Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
відаць было парк Горкага, Дом афіцэраў, будынак ЦК партыі зьлева, далей дзьве вежы праваслаўнага сабору, тэатар опэры і балету і клясычны франтон штабу Беларускай вайсковай акругі.
Проста пад вокнамі, крыху лявей, драўляны дом-музэй 1-га зьезду РСДРП. Освальд не пакінуў сьведчаньняў, ці быў у музэі. Было б дзіўна, калі б не адведаў — малады марксіст мусіў прычасьціцца такой гістарычнай сьвятыні, зь якой усё пачалося. I ня мог не падумаць пра сымбалічнае значэньне месца — можа, і яму наканавана пакінуць свой сьлед у гісторыі. Калі пазьней вуліцу Калініна перайменавалі ў Камуністычную, гэта магло стаць яшчэ адным знакам.
Сагындыкаў у музэі ня быў, хаця да пераезду жыў побач, насупраць праз праспэкт, з боку парку Горкага. Жонка памерла, дзеці вырасьлі і разьехаліся і ён перабраўся ў меншую кватэру. Калі некаму заманецца напісаць для сцэны гісторыю жыхароў кватэры № 22, напрыклад, зрабіць мюзыкал, праблемы з выкананьнем ролі цяперашняга гаспадара будуць большыя, чым з роляй Освальда.
Спачатку пытаньне мовы — казах паводле пашпарта, Сагындыкаў разумее ідыш, на якім гаварылі ў Менску да вайны, працаваў на беларускім тэлебачаньні і можа гаварыць па-беларуску, але па-казахску ня ведае ані слова.
Яго дзед, заможны менскі габрэй-гандляр Клейнэр, паглядзеў на пасьлярэвалюцыйны вэрхал і прыняў адзіна правільнае рашэньне — зьехаць у Амэрыку. Але чатыры дачкі-марксісткі цьвёрда верылі ў ідэалы новага сьвету і засталіся яго будаваць. Адна зь іх паехала на вучобу ў Маскву ў камуністычны ўнівэрсытэт імя Сьвярдлова, пазнаёмілася
там з нацыянальным кадрам з Казахстану, як называлі прадстаўнікоў савецкіх рэспублік, і паехала зь ім у Петразаводзк, куды яго прызначылі сакратаром абкаму партыі. Пасьля нараджэньня сына бацьку неўзабаве арыштавалі і расстралялі, маці як жонку ворага народу саслалі ў ГУЛАГ, а малога аддалі ў дзіцячы дом. Там яго пазьней знайшла цётка, забрала і выхоўвала як сына — да 10 гадоў ён нічога ня ведаў пра сваю гісторыю. Праз пару гадоў пасьля вайны аднойчы ён вярнуўся са школы дадому і пабачыў дзьвюх маці — сёстры былі блізьнятамі. Ну і гэтак далей.
Мэйлер аж трэсься ад такіх гісторыяў і ўключаў у кнігу ўсё, што патрапляла пад руку, якое б далёкае дачыненьне ні мелі жыцьцёвыя пэрыпэтыі яго суразмоўцаў да цэнтральнай тэмы кнігі. Гэтай гісторыі ў кнізе няма ня толькі таму, што інтэрнацыянальны гаспадар засяліўся ў дом на Камуністычнай ужо пасьля выхаду кнігі.
За паўгода ў Менску Мэйлер ні разу ня быў у кватэры Освальда.
Освальд і яго імёны
Самае першае імя Освальда ў Менску — «Алёша». Менавіта так пачынаюць называць яго дзяўчатыперакладчыцы Інтурысту ў гатэлі «Менск». Першая рэакцыя Мэйлера на гэта — канечне, паводле Дастаеўскага, як аднаго з братоў Карамазавых?..
У адказ перакладчыца расказвае пісьменьніку гісторыю пра песьню і баўгарскі помнік савецкім воінам-вызваліцелям у Плоўдзіве, названы так пяшчотна ў гонар салдата-сувязіста.*
На менскім радыёзаводзе Освальда называюць «Алік» — ён адгукаецца на гэтае імя, і так яго большасьць знаёмых і запомніла на многія дзесяцігодзьдзі.
Жонка называе яго яшчэ й «Алька».
Сам Освальд па-расейску часьцей за ўсё падпісваецца «Алек».
*Гэтае тлумачэньне — тыповая кантамінацыя, накладаньне пазьнейшых падзеяў на папярэднія, як нярэдка здараецца пры гістарычных рэканструкцыях. Папулярная песьня, якая зьвязала помнік і імя, была напісаная толькі ў 1968 годзе.
Адзін выпускнік палітэхнічнага інстытуту, куды Освальд заходзіў са сваім заводзкім сябрам, таксама студэнтам-завочнікам Паўлам Галавачовым, згадвае ў сваіх успамінах, што студэнты паміж сабой называлі яго па-расейску «Лмхарь», «Лнхаря» і нават «Харя».
У рапартах КДБ Освальда называюць «Лі Гарві». Можа і пачціва, але малапісьменна, бо гэта толькі імя і другое імя, нават не імя па бацьку. Неўзабаве яму прысвойваецца мянушка «Ліхі» — тут ужо адчуваецца фанэтычны густ.
Затым яна мяняецца на «Налім». Чаму — можна толькі здагадвацца. Магчыма, звычайнае бюракратычнае суперніцтва розных управаў і аддзелаў, адсутнасьць каардынацыі, можа вынік рэжыму сакрэтнасьці, калі кожны супрацоўнік ці група працуюць аўтаномна і ня ведаюць, што робяць калегі. Дзьве мянушкі некаторы час ужываюцца адначасна.
Таксама ўжываюцца абрэвіятуры: «ОЛГ» — да ліпеня 1961-га, пасьля — «ЛГО», і зрэдку — «Л».
У канцы 1961 году амэрыканца ў рапартах КДБ прадстаўляюць як савецкага грамадзяніна — «Освальд Л.Г.», у заводзкай характарыстыцы — «Л.Г. Освальд».
Пасьведчаньне таварыства паляўнічых і рыбаловаў выпісана на імя «Аляксей Гарвей Освальд».
У адным заводзкім дакумэнце напісана «Прозьвішча — Освальд, Імя — Лі Гарвей». Поўны варыянт «Освальд Лі Гарвеевіч» не сустракаецца.
Этымалягічныя слоўнікі тлумачаць значэньне прозьвішча як «боскую сілу, кіраваньне Бога» — таму ў адной з амэрыканскіх кансьпіралягічных тэорыяў Освальда зьвязваюць зь імем чараўніка з
Озу, які кіруе Смарагдавым горадам і знаходзіцца ў акультнай сувязі з ідэяй спыненьня жыцьця. A прозьвішча Рубі, забойцы Освальда — з рубінавымі чаравічкамі гераіні казкі Элі.
Страшна ўявіць, што будзе, калі аматары анамастыкі ўведаюць імя першай менскай перакладчыцы Освальда — яе звалі Сталінай (пасьля сьмерці «бацькі народаў» яна ператварылася ў Стэліну).
Яшчэ страшней уявіць, што было б, калі б Освальд застаўся ў Беларусі і прыйшоў атрымліваць мясцовы пашпарт: Леў Георгіевіч Асвальдчук.*
Дарэчы, прозьвішча аўтара клясычнага «Этымалягічнага слоўніка ангельскай мовы» — таксама Освальд, толькі Джон.
*Апошні тэлефонны званок у сваім жыцьці прэзыдэнт Кенэдзі зрабіў з гатэлю ў тэхаскім гарадку Форт Ворт, дзе яны з жонкаю правялі ноч перад Даласам (і дзе пахаваюць Освальда). Кенэдзі захацеў падзякаваць людзям, якія спэцыяльна ўпрыгожвалі іх нумар кветкамі, вазамі, карцінамі зь мясцовага музэю. На століку ляжаў буклет, і Кенэдзі папрасіў злучыць яго з дамай, чыё прозьвішча значылася першым, пазваніў, падзякаваў ашаломленай прэзыдэнцкім званком актывістцы. Яе прозьвішча было Джэй Лі Джонсан — сьвята анамастыкі. Джэй — так пачынаецца імя дырэктара ФБР Гувэра, адказнага за агульную бясьпеку (ФБР шчыльна цікавілася Освальдам, але ў лістападзе 1963 ніякіх дадатковых захадаў да яго не ўжывалі). Лі — імя Освальда, a Джонсан — прозьвішча віцэ-прэзыдэнта, які стаў прэзыдэнтам пасьля забойства. I гэта ня ўсё — дзявочае прозьвішча дамы было Картэр — так будуць зваць наступнага пасьля Джонсана прэзыдэнта ад Дэмакратычнай партыі.
Першая памылка КДБ
Бацька Паўла Галавачова быў лётчыкам і двойчы Героем Савецкага Саюзу, маці — хатняй гаспадыняй, якая суправаджала мужа па шматлікіх месцах службы, а сын — выключаным з камсамолу разгільдзяем, якога бацькі паслалі ў Менск, дзе ў іх была кватэра, зарабляць вытворчую характарыстыкудля вучобы ў інстытуце.
Дзёньнік ЛГО
17 сакавіка — 31 красавіка 1960
Працую. Страціў сувязь з Розай пасьля пераезду ў кватэру. Я знаёмлюся з Паўлам Галавачовым. Малады чалавек майго ўзросту, прыязны, вельмі разумны, выдатны радыётэхнік. Яго бацька генэрал Галавачоў двойчы герой, камандуючы ў Паўночна-Заходняй Сібіры.
Працоўнае месца Галавачова было за пяць мэтраў ад амэрыканца. Калі сакратар парткаму Лібезін спытаўся, хто на ўчастку ведае ангельскую,
аказалася, што ўсе навокал вучылі нямецкую, адзін Павал крыху ведаў ангельскую.
— Будзеш дапамагаць, — сказаў партсакратар.
Рэч была ў тым, што ўжо ў першы дзень на заводзе Освальд ледзь не пабіўся з рабочым: той абурыўся, калі нехта, пакуль ён выйшаў з цыгарэтай, разабраў падрыхтаваны ім прэс. Той рабочы таксама толькі пачаў працу на заводзе і ня ведаў, каго ўзяў за грудкі. Сакратар парткаму потым прымусіў яго прасіць прабачэньня. Освальд ня мог патлумачыцца, патрабавалася штодзённая дапамога на месцы, тут пад руку падвярнуўся малады хлопец з ангельскай. Назаўтра са слоўнікам у кішэні ён пачаў знаёміцца з амэрыканцам.
Галавачоў узяў пачак запалак і выпусьціў з рукі: так Освальд навучыўся першаму слову — упаў, падаць.
Аднойчы падчас доўгага інтэрвію з Мэйлерам начальнік управы КДБ «Ігар» прызнаўся, што і яны рабілі памылкі — ніхто не дасканалы. I адна зь іх — дапусьцілі знаёмства і сяброўства 18-гадовага юнака — генэральскага сына з амэрыканцам.
А памылкі трэба выпраўляць. Ужо праз два тыдні пасьля першай сустрэчы з Освальдам па дарозе дадому Паўла спыніў незнаёмы чалавек, паказаў пасьведчаньне КДБ і прапанаваў пагаварыць. Стаяў мароз, Павал мёрз і запрасіў «Сьцяпана» зайсьці ў кватэру (паблізу плошчы Перамогі). Опэрработнік паказваў адзін за адным пяць фатаздымкаў і пытаўся — ведаеш? Павал нікога не пазнаў і спытаўся сам, хто гэтыя людзі. У адказ прагучала — дзяржаўныя злачынцы. Затым «Сьцяпан» дастаў фота Освальда і патлумачыў Галавачову, што цяпер яго патрыятычны доўг дапамагчы радзіме.
Ніякага асаблівага доўгу перад радзімай Галавачоў не адчуваў, але, як ён патлумачыў Мэйлеру праз тры дзесяцігодзьдзі, існаваў вельмі моцны заменьнік гэтага пачуцьця.
Страх.
Рапарт КДБ
18.02.60
Шляхам асабістага назіраньня і ў размовах « Л » не заўважыў падазроных праяваў у паводзінах Освальда. Ён ня надта цікавіўся працай і нярэдка рабіў заўвагі кшталту: «Чаму я мушу пілаваць гэты мэтал гэтай пілкай, я ж не зьбіраюся ў інжынэры. Мая сапраўдная мара — вывучыць замежныя мовы, і вывучыць добра». (Ён не ўдакладніў, якія менавіта.) У размовах стрыманы, адказвае на пытаньні коратка, упэўнена.
Аднойчы, паводле «Л», яны чыталі прамову прэзыдэнта Эйзэнгаўэра ў «Правде». У гэтай прамове Эйзэнгаўэр спрабаваў паказаць тэхнічную адсталасьць Савецкага Саюзу ў параўнаньні са Злучанымі Штатамі. Освальд адказаў, што Эйзэнгаўэр хлусіць, СССР ня менш тэхнічна разьвітая краіна, чым ЗША.
Освальд амаль ніколі не расказвае пра жыцьцё ў сваёй краіне, альбо як ён патрапіў сюды. Часам, у абед, ён абмяняецца двума-трыма словамі з маладымі людзьмі, дзяўчатамі і хлопцамі, і параўнае жыцьцё ў СССР і ЗША. Але ў такіх выпадках ён таксама выказваецца станоўча пра стан рабочых уСССР.
Насамрэч пасьля тыдня працы на заводзе Освальд заўважыў і адчуў нешта зусім іншае.
Дзёньнік ЛГО
16 студзеня 1960
Мне не падабаецца: партрэт Леніна, які глядзіць са свайго ганаровага месца, і фіззарадка з 11:00 да 11:10 штораніцы (абавязкова). Для ўсіх. (Цені Г.Уэлса!!).