Сьлед матылька. Освальд у Менску.
Аляксандар Лукашук
Выдавец: , Радыё Свабода
Памер: 390с.
Мінск 2011
зьбіўся з тропу, і што камунізм пабудуецца праз дваццаць гадоў, і шмат яшчэ чаго.
Але пра «Пікавую даму» нічога ў той дзень ня ўведаеш, апроч як з запісу Освальда.
I толькі на шпацыры па гарадзкіх вуліцах патрапіць раптам на вочы старая шыльда «Дом культуры», і прыйдзе ў тлумную галаву неабавязковая думка — фільмы ж яшчэ круцілі ў заводзкіх клюбах і прафсаюзных палацах культуры, а іх рэпэртуар газэты не друкавалі.
Мог, мог Освальд злавіць «міг удачы» ў свой апошні дзень нараджэньня ў Менску.
Дагнаць Амэрыку
У канцы 1961-га на заводзе мянялі наглядную агітацыю — на стэндах вывесілі «Маральны кодэкс будаўніка камунізму»* і сьвежыя цытаты з выступу на партыйным зьезьдзе Хрушчова:
Цяперашняе пакаленьне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізьме!
Дагонім і перагонім Амэрыку!
Нашы мэты ясныя, задачы вызначаныя, за працу, таварышы!
*Тэкст па рэалістычнасьці нагадваў «Атэнскую сыстэму» Освальда, але ўпор рабіўся на градацыю пачуцьцяў: любіць патрабавалася сацыялістычную радзіму і краіны сацыялізму, да працоўных усіх краінаў рэкамэндавалася праяўляць салідарнасьць, да справы камунізму — адданасьць, да агульнай маёмасьці — клопат, да грамадзкага абавязку — сьвядомасьць, да членаў сям’і — павагу, да дармаедзтва — непрымірымасьць, да ворагаў міру — нецярпімасьць, да асабістага жыцьця — прастату. Кодэкс, як успамінаў адзін з аўтараў, быў напісаны за паўтары гадзіны групай сьпічрайтараў ЦК, якія адыходзілі пасьля цяжкай п’янкі напярэдадні (часопіс «Росснйскнй адвокат», http://gra.litsa. ru/magazine.php?m=60&a= 3).
У адзіны лістападаўскі запіс Освальда ў дзёньніку, аднак, гэтыя слоганы не патрапілі.
Дзёньнік ЛГО
2 лістапада 1961
Вяртаецца Марына, вясёлая, прывезла некалькі слоікаў закансэрваванай гародніны для мяне ад сваёй цёткі з Харкава.
Даганяць Амэрыку Освальды вырашылі самі. Аднак спробы пераканаць іх дачакацца камунізму працягваліся.
Рапарт КДБ
20.11.61
Падчас сустрэчы 20 лістапада 1961 году Прусакоў І.В. патлумачыў, што цягам апошняга часу двойчы гаварыў са сваёй пляменьніцай Марынай і яе мужам Освальдам Л.Г. Як сваяк жонкі Освальда, Прусакоў выказаў меркаваньне, што рашэньне Освальда вярнуцца ў Амэрыку можа быць памылковым. Прусакоў гаварыў зь ім пра складанае міжнароднае становішча, а таксама пра магчымасьць яго прызыву ў амэрыканскае войска, праблемы з працай у Амэрыцы, а таксама пра пэўную магчымасьць яго арышту там.
Освальд патлумачыў Прусакову, што наўрад ці яго прызавуць на вайсковую службу, бо ён ужо адслужыў свой тэрмін. Што датычыцца магчымага арышту — ён ня думае, што супрацоўнікі амбасады сталі б яму хлусіць. Тым ня менш, Освальд паабяцаў яшчэ раз узважыць усе гэтыя акалічнасьці, датычныя яго вяртаньня ў Амэрыку.
Далей Прусакоў патлумачыў, што ён таксама спрабаваў пераканаць сваю пляменьніцу Марыну, што ехаць у ЗШ А немэтазгодна. Такі самы ўплыў на яе рабіла яе цётка Паліна, якая жыве ў Харкаве. У выніку гэтых гутарак Прусакоў вырашыў, што Марына ня надта хоча ехаць. Аднак яна была вельмі заклапочаная тым, як жыць далей, калі ў яе будзе дзіця ад Освальда.
Прусакоў даў абяцаньне працягваць працу па перакананьні Освальда і яго жонкі, каб тыя зьмянілі сваю думку наконт паездкі ў Амэрыку. Прусакоў не згадаў якіх-небудзь падазроных момантаў у паводзінах Освальда.
Мэйлеру Марына прыгадала, што харкаўская цётка сапраўды адгаворвала яе ад Амэрыкі. Але цётчын сын сказаў — слухай сваё сэрца і рабі, як трэба табе.
Дзёньнік ЛГО
Сьнежань 1961
Затрымка пачынае раздражняць. Марына пачынае сумнявацца, ці варта ехаць у ЗША. Верагодна, з-за напружаньня і ад цяжарнасьці, мы сварымся і ўсё ня так ужо і добра, асабліва з надыходам суровай расейскай зімы.
У сьнежні Марыне пазванілі на працу і сказалі прыйсьці ў МУС-КДБ — абедзьве ўстановы месьціліся ў адным будынку, і яна не была ўпэўненая, калі расказвала Мэйлеру пра сустрэчу сам-насам зь сівым чалавекам у форме, ці быў ён з АВІРу ці з КДБ. Гаворка ішла пра ад’езд — матывы, намеры, ці добра падумала, ці не нашкодзіць сваякам, ці ўпэўненая ў сваім жаданьні, затым суразмоўца пе-
раключыўся на нефармальны тон і пачаў гаварыць як чалавек, які па ўзросьце даводзіцца ёй дзедам, бо хто яго ведае, як там складзецца шлюб і жыцьцё. Яна запомніла, што пагрозаў не было.
Гэта была апошняя спроба паўплываць на рашэньне Марыны.
У храналёгіі КДБ 6 сьнежня 1961 году Освальд зьвярнуўся да амэрыканскага сэнатара Джона Таўэра па дапамогу ў вяртаньні ў ЗША. Мэйлеру далі копію перакладу гэтага ліста на расейскую.
Дарагі сэнатар Таўэр!
Мяне завуць Освальд. Калі я прыехаў у Савецкі Саюз, я прад’явіў дакумэнты, што я — амэрыканскі грамадзянін і прыехаў у Савецкі Саюз часова. Амэрыканская амбасада ў Маскве знаёмая з маёй справай.
Пачынаючы зь ліпеня я спрабаваў беспасьпяхова атрымаць выязную візу, каб паехаць у ЗШ А, але савецкія ўлады адмаўляюць у дазволе мне і маёй жонцы выехаць.
Я грамадзянін Злучаных Штатаў (пашпарт № 1733242,1959) і я прашу Вас дапамагчы мне, таму што савецкія ўлады трымаюць мяне супраць маёй волі.
Освальд, вядома, ня мог ня памятаць, што адбылося падчас яго першага паходу ў амэрыканскую амбасаду ў Маскве — а калі б і забыўся, пад рукой быў «Гістарычны дзёньнік».
Дзёньнік ЛГО
31 сьнежня 1959
У 12:30 я прыяжджаю ў амэрыканскую амбасаду, заходжу і кажу дзяжурнай «я хацеў бы
бачыць консула», яна паказвае на вялікі журнал і кажа, «калі вы турыст, калі ласка, зарэгіструйцеся». Я дастаю мой амэрыканскі пашпарт і кладу яго на стол, я прыйшоў скасаваць сваё амэрыканскае грамадзянства, кажу я звычайным тонам.
Яна ўстае й ідзе ў кабінэт Рычарда Снайдэра, генэральнага консула ў той час. Ён запрашае сесьці. Сканчае ліст, які друкаваў, і пытаецца, чым можа дапамагчы. Я кажу, што хацеў бы ўзяць савецкае грамадзянства і хацеў бы скасаваць амэрыканскае. Яго памочнік (цяпер генэральны консул) МакВікерс падымае галаву ад папераў. Снайдэр кажа — запісвае асабістую інфармацыю, папярэджвае, каб я не рабіў ніякіх крокаў перад тым, як саветы мяне возьмуць, кажа, што я «дурань», і кажа, што паперы на выхад з грамадзянства патрабуюць шмат часу на падрыхтоўку (іншымі словамі, адмаўляе мне ў скасаваньні грамадзянства ЗША).
Я заяўляю, што прыняў рашэньне. 3 гэтага дня і ў будучыні я не лічу сябе грамадзянінам ЗШ А. Я праводжу ў амбасадзе 40 хвілін, пакуль Снайдэр ня кажа: «Калі вы ня хочаце болып падрабязна расказаць пра свае марксісцкія перакананьні, дык можаце ісьці». Я хачу пазбавіцца ад амэрыканскага грамадзянства, а ён фактычна кажа — ня сёньня. Я іду з амбасады, прыўзьняты ад гэтага супрацьстаяньня, і калі вяртаюся ў гатэль, адчуваю, што патраціў свае сілы недарэмна. Я ўпэўнены, што расейцы мяне прымуць пасьля такой дэманстрацыі маёй веры ў іх.
Даволі дакладна вядома, што падумалі ў КДБ як пасьля дэманстрацыі ў амбасадзе ў сьнежні
1959-га, гэтак і пасьля дэманстратыўнага абвінавачаньня савецкіх уладаў у гвалтоўным трыманьні амэрыканскага грамадзяніна ў сьнежні 1961-га — і ў першым і ў другім выпадках пахла міжнародным скандалам.
Як патлумачылі Мэйлеру, першы скандал, падслуханы і запісаны КДБ у амбасадзе, быў настолькі гучны — Освальд павышаў голас, крычаў, што раскажа ўсе вайсковыя сакрэты — што адначасна разглядалі вэрсіі, што гэта «легенда» ЦРУ, нават двайнога характару (спэцыяльна ўсё так апэрэтачна-непраўдападобна, каб падмануць КДБ і пераканаць, што ЦРУ так тапорна не зрабіла б — нешта такое).
Пасьля сачэньня за жыцьцём Освальда ў Менску і зьняцьця копіі зь ліста да сэнатара Таўэра ў КДБ пабачылі, што скандал можа быць, але зь іншай прычыны. Канчаткова справа вырашалася ў Маскве, і туды былі пасланыя заключэньні менскага КДБ і іншыя паперы, у тым ліку — характарыстыка Освальда для гараддзелу міліцыі, падпісаная дырэктарам заводу і начальнікам аддзелу кадраў.
Менскі радыёзавод
11.12.61
Характарыстыка
Лі Гарві Освальд быў прыняты на працу ў якасьці рэгуліроўшчыка экспэрымэнтальнага цэху гэтага заводу 13 студзеня 1960 году. Падчас працы рэгуліроўшчыкам яго праца была нездавальняючай. He праяўляе ініцыятывы дзеля падвышэньня майстэрства рэгуліроўшчыка.
Грамадзянін Лі Гарві Освальд балюча рэагуе
на заўвагі майстра і неахайны ў працы. Грамадзянін Л.Г. Освальд не бярэ ўдзелу ў грамадзкім жыцьці нашага заводу і пераважна паводзіць сябе няшчыра.
Аднойчы а 7-й раніцы ў нядзелю 18 сьнежня 1961 году Освальдам у дзьверы пазванілі — усе на выбары! У гэты дзень выбіралі судзьдзяў. Освальд не адчыніў. Потым прыйшлі зноў. I Освальд пачаў крычаць праз зачыненыя дзьверы — гэта свабодная краіна! Так напісана ў Канстытуцыі. Ён прачытаў напалоханай Марыне цэлую лекцыю на гэтую тэму — у свабоднай краіне не прымушаюць людзей хадзіць на выбары.
Невядома, крычаў Освальд і спасылаўся на сталінскую канстытуцыю як марксіст, які яе вывучаў, ці пратэставаў як чытач Орвэла, знаёмы з фэномэнам «двухдумнасьці». У любым выпадку, агітатараў ён напалохаў, больш не прыходзілі.
Сваю канчатковую выснову зрабіў і КДБ. Освальд найхутчэй не агент ЦРУ, але зарэкамэндаваў сябе як чалавек без камуністычных прынцыпаў, які ня надта хацеў працаваць і вучыцца. Толькі галаўны боль.
КДБ даў заключэньне: пярэчаньняў для выдачы выязной візы Освальду няма.
На адзін галаўны боль меней.
Як той казаў — ну-ну.
Навагодні сьмех
Свой першы Новы год у Савецкім Саюзе Освальд сустракаў у Маскве адзін, у нумары гатэлю «Мэтраполь» — быў у ложку а 10-й вечара, пасьля паходу ў амбасаду, дзе ён заявіў пра адмову ад амэрыканскага грамадзянства.
Другі Новы год Освальд правёў у Менску ў сям’і Элы Герман, у якую быў закаханы — і калі яна не прыняла прапановы, ажаніўся з Марынай Прусаковай, «каб насаліць Эле».
Напярэдадні трэцяга і апошняга Новага году ў СССР у Освальда зьмяніўся паштовы адрас — у сьнежні вуліца Калініна была перайменаваная ў Камуністычную.
Разам з жонкай яны былі запрошаныя на суседнюю вуліцу Чырвоную, 14 да Зігераў. Менавіта Аляксандар Зігер быў першым, хто параіў Освальду вяртацца ў Амэрыку — і Новы год Освальды сустракалі з важнай навіной.
Дзёньнік ЛГО
25 сьнежня 1961
Раство, аўторак. Марыну выклікаюць у пашпартны стол і аддзел візаў. Ёй кажуць, што нам далі савецкія выязныя візы. Яна запаўняе анкеты і вяртаецца дадому з гэтай навіной. Выдатна (я лічу)! Новы год сустракаем апоўначы за сталом у Зігераў, яшчэ шэсьць гасьцей.