Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
— Твая праўда,— адказала гуска.— Я не радзілася птушкай. Ніхто не думаў, што Мімі, дачка вялікага Ветэрбока, кончыць жыццё пад нажом кухара на кухонным стале.
— He турбуйцеся, дарагая Мімі! — усклікнуў Якаў.— He будзь я сумленны чалавек і галоўны кухар яго светласці, калі да вас хто-небудзь дакранецца нажом! Вы будзеце жыць у прыгожай клетцы ў мяне ў пакоі, і я стану вас карміць і гутарыць з вамі. А іншым кухарам я скажу, што адкормліваю гуся асобымі травамі для самога герцага. I, убачыце, не пройдзе месяца, як я прыдумаю спосаб выпусціць вас на волю.
Мімі з слязамі на вачах падзякавала карліка, і Якаў выканаў усё, што абяцаў. Ён сказаў на кухні, што будзе адкормліваць гуску адмысловым спосабам, якога ніхто не ведае, і паставіў яе клетку ў сябе ў пакоі. Мімі атрымлівала не гусіную ежу, а пячэнне, цукеркі і ўсякія ласункі, і як толькі ў Якава выдавалася вольная мінутка, ён зараз жа прыбягаў да яе пагутарыць.
Мімі расказала Якаву, што яе ператварыла ў гуску і занесла ў гэты горад адна старая чараўніца, з якой калісьці пасварыўся яе бацька, славуты чараўнік Ветэрбок. Карлік таксама расказаў Мімі сваю гісторыю, і Мімі сказала:
— Я што-кольвечы разумею ў чараўніцтве — мой бацька крыху вучыў мяне сваёй мудрасці. Я здагадваюся, што бабуля зачаравала цябе чароў-
най траўкай, якую яна паклала ў суп, калі ты прынёс ёй дамоў капусту. Калі ты знойдзеш гэтую траўку і панюхаеш яе, ты, магчыма, зноў станеш такім жа, як усе людзі.
Гэта, вядома, не асабліва ўцешыла карліка.
Як жа ён мог знайсці гэтую траўку? Але ў яго ўсё-такі паявілася маленькая надзея.
Праз некалькі дзён пасля гэтага да герцага прыехаў пагасціць адзін князь — яго сусед і сябар. Герцаг зараз жа паклікаў да сябе карліка і сказаў яму:
— Цяпер прыйшоў час паказаць, ці аддана ты мне служыш і ці добра ведаеш сваю справу. Гэты князь, які прыехаў да мяне ў госці, любіць добра пад’есці і разумее толк у гатаванні. Глядзі ж — гатуй нам такія стравы, каб князь кожны дзень здзіўляўся. I не ўздумай, пакуль князь у мяне ў гасцях, два разы падаць на стол адну страву. Тады табе не будзе літасці. Бяры ў майго казначэя ўсё, што табе спатрэбіцца,— хоць золата запечанае нам падавай, толькі б не асароміцца перад князем.
— He турбуйцеся, ваша светласць,— адказаў Якаў, нізка кланяючыся.— Я ўжо сумею дагадзіць вашаму ласуну-князю.
I Карлік Hoc горача ўзяўся за работу. Цэлы дзень ён стаяў у палаючай пліты і бесперапынна аддаваў загады сваім тоненькім голасам. Натоўп кухараў і кухцікаў мітусіўся па кухні, ловячы кожнае яго слова. Якаў не шкадаваў ні сябе, ні другіх, каб дагадзіць свайму гаспадару.
Ужо два тыдні гасціў князь у герцага. Яны елі не менш чым па пяць разоў у дзень, і герцаг быў у захапленні. Ён бачыў, што яго госцю падабаецца гатаванне карліка. На пятнаццаты дзень герцаг паклікаў Якава ў сталовую, паказаў яго князю і запытаў, ці задаволен князь майстэрствам яго кухара.
— Ты вельмі добра гатуеш,— сказаў князь карліку,— і разумееш, што значыць добра есці. За ўвесь час, пакуль я тут, ты ні адной стравы не падаў на стол два разы, і ўсё было вельмі смачна. Але скажы мне: чаму ты да гэтага часу не пачаставаў нас Пірагом Каралевы? Гэта самы смачны пірог на свеце.
У карліка ўпала сэрца: ён ніколі не чуў аб такім пірагу. Але ён і выгляду не паказаў, што збянтэжан, і адказаў:
— О, пан, я спадзяваўся, што вы яшчэ доўга прабудзеце ў нас, і хацеў пачаставаць вас гэтым пірагом на развітанне. Гэта ж — кароль усіх пірагоў, як вы самі добра ведаеце.
— Ах, вось як! — сказаў герцаг і рассмяяўся.— Ты ж і мяне ні разу не пачаставаў Пірагом Kapa левы. Напэўна, ты спячэш яго ў дзень маёй смерці, каб апошні раз пабалаваць мяне. Але прыдумай на гэты выпадак якую-небузь іншую страву! А Пірог Каралевы каб заўтра быў на стале! Чуеш?
— Слухаюся, пан герцаг,— адказаў Якаў і выйшаў, заклапочаны і засмучаны. Вось калі наступіў дзень яго ганьбы! Адкуль ён ведае, як пякуць гэты пірог?
Ён пайшоў у свой пакой і пачаў горка плакаць. Мімі ўбачыла гэта з сваёй клеткі і пашкадавала яго.
— Аб чым ты плачаш, Якаў? — запытала яна, і, калі Якаў расказаў ёй пра Пірог Каралевы, яна сказала:
— Вытры слёзы і не сумуй. Гэты пірог часта падавалі ў нас дома, і я, здаецца, помню, як яго трэба пячы. Вазьмі столькі вось мукі і пакладзі яшчэ такую вось і такую вось прыправу — вось пірог і гатоў. А калі ў ім чаго-небудзь і не хопіць — бяда невялікая. Герцаг з князем ўсёроўна не заўважаць. He такі ўжо ў іх разборлівы смак.
Карлік Hoc падскочыў ад радасці і зараз жа ўзяўся пячы пірог. Спачатку ён зрабіў маленькі піражок і даў яго паспрабаваць Начальніку Кухні. Той знайшоў, што атрымалася вельмі смачна. Тады Якаў спёк вялікі пірог і прама з печы паслаў яго да стала. А сам надзеў сваё святочнае плацце і пайшоў у сталовую паглядзець, як герцагу з князем спадабаецца гэты новы пірог.
Калі ён уваходзіў, дварэцкі якраз адрэзаў вялікі кавалак пірага і на сярэбранай лапатачцы падаў яго князю, а потым другі такі ж — герцагу. Герцаг адкусіў адразу поўкавалка, пражаваў пірог, праглынуў яго і са задаволеным выглядам адкінуўся на спінку крэсла.
— Ах, як смачна! — усклікнуў ён.— Недарма гэты пірог называюць каралём усіх пірагоў. Але і мой карлік — кароль усіх кухараў. Ці не праўда, князь?
Князь асцярожна адкусіў маленечкі кавалачак, добра пражаваў яго, расцёр языком і сказаў, спагадліва ўсміхаючыся і адсоўваючы талерку:
— Нядрэнная яда! Але толькі яму далёка да Пірага Каралевы. Я так і думаў!
Герцаг пачырванеў ад прыкрасці і сярдзіта нахмурыўся.
— Паганы карлік! — закрычаў ён.— Як ты смеў так зганьбіць свайго пана? За такое гатаванне табе патрэбна было б адсячы тваю тоўстую галаву.
— Пан! — закрычаў карлік, падаючы на калені.— Я спёк гэты пірог, як належыць. У яго пакладзена ўсё, што патрэбна.
— Ты ілжэш, нягоднік! — закрычаў герцаг і адштурхнуў карліка нагой.— Мой госць не стаў бы дарэмна гаварыць, што ў пірагу чагосьці не хапае. Я цябе самога загадаю размалоць і запячы ў пірог, вырадак ты гэтакі!
— Змілуйцеся нада мною! — жаласна закрычаў карлік, хапаючы князя за полы яго плацця.— He дайце мне памерці з-за жмені мукі і мяса. Скажыце, чаго не хапае ў гэтым пірагу, чым ён вам так не спадабаўся?
— Гэта мала табе дапаможа, мой мілы Hoc,— адказаў князь са смехам. Я ўжо ўчора падумаў, што табе не спячы гэтага пірага так, як яго пячэ мой кухар. У ім не хапае адной траўкі, якой у вас ніхто не ведае. Яна называецца Чыхай на здароўе. Без гэтай траўкі ў Пірагу Каралевы не той смак, і твайму пану ніколі не прыйдзецца пакаштаваць яго такім, як яго робяць у мяне.
— He, я яго пакаштую, і вельмі хутка! — закрычаў герцаг.— Клянуся маім герцагскім гонарам, або вы заўтра ўбачыце на стале такі пірог, або галава гэтага нягодніка будзе тырчаць на варотах майго палаца. Пайшоў вон, сабака! Даю табе тэрміну дваццаць чатыры гадзіны, каб выратаваць тваё жыццё.
Бедны карлік, горка плачучы, пайшоў да сябе ў пакой і паскардзіўся гусцы на сваё гора. Цяпер ужо яму не мінуць смерці! Ён жа ніколі і не чуў аб траве, якая называецца Чыхай на здароўе.
— Калі ў гэтым уся справа,— сказала Мімі,— дык я магу табе дапамагчы. Мой бацька навучыў
мяне пазнаваць усе травы. Будзь гэта тыдні два назад, табе, магчыма, і сапраўды пагражала б смерць, але, на шчасце, цяпер якраз маладзік, а ў гэты час іменна і цвіце тая трава. Ёсць дзе-небудзь каля палаца старыя каштаны?
— Так, так! — радасна закрычаў карлік.— У саду, зусім блізка адсюль, расце некалькі каштанаў. Але для чаго яны табе?
— Гэтая трава,— адказала Мімі,— расце толькі пад старымі каштанамі. He будзем дарэмна траціць час і пойдзем зараз жа яе шукаць. Вазьмі мяне на рукі і вынесі з палаца.
Карлік узяў Мімі на рукі, падышоў з ёй да варот палаца і хацеў выйсці. Але вартаўнік перагарадзіў яму дарогу і сказаў:
— He, мой мілы Hoc, скончаны твае прагулкі. Мне строга-настрога загадана не выпускаць цябе.
— Няўжо мне і ў саду нельга пагуляць? — запытаў карлік.— Будзь ласкавы, пашлі каго-небудзь да Наглядчыка і запытай, ці можна мне хадзіць па саду і збіраць травы.
Вартаўнік паслаў запытаць Наглядчыка, і Наглядчык дазволіў: сад жа быў абнесен высокай сцяной, і ўцячы з яго было немагчыма.
Выйшаўшы ў сад, карлік асцярожна паставіў Мімі на зямлю, і яна, кульгаючы, пабегла да каштанаў, якія раслі на беразе возера. Якаў, зажурыўшыся, ішоў за ёю.
«Калі Мімі не знойдзе той траўкі,— думаў ён,— я ўтаплюся ў возеры. Гэта ўсё-такі лепш, чым даць адсячы сабе галаву.
А між тым Мімі пабывала пад кожным каштанам, перавярнула дзюбай усякую былінку, але дарэмна — траўкі Чыхай на здароўе нідзе не было відаць. Гуска ад гора нават заплакала.
Набліжаўся вечар, цямнела, і станавілася ўсё цяжэй адрозніваць сцяблы травы. Выпадкова карлік зірнуў на другі бераг возера і радасна закрычаў:
— Паглядзі, Мімі: бачыш, на тым баку яшчэ адзін вялікі стары каштан! Пойдзем туды і пашукаем. Магчыма, пад ім расце маё шчасце.
Гуска цяжка захлопала крыллямі, паднялася ў паветра і паляцела, а карлік з усіх сіл пабег за ёю на сваіх маленькіх ножках. Перайшоўшы праз мост, ён
падышоў да каштана. Каштан быў густы і развесісты; пад ім, у пацёмку, амаль нічога не было відаць. I раптам Мімі замахала крыллямі і нават падскочыла ад радасці. Яна быстра сунула дзюбу ў траву, сарвала якуюсьці кветку і сказала, падаючы яе Якаву:
— Вось трава Чыхай на здароўе. Тут яе расце много-многа, так што табе надоўга хопіць.
Карлік узяў кветку ў рукі і задуменна паглядзеў на яе. Ад яе ішоў моцны, прыемны пах, і Якаву чамусьці ўспомнілася, як ён стаяў у бабулі ў кладоўцы, падбіраючы травы, каб начыніць імі курыцу, і знайшоў такую ж кветку — з зеленаватай сцяблінкай і ярка-чырвонай галоўкай, упрыгожанай жоўтай каймой.
I раптам Якаў увесь задрыжаў ад хвалявання.
— Ведаеш, Мімі, закрычаў ён,— гэта, здаецца, тая самая кветка, якая ператварыла мяне з вавёркі ў карліка. Паспрабую вось я яе панюхаць.
— Пачакай крышку,— сказала Мімі.— Вазьмі з сабой пучок гэтых кветак і вернемся да цябе ў пакой. Збяры свае грошы і ўсё, што ты нажыў, пакуль служыў у герцага, а потым выпрабуем сілу гэтай кветкі.
Якаў паслухаўся Мімі, хоць сэрца ў яго гучна стукала ад нецярплівасці. Ён бегам прыбег да сябе ў пакой. Завязаўшы ў клунак сотню дукатаў і некалькі пар плацця, ён сунуў свой доўгі нос у кветкі і панюхаў іх. I раптам усе яго суставы затрашчэлі, шыя выцягнулася, галава адразу паднялася з плеч, нос пачаў рабіцца ўсё меншым і меншым, а ногі ўсё даўжэй і даўжэй, спіна і грудзі выраўняліся, і ён стаў такім жа, як і ўсе людзі.