Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
Я сустрэўся зь ёй у 1960-м у Зігераў, яе сям’я, якая паслала яе ў Менск, відавочна, заможная. Іна любіць моднае адзеньне, добры абутак і бялізну. У кастрычніку 1960 году мы становімся вельмі блізкія, кульмінацыяй стаў палавы акт 21 кастрычніка. Яна была цнатлівая і вельмі цікавая. Мы сустракаліся такім чынам 4 ці 5 разоў, апошні — 4 лістапада 1960-га. Па заканчэньні апошняга курсу Менскай кансэрваторыі яна зьехала зь Менску ў Рыгу.
Што менавіта запісанаў матэрыялах праслухоўваньня КДБ 21 кастрычніка 1960 году, Мэйлеру не паказалі.
*У «Дзёньніку» імёны дзяўчат Освальд піша цалкам і так, поўнасьцю, падае іх Мэйлер у сваёй кнізе. Калі каму моцна карціць, могуць самі пайсьці ў бібліятэку і замовіць «Гісторыю Освальда».
Дзёньнік ЛГО
Сьнежань 1960
У мяне лёгкі раман з Нэляй К.
Нэля К. Высокая, 5 футаў 11 цаляў, 150 фунтаў, добрыя прапорцыі, вялікія высокія грудзі, шырокія і прыгожыя сьцёгны, прапарцыйныя, сама зь вёскі непадалёку ад польскай мяжы, чыста расейскага вясковага паходжаньня. Далікатная, добрая, жаноцкая і ўсё разумее, з гарачым і строгім сэрцам. Яна спалучала ўсе найлепшыя жаночыя рысы з добрым, вялікім расейскім сэрцам. Я пазнаёміўся зь ёй праз суседку ў пакоі Томку. Нэлі і Томка і яшчэ тры дзяўчыны жылі разам у пакоі інтэрната Інстытуту замежных моваў каля плошчы Перамогі. Я пачаў сур’ёзна зьвяртаць увагу на Нэлю, калі разышоўся зь Інай Т.
Пазьней на асобным аркушы Освальд дапісвае:
Нэля напачатку не зьвяртае на сябе вялікай увагі, яна проста выглядае і надта вялікая, але я адразу адчуў, што яна добрая і яе жарсьці адпавядаюць яе памерам, што ўдалося высьветліць толькі пасьля доўгага вывучэньня прадмету. Пасьля лёгкага раману, які цягнуўся да студзеня і нават лютага, мы падтрымлівалі сяброўства, але нічога болып аж да траўня 1961-га, і пасьля жаніцьбы больш не сустракаліся.
Гэты запіс, зроблены, верагодна, ужо пасьля вяртаньня ў Амэрыку, Мэйлер называе адзіным, апроч радкоў пра студэнтку кансэрваторыі, канкрэтным сьведчаньнем сэксуальнага жыцьця Освальда ў Менску да жаніцьбы.
Канкрэтыкі у гэтым выпадку якраз і няма. Ёсьць крыху нацяжная спроба гумару.
Восеньню 1960-га ў Освальда разьвіваецца нашмат больш сур’ёзны трэці раман, які завершыцца прапановай рукі і сэрца.
Дарэчы — брунэтцы.
КДБ і «мужчыны зь вялікай задніцай»
Сэксуальнае жыцьцё Освальда цікавіла шмат каго.
Будучы прэзыдэнт ЗША Форд, сябра Камісіі Ўорэна, таксама зрабіў унёсак у гэтую тэму, спытаўшы, ці ня быў Освальд «імпатэнтам». Жонка Освальда ў адказ заявіла, што не разумее, як такі чалавек мог стаць прэзыдэнтам.
Аднак чытаючы Мэйлера, можна ўявіць, што пытаньні, якія ён высьвятляе, сфармуляваныя ў аддзеле маркетынгу выдавецтва. Напрыклад — ці быў Освальд гомасэксуалістам?
Генэрал «Гузьмін» цьмяна заявіў, што Освальд быў «нячысты і карыстаўся сытуацыяй, калі яна зьяўлялася».
Але непасрэдны куратар «Сьцяпан» катэгарычна абвергнуў гэта. Освальд часам прыводзіў дзяўчат дадому, і «Бог ведае што яны там рабілі». Верагодна, гэта было да ўсталяваньня прамога назіраньня ў кватэры, бо потым КДБ ведаў шмат чаго даволі дакладна.
3 расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ
26 ліпеня 1961
21:50 ЛГО ідзе на кухню, вяртаецца.
22:10 Яны кладуцца ў ложак.
22:15 Інтымная гутарка.
22:30 Ціха, яны сьпяць.
23:00 Назіраньне завершана.
Як тлумачыў «Сьцяпан», у КДБ не было правілаў, як запісваць інтымныя моманты. Звычайна чалавек, які расшыфроўваў запіс, пазначаў, што акт адбыўся, але не даваў дэталяў.
Але на практыцы гэта залежала ад задачы:
— Уявіце, што я працую ў ФБР ці ЦРУ і хачу завэрбаваць савецкага інжынэра. Мне давялося шукаць на яго кампрамат, перш і важней за ўсё — сэксуальныя рэчы. Як аналітык я б загадаў: запісвайце ўсё як найпадрабязьней. Усе сэксуальныя працэсы. Рабіце фота. Усё залежыць ад мэты.
«Сьцяпану» даводзілася весьці справу, па якой праходзілі гомасэксуалісты — за крымінальнае злачынства «мужаложства» прадугледжвалася пакараньне да пяці гадоў турмы. Ён патлумачыў Мэйлеру, як гэта выглядала вачыма КДБ 60-х гадоў:
— Звычайна ў гомасэксуаліста тонкі голас, нешта жаноцкае, ён цікавіцца жанчынамі толькі фармальна, але яго вочы загараюцца, калі ён бачыць мужчыну, асабліва — прабачце — зь вялікім задам. Яго пастаянна можна бачыць у грамадзкіх прыбіральнях, і часта там яны і зьдзяйсьняюць акты. Такім чынам, у гомасэксуаліста ёсьць пэўныя выразныя рысы, паводле якіх яго можна
выявіць, і такіх рысаў мы за Освальдам не назіралі.
Дзяржаўную бясьпеку аднаполае каханьне падрывала да 1993-га, калі яно фармальна і афіцыйна перастала быць злачынствам.
Мэйлер і гіганты сэксу
У 2007 годзе апошні раман Мэйлера «Замак у лесе» пра дзяцінства Гітлера атрымаў шырока вядомы ў амэрыканскім прыгожым пісьменстве прыз часопісу Literary Review «За дрэнны сэкс у мастацкай літаратуры».
Назвы ранейшых твораў гавораць самі за сябе: «У палоне сэксу», «Геній і жарсьць», «Прывід прасталыткі», крыху менш кідаюцца ў вочы «Пра жанчын і элегантнасьць» і «Мэрылін», але дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што самы першы раман «Голыя і мёртвыя» не пра тое, што можна падумаць, калі прачытаць усе загалоўкі разам.
Мэйлер лёгка пераплюнуў КДБ у асьвятленьні менскага сэксуальнага жыцьця (без уліку таго, што там яшчэ схавана ў архівах, вядома).
Так, у кнізе знаёмы Освальда Юры Меражынскі, сын доктара біялёгіі Чаркасавай (якая час ад часу выскоквае паміж літараў у самых нечаканых месцах), прадстаўнік «залатой моладзі» 1960-х, a на пачатку 1990-х, паводле апісаньня Мэйлера,
заслужаны алькаголік, тлумачыць амэрыканскаму чытачу менскія норавы і тыпы на прыкладзе свайго знаёмага:
Ён быў вышэйшы і большы за мяне. Яго мянушка была «Ган-дон-чык», ад слова гандон, шырокі гандон. Ён скупляў гандоны па 4 капейкі за штуку, і купляў адзежныя шчоткі. Прабіваў чатыры дзірачкі ў гандоне, даставаў шчаціну са шчоткі і ўстаўляў у дзірачкі, а зьверху нацягваў яшчэ адзін гандон. I прадаваў прастытуткам, і шмат народу купляла. За вялікія грошы. Таму яго празвалі «Гандон-чык», таму што ён рабіў жанчын шчасьлівымі, так. У той час можна было мець нават гандон з вусамі. Ну, і такая мянушка. Гандон-чык, Ган-дон-чык. Вялікі даход, канечне. Яго вельмі любілі жанчыны.
Разьдзел кнігі «Закаханы ў Элу» Мэйлер пачынае з аповеду Паўла Галавачова, які працаваў на заводзе разам з Освальдам і Элай Герман і бачыў пачатак іх раману.
Лі ня надта паказваў свае пачуцьці. Фактычна, ён ніколі не казаў, што ён зь некім пераспаў. Напрыклад, была Магда, вялікая, як кабыла. Яна лёгка давала. Людзі казалі, што гэта муж зрабіў яе такой. На начной зьмене мужыкі нават спрачаліся, чыя чарга кінуць палку. Яна важыла 120 кіляграмаў. Яе звалі «Наша кабыла», «Наш халадзільнік».
Наконт халадзільніка: у 1950-я Мэйлер, як і шмат хто, захапляўся вучнем Зыгмунда Фройда Вільгельмам Райхам, якога называюць бацькам сэксуальнай рэвалюцыі. Яшчэ на пачатку 1930-х ён злучыў
вучэньне Маркса і Фройда і заснаваў «Сэкспол» — Нямецкую асацыяцыю Пралетарскай Сэксуальнай Палітыкі, якая неўзабаве налічвала 40 000 членаў. Райх лічыў аргазм панацэяй, і празь яго вынайшаў першасную касьмічную сілу — «энэргію аргону». Пасьля эміграцыі ў Амэрыку ён пабудаваў акумулятар аргону, які стаў вядомы як «аргазматрон». «Аргазматрон» уяўляў сабой драўляную скрыню з фэрамагнітнымі ўстаўкамі і зьбіраў «аргон» з атмасфэры. «Аргон», са словаў Райха, дапамагаў ня толькі ад імпатэнцыі і фрыгіднасьці, але лячыў ад раку і радыяцыі. У патэнце Райху адмовілі, але сярод тых, хто паспрабаваў на сабе дзеяньне «аргазматрона», апроч Мэйлера, былі Джэром Сэлінджэр, Сол Бэлоў, Алэн Гінзбург і першы Джэймс Бонд — Шон Конэры. Прэса пісала пра некантраляваныя эрэкцыі ў сэкс-скрынях, папулярнасьць набылі ручныя пераносныя акумулятары таямнічай энэргіі, Райх нават пабудаваў аргонную ўстаноўку для выкліканьня дажджу, і, калі верыць публікацыі ў мясцовай газэце штату Мэйн, атрымаў за гэта грошы ад шчасьлівых фэрмэраў.
3 Райхам зьвязваюць знакаміты пастулят з раману «1984» Джорджа Орвэла: «Мы скасуем аргазм». Мэйлер, здаецца, гатовы быў шукаць аргазм нават у халадзільніку. У пасьляслоўі ён бярэ імя «Магда» ў двукосьсе, што азначае — псэўданім. Увесь анэкдот спатрэбіўся амэрыканскаму аўтару, каб напісаць:
Павал ня думае, што Лі што-небудзь рабіў з Магдай.
Больш гіганты менскага сэксу 1960-х «Гандончык» і «Магда» нідзе ў кнізе не ўсплываюць.
Але тэма сэксу на гэтым не сканчаецца.
Цнота
Былі, былі ў 1960-м у Менску і цнатлівыя людзі.
Дзёньнік ЛГО
Дадатковая старонка. Чэрвень 1960
Эла Герман — прыгажуня-габрэйка з чорнымі ядвабнымі валасамі, з прыгожымі цёмнымі вачыма і скурай белай, як сьнег; цудоўная ўсьмешка і добры, але непрадказальны характар. Яе адзіны недахоп — у свае 24 гады яна захавала цноту, бо так сама пажадала. Я сустрэў яе, калі яна пачала працаваць на заводзе. Я яе пабачыў і, магчыма, закахаўся зь першага погляду.
На заводзе ў Освальда былі тры канфліктныя сытуацыі: калі ён разабраў падрыхтаваны да працы чужы прэс, калі аднойчы задзёр ногі на стол і абвясьціў, што гэта сядзячая забастоўка, і трэцяя — з-за Элы. Ён дапамагаў ёй з ангельскай у пакоі адпачынку і выключыў радыё. Іншы рабочы ўстаў
і зноў уключыў. Освальд ізноў выключыў і сказаў: «Расейская сьвіньня!»
I не атрымаў у адказ па пысе. Хутчэй за ўсё, не таму, што Макс Прахорчык, як звалі рабочага, ня быў расейцам, а таму што аднойчы ён ужо сутыкнуўся з Освальдам і потым быў вымушаны выбачацца — гэта ён некалі ўзяў Освальда за грудкі ў спрэчцы за прэс. Рабочы пакінуў пакой.
Апроч недарэчнай абразы па нацыянальнай прыкмеце свайго будучага мужа (Прахорчык ажаніўся з Элай Герман ужо пасьля ад’езду Освальда), Эла ўзгадала, а Мэйлер цытуе яшчэ некалькі выказваньняў Освальда:
Я багаты жаніх — у мяне кватэра!
Калі ў будучыні нам што-небудзь спатрэбіцца, я магу пайсьці да мэра. Мы атрымаем, што трэба.
У траўні 1960 году над Уралам быў зьбіты амэрыканскі самалёт-разьведчык У-2, і жывым захоплены пілёт Фрэнсіс Гэры Паўэрс:
Эла, думаеш мне гэта пашкодзіць, бо я амэрыканец?
Тут, у Менску, мяне не відаць. Але калі я прыехаў у Маскву, я сапраўды вылучаўся.
I апошняе:
Калі я вярнуся ў Амэрыку, мяне заб’юць.