Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
I Освальд піша ўжо ня проста пра садавіну — a пра яе адсутнасьць большую частку году.
Нават пасьля армейскай кухні ежа ў сталічным кафэ самаабслугоўваньня на плошчы Перамогі выклікае нараканьні.
Дзёньнік ЛГО. Працяг
Я прызвычаіўся да маленькага кафэ, куды хаджу вячэраць. Ежа звычайна нясмачная, і ў любым кафэ ў горадзе аднолькавае мэню. Ежа танная, і мне насамрэч усё роўна пасьля трох гадоў службы ў амэрыканскай марской пяхоце.
Освальд быццам спрабуе пераканаць сам сябе, што яму ўсё роўна, і нават знайсьці п люсы — танна. Але адначасна робіць яшчэ болып важную заўвагу — такая самая ежа, аднолькавы набор паўсюль.
Трэба сапраўды быць марксістам, каб толькі праз год пасьля прыезду ў краіну сваёй мары заўважыць яе самую адметную рысу.
Няма выбару.
Нават горш — шчасьця няма.
Адразу пасьля прыезду ў Маскву ўвосень 1959-га Освальд пісаў ужо брату, што не разьлічвае на нейкія выгоды ў СССР, бо «шчасьце не асабістая рэч,
яго не складаюць маленькі дом, браць і атрымліваць.» I ўдакладняў:
Шчасьце ў тым, каб браць удзел у барацьбе, дзе няма мяжы паміж асабістым сьветам і сьветам увогуле. Я ніколі не лічыў, што я атрымаю больш матэрыяльных перавагаў на гэтым этапе разьвіцьця Савецкага Саюзу, чым я мог бы мець уЗША.
За дзевяць месяцаў у Менску Освальд істотна пераглядае свае погляды на шчасьце.
Дзёньнік ЛГО
Жнівень — верасень 1960
Па меры таго, як паляпшаецца мая расейская мова, я ўсё больш усьведамляю, у якім грамадзтве я жыву. Агульная фіззарадка, абавязковыя сходы пасьля працы, звычайна палітінфармацыі. Абавязковае наведваньне лекцыяў і адпраўка цэлага цэху (апроч мяне) у калгас на бульбу ў нядзелю. «Патрыятычны доўг» збору ўраджаю. Гэта вялікі галаўны боль, на думку рабочых (ня ўголас). Яны таксама ня маюць вялікага энтузіязму і да іншых «калектыўных» абавязкаў, натуральнае пачуцьцё.
А цікава было б прачытаць запіс Освальда пра ўражаньні ад паездкі на бульбу.
А потым рапарт КДБ.
I потым тлумачэньне Мэйлера амэрыканскім чытачам, што гэта такое — прымусовае выпраўленьне інжынэраў і рабочых аднаго з флягманаў савецкага навукова-тэхнічнага прагрэсу на калгасныя палеткі, дзе ўзровень мэханізацыі вымяраецца
вёдрамі і мяхамі, і як гэта стасуецца са спадарожнікам і вадароднай бомбай.
I напэўна нехта ўсклікнуў бы — і мы падчас халоднай вайны патрацілі мільярды супраць такога праціўніка?..
I адказ — так. Бо іначай самі б езьдзілі рваць кукурузу, і за надоі змагаліся б, і пасылалі б працоўныя рапарты ў Белы дом.*
Шкада ўсё ж, што не паслалі амэрыканца на бульбу.
*Штатаўская карова спалохалася, што можа патрапіць на калгасную фэрму, і за наступныя пяцьдзясят гадоў павялічыла надоі з шасьці зь лішкам да дзевяці зь лішкам тысяч кіло, а невыязная савецкая — з амаль трох да чатырох. 30.12.2006 Белта разаслала сваім падпісчыкам навіну: «Упершыню ў гісторыі Беларусі сярэдні надой малака ад каровы ў сельгасарганізацыях перавысіў 4 тыс. кг. Аб гэтым гаворыцца ў тэлеграме, накіраванай прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку Мінсельгасхарчам».
Найважнейшае з мастацтваў
У дакумэнтах КДБ зафіксаваныя фільмы, якія Освальд глядзеў у верасьні 1960-га:
4	верасьня: «Вецер» у кінатэатры «Летні»
6	верасьня: «Бабета ідзе на вайну» ў кінатэатры «Мір»
7	верасьня: «Партызанская іскра» ў кінатэатры «Перамога»
8	верасьня: «Бабета ідзе на вайну» ў кінатэатры «Мір»
9	верасьня: «Камандзір атраду» ў кінатэатры «Летні»
Освальд хадзіў на позьнія сэансы — усе пачыналіся пасьля 8-й вечара, а француская «Бабета» ўвогуле а10-й.
4	верасьня — нядзеля (пасьля кіно Освальд яшчэ схадзіў на танцы ў Дом афіцэраў). Затым — аўторак, серада, чацьвер, пятніца. На працягу тыдня францускую стужку Освальд глядзіць двойчы. Галоўную ролю ў камэдыі грала 25-гадовая Брыжыт Бардо, якая адразу завалодала сэрцамі ня толькі
мужчынскай часткі заляў, але й жаночай. Ня толькі фрызура «бабета» імгненна стала моднай, усё а-ля Брыжыт Бардо — лёгкасьць, манеры, усьмешка і сьмех сталі ўзорам для дзяўчат. Менск, як Освальд хутка пераканаецца, ня быў выключэньнем.
У кожным кінатэатры наведнікаў сустракала цытата Леніна: «3 усіх мастацтваў для нас найважнейшым зьяўляецца кіно!».*
У кіно Освальд пачаў хадзіць адразу пасьля прыезду ў Менск — і адзін, і зь дзяўчатамі, і час бавіць, і мову вучыць. Перад сэансам круцілі чорна-белыя выпускі кіначасопісу «Савецкая Беларусь».
Там паказвалі перадавікоў семігодкі, якую тыя абяцалі выканаць за пяць гадоў, кадры зь перадавога саўгасу, асобны сюжэт быў прысьвечаны менскаму фэстывалю кінамастацтва (але давалі ня ўрыўкі зь фільмаў, а прэзыдыюм, які апэратары маглі здымаць з заплюшчанымі вачыма), расказвалі пра модны капрон, на экране бегалі футбалісты (менская «Беларусь» выйграла ў кіеўскага «Дынама»), Освальд мог пабачыць Кандрата Крапіву, які разразаў стужку на адкрыцьці музэя Янкі Купалы на беразе Сьвіслачы, новы помнік партызанам...
Адзін з выпускаў адкрываўся сюжэтам пра юбілей, як бы сёньня сказалі, гендэрнага сьвята. Раз на год дзяржава лічыла патрэбным афіцыйна заявіць, што жанчыны таксама людзі. На фоне бравурнай музыкі закадравы голас абвяшчаў:
*У гэтым сказе галоўнае ня дзейнік «кіно», не выказьнік «зьяўляецца найважнейшым», нават не прадказаньне палітычнай сілы ўзьдзеяньня кіно і тэлебачаньня на масавую сьвядомасьць, а брутальнае, як удар чобатам паміж ног, дапаўненьне «для нас», якое азначала акалічнасьць — дзяржаўную манаполію.
У Менску адбыўся ўрачысты сход, прысьвечаны 50-годзьдзю міжнароднага жаночага дня.
Сход адкрыла дэпутат Вярхоўнага Савету БССР Мацюшка. Са слаўнай гадавінай беларускіх працаўніц цёпла віталі сакратар Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі Шавура, вядомы сталявар аўтазаводу Барашкін, доктар біялягічных навук Чаркасава і другія таварышы.
Камэра дае панараму прэзыдыюму, у якім пераважаюць мужчыны, і залі, дзе жанчын больш, але на першым пляне зусім не яны. Буйны плян на залю даецца двойчы, і абодва разы з адной кропкі, таму ў кадры заўсёды цалкам відаць толькі адну жанчыну гадоў трыццаці, з зачасанымі назад хвалістымі валасамі і бліскучымі завушніцамі, у чорнай сукенцы з кароткім рукавом, зь неглыбокім дэкальтэ, якое завяршае вялікая круглая брошка. Вакол яе старэйшыя таварышы — у больш строгіх сукенках з адкладнымі белымі каўнярамі і шалямі.
Жанчына з завушніцамі ведае, што яе здымаюць, і зь нечалавечай засяроджанасьцю ні разу не міргае, напружана гледзячы на сцэну.
Кадар, па ўсіх законах мантажнага кіно, перабівае цягнік. Ну, не зусім цягнік — пад бой барабанаў, са сьцягамі над галавой у праход паміж крэсламі імкліва ўрываецца і пераразае экран атрад дзяцей.
Павіншаваць жанчын прыйшлі піянэры. Яны горача віталі слаўных працаўніц, барацьбітоў за мір і шчасьце, — кажа дыктар.
Канец сюжэту — на ўсё пра ўсё 40 сэкундаў.
Аўтары клясычна выканалі задачу: тут і жанчы-
на-дэпутат, і сакратар кампартыі, перадавік цяжкай індустрыі і жанчына-прафэсар, і, канечне, дзеці — наша будучыня.
Зь піянэрамі ўсё ясна — закінулі букеты на стол прэзыдыюму, памахалі ў паветры сьцяжкамі і пайшлі, як і прысягалі, далей «горача любіць сваю Радзіму, жыць, вучыцца і бароцца, як завяшчаў вялікі Ленін, як вучыць Камуністычная партыя».
I з кіношнікамі таксама ясна — пайшлі надалей ствараць летапіс.
I з Освальдам ясна, але ня ўсё — у дзёньніку пра кіначасопіс няма ніводнага слова.
Можа, не зразумеў — дыктарскі тэкст быў беларускі.
Ці недаацаніў, прыняўшы клясыку жанру за халтуру.
А можа проста таму, што не кіно было для Освальда найважнейшым з мастацтваў.
Ён любіў клясычную музыку, і пасьля адкрыцьця сэзону ў кастрычніку стаў заўзятым наведнікам опэры і філярмоніі.
Да асабістай сустрэчы з членам прэзыдыюму жаночага сходу доктарам біялягічных навук Чаркасавай, якая верасень 1960-га праводзіла ў Нью Ёрку, заставалася паўгода.
Дзень той сустрэчы зьменіць яго жыцьцё, як палёт матылька мяняецца моцным парывам ветру.
«Аооаох!» — і міма
Сваю самую вядомую зброю, карабін МанліхерКаркан Освальд набыў увосень 1962-га ў Тэхасе на замову праз пошту. Такія лібэральныя законы аб зброі, сьцьвярджаў шмат хто, і прывялі да амэрыканскай трагедыі.
Насамрэч гэтаксама можна было купіць зброю і ў Менску.
Ва ўсіх газэтах друкавалася рэкляма тульскай крамы «Тавары-Поштай» — правобразу пазьнейшых Інтэрнэт-крамаў — якая на выбар прапаноўвала «дробавыя, двухствольныя, курковыя паляўнічыя стрэльбы з ад’ёмнымі стваламі 16-га калібру для стральбы чорным і бяздымным порахам, папяровымі і мэталічнымі гільзамі» па 456 рублёў за звычайную стрэльбу, 624 — за арнамэнтна-чаканную, а за 848 рублёў можна было замовіць адмысловую, ручной працы, зброю.
Але Освальд на пошту не пайшоў — у жніўні 1960-га ён купіў тульскую аднаствольную стрэльбу
ў менскай краме «Рыбалоў-паляўнічы», далучыўся да заводзкага паляўнічага клюбу і з новымі калегамі выправіўся на зайца.
Рапарт вонкавага назіраньня КДБ
10.09.60
Ад 13:00 да 15:20
У 14:30 Ліхі выйшаў з працы і хутка пайшоў дадому.
У 14:55 выйшаў з дому з паляўнічай стрэльбай у чахле і сумкай з прадуктамі і прыйшоў да прахадной радыёзаводу. Там Ліхі падышоў да групы з 7 мужчын, таксама са стрэльбамі, і ўступіў у размову. Праз хвілін 13 Ліхі й іншыя селі ў машыну БО 18-89 і ў 15:20 выехалі з гораду па Старажоўскай вуліцы на Даўгінаўскі тракт.
Паводле дамоўленасьці з начальнікам аддзелу назіраньне за Ліхім у гэты момант спынена да 17 верасьня 1960 году.
КДБ ведаў, што Освальд набыў стрэльбу і зьбіраўся на паляваньне. Хто з паляўнічых сачыў за ім, невядома — рапарту Мэйлеру не далі. Затое ён запісаў успамін Леаніда Цагойкі, арганізатара і ўдзельніка гэтага паляваньня. Яны ішлі адзін за адным, Освальд са стрэльбай наперавес — перадапошні, за ім Цагойка, калі заяц выскачыў літаральна з-пад ног.
Мэйлер піша, што Освальд крыкнуў: «Аооаох!» і пальнуў у паветра.
— Божа, Освальд, ты мяне застрэліш з гэтага ружжа! — ахнуў Цагойка.
— Заяц напалохаў мяне, — патлумачыў сваю рэакцыю амэрыканец.
Пазьней ён страляў яшчэ раз і зноў прамазаў*
Справаздача з паляваньня зьбянтэжыла КДБ: няўжо былы марскі пехацінец ня ўмее абыходзіцца са зброяй, мажа па мішэні? Маскіроўка агента, які хавае свой досьвед?.. Проста не пашанцавала ў той дзень?..