалетны пакой, дзе яе чакалі фрэйліны, трымаючы напагатоў незлічоныя сукенкі ды самыя розныя капялюшыкі. У Разалі зусім не было звычкі да пышных убранняў, і таму яна надзела першую ж сукенку, якую ёй падалі. Сукенка была з тонкай ружовай тканіны з карункамі, і капялюшык таксама з карункамі, упрыгожаны раскошнымі вялікімі ружамі. Фрэйліны заплялі яе прыгожыя каштанавыя валасы ў касу і ўклалі яе каронай. Калі Разалі была гатовая, прынц прыйшоў запрасіць яе да снеданку.
    Разалі ела так, што было адразу відаць, што напярэдадні яна была галодная цэлы дзень. Пасля снедання прынц павёў яе ў сад і паказаў свае цудоўныя шклярніцы. У адной шклярніцы, у самае глыбіні была маленькая альтанка, абвітая прыгожымі кветкамі, а пасярод альтанкі стаяў вялікі вазон, у якім расло, напэўна, нейкае дрэўца, але яго
    было не відаць, бо з усіх бакоў яго закрывала шчыльная тканіна. Скрозь покрыва можна было ўбачыць толькі, як нешта ўсяоэдзіне незвычайна блішчыць.
    Главa 4
    ДРЭЎЦА 3 АЛЬТАНКІ
    Разалі доўга любавалася на розныя кветкі і думала, што зараз прынц здыме покрыва і пакажа ёй таямнічае дрэўца, але ён пайшоў са шклярніцы, нават не загаварыўшы пра яго з Разалі.
    — Скажыце, прынц,— спыталася тады, сама дзяўчына.— А што гэта за дрэўца там пад покрывам?
    — Гэта вясельны падарунак, які я падрыхтаваў для вас,— вясёла адказаў прынц.— Але пакуль вам не споўніцца пятнаццаць гадоў, вы не павінны яго бачыць.
    — А што там такое блішчыць пад тканінай? — зноў спытала Разалі.
    — Вы даведаецеся пра гэта праз некалькі дзён. I я спадзяюся, што гэты мой падарунак акажацца для вас нечаканым і зусім не звычайным.
    — А ці не магу я ўбачыць яго раней?
    — He, Разалі. Каралева феяў забараніла мне паказваць яго вам, іначай здарыцца вялікае няшчасце. Але я спадзяюся, што вы досыць мяне кахаеце, каб на некалькі дзён утрымаць сваю цікаўнасць.
    Апошнія словы прымусілі Разалі ўздрыгануцца. Яна зноў успомніла пра шэрую Мыш і няшчасці, якія пагражалі ёй і яе бацьку, калі яна зноў саступіць спакусам Мярзотнае варажбіткі. Яна болей не згадвала пра таямнічае дрэва і пайшла з прынцам далей.
    Увесь дзень прайшоў вельмі вясёла. Прынц пазнаёміў Разалі з прыдворнымі панямі і сказаў ім, каб яны паважалі Разалі як яго жонку, якую абрала яму каралева феяў. Разалі была з усімі вельмі прыязная, і прыдворныя радаваліся, што хутка ў іх будзе такая добрая каралева. Назаўтра і ў наступныя дні былі наладжаны шумныя балі, паляванні
    ды вясёлыя прагулкі, і прынц з Разалі шчасліва чакалі ўжо блізкага Разалінага дня нараджэння, які адначасова павінен быў стаць днём іх вяселля. Прынц чакаў яго таму, што вельмі кахаў Разалі, а Разалі — таму, што вельмі кахала прынца, і таму, што хацела хутчэй зноў пабачыцца з бацькам. Але яшчэ і таму, што ёй дужа карцела даведацца, што ж такое расце ў той альтанцы! Думка пра гэта не пакідала яе ні на хвіліну, і нават уначы яна бачыла альтанку ў сне. Калі ж удзень яна заставалася адна, ёй каштавала вялікага намагання стрымліваць сябе, каб не пайсці ў шклярніцу ды не прыўзняць покрыва над загадкавым дрэўцам.
    Нарэшце апошні дзень чакання настаў: назаўтра Разалі павінна было споўніцца пятнаццаць гадоў. Прынц быў вельмі заняты падрыхтоўкаю да вяселля, на якое запрасіў усіх чараўніц з акругі і саму каралеву феяў. Сталася так, што на ўвесь час да абеду Разалі засталася адна. Яна пайшла пагуляць і так, ідуч’ы па дарожцы і думаючы пра свой шчаслівы заўтрашні дзень, неўпрыкмет павярнула да таго месца, дзе стаяла альтанка. Усміхаючыся, у задуменні яна ўвайшла ў шклярніцу — і раптам заўважыла, што стаіць якраз перад вялікім вазонам, у якім пад покрывам хаваецца скарб.
    — Заўтра нарэшце я даведаюся, што там такое,— сказала яна сабе.— Дый каб я захацела, я магла б даведацца пра гэта і сёння... бо ў гэтым покрыве такія дзіркі, што я магу спакойна прасунуць у іх некалькі пальцаў... а калі потым крыху пацягнуць... Ніхто ўсё роўна пра гэта не даведаецца... А пасля я трошкі пагляджу і папраўлю ўсё на месца... Заўтра ж гэта ўсё роўна будзе маё, дык чаму б мне не зірнуць ужо сёння?..
    Яна паглядзела вакол, але нікога не ўбачыла. I тады, абсалютна пра ўсё забыўшы: і пра добрага прынца, і пра небяспеку, якая яе чакала,— адчуваючы толькі пякучае жаданне задаволіць сваю цікаўнасць, яна прасунула пальцы ў дзірку і ціхенька пацягнула. Покрыва раптам разадралася з пачварным трэскам, і здзіўленая Разалі ўбачыла перад сабой цудоўнае дрэва, ствол у якога быў з каралаў, а лісце са смарагдаў. Яно ўсё было абсыпанае пладамі, і кожны плод быў з суцэльнага каштоўнага
    каменя: дыяменту, рубіну, перлу, сапфіру, апалу, тапазу...— і ўсе яны пераліваліся рознымі колерамі. Такі бляск асляпіў Разалі. Але толькі яна паспела ўбачыць гэта чароўнае дрэва, як пачуўся яшчэ болей жудасны грукат. Разалі ачнулася ад свайго захаплення і адчула, як нейкая неадольная сіла падняла яе над зямлёй і панесла ў поле. Адтуль Разалі ўбачыла, як прынцаў палац абрынуўся, і з-пад абломкаў пачуліся страшныя стогны. Праз імгненне з руін выйшаў прынц. Ён быў увесь акрываўлены, у лахманах. Сумна зірнуўшы на Разалі, ён сказаў: