Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
Калі справа Освальда падыходзіла да завяршэньня, Касьцюкова пакрыўдзілі: прызначылі намесьнікам начальніка аддзелу, далі асобны кабінэт, але званьне засталося ранейшае — капітан. Паўгода ён маўчаў, але потым усё ж пайшоў у аддзел кадраў, аказалася, проста забыліся — хадзілі ж у цывільным.
Калі Мэйлер папрасіўяго пакрытыкаваць самога сябе, Касьцюкоў сказаў, што быў занадта патрабавальны да дзяцей, занадта дамагаўся дысцыпліны. I часам быў нецярплівы, калі суразмоўцы гаварылі не па дзелу, тады ён перапыняў і накіроўваў гаворку да сутнасьці справы.
У дзяцінстве ён хацеў стаць настаўнікам.
Калі шукаць аналёгіі ў межах лепідэптаралёгіі, дык чэкісты, канечне, належаць да Acherontia
atropos, сямейства сьфінксаў ці бражнікаў. Як пішуць у папулярнай энтамалягічнай літаратуры:
Матылёк «Сьфінкс Мёртвая Галава» зьяўляецца прадметам прымхаў і жаху сярод простых людзей з-за яго тужлівага гуканьня і выявы чэрапа на грудзях.
Тужлівае гуканьне на пачатку 1960-х чуваць было нашмат радзей, чымся ў папярэднія дзесяцігодзьдзі, калі газэты не пасьпявалі друкаваць паведамленьні пра выкрыцьцё варожых змоваў і вокамгненныя прысуды. Цяпер гукалі звычайна раз на год, у сьнежні, на дзень народзінаў органаў. Напрыклад, калега «Ігара» і «Сьцяпана» Міхаіл Аценкаў, расеец, зь мяшчан, член КПСС з 1916-га, чэкіст з 1920-га, зэк з 1938-га (патрапіў пад хвалю чыстак НКВД ад «яжоўшчыны»), пасьля адседкі на Поўначы — жыхар Менску і заслужаны вэтэран, пісаў у «Звяздзе» на 45-я ўгодкі ўтварэньня ЧК:
Дарэмна цёмныя сілы міжнароднай рэакцыі высоўваюць сваё ядавітае джала. Яго адсячэ цьвёрдая рука нашых слаўных чэкістаў! Адшчапенцам і наймітам, людзям з чорнымі душамі ня зьвіць сваіх гнёздаў на нашай зямлі.
У 1926-м Аценкаў атрымаў вымову «за пянства ў прытонах», якая падарожнічала за ім у асабістай справе праз усё жыцьцё — можа гэтым і выкліканая была некаторая туга, уласьцівая «бражнікам».
Аматары мастацкай літаратуры могуць разгарнуць апавяданьне Эдгара По «Сьфінкс»: герой сустракае страхавітага монстра, у якога з касматай масы шчаціністых валасоў вытыркаецца дваццацімэтровы хобат з пашчай на канцы, з поўсьці
тырчаць таксама два бліскучыя іклы як у дзіка, хобат з бакоў прыкрываюць два крыштальныя прызматычныя рагі, дзьве пары пакрытых мэталічнай луской крылаў, якія раскінуліся на дзьвесьце мэтраў у шырыню. На грудзях ярка бялела выява чэрапа. Монстар зароў і герой самлеў.
Аказалася — звычайны матылёк.
Толькі вырас бескантрольна.
Палёты «Справы № 34451»
У 1990-м, калі ў часопісе «Крыніца/Родннк» рыхтавалася да друку маё першае дасьледаваньне Освальда і пераклад «Гістарычнага дзёньніка», рэдакцыя зьвярнулася ў КДБ БССР з запытам пра архіўныя матэрыялы. У адказ было паведамлена, што ніякіх матэрыялаў у іх няма. Ніхто тады ў гэта не паверыў і, як высьветлілася, дарма.
Усе сакрэтныя тамы менскай «Агентурнай справы № 34451» былі ў Маскве ўжо на наступны дзень пасьля забойства Кенэдзі.
Як расказваў Мэйлеру «Сьцяпан», увечары 22 лістапада 1963 году Менск атрымаў загад з Масквы — тэрмінова даставіць дакумэнты. На наступны дзень «Сьцяпан» склаў тэчкі — усё зьмясьцілася ў адну шэрую паштовую сумку — і адправіўся на аэрадром. Яго суправаджаў узброены ахоўнік. На вайсковым аэрадроме ў Люберцах іх чакалі. Праз гадзіну яны ўваходзілі ў будынак КДБ на плошчы Дзяржынскага — на Лубянку. Пасьля доўгага блуканьня па калідорах яго завялі ў пакой, дзе за
сталом сядзелі некалькі чалавек. «Сьцяпан» далажыў — згодна з вашымі ўказаньнямі матэрыялы дастаўленыя. Ён запомніў першае пытаньне і свой адказ быццам гэта было ўчора:
— Ці рабілі вы спробы правесьці вэрбоўку Освальда?
— Даю галаву на адсячэньне, мы ня толькі не спрабавалі, нават гэтая думка нам у галаву не прыходзіла. Азнаёмцеся з гэтымі дакумэнтамі. Там вельмі ясна бачна, у якім накірунку мы працавалі. Выконвалі вашы інструкцыі.
Усе за сталом літаральна выдыхнулі з палёгкай.
Мэйлеру патлумачылі, што КДБ распрацоўваў некалькі вэрсіяў. Першая — Освальд агент ЦРУ, бо служыў у марской пяхоце, адкуль нярэдка набіраюць агентаў у разьведку. Падазрэньне выклікала заява Освальда пра тое, што ён марксіст — КДБ прыйшоў да высновы, што ён слаба ведаў марксісцка-ленінскую тэорыю. Была небясьпека, што Освальд гаварыў па-расейску лепш, чым паказваў. Магчыма, разьведзаданьне палягала ў тым, каб высьветліць, як савецкія ўлады працуюць зь перабежчыкамі з ЗША. Яшчэ адна вэрсія — Освальд сапраўды быў шчырым імігрантам, і апошняя — ён быў псыхічна няўстойлівым.
«Сьцяпан» потым сказаў Мэйлеру, што калі пасьля забойства Кенэдзі пачалася кампанія паклёпу на Савецкі Саюз, ён думаў, што, магчыма, Хрушчоў перадасьць гэтыя тэчкі амэрыканскаму ўраду:
— I ўсе амэрыканскія чуткі лопнуць як мыльная бурбалка.
Тэчкі, у якіх дасьледаваліся гэтыя вэрсіі, не былі перададзеныя амэрыканскаму ўраду. Яны ляжалі ў Маскве наступныя 27 гадоў — і іх дасталі са сховішча толькі пасьля правалу камуністычнага путчу ў жніўні 1991-га. Старшыня КДБ Кручкоў пайшоў на турэмныя нары, а новы старшыня Вадзім Бакацін на пачатку восені ў адказ на пытаньні амэрыканскіх і сваіх журналістаў паабяцаў, што справу Освальда рассакрэцяць.
Гэта амаль адбылося ў лістападзе 1991-га: памочнік Бакаціна прачытаў справу за тры вечары і перадаў яе для адпаведнага афармленьня ведамаснай камісіі.
Газэта «Нзвестня» на першай паласе надрукавала партрэт Освальда і паведамленьне пад загалоўкам:
КДБ мае намер рассакрэціць дасье на забойцу Джона Кенэдзі
Камісія экспэртаў КДБ у пятніцу, 22 лістапада, скончыла вывучэньне сабранага савецкай контраразьведкай дасье, якое захоўваецца ў архівах камітэту, на амэрыканскага грамадзяніна Лі Гарві Освальда, які падазраецца ў забойстве прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі, учыненым роўна 28 гадоў таму, 22 лістапада 1963 году. Як чакаецца, на пачатку наступнага тыдня вынікі працы будуць дакладзеныя Вадзіму Бакаціну, які прыме рашэньне, якія матэрыялы будуць апублікаваныя.
Ці то «йзвестня» ўважліва чыталі ў Менску, ці нехта з маскоўскага апарату пазваніў, але на наступным тыдні Бакаціну патэлефанаваў старшыня
беларускага КДБ Шыркоўскі, які папрасіў перад рассакрэчваньнем улічыць меркаваньне беларускага боку — большую частку агентурнай справы складаюць менскія матэрыялы. Бакацін выслухаў — просьба выглядала лягічнай — і пагадзіўся.
У канцы лістапада «Агентурная справа № 34451» вярнулася ў Менск.
У сьнежні сканаў Савецкі Саюз і Бакацін застаўся бяз працы і зваротнага адрасу.
Пасылку распакавалі, перайменавалі ў «Архіўную справу № 266», зрабілі надпіс «Без дазволу начальніка аддзелу не выдаваць» і замкнулі ў асобным сэйфе.
Палятала і хопіць.
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Гісторыя і час зусім не лінейныя рэчы і нават ня рэчы зусім, таму тое, што выглядае, як забяганьне наперад, насамрэч не забяганьне (бо й пераду асаблівага няма), а найкарацейшы шлях у выгнутай прасторы, мост ці падземны пераход, прахадны двор, якія адразу выводзяць у іншае месца маршруту.
У інтэрвію Мэйлер так узгадваў перамену адрасу «справы Освальда»:
— Затым Беларусь аддзялілася ад Расеі, і Шылеру давялося ехаць у Менск і пачынаць усё спачатку. Ён зьвязаўся з КДБ, ціснуў на прэзыдэнта — як было яго імя, Шушкевіч?
— Шушкевіч.
— I яму ўдалося пераканаць Шушкевіча і яго людзей, што гэта добрая ідэя, што добра, калі вядомы амэрыканскі пісьменыгік зробіць кнігу, якая прыцягне ўвагу да Беларусі. Усе перамовы вёў Шылер, ён прадаваў ідэю, і ён цудоўны ганд-
ляр. I ён пераканаў іх, што гэта добрая ідэя. IК ДБ у гэты момант пагадзіўся.
— Якое Ваша ўражаньне ад Станіслава Шушкевіча?
— Мне падалося, што гэта добры чалавек. Мне падалося, што крыху запозна прыйшоў у палітыку. Я ня ведаю, што адбылося пасьля нашага ад’езду, але тады ў мяне было вельмі добрае ўражаньне.
У сваю чаргу, Станіслаў Шушкевіч так успамінаў пра сустрэчу:
— Калі да мяне зьвярнуўся чалавек і калі я даведаўся, што ён аўтар раману «Голыя і мёртвыя», што гэта вядомы Мэйлер, я сказаў, што з задавальненьнем зь ім сустрэнуся. Калі ён сказаў, што хоча пазнаёміцца са справай Лі Гарві Освальда ў беларускім КДБ, я затэлефанаваў старшыні КДБ, ён сказаў, што вывучыць гэтае пытаньне і дасьць адказ, і пасьля таго ён сказаў — калі ласка, калі хоча азнаёміцца — няхай знаёміцца.
Шушкевіч агаломшыў суразмоўцу расказам пра шапку Освальда — аказалася, ён асабіста ведаў амэрыканца, і такая дэталь!
Шапку Освальд купіў яшчэ ў Маскве, дзе ў сьнежні тэмпэратура апускалася ніжэй за — 20°С. Адзіны галаўны ўбор, што тады ляжаў на прылаўках, які можна было набыць без чаргі і знаёмстваў, была вушанка. I ня проста вушанка, а самая простая зь іх — салдацкая, з шэрага сукна і шэрай штучнай футры, з матузкамі. Гэта статусны галаўны ўбор, які, хто б яго ні надзеў, адразу ператварае генэрала
ў радавога, абаронцу айчыны ў салдата Чонкіна, замежніка ў асобу без грамадзянства.
Першае, што Шушкевіч успамінаў пра Освальда ў размовах з Мэйлерам і зь іншымі, заўсёды была гэтая салдацкая шапка.
— Ён пачуваўся ў ёй вельмі камфортна, як джэнтэльмэн!
У выніку Шушкевіч патрапіў у кнігу Мэйлера і стаў вядомы многім амэрыканцам — але ня ў якасьці дзеяча, датычнага да ўнікальнай у гісторыі чалавецтва падзеі — мірнага распаду імпэрыі, а ў ролі настаўніка расейскай мовы. Мэйлер нічога не напісаў пра асабістую гісторыю «члена сям’і здрадніка радзімы» Станіслава Шушкевіча, як рабіў гэта зь іншымі сваімі суразмоўцамі.*
Няма нічога горшага за здраду радзіме — так праз тры дзесяцігодзьдзі пасьля ўрокаў расейскай мовы Шушкевіч патлумачыў амэрыканскаму пісьменьніку, чаму ён не ўпадабаў Освальда.
Шушкевіч быў выхаваны ў старых традыцыях — так патлумачыў Мэйлер сваім чытачам словы Шушкевіча.
Шапка як на джэнтэльмэне — крыху дзіўны камплімэнт, звычайна так кажуць пра капялюш, але гэта быў самы пазытыўны водгук, які Шушкевіч даў пра вучня пры сустрэчы з Мэйлерам.
Освальд Шушкевіча ў сваім дзёньніку ня згадвае.
Але ў нататніку яго імя ёсьць.
*Бацька Шушкевіча, беларускі паэт, правёў 14 гадоў у ГУЛАГу за «прыналежнасьць да контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі».
Першыя дні «расейскага рабочага»
Загадам № 6 ад 12 студзеня 1960 году Лі Гарві Освальд быў прыняты на працу рэгуліроўшчыкам 1-га разраду ў экспэрымэнтальны цэх Менскага радыёзаводу.