Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
Афіцыйную прамову трэба было чытаць з паперкі — не было як надрукаваць.*
I тут ужо нават чалавек, які пагражаў закапаць капіталізм і размахваў вадароднай бомбай, быў бясьсільны.
У, бадай, самы важны дзень свайго жыцьця ў Менску, калі ён сустрэў будучую жонку, Освальд пазнаёміцца таксама з членам той беларускай дэлегацыі ў ААН, Лідзіяй Чаркасавай, і нават будзе разглядаць яе здымак разам з Хрушчовым. Чаркасава выступала з публічнай лекцыяй пра сваю паездку на сэсію ААН. Але нават калі пасьля афіцыйнай часткі Освальд апынецца ў Чаркасавай дома, драму зь беларускай мовай ніхто не згадае (можа, таму, што драмы не заўважаць — Чаркасава была біёлягам, прафэсарам мэдінстытуту, родам з Украіны, у Менск прыехала ў 1950-м).
‘Друкарскай машынкі зь беларускім шрыфтаму місіі ААН не было яшчэ і ў першы год незалежнасьці. Болып за тое, тагачасны прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін узгадваў, што дакумэнты з МЗС па-беларуску зь Менску прыходзілі без «ў», a замест «і» ставілі клічнік. А сябра дэлегацыі 1960 году Максім Танк у дзёньніку скандал зь беларускай мовай зашыфраваў так, што і не зразумееш, што да чаго: напісаў, што кіраўнік украінскай дэлегацыі М. Падгорны гаварыў на ўкраінскай мове, а пра Мазурава — што той выступаў двойчы. А потым патлумачыў: «Як вядома, толькі главы ўрадаў маюць права выступаць на сваёй мове, а ўсе іншыя дэлегаты павінны выступаць на любой з рабочых моваў: англійскай, іспанскай, рускай, францускай ці кітайскай». Падгорны, як і Мазураў, быў першым сакратаром ЦК кампартыі, а не кіраўніком ураду.
У дзёньніку Освальда тагачасная назва Беларусі па-ангельску («Byelorussia») ніводнага разу не напісаная правільна.
I справа ня толькі ў дысьлексіі.
Адказ на пытаньне, ці быў Освальд у Беларусі, Мэйлер даў у кнізе: Освальд быў у СССР.
Нават БССР ледзь праступае праз расейскую мову, расейскія назвы, агульную савецкую рэчаіснасьць і будучыню, якая як сьнегам пакрывае ўвесь ляндшафт.
Цікава, што гэтае самае пытаньне можна адрасаваць і Мэйлеру — ці быў ён у Беларусі?
Адказ Мэйлера — ён быў у Менску.
Самагонка для Мэйлера
Любы горад адзін для яго жыхароў і іншы для наведнікаў. Калі Мэйлер упершыню прыехаў у беларускую сталіцу, з усіх магчымых вызначэньняў Менску яго, верагодна, больш за ўсё зьдзівіла б «горад сонца».
— Калі я быў у Менску, гэта быў вельмі цяжкі час для людзей. Інфляцыя — за тыя паўгода, што мы там былі, курс упаў ад двух з паловай да сямі з паловай тысяч рублёў за даляр. I гэта было яшчэ значна менш у параўнаньні з інфляцыяй, якая наступіла пазьней. Людзі прадавалі сваю маёмасьць. У нейкай ступені падобна да таго, што было ў Нямеччыне, у Вэймарскай рэспубліцы. Людзі ў Менску пераважна стаялі на кансэрватыўных пазыцыях і былі ня надта радыя гэтым вялізным нечаканым пераменам. Яны прывыклі да савецкай сыстэмы. Гэта было адно зь некалькіх месцаў, дзе старая сыстэма пра-
цавала. Напалову працавала. I раптам — новая сытуацыя, якую яны не разумелі. Гэта быў час дрэннага настрою, неразьбярыхі. Многія з тых, з кім мы сустракаліся, былі вельмі прывабныя. Вельмі годныя людзі, большасьць з тых, каго мы сустракалі ў Менску.
Мэйлер прыехаў у Менск у верасьні 1992-га. Спачатку ён пасяліўся ў гатэлі, затым яму зьнялі кватэру, дзе ён жыў да лютага 1993 году.
— Я жыў кілямэтры за тры ад цэнтру, у рабочым раёне, у доме, дзе жылі рабочыя, у маленькай цёмнай кватэры. Паводле менскіх стандартаў гэта была шыкоўная кватэра. Невялікая кухня, дзьве маленькія спальні, сярэдняга памеру гасьцёўня. Я плаціў каля 200 даляраў за месяц, што ў 20 разоў перавышала кошт кватэры для ўласьніка.
Гэта быў нялёгкі пэрыяд і для 70-гадовага пісьменьніка: раз на тры-чатыры тыдні ён вяртаўся ў Амэрыку, потым прыяжджаў зноў. Давалася ў знакі розьніца ў часе, штодня адбываліся сустрэчы і вяліся гутаркі пад запіс. У Менску не было чаго рабіць вечарамі, апроч як «пайсьці на абы-якую ежу ў сумным рэстаране, бо Менск ніколі ня будзе вядомы сваёй кухняй, прынамсі цягам наступнага дзесяцігодзьдзя ці двух».
— Змрочнае месца з выглядам у двор. Адзіную рэч, якую я памятаю — сонца ніколі не было ў Менску ад кастрычніка да лютага. Як толькі сонца выглядала на 10 хвілінаў, маці высыпалі на двор разам зь дзецьмі й вазочкамі і трымалі сваіх
дзяцей на сонцы. А калі сонца хавалася, яны беглі назад дадому, каб дзеці не прастылі.
Мэйлер і яго калегі нанесьлі візыт у амэрыканскую амбасаду, дыпляматы ім ахвотна дапамагалі, яны разам адзначалі Дзень удзячнасьці, які амэрыканцы сьвяткуюць у апошні чацьвер лістапада. Рэзыдэнцыя амбасадара месьцілася ў Драздах, у велізарнай дачы, дзе раней жыў сакратар ЦК, з холам для прыёмаў і сваёй кіназаляй. Лэры Шылер, які шмат і пасьпяхова працаваў у Галівудзе, быў у захапленьні ад праекцыйнай апаратуры — антыкварыят! Шылеру ўдалося зьняць кватэру ў тым самым комплексе будынкаў, дзе некалі жыў Освальд, і туды на вечарынкі яны запрашалі амбасадара і яго супрацоўнікаў.
Але Мэйлер жыў асобна.
— Гэта быў рабочы раён. Падлеткі, 18-19 гадоў, напіваліся ўвечары ў пятніцу і суботу. Але гэта былі неблагія дзеці. Мне нават падабалася там.
Часам, калі Мэйлер ішоў дадому, падлеткі віталіся зь ім і прапаноўвалі самагонку.*
Мэйлер дзякаваў і адказваў адной зь некалькіх фразаў, якія вывучыў, кожны раз аднолькава:
— Я — амэрыканскі!
Тарадзкое самагонаварэньне існавала заўсёды, і са зьнікненьнем прыватнага сэктару яно перакачавала ў шматпавярховыя панэльныя дамы. Практыкаваўся як традыцыйны гарачы мэтад, калі брагу грэлі на газавай пліце, а зьмеявік ахалоджвалі водаправоднай вадой, так і больш просты халодны спосаб — брагу залівалі ў плястыкавыя пакеты ад малака, клалі ў маразільнік, сусла замярзала, алькаголь заставаўся зьверху і разьліваўся ў бутэлькі. У першым выпадку самагонка была больш чыстая, у другім — адразу халодная.
Гэта заўсёды выклікала выбух сьмеху. Менск быў усё ж ня змрочны горад. He беларускі толькі.
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Мэйлер сустракаўся зь сямнаццацю афіцэрамі КДБ у Маскве і Менску.
Гэтая лічба ў кнізе падобная да шчыгрынавай скуры: толькі пяць з тых, хто займаўся Освальдам, пагадзіліся на інтэрвію па тэме, у кнізе фігуруюць толькі тры, бо трох зь пяцёркі давялося абяднаць пад адным імем, ніводзін зь іх не пагадзіўся даць сваё сапраўднае імя.
Адзін з тых, чыё сапраўднае імя згадваецца ў кнізе — першы кіраўнік КДБ незалежнай Беларусі Эдуард Шыркоўскі. Мэйлер так сфармуляваў сваё ўражаньне падчас інтэрвію:
— Я думаю, гэта тыповы чалавек КДБ. Моцны, крыху брутальны, з добрымі манерамі — для брутальнага тыпу. Цынічны. Глыбока цынічны.
«Генэрал Мараў» — зборнае імя для трох высокапастаўленых чыноў КДБ у Маскве.
«Ігар Іванавіч Гузьмін», ён жа «Ігар» — начальнік
управы КДБ у Менску, якая займалася Освальдам.
«Сьцяпан Васілевіч Грыгор’еў», ці проста «Сьцяпан» — яго падначалены, афіцэр КДБ, які непасрэдна, з дня ў дзень, на працягу двух з паловай гадоў займаўся Освальдам.
Адзін з вэтэранаў шчыта і мяча сьціпла патлумачыў сваю нелюбоў да галоснасьці зразумелымі і сьвятымі для амэрыканцаў каштоўнасьцямі прыватнага жыцьця:
Каб на пэнсіі журналісты не дакучалі пытаньнямі.
Амэрыканцы, трэба спадзявацца, зразумелі правільна.
Яшчэ да выхаду кнігі Мэйлера чэкістаў расшыфравалі. У Інтэрнэце, газэтах можна ўведаць, што генэрал «Ігар Гузьмін» быў Галубцовым, яго прыслалі ў Менск з Масквы «на ўмацаваньне кадраў» у 1946-м, да Освальда ён займаўся пошукам калябарантаў, напачатку 1950-х лавіўпарашутыстаў (чацьвёрка Вострыкава), і выйшаў у адстаўку з пасады начальніка ўправы контраразьведкі ў 1977-м.
Мэйлер дае такі партрэт 70-гадовага генэрала КДБ у адстаўцы:
Вялікі чалавек, стары, з чырвоным вялікім тварам, які мог належаць ірляндзкаму паліцыянту ў Нью Ёрку, твар уражвае: ад вострага носа і ўверх — выцьвілыя блакітныя вочы, гатовыя загарэцца праведным маральным агнём; але ад вуснаў і ўніз ён выглядаў карумпаваным — двай-
ное падбародзьдзе, разьдзьмутая шыя паліцэйскага шэфа.
А непасрэдны куратар Освальда «Сьцяпан» ідэнтыфікаваны як капітан Аляксандар Фёдаравіч Касьцюкоў, ураджэнец Гомельскай вобласьці — у 1992-м яго імя надрукавалі «Пзвестня», менавіта так ён быў прадстаўлены і дэпутату Сяргею Навумчыку.
«Сьцяпану», як і «Ігару», прысьвечаны асобны разьдзел у кнізе. Мэйлер цытуе «Гузьміна» пра Касьцюкова: інтэлігентны, прафэсійны, сур’ёзны, з халоднай галавой, характар устойлівы, цярплівы, чысты беларус, добра ведаў мясцовую спэцыфіку, лавіў і дапытваў нямецкіх і брытанскіх шпіёнаў — тутэйшых жыхароў, якіх падчас вайны занесла на Захад, а потым дадому.
Касьцюкоў нарадзіўся ў вёсцы на Сожы, ваяваў, быў паранены, прыйшоў у органы яшчэ за часам Цанавы і Берыі, а перад тым быў супрацоўнікам раённага аддзелу статыстыкі. Мэйлеру ён расказваў, што ня піў, не паліў, не гуляў у даміно, быў маральна ўстойлівы, толькі працаваў. Кватэра была за тры кілямэтры ад працы, выходзіў з дому рана, ішоў пешкі ціхай вуліцай да парку Горкага, праходзіў каля парку Купалы, далей па праспэкце, да дому з калёнамі, падымаўся на свой трэці паверх і быў за сталом а палове дзявятай. Яму падабалася, што вокны выходзілі ў двор — ціха, нічога не перашкаджае. Пачынаў дзень з працы над дакумэнтамі, якія заўсёды замыкаў у сэйфе, нават калі выходзіў на хвіліну. I не таму, што у кабінэце быў яшчэ адзін супрацоўнік, а таму што такі парадак. Потым сядзеў на нарадах, сходах, абедаў у службовай сталоўцы,
вельмі добрай (біфштэкс ці катлеты, салаты, чай з 20% вяршкамі), у абед выходзіў ва ўнутраны дворык, пасядзець на сонцы, часам згуляць у валейбол, ён быў хоць і невысокі, але няблага біў крукам.
Праца была творчая, тлумачыў ён Мэйлеру, нешта можна было вырашыць за месяц, а нешта за год. Нельга было абмяжоўвацца часавымі рамкамі — заўсёды ўзьнікала нешта нечаканае. Хто, напрыклад, мог прадбачыць, што Освальд ажэніцца з Марынай? Былі заданьні, якія немагчыма было выканаць, як ні старайся. Часам сыходзіў уначы, жонка ставілася з разуменьнем, сама працавала на вызваленай камсамольскай пасадзе, дзеці былі ў кругласутачных ясьлях, кожны панядзелак службовы аўтобус адвозіў іх ад будынку КДБ на былую дачу Цанавы пад Менскам і там яны заставаліся да пятніцы.