Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
I як тут абмінуць паралелі забойства Лінкальна і Кенэдзі. Першы быў абраны ў Кангрэс ў 1846-м, другі — ў 1946-м. Першы стаў прэзыдэнтам ў 1860-м, другі — у 1960-м, імёны абодвух па-ангельску налічваюць па сем літараў, абодвух забілі ў пятніцу, абодвух стрэлам у галаву, абодвух ззаду, побач з абодвума былі іх жонкі, Лінкальн быў забіты ў «Тэатры Форда», Кенэдзі ў аўтамабілі «Форд» мадэлі «Лінкальн», абодва наступныя прэзыдэнты мелі прозьвішча Джонсан і абодва былі з поўдня, першы Джонсан нарадзіўся ў 1808-м, другі ў 1908-м — але гэта толькі кветачкі.
Забойца Лінкальна Джон Вілкес Бут нарадзіўся ў 1839-м, Лі Гарві Освальд — у 1939-м, абодва былі з поўдня, у абодвух трохслоўнае імя, у абодвух імёны па-ангельску налічваюць 15 літараў, абодва былі забітыя перад судом...
Гэты сьпіс падабенстваў зьявіўся неўзабаве пасьля забойства Кенэдзі і паўстагодзьдзя зачароўваў амэрыканскую публіку, якая не давала веры
скептыкам, якія сьцьвярджалі, што нічога неверагоднага з пункту гледжаньня статыстыкі тут няма, што адрозьненьняў нашмат болын, чым супадзеньняў, што некаторыя зьвесткі недакладныя (Бут нарадзіўся на год раней), паралелі нацягнутыя...*
Неяк, адразу пасьля выхаду кнігі Мэйлера, я спытаўся ў аднаго менскага літаратара, чаму ён казаў знаёмым, быццам я агент КДБ. Крыху сумеўшыся, той патлумачыў — ты ж пісаў пра Освальда. Паводле гэтай лёгікі ён сам зьяўляўся сэксуальным маньякам, заафілам, нэкрафілам, сэрыйным забойцам і зрэдку іншаплянэтнікам.
Як казаў у падобных выпадках беларускі клясык Уладзімер Караткевіч:
«Хоць ты ўзвый на Месяц, стаўшы ракам!»
*Адзін з самых цытаваных аўтараў у сьвеце, радыкальны крытык амэрыканскай палітыкі зьлева, прафэсар Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту Ноам Чомскі, які нічога ніколі ня браў на веру, так выказаўся з нагоды тэорыяў змовы: «Ёсьць шмат супадзеньняў, нявытлумачаных зьяваў, чаму нешта здарылася, a нешта не. Калі паглядзець на кіраваны, кантраляваны навуковы экспэрымэнт у найлепшай лябараторыі — там таксама так. Там таксама шмат невытлумачальных рэчаў, дзіўных супадзеньняў. Паглядзіце на лісты, якія друкуюць у навукова-тэхнічных часопісах, такіх як «Nature», «Science» — пішуць пастаянна пра невытлумачальныя праявы ўтэхнічных экспэрымэнтах, як шмат рэчаў застаюцца без вытлумачэньня. Так створаны сьвет. Шматрозных рэчаў здараецца, пазьней можна іх аб’я днаць у я ку ю-небудзь заканамернасьць, але раней нельга бы ло. Але й гэтая заканамернасьць можа цалкам ня мець сэнсу. Проста такая прырода складаных падзеяў. Сьведчаньні, якія зь іх вынікаюць, ня маюць каштоўнасьці. Перакананьне, што гэта магло быць зроблена спэцыяльна, выклікае надзвычай малы давер... Велізарная энэргія кідаецца на пошукі, хто забіў Кенэдзі... Сотні людзей забіваюць увесь час, і што з таго, што адзін зь іх быў Кенэдзі? Калі б бы ла падстава меркаваць, што існавала якая-небудзь змова ў вярхах, было б цікава, але доказы пра аднаго забойцу аглушальна пераканаўчыя». http:// www.youtube.com/watch?NR=l&v=LoDqDvbgeXM
Пераклады перакладаў перакладаў
Маршрут гэтага падарожжа пралягае праз дакумэнты КДБ, якія атрымаў і апублікаваў Мэйлер. Цымус у тым, што атрымаў ён іх па-расейску, a апублікаваў па-ангельску, а я з ангельскай перакладаў на беларускую. Але гэта ня ўсё. Некаторыя дакумэнты, якія атрымаў Мэйлер ад КДБ, былі перакладамі з ангельскай на расейскую, зь якой потым ён перакладаў на ангельскую, а затым я на беларускую.
I гэта ня ўсё — каб палагодзіць пытаньні з аўтарскімі правамі Мэйлера, быў адпраўлены ліст у амэрыканскае выдавецтва і праваўладальнікам, дзе апісвалася структура майго дасьледаваньня і ішла гаворка пра аўтарскае права на пераклады і пераклады зь перакладаў — натуральна, усё гэта зноў у перакладзе.
Вось як пішчом чытачу трэба лезьці ў тыя архівы КДБ.
А вось што атрымаецца, калі запусьціць выраз «пішчом лезьці» праз аўтаматычны перакладчык
Google па ланцужку «беларуская — расейская — ангельская — беларуская»:
«Пішчом лезьці — ппіцат лезет — squeak climbs — складана падымаецца».
I сапраўды складана. Але падымаецца! Як падымаецца з кожным трапятаньнем бязважкі матылёк, ад крылцаў якога, як сьцьвярджаюць прыхільнікі тэорыі хаосу, можа нарадзіцца нават бура.
I некалі ж можна будзе зазірнуць і ў калекцыі КДБ, каб удакладніць пераклады, дый ня толькі іх.
Але гэта адбудзецца ўжо пасьля перайменаваньня другога паводле вядомасьці ў сьвеце расейскага слова з трох літараў.
Калі ня спаляць, як некалі ў апошнія гадзіны ГДР палілі архівы Штазі.
Хоць як спаліш сьляды матылькоў, што адляцелі?
Хто сьмяецца апошнім
Гэтая лепідаптэралягічная экспэдыцыя па сьлядох Освальда была і дасьледаваньнем менскіх падарожжаў Нормана Мэйлера, які лавіў тут сваіх матылькоў.
Мэйлер упадабаў Менск:
— Гэтая кніга пісалася лягчэй, чым іншыя мае кнігі. Я таксама атрымаў больш ад гэтай кнігі. Я люблю гэтую кнігу, таму што ў мяне быў надзвычайны досьвед жыцьця ў Менску. Я адчуў, а, чорт, мне ўжо даўно сёмы дзясятак, і я адчуў — я яшчэ не памёр. Зусім няблага. Я магу жыць у дзіўным месцы і шмат ад гэтага атрымліваць, і я плённа працую. Было весела.
На заканчэньне нашай доўгай гутаркі я папрасіў аўтара ўявіць сюжэт: амэрыканскі пісьменьнік прыяжджае ў Менск, дзе атрымлівае матэрыялы сачэньня спэцслужбаў за амэрыканскім грамадзянінам, які жыў тут на пару дзесяцігодзьдзяў раней. Пісьменьнік наймае кватэру, сустракаецца з мно-
ствам людзей, заводзіць знаёмствы — і ўвесь час за ім вядуць назіраньне спэцслужбы, падслухоўваюць размовы, здымаюць гасьцей на відэа, прымушаюць знаёмых пісаць справаздачы. А потым, праз пару дзесяцігодзьдзяў, у Менск прыяжджае дасьледнік творчасьці гэтага амэрыканскага пісьменьніка і атрымлівае доступ да архіву спэцслужбаў...
Мэйлер засьмяяўся.
Замест пасьляслоўя
Першай пакупкай Освальда ў Менску стала электравілка, сымбаль яго лёсу, што як матылёк біўся паміж плюсам і мінусам, пакуль не замкнуў напружаньне на сабе і не згарэў, пакінуўшы ўспамін, крохкі, як вугальныя лускачкі, і эфэмэрны, як дым.
Хоць можна сказаць і наадварот — чатыры мільёны аркушаў дакумэнтаў, што зьявіліся на сьвет з нагоды Освальда, рэч зусім не эфэмэрная. А рапарты вонкавага назіраньня КДБ апярэдзілі відэакамэры на дзесяцігодзьдзі і, дзякуючы ім, можна, як падарожніку ў часе — герою Брэдбэры, патрапіць у дзень Освальда ў Менску:
У 11:00 Лі Гарві выйшаў з гатэлю «Менск» і пайшоў у ГУМ. Там зайшоў у аддзел электратавараў, нешта спытаўся ў прадаўца, дастаў з кішэні грошы і пайшоў да касы. Hi за што не заплаціў, паклаў грошы назад у кішэню і пачаў хадзіць па першым паверсе ўнівэрмагу туды і назад і разглядаць розныя тавары. Затым вярнуўся ў
аддзел электратавараў, заплаціў 2 рублі 25 капеек за электравілку, паклаў яе ў кішэню і падняўся на другі паверх. Там правёў некаторы час у аддзеле гатовага адзеньня, перагледзеў наяўныя касьцюмы, затым выйшаў і хутка пайшоў...
... я таксама выйшаў з гатэлю «Менск» і павярнуў налева, прайшоў паўз кінатэатар «Цэнтральны», абутковую і ювэлірную крамы, затым бясконцы жоўты дом з калёнамі, ззаду засталася заўсёды шматлюдная кнігарня, шакалядны аазіс, крамы кветак і сувэніраў і праз 5 хвілін я ўваходзіў у ГУМ, падышоў да аддзелу электратавараў, павітаўся з прадавачкай, дастаў з кішэні грошы, падышоў да касы, не заплаціў, а вырашыў прагуляцца па першым паверсе ўнівэрмагу туды і назад і паглядзець розныя тавары, падняўся на другі паверх у аддзел мужчынскага адзеньня, перагледзеў наяўныя касьцюмы, вярнуўся ў аддзел электратавараў, заплаціў 1160 рублёў за электравілку, паклаў яе ў кішэню і хутка пайшоў на выхад.
He з пустымі ж рукамі вяртацца.
Падзякі
Аўтар удзячны ўсім, хто спрыяў пошукам і дзяліўся знаходкамі ў сваёй памяці, прыватных архівах, сямейных альбомах і іншых месцах, недаступных нават усемагутнаму Google — Аляўціне Вячорцы, Сьвятлане Лукашук, Інэсе Маркавай, Зянону Пазьняку, Эдуарду Сагындыкаву, Алене Сіваковай, Дэйвіду Суорцу, Станіславу Шушкевічу, Сяргею Ханжанкову, калегам з Радыё Свабода.
Нельга перабольшыць ролю, якую адыгралі ў гэтым паляваньні на матылькоў Стыў Пэтрэн, сваяк аўтара з Масачусэтсу, які здабыў тэкст першай публікацыі «Гістарычнага дзёньніку»; пісьменьнік Норман Мэйлер зь Нью Ёрку, які ахвотна даў аўтару працяглае інтэрвію; дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Сяргей Навумчык, які бясстрашна і рашуча пашыраў беларускую галоснасьць і напісаў свае сьведчаньні для гэтага дасьледаваньня; пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які перагарнуў рукапіс прыдзірлівай рукой гісторыка і лёгкай рукой паэта.
Трафэі гэтай экспэдыцыі ніколі б не пабачылі сьвет без прафэсійных лепідаптэрыстаў — мастака Генадзя Мацура, чыё каліграфічнае пяро ўмее лятаць, вёрстка чытаецца як верш, а вокладкі экспануюцца на выставах, і рэдактара Сяргея Дубаўца, чые парадаксальныя, як зігзагі матылька, прапановы, вострыя, як шпількі для калекцыі лускакрылых, заўвагі, падрабязныя, як навука энтамалёгія, парады аўтар стараўся ўвасобіць, наколькі мог.
Усе недакладнасьці, прабелы і недарэчнасьці — заслуга самога аўтара, за якую ён гатовы панесьці якое-небудзь лёгкае пакараньне, напрыклад, паспрабаваць амаль немагчымае — злавіць у палёце матылька.
I адпусьціць.
Асноўныя крыніцы
Report of the President’s Commission on the Assasination of President John F. Kennedy and 26 accompanying volumes of Hearings and Exhibits. Washington D.C. US Government Printing Office, 1964
http://www.history-matters. com*
Who Was Lee Harvey Oswald? Documentary, Frontline —WGBH, Boston -PBS, 1993
Priscilla McMillan. Marina and Lee. New York, Harper and Row, 1977
Norman Mailer. Oswald’s Tale. An American Mystery. New York, Random House, 1995
Ernst Tsitovets. Oswald. Russian episode. Minsk. 2010
Газэта «Звязда», 1959-1962 гг.
Газэта «Советская Белоруссмя», 1959-1962 гг.
Дзяржаўны архіў кінафотафонадакумэнтаў Беларусі, Дзяржынск
*Тэты сайт (у перакладзе — «Справы гісторыі» ці «Гісторыя мае значэньне») дае найбольш поўны доступ да амэрыканскіх першакрыніцаў у Інтэрнэце. Яго кіраўнік Рэкс Брэдфард тлумачыць: «Мэта гэтага вэбсайту і наагул праекту «Гісторыя мае значэньне» — праліць неабходнае сьвятло на цьмяныя аспэкты амэрыканскай паваеннай палітыкі, асабліва на забойствы 1960-х. Хлусьня і міты пра гэтыя забойствы стварылі «чорную дзірку гісторыі», якая скажае наша разуменьнеўсяго пэрыяду. Урэшце, няздольнасьць паглядзець у твар сваёй сапраўднай гісторыі стварае пагрозу дэмакратыі і свабодзе».