Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
— I муха — твая сястра. He рабі ёй зла. Дзікія птушкі, што лятаюць у лесе, павінны быць вольныя. He хавай іх у клетку толькі дзеля сваёй забавы. Бог стварыў і яшчарку, і крата, і ўсім знайшлося месца. Хто ты такі, каб прыносіць боль у гэты свет? Нават статкі авечак услаўляюць Бога!
Але Хлопчык-Зорка не звяртаў увагі на ўгаворы, а толькі хмурыўся і пагардліва ўсміхаўся, а пасля
вяртаўся да дзяцей і зноў папіхаў імі. I яны слухаліся яго, таму што ён быў прыгожы, шпарканогі, умеў танцаваць, граць на жалейцы і спяваць. I куды б ён ні клікаў іх, яны ішлі за ім, і што б ён ні загадваў ім рабіць, яны рабілі. I калі ён працяў вострай чарацінкай вочы падслепаватаму крату, яны рагаталі, і калі ён кідаў каменне ў пракажонага, яны таксама рагаталі. Так ён верхаводзіў дзецьмі ва ўсім, і сэрцы іхнія зрабіліся такія жорсткія, як і ягонае.
I вось неяк праз вёску праходзіла адна няшчасная жабрачка. На ёй былі страшэнныя лахманы, ногі крывавіліся ад цяжкай і доўгай дарогі, яна ўся змарнела і спакутавалася. Дашчэнту знясіленая, жанчына села адпачыць пад каштанам.
Убачыўшы яе, Хлопчык-Зорка падахвоціў сваіх таварышаў:
— Глядзіце! Пад прыгожым дрэвам з зялёнай лістотай сядзіць брудная старчыха. Пайшлі прагонім яе адсюль, бо яна гідкая і пачварная.
I ён падышоў да жабрачкі бліжэй, і пачаў шпурляць каменнямі, і кпіць з яе, а яна паглядзела на яго з жахам у вачах і не магла адвесці позірку. Але тут Лесаруб, які непадалёк калоў дровы пад паветкай, убачыў, што Хлопчык-Зорка вырабляе, падбег да яго і пачаў упічуваць:
— Пасаромеўся б! Што гэтая небарака зрабіла табе? Чаму ты з ёй так абыходзішся? Няўжо ты не маеш літасці? У цябе сапраўды жорсткае сэрца!
Хлопчык-Зорка аж пачырванеў ад злосці і тупнуў нагой:
— Хто ты такі, каб пытацца ў мяне, чаму я так раблю? Я табе не сын!
— Праўду кажаш — не сын,— адказаў Лесаруб.— Аднак я цябе пашкадаваў, калі знайшоў у лесе.
Пачуўшы гэтыя словы, жанчына войкнула і знепрытомнела. Тады Лесаруб аднёс яе да сябе ў хату, і яго жонка паклапацілася пра яе, а калі жанчына ачулася, яны паставілі перад ёй мяса і пітво і прапанавалі адпачыць. Але яна не хацела ні есці, ні піць і толькі спыталася ў Лесаруба:
— Ты сказаў, што знайшоў гэтага хлопчыка ў лесе. 3 таго дня мінула дзесяць год, ці не так?
I Лесаруб адказаў:
— Але, я знайшоў яго іменна ў лесе, і мінула з таго дня дзесяць год.
— А што яшчэ ты знайшоў разам з ім? — усклікнула жанчына.— Ці не было ў яго на шыі бурштынавых караляў. Ці не быў ён захутаны ў плашч з залатой тканіны, вышываны зоркамі?
— Усё было іменна так, як ты гаворыш.— I Лесаруб выняў плашч і бурштынавыя каралі з куфра, дзе яны ляжалі, і паказаў іх жанчыне.
Убачыўшы ўсё, яна ад радасці заплакала і сказала:
— Гэта мой маленькі сын, якога я згубіла ў лесе. Прашу цябе, хай ён хутчэй прыйдзе сюды, у пошуках яго я абышла ўвесь свет.
I Лесаруб з жонкай выйшлі на вуліцу, паклікалі Хлопчыка-Зорку і сказалі яму:
— Ідзі ў хату, там ты ўбачыш сваю маці, якая цябе чакае.
I Хлопчык-Зорка, поўны здзіўлення і вялікай радасці, убег у хату. Але, убачыўшы жабрачку, якая чакала яго там, ён пагардліва рассмяяўся і сказаў:
— Дык дзе ж мая маці? Я не бачу тут нікога, апрача гэтай гідкай старчыхі.
I тады жанчына сказала яму:
— Я — твая маці.
— Ты звар’яцела! — абурыўся Хлопчык-Зорка.— Я табе не сын, ты жабрачка, ты брыдкая і апранута ў лахманы. Прэч адсюль, каб я больш не бачыў твайго гідкага твару!
— Але ты на самай справе мой маленькі сынок, якога я нарадзіла ў лесе! — закрычала жанчына і, укленчыўшы, працягнула да яго рукі.— Злодзеі ўкралі цябе і пакінулі канаць у лесе — захліпаючыся ад слёз, гаварыла яна,— але я цябе адразу пазнала, як толькі ўбачыла, і твае рэчы таксама пазнала — плашч з залатой тканіны і бурштынавыя каралі. I таму малю цябе — хадзем са мною, шукаючы цябе, я абышла ўвесь свет. Хадзем са мною, сыночак мой, бо мне патрэбна твая любоў.
Хлопчык-Зорка не крануўся з месца, ён зачыніў для маці сваё сэрца, і было толькі чуваць, як ад горычы і болю галосіць жанчына.
Але нарэшце ён загаварыў, і голас яго гучаў холадна і злосна.
— Калі ты сапраўды мая маці,— цыркаў ён скрозь зубы,— дык лепш бы не прыходзіла сюды і не выстаўляла мяне на ганьбу, бо я думаў, што мая маці — Зорка, а не нейкая жабрачка. А цяпер ідзі адсюль, і каб я цябе больш не бачыў.
— Сынок, адумайся! — галасіла жанчына.— Няўжо ты мяне нават не пацалуеш на развітанне? Я так напакутавалася, шукаючы цябе!
— He,— адказаў Хлопчык-Зорка,— на цябе нават брыдка глядзець, і я хутчэй пацалую гадзюку або жабу.
Тады жанчына паднялася і, горка плачучы, пайшла ў лес, а Хлопчык-Зорка, убачыўшы, што яна пакінула вёску, бясконца ўзрадаваўся і пабег гуляць да сваіх таварышаў. Але як толькі ён падбег да іх, тыя пачалі строіць з яго кепікі і абражаць знявагай:
— Ты брыдкі, як жаба, і агідны, як гадзюка. Ідзі прэч адсюль, мы не хочам, каб ты з намі гуляў! — I яны прагналі яго з саду.
Тады Хлопчык-Зорка насупіўся і падумаў сам сабе: «Што гэта яны мне гавораць? Пайду да сажалкі і пагляджуся ў ваду, яна мне скажа, што я прыгожы».
I ён пайшоў да сажалкі, і паглядзеўся ў ваду, і ўбачыў... Твар у яго зрабіўся жабіны, а цела, як у гадзюкі, пакрылася луской. Тады ён кінуўся ніцма на траву, зарыдаў і сказаў сам сабе: «Гэта мне, пэўна, за мой грэх. Я ж адрокся ад маці, я быў з ёй фанабэрысты і жорсткі. Цяпер я павінен пайсці шукаць яе па ўсім свеце, і не будзе мне спакою, пакул^ яе не знайду».
Да яго падышла маленькая дачка Лесаруба, паклала яму руку на плячо і сказала:
— Што з таго, што ты страціў сваю прыгажосць? Заставайся з намі, я не буду здзекавацца з цябе.
Але ён адказаў:
— He, я быў жорсткі да сваёй маці, і ў пакаранне мне наслана гэтая бяда. Таму я павінен пайсці адсюль і вандраваць па свеце, пакуль не знайду маці і яна мне не даруе.
I ён пабег у лес, і пачаў шукаць маці, і прасіць, каб яна вярнулася да яго. Але адказу не было. Увесь дзень ён гукаў яе, а калі зайшло сонца, лёг
спаць на пасцель з лісця, і ўсе птушкі і звяры ўцяклі ад яго, таму што памяталі, які ён быў жорсткі. I ён застаўся адзін, і толькі жаба ахоўвала яго сон, ды гадзюка прапаўзала міма.
А раніцай ён устаў, сарваў з дрэва некалькі горкіх ягад, з’еў іх і, плачучы, пусціўся ў дарогу праз густы лес. I ва ўсіх, каго б ні сустракаў, ён пытаўся, ці не бачылі яны раптам яго маці.
Ён спытаўся ў Крата:
— Ты рыешся пад зямлёю. Скажы, ці няма там маёй маці?
Але Крот адказаў:
— Ты ж выкалаў мне вочы. Адкуль я магу ведаць?
Ён спытаўся ў Канаплянкі:
— Ты ўзлятаеш вышэй верхавін гонкіх дрэў і бачыш увесь свет. Скажы мне, ці не бачыла ты маю маці?
Але Канаплянка адказала:
— Ты дзеля забавы падрэзаў мне крылы. Як жа мне цяпер узляцець?
I ў маленькай Вавёрачкі, якая самотна жыла ў дупле, ён спытаўся:
— Дзе мая маці?
— Маю маці ты забіў. Можа, ты шукаеш і сваю, каб забіць?
I Хлопчык-Зорка зарыдаў, і апусціў галаву, і пачаў прасіць прабачэння ва ўсіх істот, і пайшоў далей праз лес шукаць жанчыну-жабрачку. А на трэці дзень выйшаў з лесу і спусціўся ў даліну.
I калі ён праходзіў праз вёскі, дзеці дражнілі яго, цалялі каменнямі, а сяляне не дазвалялі яму начаваць нават у кароўніках, каб ад яго не пайшла цвіль на зерне — такі брыдкі ён быў на выгляд, і іхнія парабкі праганялі яго, і ніводная душа не шкадавала яго. I нідзе ён не мог нічога даведацца пра жабрачку, якая была яго маці, хаця ўжо тры гады блукаў па свеце, і не раз яму здавалася, што ён бачыць яе на дарозе наперадзе, і тады ён клікаў яе, бег за ёй, пакуль аб востры друз не збіваў да крыві ногі. Але дагнаць яе ён не мог, а людзі, якія жылі пры дарозе, казалі, што і блізка не бачылі яе ці каго-небудзь, падобнага да яе, і здзекаваліся з яго гора.
Тры гады ён блукаў па свеце, і не знаходзілася ва ўсім гэтым свеце для яго ні любові, ні міласэрнасці, ні спагады, бо гэткі свет стварыў ён сам у дні сваёй вялікай ганарлівасці.
& & &
I вось аднойчы вечарам ён падьішоў да брамы горада, які стаяў на рацэ і быў абнесены высокай сцяной, і, хоць надта стаміўся і зусім збіў ногі, хацеў увайсці ў горад. Але варта скрыжавала алебарды і груба сказала яму:
— Што табе трэба ў горадзе?
— Я шукаю сваю маці,— адказаў ён,— малю вас, упусціце мяне ў горад, бо можа так быць, што яна там.
Але воіны пачалі кпіць з яго, і адзін з іх, трасучы чорнай барадой, перагарадзіў яму шлях шчытом і закрычаў:
— Сапраўды невялікая радасць для тваёй маці пабачыць цябе, бо ты ж агіднейшы за жабу ў балоце або за гадзюку, якая паўзе ў багну. Прэч адсюль! Выкатвайся! Няма тваёй маці ў гэтым горадзе!
А другі, які трымаў у руцэ жоўты штандар, спытаў:
— Хто твая маці і чаму ты яе шукаеш?
I ён адказаў:
— Мая маці такая самая жабрачка, як і я, і я абышоўся з ёй жорстка. Прашу цябе, дазволь мне прайсці, каб я мог папрасіць у яе прабачэння, калі яна жыве ў гэтым горадзе.
Але варта не прапусціла яго і пачала калоць сваімі пікамі.
I калі ён, плачучы, павярнуў назад, нейкі чалавек у кальчузе, інкруставанай пазалочанымі кветкамі, і ў шлеме з крылатым ільвом падышоў да воінаў і спытаўся ў іх, хто гэта прасіўся ў горад. I яны адказалі:
— Гэта жабрак, сын жабрачкі, і мы прагналі яго.
— Дарма вы так зрабілі,— упікнуў ён з ухмылкай,— мы ж можам прадаць гэту пачвару ў рабства, і цана ёй будзе келіх салодкага віна.
I нейкі стары і злы з твару чалавек, які ў гэтую хвіліну праходзіў міма, пачуў усё і сказаў:
— Я куплю яго за такую цану,— і, заплаціўшы, узяў Хлопчыка-Зорку за руку і павёў у горад.
Прайшоўшы шмат вуліц, яны падышлі да маленькіх весніц у сцяне пад ценем гранатавага дрэва. Стары дакрануўся да весніц пярсцёнкам з яшмы, і яны адчыніліся, і стары з Хлопчыкам-Зоркай спусціліся па пяці бронзавых прыступках у сад, зарослы чорным макам і ўстаўлены зялёнымі глінянымі гладышамі. I тады стары выняў са свайго турбана шаўковы мярэжысты шарф, завязаў ім вочы Хлопчыку-Зорцы і пагнаў яго перад сабой. А калі шарф знялі з вачэй, Хлопчык-Зорка ўбачыў, што знаходзіцца ў цямніцы, якую асвятляе ліхтар на круку.
I стары паклаў перад ім на дошцы кавалак цвілога хлеба, і сказаў: «Еш», і паставіў конаўку саланаватай вады, і сказаў: «Пі», а калі Хлопчык-Зорка пад’еў і папіў, выйшаў, замкнуў дзверы на ключ і сашчапіў іх яшчэ жалезным ланцугом.