Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
Душа Святла. На жаль, я тут няўладна!.. Гэтыя дзверы для нас зачынены. Я павінна развітацца з вамі...
Цільціль. Куды ж ты ад нас пойдзеш?
Д у ш а. Пайду я недалёка, дзеткі,— туды, ў Краіну Маўчання Прадметаў...
Цільціль. He, не, я не хачу... Мы пойдзем з табой... Я скажу маме...
Душа Святла. He плачце, дарагія мае!.. У адрозненне ад Вады ў мяне няма голасу. У мяне ёсць толькі ззянне, але Чалавек не чуе яго. Я ж нядрэмна ля Чалавека да апошняга яго дзянька... Памятайце: я размаўляю з вамі ў кожным месячным промні, які слізгае з Нябёсаў на Зямлю, у кожнай зары, якая займаецца над лесам, лугам і полем, горадам і вёскай, у кожнай запаленай лямпе, у кожным вашым чыстым і ясным намеры, светлай думцы...
За сцяной б’е восем гадзін.
Вы чулі?.. Час нашай разлукі прабіў... Бывайце!.. Брамка адчыняецца!.. Уваходзьце! Уваходзьце! Уваходзьце!
Душа Святла падводзіць дзяцей да брамкі. Брамка адчыняецца і ў той жа міг зачыняецца за дзецьмі. Хлеб крадком выцірае слёзы. Цукар, Вада, уся ў слязах, і іншыя разбягаюцца ў розныя бакі. 3-за куліс даносіцца скавытанне Сабакі. Сцэна некаторы час застаецца пустой, затым дэкарацыя, якая паказвае сцяну з брамкай, рассоўваецца, а за ёй паўстае карціна апошняя.
КАРЦІНА ДВАНАЦЦАТАЯ
АБУДЖЭННЕ
Абстаноўка тая ж, што ў першай карціне, толькі сцены, паветра — усё тут чароўна пераўтварылася, зрабілася навейшым. Pa-
даснае дзённае святло прабралася ва ўсе шчыліны зашчэпленых аканіц.
У глыбіні сцэны, направа, Цільціль і Міціль спяць салодкім сном на сваіх ложках. Сабака, Кошка і ўсе прадметы на сваіх месцах, як у першай карціне, да прыходу Феі.
Уваходзіць Маці Ціль.
Маці Ціль(з напушчанай строгасцю). Уставайце, уставайце, гультаі!.. Як вам не сорамна?.. Восем гадзін прабіла, сонца ўжо з-за лесу выкацілася! Божухна! Ну і спяць, ну і спяць!.. (Нахіляецца і цалуе дзяцей.) Разрумяніліся... Ад Цільціля пахне лавандай, а ад Міціль — ландышам... (Цалуе іх яшчэ раз.) Да чаго ж прыгожыя дзеці! А ўсё ж не дам я ім спаць да дванаццаці гадзін, могуць абгультаіцца... Ды і кажуць яшчэ, што для здароўя гэта шкодна... (Лёгка трасе Цільціля.) Хопіць, годзе, Цільціль!
Цільціль (прачынаецца). Гэта ты, Душа Святла?.. Дзе яна?.. He, не, не адыходзь!.. He пакідай нас!..
Маці Ціль. Святло?.. Ну так, ужо светла... I даўно... Хоць і аканіцы зачынены, а светла, як днём... Пачакай, я зараз адчыню... (Расчыняе аканіцы.)
Асляпляльна яркае дзённае святло залівае пакой.
Вось бачыш!.. Але што з табой?.. Ты быццам з месяца зваліўся...
Цільціль (трэ вочы). Мама, мама!.. Гэта ты!.. Маці Ціль. Ну, вядома, я... А хто ж яшчэ?.. Цільціль. Гэта ты... Так, так, гэта ты!..
Маці Ціль. Ну так, я... За ноч я не змянілася... Што ты глядзіш на мяне, як на дзіва?.. Ці нос у мяне на бок завярнуўся?..
Цільціль. Як я рады цябе бачыць!.. Мы ж з табой так даўно... Дай я цябе пацалую!.. Яшчэ, яшчэ, яшчэ!.. А гэта мой ложачак!.. Я дома!..
Маці Ціль. Ды што з табой?.. Ты яшчэ не прачнуўся?.. Можа ты хворы?.. Пакажы язык!.. А ну, уставай, уставай зараз жа, апранайся!..
Цільціль. Э-э, ды я ў адной сарочцы!..
Маці Ціл*. А ў чым жа яшчэ?.. Надзявай куртачку і штонікі... Вунь там, на крэсле...
Цільціль. Няўжо я так і падарожнічаў?..
Маці Ціль. Падарожнічаў?..
Цільціль. Так, я ў мінулым годзе распачаў сваё падарожжа...
Маці Ціль. У мінулым годзе?..
Цільціль. Ну так! Я пайшоў з дому пад Каляды...
Маці Ціль. Пайшоў з дому?.. Ды ты з пакоя не выходзіў... Учора вечарам я цябе паклала спаць, а зараз прыйшла будзіць... Табе ўсё гэта прыснілася?..
Цільціль. Ты нічога не разумееш!.. У мінулым годзе я пайшоў з дому з Міціль, з Феяй, Душой Святла — Душа Святла такая добрая! — 3 Цукрам, з Вадой і з Агнём. Вада і Агонь увесь час біліся... Ты на нас не злавалася? Ты не вельмі сумавала?.. А як бацька?.. Я не мог адмовіцца... Я пакінуў вам запіску і ўсё растлумачыў...
Маці Ціль. Што ты вярзеш?.. Або ты хворы, або яшчэ не прачнуўся. (Жартоўна дае яму плескача.) Ды прачніся ж! Ну цяпер прачнуўся?
Цільціль. He, мама, запэўніваю цябе: гэта ты спіш, а не я...
Маці Ціль. Як гэта я сплю?.. Ды я з шасці гадзін на нагах... Прыбрала ўсё, печку запаліла...
Цільціль. Запытай у Міціль, калі мне не верыш... Якія ў нас былі прыгоды...
Маці Ціль. У Міціль? А яна тут пры чым?..
Цільціль. Мы разам падарожнічалі... Мы бачылі Дзядулю і Бабулю...
Маці Ціль (у поўным неўразуменні). Дзядулю і Бабулю?..
Цільціль. Так, у Краіне Успамінаў... Нам было па дарозе... Яны памерлі, але адчуваюць сябе добра... Бабуля частавала нас смачным пірагом са слівамі... А яшчэ мы бачылі малодшых братоў і сясцёр: Рабэра, Жана з ваўчком, Мадлену, П’ерэту, Паліну, Рыкету.
Міціль. Рыкета ўсё яшчэ поўзае ракам!..
Цільціль. А ў Паліны па-ранейшаму на носе прышчык...
Міціль. Мы і цябе бачылі ўчора вечарам.
Маці Ціль. Учора вечарам? Нічога дзіўнага няма — я цябе спаць клала.
Цільціль. Ды не, у Садах Шчасця, Раскошы,— ты там была значна прыгажэйшай, але падобнай на сябе...
Маці Ціль. У Садах Шчасця, Раскошы? Ды я там ніколі не была...
Цільціль (любуецца ёю, пасля цалуе). Так, ты там была намнога прыгажэй; але я болып люблю цябе такой, як ты зараз...
Міціль (таксама цалуе яе). I я, і я...
Маці Ціль (замілавана, расчулена, але разам з тым устрывожана). Божухна, ды што ж гэта з імі?.. Іншых згубіла, не дай, Божа, яшчэ і гэтых згубіць... (Ахопленая раптоўным страхам, кліча.) Тата Ціль! Тата Ціль!.. Хадзі хутчэй! Дзеці хворыя!..
Спакойна, нават быццам абыякава уваходзіць Бацька Ціль; у яго руках сякера.
Бацька Ціль. Што такое?..
ЦільцільіМіціль (весела бягуць яму насустрач і цалуюць яго). Вось і тата!.. Добры дзень, тата!.. Ты добра папрацаваў у гэтым годзе?..
Бацька Ціль. Ды што такое?.. У чым справа?.. Зусім яны не падобныя на хворых, у іх зусім здаровы выгляд...
Маці Ціль(са слязамі ў голасе). На гэта нельга спадзявацца... Каб не было так, як з тымі... У тых да апошніх хвілін быў здаровы выгляд, пакуль Бог іх не прыбраў... He магу зразумець, што з імі такое... Вечарам паклала спаць — усё было добра, а прачнуліся — быццам хто змяніў іх... Бог ведае, што вярзуць, усё пра нейкае падарожжа... Бачылі яны і Святло, і Дзядулю з Бабуляй — памерлі, кажуць, а адчуваюць сябе добра...
Цільціль. Дзядуля па-ранейшаму клыпае на кавяле...
Міціль. А ў Бабулі рэўматызм...
Маці Ціль. Чуеш?.. Бяжы хутчэй за доктарам!..
Бацька Ціль. Ды пачакай, пачакай!.. He паміраюць жа яны... Яшчэ паспеем...
Грук у дзверы.
Уваходзьце!
Заходзіць Суседка — бабуля, падобная на Фею з першай дзеі; ходзіць яна з кіёчкам.
С у с е д к а. Добры дзень! Са святам вас!
Цільціль. Гэта Фея Берылюна!
Суседка. Я прыйшла дроўцаў у вас папрасіць — хачу лепш суп зварыць дзеля свята... На двары цяпер халадэча... Добры дзень, дзеткі! Як жывяце?..
Цільціль. Пані Фея Берылюна, я не знайшоў Сіняй Птушкі...
Суседка. Што ён гаворыць?..
Маці Ціль. Іне запытвайце аб тым, пані Берленго! Яны самі не ведаюць, што гавораць... Прачнуліся — і ўсё ніяк не могуць прыйсці ў сябе, апрытомнець... Пэўна, з’елі што-небудзь нясвежае...
С у с е д к а. Што з табой, Цільціль? Хіба ты не пазнаеш цётачку Берленго, сваю суседку?..
Цільціль. Як жа мне вас не пазнаць, васпані!.. Вы — Фея Берылюна!.. Вы на мяне не злуеце?..
Суседка. Як? Беры...
Цільціль. Берылюна.
Суседка. Берленго, ты хочаш сказаць — Берленго...
Цільціль. Берылюна, Берленго — гэта як вам пажадаецца, васпані... Міціль таксама можа пацвердзіць...
Маці Ціль. I Міціль туды ж — вось што дрэнна...
Бацька Ціль. Нічога, нічога!.. Пройдзе. Вось я ім зараз надаю шляпкоў...
Суседка. He трэба, гэта зусім лішняе... Я здагадваюся, у чым тут справа: гэта ім прымроілася... На іх, напэўна, падала месячнае святло, калі яны спалі... 3 маёй хворай унучкай гэта часта здараецца...
Маці Ціль. Дарэчы, як здароўе вашай унучкі?..
Суседка. Так сабе. He падымаецца... Доктар кажа — нервы... А я ведаю, што ёй дапамагло б... Цяпер яна мяне прасіла падарыць на Каляды... вось жа ўбіла сабе ў галаву...
Маці Ціль. Так, так, я помню: яна ўсё марыць аб птушцы Цільціля... Ну дык як, Цільціль, падорыш ты яе беднай дзяўчынцы?..
Цільціль. Што мне ёй падарыць, мама?..
Маці Ціль. Птушку... Яна ж табе не патрэбна... Ты на яе і не глядзіш... А дзяўчынка зусім жыць без яе не можа!..
Цільціль. Праўда, праўда, у мяне ёсць птушка... Дзе ж яна?.. А, вось і клетка!.. Міціль, глядзі, вунь клетка!.. Гэта тая, якую насіў Хлеб... Так, так, тая самая, але ў ёй толькі адна птушка... А другую ён з’еў, ці што? Пачакай, пачакай!.. Ды яна ж сіняя!.. Ды гэта ж мая туркаўка, галубка мая!.. Але ж калі я адыходзіў, яна была не такой сіняй! Ой, ды гэта ж і ёсць тая Сіняя Птушка, якую мы шукалі!.. Мы за ёй у такую далеч хадзілі, а яна, аказваецца, тут! Вось гэта я разумею!.. Міціль, ты бачыш птушку?.. Вось дзе парадавалася б Дупіа Святла!.. Я зараз дастану клетку... (Узлазіць на стул, бярэ клетку і перадае яе Суседцы.) Вось, калі ласка, пані Берленго... 3 часам яна зробіцца зусім сіняй-сіняй, вось убачыце... Аднясіце яе хутчэй вашай унучцы...
Суседка. He, праўда?.. Ты мне яе аддаеш? Дарма аддаеш?.. Божухна, вось дык радасць для маёй унучкі... Дай я цябе пацалую!.. (цалуе Цільціля.) Бягу!.. Бягу!..
Цільціль. Так, так, ідзіце хутчэй!.. A то некаторыя птушкі мяняюць афарбоўку...
Суседка. Я яшчэ да вас зайду, раскажу... (Выходзіць.)
Цільціль (доўгім позіркам акідвае хаціну). TaTa, мама, што вы зрабілі з нашым пакоем?.. Усё на сваім месцы, але цяпер значна прыгажэй...
Бацька Ціль. Як гэта — прыгажэй?
Цільціль. Ну так, усё пафарбавана, аздоблена занава, усё зіхаціць, блішчыць... Летась было не так...
Бацька Ціль. У мінулым годзе?
Цільціль (падыходзіць да акна). А вунь лес!.. Які ж ён прыгожы!.. I таксама быццам зусім новы!.. Да чаго ж тут добра! (Заглядвае ў дзяжу.) А дзе Хлеб?.. Бач ты, нават не зварухнуўся! А вось Ціло!.. Ціло, Ціло, Ціло, добры дзень!.. Ты, брат, храбрэц, малайчына!.. Помніш, у лесе?..
Міціль. Паглядзі на Цілету!.. Яна пазнала мяне, а сказаць нічога ўжо не можа...
Цільціль. Пан Хлеб!.. (Хапае сябе за галаву.) Ой, дыямент знік! Хто ўзяў маю зялёную шапачку?.. Ну, добра, усё роўна; цяпер яна мне больпі не патрэбна... А, Агонь!.. Вось задзіра!.. Шыпіць, a сам рагоча — усё дражніць Ваду... (падбягае да крана.) А Вада?.. Дзень добры, Вада!.. Што яна сказала?.. Яна ўвесь час штосьці гаворыць, але я яе ўжо не разумею...