Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
Мэйлер на гэтым ня спыніцца. Падчас пяцідзённай гутаркі Марына раскажа і пра апошнюю ноч у ложку з Освальдам. Освальд працаваў на кніжным складзе, жыў на кватэры ў Даласе і звычайна прыяжджаў на выходныя, але ў той чацьвер вярнуўся, каб узяць карабін, які захоўваўся дома. Увечары спрабаваў угаварыць яе, яна сказала «не падлізвайся!», бо хацела правучыць яго пасьля чарговага скандалу. Ён лёг першы, і калі прыйшла яна, ужо спаў — ці прыкідваўся. Раніцай 23 лістапада ўстаў першы, зрабіўраспушчальную кавуўплястыкоўцы і ціха выйшаў, несучы загорнуты ў дзіцячую коўдру Манліхер-Каркан.
Калі пасьля забойства Кенэдзі паліцыя правядзе ператрус у доме, возьме рэчы Освальда і сыдзе, Марына пабачыць, што паліцэйскія не забралі маленькі парцалянавы кубачак, які належаў яе бабулі. Кубачак быў тонкі і празрысты на сьвятло.
Яна ўзяла яго — на дне ляжаў мужаў шлюбны пярсьцёнак зь Менску.
Тайна мядовага месяца
Наступныя запісы ў дзёньніку Освальда ўражваюць як датай, гэтак і зьместам.
Дзёньнік Освальда
1	траўня 1961
Думаем пра сваю будучыню. Нягледзячы на тое, што я ажаніўся з Марынай, каб насаліць Эле, я закахаўся ў Марыну.
Марына раўнавала Освальда — але не да Элы.
3	успамінаў Марыны Освальд
Травень быў мядовым месяцам. Вядома, мы абое працавалі, але былі вольныя пасьля 5 вечара і ў нядзелі. Хадзілі ў рэстараны, па-першае таму, што я ня мела часу гатаваць і, па-другое, ня ўмела. Ён і я любілі клясычную музыку. У нас было шмат кружэлак Чайкоўскага, ён быў улюбёным кампазытарам Лі, а таксама Грыга, Ліста, Рымскага-Корсакава, Шумана. Улюбёная опэра
Лі была «Пікавая дама»... я нават раўнавала яго да гэтай опэры.
Пасьля працы ён адразу ставіў кружэлку ня раз, а некалькі разоў.
Освальд таксама запісаў свае травеньскія перажываньні — але музыку ня згадваў.
Дзёньнік ЛГО
Канец траўня 1961
Пераход ад стану поўнай закаханасьці ад Элы да Марыны быў вельмі балючы, асабліва таму, што я штодня бачыўся з Элай на заводзе. Але міналі дні і тыдні, і я ўсё больш псыхалягічна прызвычайваўся да сваёй жонкі. Я яшчэ не сказаў жонцы пра жаданьне вярнуцца ў ЗША. Яна страшэнна ў мяне закаханая зь першага позірку. Катаньні на лодцы па Менскім возеры, прагулкі па парках, вечары дома ў цёткі Валі вызначаюць травень.
У траўні прыйшла адмова з Унівэрсытэту дружбы народаў, куды Освальд спрабаваў паступіць — унівэрсытэт браў студэнтаў з краінаў трэцяга сьвету, Освальду рэкамэндавалі зьвяртацца ў любую іншую ВНУ. Але навучаньне яго ўжо не цікавіла. Ён зрабіў іншы выбар і трымаў яго ў таямніцы.
Освальд маўчаў пра намер як мага хутчэй зьехаць у ЗША і перад вясельлем, і два месяцы пасьля.
Мэйлер назаве рашэньне нічога не сказаць пра гэта Марыне і яе сваякам самым вялікім падманам Освальда.
На гэта сумнеўнае першынство зь ня меншым правам прэтэндуе і маўчаньне пра маці і брата — Освальд казаў Марыне, што ня мае сваякоў.
Дзёньнік ЛГО
Чэрвень1961
Працяг траўня, з той розьніцай, што мы становімся бліжэйшымі і бліжэйшымі, і я вельмі мала думаю цяпер пра Элу. Напрыканцы месяца я адкрываю сваё жаданьне вярнуцца ў Амэрыку. Мая жонка трохі зьдзіўленая. Але затым падтрымлівае мяне, каб я рабіў, што хачу. У ліпені я вырашыў узяць два тыдні адпачынку і паехаць у Маскву (без дазволу міліцыі) у амэрыканскую амбасаду. Каб уведаць наконт атрыманьня майго амэрыканскага пашпарту і зрабіць захады, каб мая жонка магла зьехаць у Злучаныя Штаты са мной.
КДБ не перашкаджаў Освальду. Усё роўна той не хацеў браць савецкага грамадзянства — так генэрал «Гузьмін» патлумачыў Мэйлеру.
Дзёньнік ЛГО
8 ліпеня 1961
Я лячу самалётам ІЛ-20 зь Менску, праз 2 гадзіны 20 хвілін пасьля сьлёзнага і нэрвовага разьвітаньня з жонкай я прылятаю ў Маскву, аўтобусам ад аэрадрому дабіраюся да цэнтру. Зь цяжкасьцю рухаючыся праз затораныя вуліцы, дабіраюся да амбасады толькі a 3:00.
Сёньня субота, што, калі закрыта? Офісы пустыя, але мне ўдаецца зьвязацца са Снайдэрам па тэлефоне (усе супрацоўнікі жывуць у тым самым будынку). Ён спускаецца павітацца, цісьне руку, пасьля гутаркі кажа прыйсьці адразу з раніцы ў панядзелак.
Інтэрвію. 9 ліпеня атрымліваю пашпарт. Выклікаю Марыну таксама ў Маскву.*
Амэрыканская амбасада ў Маскве — Дзярждэпартамэнт, Вашынгтон
11.07.61
Тэма: Грамадзянства і пашпарт Лі Гарві Освальда
Дваццаць месяцаў рэаліяў савецкага жыцьця яўна дапамаглі Освальду пасталець. Ён адкрыта сказаў, што гэта для яго быў цяжкі ўрок, атрыманы цяжкім спосабам, і што ён цалкам пазбавіўся ілюзіяў адносна Савецкага Саюзу і адначасна набыў новае разуменьне і ацэнку Злучаных Штатаў і сэнсу свабоды. Задзірыстасьць і бравада, якія характарызавалі яго падчас першага візыту ў амбасаду, здаецца, пакінулі яго.
Пасьля пасьпяховага інтэрвію ў амбасадзе Освальды вярнуліся ў Менск.
Дзёньнік ЛГО
15 ліпеня 1961
Марына на працы ў шоку — аказваецца, на працы ўсе ведаюць, што яна была ў амбасадзе ЗША. Ім пазванілі з Масквы, нейкае начальства. Кіраўніцтва правяло сход, на якім ёй моцна перапала. Першая з мноства «прапрацовак».
Ліст ЛГО ў амбасаду ЗШ А ў Маскве
15.07.61
Як мне было сказана, я пішу, каб паведаміць аб тым, як ідзе атрыманьне візы. Мы наведалі
‘Памылка. Правільна 10 ліпеня.
мясцовы АВІР, і вынікі небезнадзейныя. Аднак, на месцы працы маёй жонкі адбылося некалькі незвычайных і жорсткіх падзеяў. Пакуль мы былі ў Маскве, начальству паведамілі, што мы хадзілі ў амэрыканскую амбасаду па візы. Затым адбыўся сход паводле звычайнага ўзору «вораг народу», на якім яна адсутнічала, але была асуджаная, а яе сябровак на працы папярэдзілі, каб не размаўлялі зь ёй. Аднак гэтая тактыка не дала выніку, і мая жонка добра трымалася, ня лезучы на ражон.
Марыну ня звольнілі. Яна працягвала хадзіць на працу ў 3-ю клініку — яна была членам калектыву, членам прафсаюзу, членам камсамолу.
Зь ёй трэба было «працаваць». Але мэтамарфозу, якая пачалася, ужо нельга было спыніць. На мове энтамалёгіі гэта называецца «імага» — дарослая, дэфінітыўная стадыя разьвіцьця, калі крылы матылька распраўляюцца, цьвярдзеюць і набываюць канчатковую афарбоўку.
Замест нерухомай, уразьлівай, лёгкай для здабычы кукалкі — палёт.
Роля дзірачак у гісторыі
Марына выключыла ўсюды сьвятло. Освальд узяў ліхтарык. Яны падышлі да электралічыльніка. Колца круцілася.
— Нашу кватэру праслухоўваюць!
Аднак нават праз тры дзесяцігодзьдзі пры сустрэчы з Мэйлерам Марына не была цалкам упэўненая, чаму Освальд так сказаў. Можа, ён проста забаўляўся, драматызаваў сытуацыю. Насамрэч не была цалкам упэўненая і яна сама. Падазрэньне выклікала шчыліна над лямпай у столі, але яна была так высока, што ніхто туды не зазірнуў.*
Калі дакладна пачалося падслухоўваньне кватэры Освальда, Мэйлеру не сказалі. Першыя расшыфроўкі падслуханых КДБ размоваў, якія атрымаў Мэйлер, датуюцца сярэдзінай ліпеня 1961-га.
‘Суседзі зьверху, Мая і Сямён Гярцовічы, расказвалі на пачатку 1990-х журналістам, што на некалькі дзён вызвалілі сваю кватэру для КДБ. Мяркуецца, што тады і была ўсталяваная апаратура.
У гэтых архіўных дакумэнтах, аформленых паводле стандарту, Освальд менаваўся «Аб’ект: ОЛГ2658», пазначалася дата і час назіраньня, напрыклад «Дата: 24 ліпеня 1961» і «Час: 21:20».
3 расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ
24.07.61
21:20
Жонка: Алік! Паслухай, я забылася адпрасаваць прасьціны. Алік! Паглядзі, як гараць мае вушы!
(жартуюць і сьмяюцца)
ЛГО: Неблагія песьні сьпяваюць.
Жонка: Праходзіць нейкі фэстываль. Усе едуць у Маскву, і людзі могуць гаварыць, што хочуць. Раней нічога нельга было казаць: ні на вуліцы, ні ў трамваі, ні ў тралейбусе. Калі Сталін быў жывы, у кожным доме быў мікрафон і нічога нельга было казаць. Цяпер іншая рэч.
ЛГО: Так, так, сястра мая.
Наўрад ці магнітафон КДБ быў падключаны да электраправодкі ў кватэры Освальда. Маглі застацца ўключанымі іншыя электрапрылады. Але выснова была слушная.
Абмяркоўваць ад’езд у Амэрыку і справы сваякоў жыхары кватэры пачалі на бальконе; туды ж з цыгарэтай пагаварыць выходзілі асьцярожныя госьці.
Праз трыццаць гадоў сябар Марыны Аляксандар Піскалёў узгадваў, як аднойчы пасьля вечара ў кватэры Освальдаў ён вярнуўся дадому, а там чакала машына каля пад’езду. Прывезьлі ў жоўты дом з калёнамі, адвялі ў сутарэньне. Яму пракруцілі маг-
нітафонны запіс гутаркі, якая толькі што адбылася, і сказалі быць гатовым падрабязна інфармаваць КДБ. Дахаты ён вяртаўся пешкі. Мэйлер піша, што Піскалёў і яго сябры амаль перасталі сустракацца — бо ўсе патрапілі ў такую сытуацыю і не хацелі даносіць адзін на аднаго.
Мэйлер скардзіцца, што ў расшыфроўках праслухоўваньня, якія яму выбарачна давалі, усё часьцей пачала сустракацца пазнака «неразборліва», «гучнае радыё», «не чуваць». На кухні мікрафоны запісвалі водаправод. Часам Марына сама ня чула Освальда, і тады ён мусіў крычаць, каб перакрыць радыё, уключанае на поўны гук, ці ваду, якая пад напорам біла ў чыгунную кухонную чарупіну.
Мэйлеру патлумачылі, што спачатку праслухоўваньне вялося з кватэры зьверху. Затым з суседняй кватэры была прабітая дзірачка для візуальнага назіраньня.
Невядома, ці мікрафоны КДБ падхапілі фразу Освальда, калі той у цемры, асьветленай толькі ліхтарыкам, драматычна ўсклікнуў — нас праслухоўваюць!
Калі так, невядома, ці расшыфроўшчык пачуў яе на стужцы.
Калі так, невядома, ці запісаў.
I невядома, што больш пацешыла КДБ — гэтая фраза ці меркаваньне, што пасьля Сталіна падслухоўваць перасталі.
Освальдаў ня толькі падслухоўвалі, за імі ня толькі сачылі на вуліцы, ня толькі іх знаёмых прымушалі інфармаваць пра пачутае, ня толькі іх пошту чыталі — за імі падглядалі.
У дзірачку.
Як з гонарам патлумачыў Мэйлеру генэрал «Ігар», з выкарыстаньнем найноўшай тэхналёгіі — аптычнага валакна дыямэтрам 1/100 мілімэтра.*
Аптычнае валакно тады толькі зьявілася і не фігуравала нават у фільмах пра Джэймса Бонда. У 1963-м у фільме «3 Расеі зь любоўю» герой назірае за падзеямі ў офісе савецкага рэзыдэнта з дапамогай пэрыскопа, зьнятага з падлодкі.
У дзірачку глядзелі, як піянэры ў грамадзкай прыбіральні. Нават калі і праз шкло якое.
Свайго ж падводнага флёту ў БССР не было.
*Савецкі перабежчык палкоўнік КДБ Алег Гардзіеўскі апісвае падобную апэрацыю сачэньня ў Маскве за палкоўнікам ГРУ Алегам Пянькоўскім, што працаваў на брытанцаў і амэрыканцаў, якраз у той самы час, што і за Освальдам у Менску. Жыхароў зьверху выправілі ў адпачынак на мора, прасьвідравалі дзірку ў столі і паставілі камэру памерам з галоўку шпількі, з дапамогай якой пабачылі працу Пянькоўскага з фотаапаратам і шыфрамі. Тут істотна, што запісваць відэа тады яшчэ не маглі, таму назіраньне вялося ў рэжыме рэальнага часу, дзеля чаго сям’ю зьверху і адправілі аж на Чорнае мора. Суседзяў Освальда выселілі толькі на пару дзён.