Сьлед матылька. Освальд у Менску.
Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
He выходзіў з пакою да 24:00, пасьля чаго назіраньне не вялося да раніцы.
Назіральнік як бясстрасная камэра фіксуе нават, як аб’ект засоўвае рукі ў кішэні, і прыводзіць такія пераканаўчыя дэталі, як кошт электравілкі.
Але навошта яна амэрыканцу ў гатэлі? Каб сабраць дэтэктарны перадатчык і паслаць паведамленьне ў ЦРУ, бо амэрыканская пляскатая вілка не падыходзіць да беларускай разэткі з круглымі дзірачкамі?
Ад гатэлю да ГУМу — каля кілямэтра, туды і назад, плюс разьлік на касе, абыход першага паверху, потым другога — і на ўсё 25 хвілін, калі верыць КДБ?
I як гэта суадносіцца з запісам пра 10 студзеня ў дзёньніку самога Освальда:
Цэлы дзень мой. Гуляю па горадзе. Вельмі прыгожа.
Дзе тут праўда? Дзе насамрэч быў Освальд?
Архіўныя дакумэнты маюць уласныя стасункі з часам — як камяні ў рацэ, яны могуць паказваць то адзін бок, то другі, могуць зьнікаць безь сьлядоў і выходзіць на паверхню ў іншым кантэксьце, з новымі сэнсамі і акцэнтамі. Спрабаваць скарыстаць іх для храналягічнага аднаўленьня падзеяў — усё адно як пасьля цэлага дня паездак па горадзе назаўтра захацець аднавіць учорашні дзень і паспрабаваць праехаць заднім ходам па ўсім маршруце, гледзячы толькі ў люстэрка задняга віду. Напор новага трафіку, рамонты дарог і здарэньні робяць спробу безнадзейнай. Можна толькі зноў выехаць з зыходнага пункту і паўтарыць маршрут, каб заўважыць ці высьветліць сёе-тое, што засталося па-за кадрам.
А яшчэ лепш пайсьці пешкі. Прагуляцца.
Гадзіньнікавыя стрэлкі паказалі 11:00, швэйцар адчыніў рэстаўраваныя дзьверы абноўленага гатэлю «Менск», я выйшаў на праспэкт Незалежнасьці, які ў час прыезду Освальда насіў імя Сталіна, а падчас яго ад’езду — ужо Леніна, паглядзеў на калёны самага прыгожага будынку ў горадзе — Менскага паштамту, павярнуў налева і пайшоў у ГУМ купляць электравілку.
Першы сьмех
Нічога не пачынаецца тады, калі пачынаецца, і пакуль аўтар ідзе ў ГУМ, адгорнем старонкі ненапісанай першай часткі гэтай кнігі, безь якой яна была б немагчымая, як матылёк бяз кукалкі, вопрадзень бяз вусеня, вусень бязь яйка.
Освальд нарадзіўся 18 кастрычніка 1939 году ў Новым Арлеане (бацька памёр за два месяцы да яго нараджэньня) і меў двух старэйшых братоў. У 1955-м пасьля канфліктаў у школе кідае вучобу, далучаецца да сацыялістычнай лігі. Ідзе на вайсковую службу ў марскую пяхоту, атрымлівае спэцыяльнасьць апэратара авіяцыйнай электронікі (радары). Служыць у Японіі, на Тайвані і Філіпінах. Здае тэст на прыцэльную стральбу ў катэгорыі снайпэр. Летам 1959-га дэмабілізуецца з базы ў Каліфорніі.
16 кастрычніка 1959 году ў пошуках сапраўднага марксізму празь Фінляндыю прыяжджае ў СССР зь пяцідзённай турыстычнай візай, пасяляецца ў маскоўскім гатэлі «Бэрлін» і заяўляе перакладчыцы Інтурысту, што ён — камуніст і хоча атрымаць
савецкае грамадзянства. Праз два дні ў яго дзень народзінаў, які ён прабавіў зь перакладчыцай і пакінуў запіс у дзёньніку:
Мой 20-ты дзень народзінаў, ідзём на выставу раніцай, а пасьля абеду — у маўзалей ЛенінаСталіна. Яна ўручае мне падарунак — кнігу «Ідыёт» Дастаеўскага.
21 кастрычніка Освальд атрымлівае паведамленьне, што ў грамадзянстве адмоўлена, віза сканчаецца, і ён мусіць пакінуць краіну да 20:00. За гадзіну да сканчэньня тэрміну ў ваньне рэжа вены на левай руцэ. «Хуткая» адвозіць у шпіталь. На наступны дзень ён робіць дзёньнікавы запіс:
Я ў маленькай палаце. Са мной 12 хворых. Палата цёмная, сьняданак дрэнны. Пасьля працяглага двухгадзіннага назіраньня за іншымі хворымі я прыходжу да высновы, што я ў палаце для вар’ятаў, і гэта мяне вельмі бянтэжыць.
Пасьля выпіскі праз тыдзень яго перавозяць у гатэль «Мэтраполь», у больш сьціплы нумар, пачынаюцца сустрэчы з прадстаўнікамі Інтурысту і АВІРу. У лісьце старэйшаму брату ён патлумачыць, чаму вырашыў застацца ў Савецкім Саюзе.
ЛГО — Робэрту Освальду
26Л1.59
Дарагі Робэрт,
Я задам табе пытаньне, Робэрт: дзеля чаго ты падтрымліваеш амэрыканскі ўрад? Які ідэал на першым пляне? He кажы «свабода», бо свабода гэта слова, якое ўсе народы выкарыстоўвалі ўвесь час.
Спытай у мяне, і я адкажу, што змагаюся за камунізм. Гэтыя словы наводзяць цябе на думку пра рабоў ці несправядлівасьць — гэта з-за амэрыканскай прапаганды. Ты кажаш пра выгаду і перавагі. Ты думаеш, я тут дзеля гэтага? Дзеля асабістых, матэрыяльных выгадаў? Шчасьце —не асабістая рэч, яго не складаюць маленькі дом, магчымасьць усё браць і атрымліваць...
Тут добрыя, цёплыя, жывыя людзі. Яны хочуць, каб усе народы жылі ў міры, але адначасна яны б хацелі бачыць свабоднымі эканамічна заняволеных людзей Захаду. Яны вераць у свае ідэалы і стаяць за свой урад і краіну да канца.
Ты кажаш, што не выракаўся мяне, добра, я рады, але я скажу табе пра мае ўмовы. Я хачу, каб ты зразумеў, што я зараз скажу, і я не кажу гэта лёгка ці не падумаўшы, бо я, як ты ведаеш, служыў у войску і ведаю, што такое вайна.
1. Калі будзе вайна, я заб’ю кожнага амэрыканца, які надзене вайсковую форму дзеля абароны амэрыканскага ўраду — любога амэрыканца.
2. Унутрана я ня маю ніякага дачыненьня да ЗША.
3. Я хачу і буду мець нармальнае, шчасьлівае і мірнае жыцьцё тут, у Савецкім Саюзе да канца свайго жыцьця.
4. Мая маці й ты не зьяўляецеся аб’ектамі маёй любові, а толькі прыкладамі рабочых у ЗША.
He спрабуй узгадаць, якім я быў, бо толькі цяпер я паказваю табе, які я. Я ня маю горычы ці нянавісьці, я прыехаў сюды, толькі каб знайсьці свабоду. Кажу праўду, я адчуваю, што нарэшце я са сваім народам.
У Маскве цяпер ідзе сьнег і ўсё выглядае вельмі прыгожа. Я магу бачыць Крэмль і Красную плошчу, і я толькі што павячэраў mjaso і kartofel, мясам і бульбай. Бачыш, расейцы ня так ужо й адрозьніваюцца ад цябе і мяне.
Лі.
У лісьце Освальд вылучае некалькі словаў, адно зь іх — заб’ю кожнага амэрыканца. Кожны — гэта й брат. I ня толькі.
У апошні дзень году Освальд бярэ таксі, едзе ў амэрыканскую амбасаду, заяўляе пра адмову ад грамадзянства і здае пашпарт консулу Рычарду Снайдэру.*
У наступныя дні Освальд дае некалькі інтэрвію амэрыканскім журналістам, але потым адмаўляецца ад кантактаў, сядзіць адзін у нумары, вучыць расейскую мову і чакае рашэньня.
4 студзеня 1960 году яго выклікаюць у АВІР, выдаюць дакумэнт для асобаў без грамадзянства. Супрацоўнік паведамляе, што месцам жыхарства вызначаны Менск.
*Незадоўга перад тым Снайдэру давялося мець справу з падобным выпадкам: адразу пасьля службы ў войску амэрыканец Пэтрулі прыехаў у Маскву як турыст, зьявіўся ў амбасадзе, каб здаць пашпарт, і заявіў, што адмаўляецца ад грамадзянства і застаецца ў СССР. Празь некалькі тыдняў назіраньняў савецкія ўлады запатрабавалі, каб амбасада вярнула яго ў ЗША: Пэтрулі быў псыхічна хворы.
Освальд запісвае ў дзёньніку:
Я пытаюся: гэта ў Сібіры? Ён сьмяецца.
Гэты першы сьмех у гісторыі Освальда можна лічыць пачаткам гэтай гісторыі.*
‘Амэрыканцы жылі і працавалі ў Менску і да Освальда. У 1922-23 гадах тут дзейнічаў офіс Амэрыканскай адміністрацыі дапамогі (АРА), дзе шэсьць амэрыканцаў займаліся аказаньнем гуманітарнай дапамогі (гл. маю кнігу «Прыгоды АРА ў Беларусі», 2005). У 1946-47 гадахпятнаццаць амэрыканцаўпрацаваліўмісіі ЮНРРА, якая таксама займалася дапамогай. Амэрыканцы жылі ў сядзібе ў менскім прадмесьці Лошыца, Освальд мог бачыць помнік на Вайсковых могілках, дзе пахаваная адна супрацоўніца ЮНРРА Рут Ўолер. (Гл. фільм «Забытая місія» на сайце Амбасады ЗША ў Менску).
Пакараньне Менскам
Сталіца савецкай Беларусі не ўваходзіла ў сьпіс гарадоў, якія трымаў у памяці звычайны амэрыканец. Апроч Масквы і Ленінграду, ён ведаў Кіеў, Сталінград, магчыма, адрасы лэнд-лізу — вайсковыя парты Мурманск і Ўладзівасток.
Праз чатыры гады пытаньне пра Менск прагучала ў Вашынгтоне на пасяджэньні Прэзыдэнцкай Камісіі, якая расьсьледавала забойства Кенэдзі («Камісія Ўорэна»).*
*Камісія ў справе забойства Кенэдзі была створаная распараджэньнем прэзыдэнта ЗША Ліндана Джонсана 29 лістапада 1963 году. Яе складалі 34 чалавекі, а ўзначальваў старшыня Вярхоўнага суду ЗША Эрл Ўорэн. Пасьля году расьсьледаваньня Камісія выпусьціла справаздачу, у якой зрабіла выснову, што Лі Гарві Освальд забіў прэзыдэнта адзін і без пабочнай дапамогі. Тэкст справаздачы склаў 888 старонак, апублікаваныя матэрыялы склалі 26 тамоў, а дадатковыя дакумэнты, мэмарандумы і стэнаграмы пасяджэньняў налічваюць больш за 50 тысяч старонак. Усе дакумэнты (за выняткам мінімальнай інфармацыі пра падаткі прыватных асобаў) цяпер адкрытыя для дасьледнікаў і ў большасьці даступныя ў Інтэрнэце.
Пытаньне было адрасаванае дыплямату амэрыканскай амбасады ў Маскве Рычарду Снайдэру, які займаўся дакумэнтамі Освальда:
Кангрэсмэн Форд: Калі б вы тады ведалі, што Освальд будзе ў Менску, што б вы сказалі?
Снайдэр: Так яму і трэба.
Кангрэсмэн Форд: Чаму вы так кажаце?
Снайдэр: Вы ніколі не былі ў Менску. Гарады ў правінцыі ў Савецкім Саюзе знаходзяцца на вялікую прыступку ніжэй за сталіцу, а сталіца, паверце мне, на даволі вялікую прыступку ніжэй за любы амэрыканскі населены пункт. Адрозьненьне паміж буйнымі гарадамі і малымі і паміж малымі і вёскамі — гэта велізарны крок назад у часе. Жыць у Менску ці любым іншым правінцыйным горадзе ў Савецкім Саюзе — даволі змрочны досьвед для любога, хто жыў у нашым грамадзтве.
Кангрэсмэн Форд: Вы калі-небудзь былі ў Менску?
Снайдэр: Я правёў каля гадзіны ў Менску, гуляў паміж цягнікамі, аднойчы.
Кангрэсмэна, які пытаўся пра Менск, звалі Джэральд — празь дзесяць гадоў ён стане 38-м прэзыдэнтам ЗША, у гэтай якасьці паставіць свой подпіс пад Хэльсынскімі пагадненьнямі, якія дадуць юрыдычны аргумэнт («выконвайце сваю Канстытуцыю і законы!») савецкаму і постсавецкаму дысыдэнцкаму руху (у Менску таксама зьявіцца свой «Хэльсынскі камітэт»),
Форд у Менску ніколі ня быў. А вось яго папярэднік у Белым доме сталіцу Беларусі адведаў. Рычард Ніксан з жонкай былі ў Менску на пачатку ліпеня
1974-га, калі тут адзначалі 30-я ўгодкі вызваленьня Беларусі ад нямецкай акупацыі.
Яны прыляцелі з Крыму, дзе сустракаліся з генэральным сакратаром ЦК КПСС Брэжневым, на два дні. Прысутнічалі на парадзе, усклалі кветкі да помнікаў, іх завезьлі ў мэмарыяльны комплекс Хатынь. Заходні друк пісаў тады пра Хатынь як сьвядомую падмену Катыні, дзе НКВД расстраляла тысячы польскіх афіцэраў