Сьлед матылька. Освальд у Менску.
Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
Празь пяцьдзясят гадоў пасьля гэтага запісу
Васіль Іванавіч Шарапаў, які сапраўды ўзначальваў Менскі гарвыканкам з 1954-га па 1967-мы, гледзячы мне ў вочы, ціхім упэўненым голасам скажа:
— Я з Освальдам не сустракаўся.
У Шарапава зайздросная памяць: у 1945-м ён прыехаў у Менск пасьля дэмабілізацыі па раненьні, называе прозьвішчы, імёны і пасады людзей, зь якімі працаваў паўстагодзьдзя таму, памятае назвы вуліц, якіх няма на мапе, тлумачыць, чаму і як тыя, што ёсьць, былі перайменаваныя, адзінае чаго ня помніць — сустрэчы з Освальдам.
Пра Освальда ўсё ж нешта чуў — быццам быў такі амэрыканец, прыехаў у Менск з жонкай, потым зьехаў. Нават працаваў тут, здаецца. Пра жонку казалі, быццам лёгкіх паводзінаў. Гуляла, казалі. Ён піша, што сустракаўся са мной? I я казаў пра некультурных людзей? Ня памятаю такога. Ці размаўлялі са мной з КДБ пра яго? Ня думаю. Пра кватэры са мной шмат хто гаварыў. Кожную пятніцу вёў прыём па кватэрным пытаньні, бясконцы паток людзей, у кожнага свая гісторыя, свае праблемы, не хапала жыльля ўсім. Ці былі на прыёме замежнікі — так, бывалі, напрыклад, разы з чатыры сустракаўся з адным рэпатрыянтам з Аргентыны, Зігер прозьвішча, Аляксандар Раманавіч, у яго яшчэ дзьве дачкі было, адна вельмі прыгожая сьпявачка, Элеанора, а другая — здаецца, Аніта, далі яму кватэру. А Освальд? Ня памятаю. Здаецца, званілі аднойчы, з сакратарыяту Хрушчова, здаецца, але кватэру яму даваў завод, можа, мы далі заводу, такое магло быць...
Цёплым верасьнёўскім днём 2010-га на дачы, праз тры гадзіны гутаркі, падчас якой гаворка таксама ішла пра гістарычны прыпынак у Менску цягніка
Сталіна на Ўсходнім вакзале, адкуль адкрываўся від на руіны, і пасажыр нумар адзін быццам сказаў тагачаснаму першаму сакратару Панамарэнку, што Менск можна адбудаваць, толькі пасадзіўшы тут два заводы саюзнага значэньня, і яны выцягнуць, і так зьявіліся аўтамабільны і трактарны, пра знакаміты «нацыянальны» пленум ЦК КПБ 1953 году, калі спрабавалі памяняць першага сакратара расейца Патолічава на кандыдата Берыі беларуса Зімяніна, пра помнік Сталіну, як ставілі і як зносілі, і дзе захоўвалі 9-мэтровы бронзавы статуй пасьля дэмантажу, пра першага сакратара ЦК КПБ і патрыёта Беларусі Кірылу Мазурава, пра прыезды ў Беларусь валюнтарыста Хрушчова, пра менскае падпольле, якое Шарапаў дапамагаў рэабілітаваць насуперак партызанскай мафіі, пра ссылку з пасады першага сакратара гаркаму ў міністры, бо новаму першаму сакратару ЦК Машэраву не падабалася, што ён не раздаваў вымовы налева-направа, пра пабудову «дарогі нумар 1» да Маскоўскай алімпіяды і закладку новай транспартнай інфраструктуры, закупы імпартнай тэхнікі і выхаваньне кадраў дарожнікаў, якія дагэтуль штогод прыяжджаюць на дзень народзінаў свайго любімага міністра, ужо на разьвітаньне былы чыгуначнік, салдат другой сусьветнай вайны, самы доўгатрывалы мэругісторыі беларускай сталіцы, член ЦК КПБ і ўдзельнік паўтузіна зьездаў КПСС, чалавек, чыё прозьвішча пасьля публікацыі часопіса «Life» ў 1964-м стала ўсясьветна вядомым, дзякуючы не таму, чаго ён дасягнуў у сваім жыцьці, а таму, што яго згадаў у сваім непісьменным дзёньніку 20-гадовы амэрыканскі наведнік, Васіль Іванавіч Шарапаў, 94-гадовы бе-
ларус з-пад Барысава, у добрым здароўі і жывым розуме ўсьміхнуўся і сказаў:
— Ну, трэба Вам напісаць, што я сустракаўся з Освальдам — ну, напішыце.
А Мэйлер наракае на амэрыканскую памяць.*
*Гэта трапная заўвага — так у 70-80-я гады мяне бянтэжылі два тыпы ўспамінаў пра мінулае. Вэтэраны вайны, якія выступалі ў школе, інстытуце, па тэлебачаньні, гаварылі ня толькі адно і тое ж, але і аднолькава. Мэмуары розьніліся толькі геаграфічнымі назвамі і прозьвішчамі. Тэма была так зафармалізаваная, забоўтаная, што ператварылася ў закасьцянелы біблейскі тэкст, дзе ўсё было як ва ўсіх. I хаця пасьля вайны мінула толькі некалькі дзесяцігодзьдзяў, і час ад часу адкопвалі неразарваныя бомбы, знаёмым пацанам адрывала пальцы знойдзенай гранатай, яшчэ ня выйшлі на пэнсію і працавалі салдаты вайны, здавалася, яна адбылася ў іншую эпоху і, магчыма, на нейкай іншай плянэце. Патрабаваўся маштаб і талент Васіля Быкава, каб узламаць панцыр афіцыёзу і дабрацца да праўды.
Вэтэраны Гулагу, наадварот, калі пасьля дзесяцігодзьдзяў маўчаньня пераадольвалі страх і пачыналі гаварыць, гэта былі настолькі сьвежыя, непасрэдныя ўспаміны, непадробленыя эмоцыі й жывыя дэталі, што міжволі нараджалася адчуваньне, што ўсё гэта было толькі што, учора, і можа паўтарыцца заўтра. Менавіта на такой якасьці асабістых успамінаў, дасланых Аляксандру Салжаніцыну, пабудаваная гіганцкая жывая канструкцыя «Архіпэлагу Гулагу». Магчыма таму для новых пакаленьняў небясьпека сталінізму адчувалася куды больш моцна і пагрозьліва, чым небясьпека новай вайны.
— - J '*■► • I ”
«Russia» ці «Belorussia»?
Першы амбасадар ЗША ў незалежнай Беларусі Дэйвід Суорц любіў паказваць дом Освальда гасьцям з Вашынгтону — яны слупянелі ад зьдзіўленьня, якое выклікае раптоўная сустрэча з гісторыяй. Усе думалі, што Освальд жыў у Маскве.
Калі Суорц ляцеў у Менск у 1992-м, ён таксама нічога ня ведаў пра жыцьцё там амэрыканскага грамадзяніна Освальда — ведаў толькі, што той жыў у Савецкім Саюзе.
Суорц быў прафэсійным дыпляматам, які ў 1972 годзе ўжо працаваў у амбасадзе ў Маскве, што ж казаць пра іншых, менш дасьведчаных амэрыканцаў. СССР быў адна вялікая Russia, ніхто не расшыфроўваў чатыры зычныя, якія ўтваралі самую даўгую сьвісьцячую абрэвіятуру для назвы краіны ў гісторыі чалавецтва. (I самую хлусьлівую: не саюз, а імпэрыя, не рэспублік, а аўтакратыяў,
не савецкіх, а партыйных, не сацыялістычных, a фэадальных — ІПФАЛ)
Самае цікавае ў пытаньні «Ці быў Освальд у Беларусі?» — гэта тое, як бы ён адказаў на яго сам.
Дзёньнік ЛГО
11 студзеня 1960
Наведваю менскі радыёзавод, дзе буду працаваць. Там сустракаюся з аргентынскім эмігрантам Аляксандрам Зігерам, польскім габрэем паводле нараджэньня. Ён іміграваўу Аргентыну ў 1938-м і назад на польскую радзіму (цяпер частку Беларусі) у 1955-м. Гаворыць па-ангельску з амэрыканскім акцэнтам. Працаваў на амэрыканскую кампанію ў Аргентыне. Ён загадчык аддзелу, ужо далёка за 40 гадоў, мяккія манеры, прыемны. Здаецца, хоча мне нешта сказаць. Я паказваю яму мой часовы дакумэнт і кажу, што хутка буду мець расейскае грамадзянства.
Можна прачытаць сотні старонак кнігі Мэйлера, так ці іначай прысьвечаных людзям і падзеям у Беларусі, і не зразумець, што гэта не Расея. Усіх знаёмых Освальд лічыць расейцамі (выключэньне — габрэі, якія, аднак, таксама расейцы), навокал размаўляюць па-расейску, кіно, опэра, канцэрты, назвы вуліц, рапарты КДБ — усё па-расейску.
Рабочыя на заводзе, бальшыня якіх прыехала ў Менск зь вёскі, дзе навучаньне было па-беларуску,
*Напісаў і сам зацікавіўся, што б гэта ШФА значыла. Google, як заўсёды, выдаў першы тузін адказаў пад рубрыкай «анамальныя сэксуальныя паводзіны», зь якіх самым прыстойным быў «індывідуальны профіль функцыянальнай асымэтрыі». Нешта ў гэтым ёсьць.
маглі гаварыць на роднай мове. Але на перадавой вытворчасьці і ў сталіцы трэба было гаварыць «пагарадзкому» — тым больш з амэрыканцам.
У сваім дзёньніку Освальд згадвае назву Беларусі тры разы: першы, калі атрымлівае навіну пра сваё разьмеркаваньне ў Менск (аказваецца, гэта не ў Сібіры), другі — калі піша пра рэпатрыяцыю Зігера, і трэці — восеньню 1960-га, у лірычнай (і камічнай) сумесі надворя і геаграфіі:
Мой жах перад новай расейскай зімой растае ў цудоўным золаце і чырвані восені ў Беларусі.
Якраз тады, калі Освальд напіша гэтыя радкі, пытаньне беларускай мовы будзе абмяркоўвацца на яго радзіме, у Амэрыцы, людзьмі, з адным зь якіх ён неўзабаве пазнаёміцца і нават будзе госьцем у доме.
Тут патрэбнае адступленьне: у Беларусі даўно ходзіць показка пра тое, як кіраўнік партыі і ўраду Мікіта Хрушчоў падчас прыезду ў Менск сказаў, што беларусы першыя прыйдуць да камунізму, бо ўжо адмовіліся ад роднай мовы і перайшлі на расейскую, якая будзе мовай камуністычнага грамадзтва. Існуюць розныя вэрсіі, дзе і калі гэта было сказана — якія, аднак, не пацьвярджаюцца ні стэнаграмамі, ні пісьмовымі сьведчаньнямі сучасьнікаў па гарачых сьлядах.*
Дакладна ж вядомае якраз супрацьлеглае.
Увосень 1960-га адбывалася сэсія ААН, на якой БССР і Ўкраіна, як звычайна, былі прадстаўленыя асобнымі дэлегацыямі. Мікіта Хрушчоў, удзел якога
*Хоць мог і сказаць — і не такое нёс. А маглі і мясцовыя таварышы ад стараннасьці дадумаць, тыя яшчэ кадры былі.
ў гэтай сэсіі звычайна ўзгадваюць у сувязі са стуканьнем чаравікам па стале, піша ва ўспамінах, як папрасіў кіраўнікоў дэлегацыяў выступіць на родных мовах. Хрушчоў разьлічваў на ўвагу ўкраінскай і беларускай дыяспары ў ЗША і Канадзе.
Прыйшоў дзень іх выступаў. Украінцы зрабілі, як я ім параіў, а зь Беларусьсю ня выйшла. Я быў вельмі засмучаны. «Мы ня можам падрыхтаваць тэкст на беларускай мове, — апраўдваліся прадстаўнікі БССР, — нават друкарскай машынкі няма зь беларускім шрыфтам».
«Калі ня можаце, дык іншага выйсьця, вядома, няма, але гэта наносіць шкоду нацыянальнай палітыцы. Ворагі савецкай сыстэмы скарыстаюць гэты факт у прапагандзе: няма ў саюзных рэспублік ніякіх правоў, усё там робіцца напаказ замежжу, суцэльная фікцыя. Расейцы душаць усіх, і нават на такім міжнародным форуме, як сэсія ААН, яе член выступае не на сваёй роднай мове, а па-расейску».
Думаю, гэта разумеў і прадстаўнік Беларусі. Але ён асабіста ня быў падрыхтаваны, ня ведаў сваёй роднай мовы.
Прадстаўніцтва БССР было ўтворанае ў 1958 годзе, і яго кіраўніком, насуперак прапановам Менску, быў прызначаны член КПСС з 1927 году супрацоўнік МЗС СССР Феадосій Гразноў. У пашпарце ён пісаўся беларусам, але мовай не валодаў. У 1961-м яго замяніў кандыдат Менску П. Астапенка — але беларускай мовы ў ААН не пабольшала.
Кіраўніком дэлегацыі ў 1960-м быў першы сакратар ЦК КПБ Кірыл Мазураў — ён ня толькі ведаў мову, але й лісты пісаў па-беларуску, і нават
вершы. I ў 1959 годзе выступіў па-беларуску на ўрачыстасьцях да 40-х угодкаў ўтварэньня БССР, за што нават атрымаў прачуханку ад пераменлівага Хрушчова. У складзе дэлегацыі быў і вядомы паэт Максім Танк.