Сіняя птушка | Бэмбі | Карлік Hoc | Хлопчык-зорка | Салавей і ружа | Зачараваная хатка
Казкі. П’еса
Аскар Уайльд, Вільгельм Гаўф, Графіня дэ Сэгюр, Марыс Метэрлінк, Фелікс Зальтэн
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 299с.
Мінск 1997
— Вясной сем будзе. Ужо мы і аб’яўлялі аб ім і па людзях хадзілі — пыталі пра хлопчыка,— яго ж многія ведалі, усе яго, прыгажуна, любілі,— але колькі ні шукалі яго, так і не знайшлі. I жанчыну тую, іцто ў Ханны гародніну купляла, ніхто з таго часу не бачыў. Адна старая-старая бабуля — дзевяноста ўжо год на свеце жыве — казала Ханне, што гэта, магчыма, злая чараўніца Крэйтэрвейс, што прыходзіць у горад раз у пяцьдзесят год закупляць правізію.
Так расказваў бацька Якава, пастукваючы малатком па боту і выцягваючы ў кулаку доўгую дратву. Цяпер, нарэшце, Якаў зразумеў, што з ім здарылася. Значыць, ён не ва сне гэта бачыў, а сапраўды сем год быў вавёркай і служыў у злой чараў ніцы. У яго прама сэрца разрывалася з прыкрасці. Сем год жыцця ў яго ўкрала бабуля, а што ён за гэта
атрымаў? Навучыўся чысціць какосавыя шкарлупкі і націраць шкляныя падлогі ды ўсякія смачныя стравы навучыўся гатаваць.
Доўга стаяў ён на парозе крамы, не кажучы ні слова. Нарэшце, шавец спытаў яго:
— Можа быць, вам што-небудзь у мяне спадабалася, пан? Ці не возьмеце пару туфель або хоць бы,— тут ён раптам пырснуў са смеху,— футляр для носа?
— А што такое з маім носам? — сказаў Якаў.— Нашто мне для яго футляр?
— Воля ваша,— адказаў шавец,— але будзь у мяне такі жудасны нос, я б, асмелюся сказаць, хаваў яго ў футляр — у добры футляр з ружовай лайкі. Зірніце, у мяне якраз ёсць падыходзячы кавалачак. Праўда, на ваш нос спатрэбіцца нямала скуры, але затое як вам будзе зручна, панок мой! Вы ж, мабыць, часценька задзяваеце носам за дзверы.
Якаў ні слова не мог сказаць ад здзіўлення. Ён памацаў сабе hoc: нос быў тоўсты і доўгі — чвэрці ў дзве, не менш. Відаць, злая бабуля, праўда, ператварыла яго ў вырадка. Вось чаму маці не прызнала яго.
— Гаспадар,— чуць не плачучы сказаў ён,— ці няма ў вас тут люстэрка? Мне трэба паглядзецца ў люстэрка, абавязкова трэба!
— Сказаць па праўдзе, пан,— адказаў шавец,— не такі ў вас выгляд, каб было чым ганарыцца. Няма чаго вам кожную мінуту глядзецца ў люстэрка. Кіньце гэтую прывычку! Вам вось яна ўжо зусім не да твару.
— Дайце, дайце мне хутчэй люстэрка! — узмаліўся Якаў.— Запэўніваю вас, мне вельмі патрэбна. Я, праўда, не з ганарыстасці...
— Ды ну вас зусім! Няма ў мяне люстэрка! — раззлаваўся шавец.— У жонкі было адно малюсенькае, ды не ведаю, куды яна яго падзела. Калі ўжо вам так не церпіцца на сябе паглядзець — вунь, супраць, крама цырульніка Урбана. У яго ёсць люстэрка, разы ў два большае за вас. Глядзіцеся ў яго, колькі вам трэба. А затым пажадаю вам добрага здароўя.
I шавец легенька выштурхнуў Якава з крамы
і зачыніў за ім дзверы. Якаў быстра перайшоў праз вуліцу і ўвайшоў да цырульніка, якога ён раней добра ведаў.
— Добрай раніцы, Урбан,— сказаў ён.— У мяне да вас вялікая просьба. Будзьце ласкавы, дазвольце мне паглядзецца ў вашае люстэрка.
— Зрабіце ласку — вунь яно стаіць, у левым прасценку! — крыкнуў Урбан і гучна рассмяяўся.— Палюбуйцеся, палюбуйцеся на сябе! Вы ж сапраўдны прыгажунчык — тоненькі, стройны, шыя лебядзіная, рукі нібы ў каралевы, а носік курносенькі, лепшага няма на свеце. Вы, вядома, крыху ім фарсіце, ну, ды ўсёроўна, паглядзіце на сябе. Няхай не кажуць, што я з зайздрасці не дазволіў вам паглядзецца ў маё люстэрка.
Наведвальнікі, якія прыйшлі да Урбана брыцца і стрыгчыся, аглушальна рагаталі, слухаючы яго жарты. Якаў падышоў да люстэрка і мімаволі адхіснуўся. Слёзы выступілі ў яго на вачах. Няўжо гэта ён — гэты агідны карлік? Вочы ў яго сталі маленькія, як у свінні, велізарны нос звешваўся ніжэй падбародка, а шыі як быццам і зусім не было. Галава глыбока ўвайшла ў плечы, а ён амаль зусім не мог яе павярнуць. А ростам ён быў такі ж, як сем год назад,— зусім маленькі. Іншыя хлопчыкі за гэтыя гады выраслі ўверх, а Якаў рос ушырыню. Спіна і грудзі ў яго былі шырокія-прышырокія, і ён быў падобен на вялікі, шчыльна набіты мяшок. Тоненькія кароценькія ножкі ледзь неслі яго цяжкое цела. А рукі з кручкаватымі пальцамі былі, наадварот, доўгія, як у дарослага мужчыны, і звісалі амаль да зямлі. Такім быў цяпер небарака Якаў.
«Так,— падумаў ён, глыбока ўздыхаючы.— He дзіўна, што ты не прызнала свайго сына, матуля. He такім ён быў раней, калі ты любіла хваліцца ім перад суседкамі».
Яму ўспомнілася, як бабуля падышла ў тую раніцу да яго маткі. Усё, над чым ён тады смяяўся,— і доўгі нос і брыдкія пальцы — атрымаў ён ад бабулі за свае насмешкі. А шыю яна ў яго адняла, як абяцала...
— Ну, што, уволю наглядзеліся на сябе, мой прыгажунчык? — спытаў са смехам Урбан, падыходзячы да люстэрка і аглядваючы хлопчыка з ног
да галавы.— Чэснае слова, такога смешнага карліка і ва сне не ўбачыш. Ведаеце, малыш, я хачу прапанаваць вам адну справу. У маёй цырульні бывае многа народу, але не так многа, як раней. А ўсё таму, што мой сусед, цырульнік Шаўм, раздабыў сабе дзесьці велікана, які прыманьвае да яго наведвальнікаў. Ну, стаць веліканам, наогул кажучы, ужо не так хітра, а вось такі крошка, як вы — гэта іншая справа. Паступайце да мяне на службу, малыш. I жыллё, і харч, і вопратку — усё ад мяне будзеце атрымліваць, а работы ўсяго — стаяць ля дзвярэй цырульні і заклікаць народ. Ды, бадай, яшчэ ўзбіваць мыльную пену і падаваць ручнік. I, напэўна, вам скажу, мы абодва астанемся ў выгадзе: у мяне будзе болып наведвальнікаў, чым у Шаўма з яго веліканам, а вам кожны яшчэ на чаёк дасць.
Якаў у душы вельмі пакрыўдзіўся — як гэта яму прапануюць быць прыманкай у цырульні! — але што зробіш? Прыходзілася сцярпець гэтую знявагу. Ён спакойна адказаў, што вельмі заняты і не мае часу для такой работы, і пайшоў.
Хоць цела ў Якава было скалечана, але галава працавала добра, як раней. Ён адчуў, што за гэтыя сем год зрабіўся зусім дарослым.
«Не тое бяда, што я стаў вырадкам,— разважаў ён, ідучы па вуліцы.— Крыўдна, што і бацька і маці прагналі мяне ад сябе, як сабаку. Паспрабую яшчэ раз пагаварыць з маткаю. Можа быць, яна мяне ўсётакі пазнае».
Ён зноў адправіўся на рынак і, падышоўшы да Ханны, папрасіў яе спакойна выслухаць, што ён хацеў ёй сказаць. Ён напомніў ёй, як яго павяла бабуля, пералічыў усё, што здарылася з ім у дзяцінстве, і расказаў, што ён сем год пражыў у чараўніцы, якая ператварыла яго спачатку ў вавёрку, а потым у карліка за тое, што ён над ёю пасмяяўся.
Ханна не ведала, што ёй і думаць. Усё, што казаў карлік пра сваё дзяцінства, было правільна, але каб ён сем год быў вавёркай — гэтаму яна паверыць не магла.
— Гэта немагчыма! — усклікнула яна.
Нарэшце, Ханна рашыла параіцца са сваім мужам. Яна сабрала свае карзіны і прапанавала
Якаву пайсці разам з ёю ў краму шаўца. Калі яны прышлі, Ханна сказала мужу:
— Гэты карлік кажа, што ён наш сын Якаў. Ён мне расказаў, што яго сем год назад у нас укралі і што яго зачаравала чараўніца.
— Ах, вось як! — сярдзіта перабіў яе шавец.— Ён табе, значыць, усё гэта расказаў? Пачакай, дурная! Я сам яму толькі што расказаў пра нашага Якава, а ён, бачыш, прама да цябе, і давай цябе абдурваць. Дык цябе, кажаш, зачаравалі? А ну вось я цябе зараз расчарую!..
I шавец схапіў рамень і, падскочыўшы да Якава, так адсцёбаў яго, што хлопчык з гучным плачам выскачыў з крамы.
Цэлы дзень бадзяўся бедны карлік па горадзе, не еўшы, не піўшы. Ніхто не пашкадаваў яго, і ўсе над ім толькі смяяліся. Начаваць яму прышлося на царкоўнай лесвіцы, прама на жорсткіх, халодных усходах.
Як толькі ўзышло сонца, Якаў устаў і зноў пайшоў хадзіць па вуліцах.
«Як жа я буду жыць далей? — думаў ён.— Быць шыльдай у цырульніка або паказвацца за грошы я не хачу, а маці і бацька мяне прагналі. Што ж мне прыдумаць, каб не памерці з голаду?»
I тут Якаў успомніў, што, пакуль ён быў вавёркай і жыў у бабулі, яму ўдалося навучыцца добра гатаваць.
I ён рашыў паступіць кухарам да герцага.
А герцаг, правіцель той краіны, быў вядомы аб’ядайла і ласун. Ён болып за ўсё любіў добра пад’есці і выпісваў сабе кухараў з усіх канцоў зямлі.
Якаў пачакаў крыху, пакуль зусім развіднела, і накіраваўся да герцагскага палаца.
Гучна стукала ў яго сэрца, калі ён падышоў да варот палаца. Вартаўнікі спыталі яго, што яму трэба, і пачалі над ім пацяшацца, але Якаў не разгубіўся і сказаў, што хоча бачыць Галоўнага Начальніка Кухні. Яго павялі якімісьці дварамі, і ўсе, хто толькі яго бачыў з герцагскіх слуг, беглі за ім і гучна рагаталі.
Хутка ў Якава ўтварылася велізарная світа. Конюхі пакідалі свае скрабніцы, скараходы імчаліся
наперагонкі, каб не адстаць ад яго, падлогацёры перасталі выбіваць дываны. Усе цясніліся вакол Якава, і на дварэ стаяў такі шум і гоман, нібы да горада падступілі ворагі. Усюды чуліся крыкі:
— Карлік! Карлік! Бачылі вы карліка?
Нарэшце, на двор выйшаў Палацавы Наглядчык — заспаны тоўсты чалавек з вялізным бізуном У руцэ.
— Гэй, вы, сабакі! Што гэта за шум? — закрычаў ён грамавым голасам, неміласэрна б’ючы сваім бізуном па плечах і спінах конюхаў і прыслужнікаў.— He ведаеце вы хіба, што яго светласць яшчэ спіць?
— Пан,— адказвалі вартаўнікі,— паглядзіце, каго мы да вас прывялі! Сапраўднага карліка! Такога вы яшчэ, мабыць, ніколі не сустракалі.
Убачыўшы Якава, Наглядчык зрабіў страшную грымасу і як можна шчыльней сціснуў губы, каб не рассмяяцца,— важнасць не дазваляла яму рагатаць перад конюхамі. Ён разагнаў сабраўшыхся сваім бізуном і, узяўшы Якава за руку, прывёў яго ў палац і спытаў, што яму трэба. Пачуўшы, што Якаў хоча бачыць Начальніка Кухні, Наглядчык усклікнуў:
— Няпраўда, сынок! Гэта я табе патрэбен, Палацавы Наглядчык. Ты ж хочаш паступіць да герцага ў карлікі, ці не так?
— He, пан,— адказаў Якаў.— Я добры кухар і ўмею гатаваць усякія рэдкасныя стравы. Адвядзіце мяне, калі ласка, да Начальніка Кухні. Можа быць, ён згодзіцца выпрабаваць маё майстэрства.
— Твая воля, малыш,— адказаў Наглядчык.— Ты яшчэ, відаць, дурны, хлопец. Будзь ты прыдворным карлікам, ты мог бы нічога не рабіць, есці, піць, весяліцца і хадзіць у прыгожай вопратцы, а ты хочаш на кухню! Але мы яшчэ паглядзім. Наўрад ці ты дастаткова ўмелы кухар, каб гатаваць стравы самому герцагу, а для кухціка ты вельмі прыгожы.
Сказаўшы гэта, Наглядчык адвёў Якава да Начальніка Кухні. Карлік нізка пакланіўся яму і сказаў:
— Міласцівы пан, ці не патрэбен вам умелы кухар?