Сьлед матылька. Освальд у Менску.
Аляксандар Лукашук
Выдавец: , Радыё Свабода
Памер: 390с.
Мінск 2011
Як вынікае з тэксту, запіс зроблены не 25 сьнежня, а найраней у студзені, пасьля сьвяткаваньня — але галоўная навіна пра візы прыйшла менавіта перад Новым годам, і ўпершыню за шмат часу ў Освальдаў добры настрой.
Расшыфроўка падслухоўваньня КДБ
31.12.61
ЛГО: У гэтай сукенцы ты ня будзеш добра выглядаць.
Жонка: Чаму?
ЛГО: Занадта адкрытая.
Жонка: Дзе яна адкрытая? Прыгожа.
ЛГО: He пасуе.
Жонка: А вось мае туфлі — іншая справа! Яны зусім не пасуюць.
ЛГО: Ты сапраўды ня ўмееш апранацца, далібог!
Жонка: Купі мне іншыя туфлі.
ЛГО: Гэта прыгожыя туфлі.
Жонка: Гэта так. Але яны не пасуюць на зіму. Яны белыя. Ёсьць зімовыя туфлі і летнія туфлі.
(ЛГО ідзе на кухню і адразу вяртаецца.)
ЛГО: Ты зьбіраесься надзець пінжак?
Жонка: Які пінжак? У мяне няма ніякіх пін-
жакоў. Ты думаеш, што ім якая-небудзь розьніца, калі яны пабачаць, што гэта дрэнна выглядае?
ЛГО: Так!
Жонка: Гэта проста сукенка.
ЛГО: He, яна непрыгожая!
Жонка: Ну, гэту я не магу надзець. Яна ўся ў дзірках. Ня ведаю, што надзець.
ЛГО: Усё будзе добра. Усё будзе цудоўна.
Жонка: Ты ведаеш, што я нікому не патрэбная.
ЛГО: Езус, а што наконт Освальда? (Цалуе яе.) Людзі будуць на нас глядзець і казаць, вось прыгожая пара!
Жонка: Прыгожая! (Сьмяецца.) Тады я пайду ў спадніцы і свэтры. Табе проста стане сорамна.
(Паўза.)
Калі б было што насіць, я апраналася б лепш за цябе, лепш за тваіх амэрыканцаў! (Яны сьмяюцца.)
Жонка: Калі б на мне былі гэтыя туфлі, калі мы ўпершыню сустрэліся, ты са мной нават ня стаў бы танцаваць. (Яны сьмяюцца.)
Пасьля доўгага перапынку ў расшыфроўках КДБ замест сварак і сьлёз зьяўляюцца сьмех і пацалункі.
Можа, гэтак бывала і раней, а Мэйлеру проста не паказалі, можа, назіраньне празь дзірачку ў сьцяне ў навагодні вечар вёў іншы чалавек — напрыклад, жанчына. Так ці іначай, але сьвяточны настрой на той Новы год быў і нават патрапіў у архіў КДБ.
Стужку расшыфроўвалі, пэўна, ужо пасьля Новага году, хаця ў КДБ у навагоднюю ноч, напэўна, працаваў апэратыўны дзяжурны. I ня толькі ў КДБ
і ракетных войсках. Паводле практыкі, якая засталася ад сталінскіх часоў, ва ўсіх органах улады, ад ЦК партыі і Савету Міністраў да райкамаў і райвыканкамаў, ад заводаў да калгасаў на сьвяточную ноч падвышалі пільнасьць — на казённых скураных канапах і драўляных лаўках варочаліся да раніцы адказныя дзяжурныя, а раптам дзе што здарыцца ці хто пазвоніць?
Так было і з Освальдам — хаця апэратыўнікі не працавалі зь ім 24 гадзіны запар, пільнасьць ніхто не адмяняў — да самага ад’езду.
I нават пасьля.
Бомба для Хрушчова
2 студзеня Освальд напалохаў каманду вонкавага назіраньня КДБ — ён выйшаў з хаты са стрэльбай у руках і пайшоў на прыпынак тралейбуса (як высьветлілася, здаваць зброю ў паляўнічую краму, яму нават выплацілі 18 рублёў).
Гэта быў другі пярэпалах — першы здарыўся, калі супрацоўнік, які вёў назіраньне празь дзірачку ў сьцяне, заўважыў падазроныя дзеяньні. Освальд важдаўся з кавалкамі мэталу, нечым, падобным да пораху — так робяць выбуховыя прыстасаваньні. Так, прынамсі, расказалі Мэйлеру.
У КДБ падняўся вэрхал: у студзені Менск меўся адведаць Мікіта Хрушчоў, кіраўнік партыі і ўраду.
Супрацоўнікі КДБ не адказалі на пытаньне Мэйлера, ці яны заходзілі ў кватэру Освальдаў у адсутнасьць гаспадароў, каб праверыць падазрэньне. «Сьцяпан» сказаў, што пазьней яны здолелі дастаць усё са сьметніцы і правесьці інспэкцыю. Трывога
была падманнай, скрынка аказалася лухтой, нічым. Нават не самаробным фэервэркам.
Дзёньнік ЛГО
4 студзеня 1962
Мяне выклікалі ў пашпартны стол, бо мой дазвол на жыхарства сёньня сканчаецца. Я маю цяпер амэрыканскі пашпарт, таму мне выдалі зусім новы дакумэнт, які называецца «Пашпарт для замежнікаў». Паколькі нам далі дазвол на выезд і ведаюць, што мы паедзем, тэрмін дзеяньня да 5 ліпеня 1962 году.
Прыезду Хрушчова, калі меркаваць зь «Дзёньніку», Освальд не заўважыў.
А бязь дзёньніку мог зьвярнуць увагу, што ў суседні, добра бачны з балькону тэатар опэры і балету на аўтобусах масава прывозілі не зусім тэатральную публіку — там адбывалася сельскагаспадарчая нарада, на якой выступаў Хрушчоў. За бясьпеку кіраўніка партыі і ўраду адказваў КДБ, які, як і міліцыя, працаваў у рэжыме асаблівай пільнасьці. Назіраньне за Освальдам у той дзень, верагодна, узмацнілі.
Калі б Освальд нейкім чынам патрапіў у залю, ён бы мог на свае вушы пачуць, як партыя кіруе, напрыклад, навукай — рэфэрэнты назьбіралі Хрушчову прыкладаў з працы беларускіх біёлягаў. Хрушчоў сьмяшыў удзельнікаў нарады прыкладамі пра акадэмічнае разьвядзеньне ў Беларусі далёкаўсходняга коркавага дрэва «аксаміту» — яго любілі зайцы, а дасьледнікі засыналі ад салодкага паху, вось, маўляў, і ўся навука. А хто будзе разводзіць кукурузу квадратна-гнездавым мэтадам?
Але ўсесаюзную вядомасьць мясцовым біёлягам прынёс іншы дасьледнік з Акадэміі навук — ён патрапіў аж у выступ Хрушчова на Пленуме ЦК КПСС:
У Інстытуце біялёгіі Акадэміі навук Беларускай ССР тав. Крапіўны А.П. абараніў вучоную ступень кандыдата біялягічных навук на тэму: «Экалёгія і гаспадарчае значэньне эўрапейскага белага бусла, чорнага бусла і звычайнай шэрай чаплі ў Беларусі». (Ажыўленьне ў залі, сьмех.) Я прызнаюся ў сваім невуцтве — чорнага бусла ня бачыў, ня ведаю, ці водзіцца ён у Беларусі. Веру гэтаму вучонаму: калі ён піша, відаць, чорны бусел ёсьць. Ня ведаю, магчыма, гэта дысэртацыя прынясе карысьць нашым праўнукам, але ня веру і ў гэта. Ва ўся лякім разе савецкія грошы ня трэба траціць на дасьледаваньні белага, чорнага буслоў і шэрай чаплі Беларусі. (Воплескі.)
Пасьля выступаў была мастацкая частка — але калі б Освальд і патрапіў на канцэрт у тэатры, дык усё роўна не пачуў бы дыялёгу ва ўрадавай лёжы. Паводле намэнклятурнага фальклёру, у перапынку канцэрту Хрушчову чытаў вершы другі сакратар ЦК Машэраў. Першы сакратар Мазураў, якому толькі што моцна перапала за правал рэспубліканскіх паставак мяса ў саюзны фонд, сядзеў моўчкі. Хрушчоў павярнуўся да яго — а ты што надзьмуўся, засьпявай нам што-небудзь. Прыпеўкі ведаеш? Ведаю, Мікіта Сяргеевіч, але толькі пра кукурузу.
Амэрыканскі злак пасьля паездкі Хрушчова ў ЗША ахрысьцілі каралевай палёў, і новую манархію насаджалі ў СССР, як некалі скідалі старую. Народная творчасьць зрэагавала на працэс па-свойму:
Выйшла б замуж за Хрушчова,
Ды баялась аднаго:
Кажуць, быццам замест...
Кукуруза ў яго!
У такую байку з амэрыканскім злакам нумар адзін аформіўся той вечар у любімым менскім тэатры Освальда.
Ня «Пікавая дама», канечне.
Рыфмы ня тыя.
Пад бела-чорнымі крыламі
Да сярэдзіны лютага Освальд зробіць толькі адзін запіс у дзёньніку, пра халодную зіму. Пакінем яго ў шапцы-вушанцы грэцца каля чыгуннай батарэі цэнтральнага ацяпленьня і збочым ненадоўга, каб паглядзець, куды завяла сьцежка выпадковага мінака-біёляга, які патрапіў у выступ Хрушчова.
Аляксандар Крапіўны скончыўХаркаўскіўнівэрсытэт і быў разьмеркаваны на працу ў Белавескую пушчу. Там ён і заняўся вывучэньнем колькасьці і харчаваньня галянастых птушак, як называюць буслоў і чапляў. Гадзінамі і днямі дзяжурыў ля гнёздаў, адбіраў і клясыфікаваў істотаў, якіх буслы прыносілі, потым скармліваў іх птушанятам. У дысэртацыі пазначана, што 28-гадовы аўтар дасьледаваў 30785 экзэмпляраў жывёлаў — харчовых аб’ектаў белага бусла, і 4248 — чорнага.
Сісопіа сісопіа, як зьвяртаюцца да буслоў на лаціне, птушка, мякка кажучы, не вэгетарыянская і мае адпаведнае мэню: жабкі, рыба, яшчаркі, зьмеі, сьлімакі, мышы, сусьлікі, птушаняты, у тым ліку
кураняты і качаняты — больш за паўсотні розных істотаў. Крапіўны перабраў рукамі не адзін цэнтнэр здабычы і, верагодна, часам пачуваўся як на мясабойні ці рыбакамбінаце. Такая была цана двух сказаў у дысэртацыі:
... белы бусел эўрыфаг з ухілам да гэрпэтафагіі, энтамомафагіі і міяфагіі. Чорны бусел эўрыфаг з ухілам да гэрпэтафагіі і іхтыяфагіі.*
Празь дзесяцігодзьдзі спэцыялісты напішуць, што гэта была першая дысэртацыя па экалёгіі буслоў ня толькі ў савецкай навуцы — нічога падобнага не было і ў замежнай літаратуры.
Што Хрушчоў не разьбіраўся ў арніталёгіі, дзіўнага мала, а вось яго памочнікі былі халтуршчыкі — уставілі ў выступ факт чатырохгадовай даўніны. Дысэртацыю Крапіўны абараніў у лютым 1958-га, але адмовіўся ад прапановы застацца працаваць у Акадэміі Навук у Менску і паехаў у пэдінстытут у Віцебск, дзе давалі кватэру.
Там і прачытаў у газэтах, што першы сакратар ЦК верыць яму, што чорны бусел сапраўды існуе, але савецкія грошы на яго траціць ня варта. 3 камсамольскага ўзросту Крапіўны выйшаў, у партыю яшчэ не ўступіў, так што на палітычных сходах яго асабіста моцна не разьбіралі, тым больш, што дысэртацыю ён абараняў у акадэмічным інстытуце біялёгіі, і Хрушчоў згадваў прозьвішча менскага, a ня віцебскага дырэктара.
*У перакладзе гэта азначае, што белы бусел харчуецца ўсім, што знойдзе, але больш любіць зьмеек-яшчарак, павукоўжужалёў, і ўвогуле ўсё мясное. А яго чорны сваяк, хаця таксама непераборлівы, аддае перавагу францускай кухні (жабкі, яшчаркі) і японскай (сырая рыба).
Калі, здавалася, горш ужо ня будзе, 22 сакавіка ў «Правде» зьяўляецца фэльетон «3 пункту гледжаньня Бусла», дзе ўжо сьціралася розьніца паміж заалёгіяй і заафіліяй.
Белы Бусел піша Шэрай Чаплі:
I чаго ён прычапіўся да галянастых дзікіх птушак?! Жывем мы мірна, плодзімся мала, людзям жыць не перашкаджаем. Прывыклі абыходзіцца без чалавека. Ужо калі палюбіў птушку, любі свойскую. Пад нашым дубам — птушатнік. Там і куры, і гусі, і качкі. Ім трэба дагляд. Але Крапіўны на свойскую птушку — нуль увагі. Усё да нас, дзікіх, чэпіцца.
Праз паўтара месяца, 10 траўня 1962 году ў рубрыцы «Па матэрыялах «Правды» чытачы пабачылі ў лісьце з Акадэміі навук Беларусі знаёмыя словы — крытыка прызнаная правільнай.
Дырэкцыя і партыйная арганізацыя інстытуту прынялі меры для паляпшэньня дзейнасьці інстытуту і яго навуковай рады ў справе абароны дысэртацыяў. Перагледжаная тэматыка навукова-дасьледнай працы і асыііранцкіх тэмаў з мэтай набліжэньня іх да патрабаваньняў і запытаў народнай гаспадаркі. Прынятая пастанова аб рэарганізацыі навуковай рады і абнаўленьні яе складу.
Крапіўнага выклікалі ў вышэйшую атэстацыйную камісію, якая прысуджала навуковыя званьні — але годнасьці кандыдата навук не пазбавілі. Часы ўсё ж былі ня сталінскія. Дый не арніталёгія раздражніла партыйнае начальства, абурыла, хутчэй за ўсё, фармулёўка тэмы пра гаспадарчае значэньне