Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
Начальнік Кухні агледзеў Якава з галавы да ног і гучна разрагатаўся.
— Ты хочаш быць кухарам? — усклікнуў ён.— Што ж, ты думаеш, у нас у кухні пліты такія нізенькія? Ты ж нічога на іх не ўбачыш, нават калі падымешся на цыпачкі. He, мой маленькі друг! Той, хто табе параіў паступіць да мяне кухарам, дрэнна пажартаваў.
I Начальнік Кухні зноў разрагатаўся, а за ім — Палацавы Наглядчык і ўсе тыя, хто быў у пакоі, Якаў, аднак, не збянтэжыўся.
— Пан Начальнік Кухні,— сказаў ён,— вам, напэўна, не шкада страціць адно-два яйкі, крыху мукі, віна і прыпраў. Даручыце мне прыгатаваць якоенебудзь смачнае блюда і загадайце падаць усё, што мне для гэтага патрэбна. Я згатую гэтую страву быстра, ва ўсіх на вачах, і вы скажаце: «Вось гэта сапраўдны кухар, як трэба».
Доўга ўгаворваў карлік Начальніка Кухні, пабліскваючы сваімі маленькімі вочкамі і ўпэўнена ківаючы галавой, і, нарэшце, Начальнік згадзіўся.
— Добра! — сказаў ён.— Давай паспрабуем, дзеля жарту! Хадзем усе на кухню — і вы таксама, пан Наглядчык Палаца!
Ён узяў Палацавага Наглядчыка пад руку і загадаў Якаву ісці за сабой. Доўга ішлі яны па якіхсьці вялікіх раскошных пакоях і доўгіх карыдорах і, нарэшце, прышлі на кухню. Гэта было высокае, прасторнае памяшканне з велізарнай плітой на дваццаць канфорак, пад якімі дзень і ноч гарэў агонь. Пасярод кухні быў басейн з вадой, у якім трымалі жывую рыбу, а на сценах стаялі мармуровыя і драўляныя шафікі, поўныя каштоўнай пасуды. Побач з кухняй, у дзесяці велізарных кладоўках, захоўваліся разнастайныя прыпасы і ласункі. Кухары, кухцікі, судамыйкі насіліся па кухні ўзад і ўперад, стукаючы каструлямі, скавародкамі, лыжкамі і нажамі. Пры з’яўленні Начальніка Кухні ўсе замерлі на месцы і ў кухні зрабілася зусім ціха; толькі агонь патрэскваў пад плітой, і вада па-ранейшаму гурчэла ў басейне.
— Што заказаў сёння пан герцаг да першага снедання? — спытаў Начальнік Кухні Галоўнага За-
гадчыка Снеданнямі — старога тоўстага кухара ў высокім белым каўпаку.
— Яго светласць захацелі заказаць дацкі суп з чырвонымі гамбургскімі клёцкамі,— пачціва адказаў кухар.
— Добра,— казаў далей Начальнік Кухні.— Ты чуеш, карлік, чаго пан герцаг хоча пад’есці? Ці можна табе даверыць такія цяжкія стравы? Гамбургскіх клёцак табе ні за што не згатаваць. Гэта — тайна нашых кухараў.
— Няма нічога лягчэй,— адказаў карлік (калі ён быў вавёркай, яму часта прыходзілася гатаваць для бабулі гэтыя стравы).— Для супу дайце мне такіх вось і такіх вось траў і пранасцей, сала дзікага кабана, яек і карэння. А для клёцак,— ён загаварыў цішэй, каб яго не чуў ніхто, апрача Начальніка Кухні і Загадчыка Снеданнямі,— а для клёцак мне патрэбны чатыры сарты мяса, крыху віна, гусіны тлушч, імбір і трава, якая называецца Уцяшэнне Страўніка.
— Клянуся гонарам, правільна! — закрычаў здзіўлены кухар.— Які гэта чарадзей вучыў цябе гатаваць? Ты ўсё да тонкасці пералічыў. А пра траўку Уцяшэнне Страўніка я і сам у першы раз чую ад цябе. 3 ёю клёцкі, напэўна, яшчэ лепшыя выйдуць. Ты прама цуда, а не кухар!
— Вось ніколі б не падумаў гэтага! — сказаў Начальнік Кухні.— Аднак зробім выпрабаванне. Дайце яму прыпасы, пасуду і ўсё, што патрэбна, і няхай прыгатуе герцагу снеданне.
Кухцікі выканалі яго загад, але, калі на пліту паставілі ўсё, што было патрэбна, і карлік хацеў узяцца за гатаванне, аказалася, што ён ледзь дастае да верха пліты кончыкам свайго доўгага носа. Прышлося прысунуць да пліты два стулы; іх накрылі мармуровай дошкай, і карлік узабраўся на яе і пачаў гатаваць. Кухары, кухцікі, судамыйкі шчыльным кальцом акружылі карліка і, шырока раскрыўшы вочы ад здзіўлення, глядзелі, як жвава і спрытна ён з усім упраўляецца.
Падрыхтаваўшы стравы да варкі, карлік загадаў паставіць абедзве каструлі на агонь і не здымаць іх, пакуль ён не загадае. Потым ён пачаў лічыць: раз.
два, тры, чатыры,— і, далічыўшы роўна да пяцісот, крыкнуў: «Досыць!»
Кухцікі ссунулі каструлі з агню, і карлік прапанаваў Начальніку Кухні пакаштаваць яго гатаванні. Галоўны кухар загадаў падаць залатую лыжку, спаласнуў яе ў басейне і перадаў Начальніку Кухні. Той урачыста падышоў да пліты, зняў крышкі з каструль, якія дыміліся, і паспрабаваў суп і клёцкі. Праглынуўшы лыжку супу, ён зажмурыў вочы ад асалоды, некалькі разоў прыцмокнуў языком і сказаў:
— Вельмі добра, вельмі добра, клянуся гонарам! ЦІ не хочаце і вы ўпэўніцца, пан Палацавы Наглядчык.
Наглядчык Палаца з паклонам узяў лыжку, паспрабаваў і ледзь не падскочыў ад задавальнення.
— Я не хачу вас пакрыўдзіць, дарагі Загадчык Снеданнямі,— сказаў ён,— вы выдатны, спрактыкаваны кухар, але такога супу і такіх клёцак вам згатаваць яшчэ не ўдавалася.
Кухар таксама паспрабаваў абедзве стравы, пачціва паціснуў карліку руку і сказаў:
— Малыш, ты — вялікі майстар! Твая траўка Уцяшэнне Страўніка прыдае супу і клёцкам асаблівы смак.
У гэты час у кухні з’явіўся слуга герцага і патрабаваў снеданне для свайго пана. Страву зараз жа паклалі ў сярэбраныя талеркі і паслалі наверх. Начальнік Кухні, вельмі задаволены, павёў карліка ў свой пакой і хацеў яго распытаць, хто ён і адкуль з’явіўся. Але толькі яны ўселіся і пачалі гутарыць, як за Начальнікам прыйшоў пасланы ад герцага і сказаў, што герцаг яго кліча. Начальнік Кухні хутчэй надзеў сваё лепшае плацце і адправіўся ўслед за пасланым у сталовую.
Герцаг сядзеў там, разваліўшыся ў сваім глыбокім крэсле. Ён дачыста з’еў усё, што было на талерках, і выціраў бараду шаўковай хустачкай. Яго твар ззяў, і ён соладка жмурыўся ад задавальнення.
— Паслухай вось,— сказаў ён, убачыўшы Начальніка Кухні,— я заўсёды быў вельмі задаволен тваім гатаваннем, але сёння снеданне было асабліва смачным. Скажы мне, як завуць кухара, які яго гатаваў,— я пашлю яму некалькі дукатаў ва ўзнага-
роду.
— Пан, сёння здарылася дзіўная гісторыя,— сказаў Начальнік Кухні.
I ён расказаў герцагу, як да яго прывялі раніцой карліка, які абавязкова хоча стаць палацавым кухарам. Герцаг, выслухаўшы яго расказ, вельмі здзівіўся. Ён загадаў паклікаць карліка і пачаў яго распытваць, хто ён такі. Беднаму Якаву не хацелася гаварыць, што ён сем год быў вавёркай і служыў у бабулі, але ілгаць ён таксама не любіў. Таму ён толькі сказаў герцагу, што ў яго цяпер няма ні бацькі, ні маткі і што яго навучыла гатаваць адна бабуля. Герцаг доўга пацяшаўся над дзіўным выглядам карліка і, нарэшце, сказаў яму:
— Так і быць, заставайся ў мяне! Я дам табе ў год пяцьдзесят дукатаў, адно святочнае плацце і звыш таго дзве пары штаноў. За гэта ты будзеш кожны дзень сам гатаваць мне снеданне, назіраць за тым, як гатуюць абед, і наогул загадваць маім сталом. А апрача таго, усім, хто ў мяне служыць, я даю прозвішчы. Ты будзеш называцца «Карлік Нос» і атрымаеш званне Памочніка Начальніка Кухні.
Карлік Hoc пакланіўся герцагу да зямлі і падзякаваў яго за міласць, і, калі герцаг адпусціў яго, Якаў, радасны, вярнуўся на кухню. Цяпер, нарэшце, ён мог не турбавацца аб сваім лёсе і не думаць аб тым, што будзе з ім заўтра.
Ён рашыў добра аддзякаваць свайго гаспадара, і не толькі сам правіцель горада, але і ўсе яго прыдворныя не маглі нахваліцца маленькім кухарам. 3 таго часу як Карлік Hoc пасяліўся ў палацы, герцаг зрабіўся, можна сказаць, зусім іншым чалавекам. Раней яму часценька здаралася шпурляць у кухараў талеркамі і шклянкамі, калі яму не падабалася гатаванне, а адзін раз ён так раззлаваўся, што запусціў у самога Начальніка Кухні дрэнна прасмажанай цялячай нагой. Нага папала небараку ў лоб, і ён пасля гэтага тры дні праляжаў у ложку. Усе кухары дрыжалі ад страху, калі гатавалі герцагу страву.
Але з паяўленнем Карліка Носа ўсё змянілася. Герцаг цяпер еў не тры разы ў дзень, як раней, а пяць разоў, і толькі пахвальваў майстэрства карліка. Усё здавалася яму вельмі смачным, і ён рабіўся
дзень са дня таўсцей. Ён часта запрашаў карліка да свайго стала разам з Начальнікам Кухні і прымушаў іх пакаштаваць стравы, якія яны прыгатавалі.
Жыхары горада не маглі надзівіцца на гэтага выдатнага карліка. Кожны дзень ля дзвярэй палацавай кухні таўпілася мноства народу — усе прасілі і ўмалялі галоўнага кухара, каб ён дазволіў хоць адным вокам паглядзець, як карлік гатуе стравы. А гарадскія багацеі наперабой дабіваліся ў герцага дазволу пасылаць на яго кухню сваіх кухараў, каб яны маглі вучыцца ў карліка гатаваць. Гэта давала карліку немалы даход — за кожнага вучня яму плацілі ў дзень па поўдуката, але ён аддаваў усе грошы іншым кухарам, каб яны яму не зайздросцілі.
Так Якаў пражыў у палацы гады два. Ён быў бы, бадай, нават задаволен сваім лёсам, калі б так часта не ўспамінаў аб бацьку і матцы, якія не прызналі яго і выгналі з дому. Толькі гэта яго і засмучала. I вось аднойчы з ім здарыўся такі выпадак.
Карлік Hoc вельмі добра ўмеў купляць прыпасы. Ён заўсёды сам хадзіў на рынак і выбіраў для герцагскага стала гусей, качак, зелень і гародніну. Неяк раз, раніцой, ён пайшоў на базар за гусямі і доўга не мог знайсці дастаткова тлустых птушак. Ён некалькі разоў прайшоўся па базару, выбіраючы лепшага гуся. Цяпер ужо ніхто не смяяўся над карлікам. Усе нізка яму кланяліся і пачціва ўступалі дарогу. Кожная гандлярка была б шчасліва, калі б ён купіў у яе гуся.
Ходзячы ўзад і ўперад па рыначнай плошчы, Якаў раптам заўважыў у канцы базара, у баку ад іншых гандлярак, адну жанчыну, якой не бачыў раней. Яна таксама прадавала гусей, але не расхвальвала свой тавар, як іншыя, а сядзела моўчкі, не гаворачы ні слова. Якаў падышоў да гэтай жанчыны і агледзеў яе гусей. Яны былі якраз такія, як ён хацеў. Якаў купіў тры птушкі разам з клеткай — двух гусакоў і адну — гуску,— паставіў клетку на плячо і пайшоў назад у палац. I раптам ён заўважыў, што дзве птушкі гагочуць і хлопаюць крыллямі, як належыць добрым гусакам, а трэцяя — гуска — сядзіць ціха і нават як быццам уздыхае.
«Гэтая гуска хворая,— падумаў Якаў.— Як толь-
кі прыйду ў палац, зараз жа загадаю яе прырэзаць, пакуль яна не падохла».
I раптам птушка, нібы разгадаўшы яго думкі, выразна і гучна сказала:
Ты не рэж мяне —
Заклюю цябе.
Калі шыю мне звярнеш — Раней часу памрэш.
Якаў ледзь не выпусціў клетку.
— Вось цуды! — закрычаў ён.— Вы, аказваецца, умееце гаварыць, пані гусыня? He бойцеся, такую цікавую птушку я не заб’ю. Гатоў ісці ў заклад, што ты не заўсёды хадзіла ў гусіных пер’ях. Бо быў жа і я калісьці маленькай вавёрачкай.