Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
27.03.62
Дарагая маці,
Мы маем быць у Штатах найпазьней у траўні. Амбасада пагадзілася пазычыць мне 500 даляраў на падарожжа, а таксама яны прынялі маё сьведчаньне падтрымкі, так што тваё не спатрэбіцца. Аднак, не спрабуй, каб твой сябра-бізнэсмэн скасаваў сваё сьведчаньне аб падтрымцы для мяне, яно калі-небудзь можа прыдацца.
Як ты кажаш, маё падарожжа сюды магло б стаць падставай для добрай гісторыі пра мяне. Фактычна, я ўжо напісаў 50 старонак нататак на гэтую тэму.
Зь любоўю,
Лі
Усю вясну Освальд удзельнічае ў эпісталярнай вайне, у якой бяруць удзел амбасада ЗШ А ў Маскве, аддзел Савецкага Саюзу і аддзел бясьпекі і консульскіх справаў Дзярждэпартамэнту, служба іміграцыі і натуралізацыі Міністэрства юстыцыі ЗША, і нават камандаваньне корпусу марской пяхоты ЗША.*
*Пасьля таго, як сталі вядомыя гучныя заявы Освальда ў амбасадзе падчас спробы адмовіцца ад амэрыканскага грамадзянства пра гатовасьць расказаць савецкаму боку ўсё, што ён ведае пра радары ды іншыя вайсковыя сакрэты, у яго дакумэнтах быў зьменены запіс аб звальненьні з марской пяхоты — цяпер ён праходзіў па артыкуле «звольнены як непажаданы». Освальд напорыста патрабаваў вярнуць«ганаровае звальненьне».
Консул ЗША ў Маскве Джозэф Норбэры — Освальду
09.03.62
Зразумела, чакаецца, што Вы абярэце самы танны від транспарту і напішаце расьпіску за вылучаныя сродкі.
Мы яшчэ не атрымалі дазволу на візу для вашай жонкі, але як толькі яна будзе ўхваленая, вы можаце падаць пашпарт на выязную візу ў АВІР.
Консул ЗША ў Маскве Джозэф Норбэры — Робэрту Оўэну, аддзел Савецкага Саюзу Дзярждэпартамэнту ЗША
15.03.62
Патрабуецца як найхутчэй рашэньне наконт «выключэньня 243 (г)» з правілаў для Марыны Освальд. Муж часта тэлефануе і піша ў амбасаду, каб уведаць прычыну затрымкі. Нам падаецца неразумным абмяркоўваць праблему з 243 (г), паколькі можна яшчэ атрымаць выключэньне, але ўсё больш няёмка адмаўляць Освальду.
Аддзел Савецкага Саюзу — аддзелу візаў Дзярждэпартамэнту ЗША
16.03.62
Аддзел лічыць, што ў інтарэсах ЗША дапамагчы Лі Гарві Освальду і яго сям’і выбрацца з Савецкага Саюзу і адправіць іх у ЗШ А як найхутчэй. Як няўстойлівая асоба з цалкам непрадказальнымі паводзінамі, Освальд можа адмовіцца выехаць з СССР ці пазьней паспрабаваць вяр-
нуцца туды, калі мы зробім немагчымым, каб яго жонка і дзіця ехалі разам зь ім з Масквы.
Такія дзеяньні з нашага боку таксама дазволяць савецкаму ўраду заявіць, што хаця яны выдалі выязныя візы спн. Освальд, каб пазьбегнуць разьдзяленьня сям’і, урад ЗША зрабіў гэта гвалтоўна шляхам нявыдачы ёй візы. Заезд у трэцюю краіну запатрабаваў бы дадатковых расходаў ад ЗША.
Тым ня менш, Вашынгтон настойвае на правіле «243 (г)», якое патрабавала, каб жонка спачатку выехала ў трэцюю краіну і адтуль пачынала візавы працэс (што стварала новыя праблемы — віза ў трэцюю краіну, пражываньне там і г.д.). I тады да справы падключаецца амбасадар ЗША ў Маскве Левэлін Томпсан, які адрасуе тэлеграму ў справе Освальда напрасткі дзяржсакратару ЗША Дыну Раску.
Амбасада ЗША ў Маскве — дзяржаўнаму сакратару ЗША, Вашынгтон
04.05.62
Патрабуецца рашэньне як найхутчэй пра перагляд 243 (г) для Освальд. Мы лічым неразумным абмяркоўваць праблему 243 (г), пакуль яшчэ магчымае выключэньне, але сгановіцца ўсё болып няёмка адмаўляць Освальду.
Томпсан
Тэкст тэлеграмы напісаў консул Норбэры, ён даслоўна супадае з радкамі яго сакавіцкага ліста ў Дзярждэпартамэнт. Освальд сур’ёзна даўся дыпляматам у знакі.
Консул ЗША ў Маскве Джозэф Норбэры — Робэрту Оўэну, аддзел Савецкага Саюзу Дзярждэпартамэнту ЗША
08.05.62
Дарагі Боб,
Ты таксама пабачыш нашу тэлеграму ад 4 траўня ў справе Освальда. Калі выключэньне 243 (г) ня будзе хутка дазволена, я думаю, нам трэба выклікаць Освальдаў і паслаць іху Бэльгію. Справа ня ў тым, што нашыя сэрцы разрываюцца ад шкадаваньня да Освальда. Яго нахабства ня мае межаў. Яго апошні ліст утрымлівае высакамернае патрабаваньне, каб Дзярждэпартамэнт спыніў спробы атрымаць грошы на яго падарожжа ад сваякоў у ЗША. Двойчы ці тройчы апошнім часам, калі ён званіў зь Менску, я мусіў зь няёмкасьцю спасылацца на «праблему», якая затрымлівае вырашэньне справы яго жонкі.
Невядома, што мела большае значэньне — тэлеграма амбасадара дзяржсакратару, аргумэнты контрапрапаганды, міжнародная абстаноўка, але Освальду заставалася чакаць нядоўга.
Консул ЗША ў Маскве Джозэф Норбэры — Освальду
10.05.62
Дарагі сп. Освальд!
3 прыемнасьцю паведамляю, што амбасада ў стане зрабіць апошнія дзеяньні ў справе звароту па візу вашай жонкі. Дзеля гэтага вы і ваша жонка запрашаецеся прыбыць у амбасаду, калі вам будзе зручна.
А мбасада мае дзьве копіі пасьведчаньня аб нараджэньні вашай жонкі і копію пасьведчаньня аб шлюбе. Такім чынам, ёй трэба прадставіць толькі яшчэ адну копію пасьведчаньня аб шлюбе, тры фатаздымкі, рэнтгенаўскі здымак, аналіз крыві і даведку аб прышчэпцы воспы.
Як вам паведамлялася раней, тры фатаздымкі вашай дачкі і копія яе пасьведчаньня аб нараджэньні таксама неабходныя для консульскага пасьведчаньня аб нараджэньні і запісу ў ваш пашпарт.
Калі ласка, паінфармуйце амбасаду, калі вас можна чакаць.
Пасьля ўсіх перашкод і затрымак дзяржаўная машына ЗША зрабіла тое, што назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю Амэрыкі — дала доўгачаканы дазвол на ўезд Освальдаў.
Хаця ў доме нумар 4 па вуліцы Камуністычнай у Менску сытуацыя з ад’ездам выглядала хутчэй люстрана адваротнай.
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
18 траўня 1962 году ў працоўнай кніжцы Освальда робіцца другі і апошні запіс:
Звольнены з заводу па ўласным жаданьні згодна з пададзенай заявай.
Начальнік аддзелу кадраў мог уздыхнуць спакойна.
КДБ ж перадышкі ня меў. Апошнія тыдні Освальда ў Менску былі, як заўсёды, пад пільным наглядам — але субота 19 траўня хіба найбольш падрабязна прадстаўленая ў архіўнай справе.
Расшыфроўка падслухоўваньня КДБ
19.05.62
ЛГО: Як ты магла! Цябе не было з працы недзе тры гадзіны.
Жонка: Ты ідыёт! Я нікуды з табой ня еду. Можаш узяць дзіцё і ехаць. Бяры яе і едзь.
ЛГО: Заткніся. Вазьмі сваё дзіцё.
(Дзіцё плача.)
Жонка: Адчапіся. Рабі што хочаш, я з табой не паеду. Ты ніколі нічога ня робіш, каб мне дапамагчы. Ідзі, кармі дзіцё. Можаш мяне забіць, але ў мяне зьявіцца малако. Ты будзеш рабіць скандалы да другой гадзіны раніцы. Я ня проста пайшла з працы невядома куды — я мусіла заснуць у той паліклініцы. Гэтыя дактары як спэцыяльна не чакаюць мяне.
(Плача.)
Мне што, бегчы дадому трэба было?
ЛГО: Менавіта.
(Яны ідуць на кухню.)
12:50 (Яны вяртаюцца.)
Жонка (румзае): Прэч з маіх вачэй, сабака! Мярзотнік! He глядзі так на мяне — ніхто цябе не баіцца. Ідзі да д’ябла, падонак!
ЛГО: Вельмі добра.
Жонка: Можаш ехаць у сваю Амэрыку безь мяне і, спадзяюся, ты здохнеш па дарозе.
(ЛГО выходзіць. У кватэры ціха.)
Магнітафон КДБ працаваў, падслухоўваньне працягвалася — але да вечара нічога новага не запісалі. Жонка з мужам калі і працягвалі размову, дык на бальконе, і нават позьнім гасьцям давялося доўга званіць у дзьверы.
У расшыфроўцы КДБ яны пазначаныя як «Невядомы мужчына 1», «Невядомы мужчына 2» і «Невядомая жанчына 3». Мэйлер ужо дастаткова ведаў кола знаёмых Освальда, каб падставіць у тэкст імёны: Павал Галавачоў, муж і жонка Зігеры.
21:30
Сп-ня Зігер: Мы грукалі й грукалі!
Марына: Мы былі на бальконе, нічога ня чулі.
Сп-ня Зігер: Дзе ваша дачка? Будзем спадзявацца, што яна здаровая. У яе вочы яе маці — вельмі вялікія.
Лі: У яе маміны вочы, вусны, нос. Яна ўсё атрымала ад сваёй маці, і нічога ад мяне.
Сп-ня Зігер: Наступны ў вас будзе сын.
Лі: Мы ўжо атрымалі дакумэнты. Верагодна, ад^яжджаемуаўторакд
Сп-ня Зігер: Як вы едзеце? Параходам ці самалётам?
Лі: 3 Масквы альбо цягніком альбо самалётам. Залежыць ад таго, якую візу нам даюць.
(Усе гавораць адначасна, немагчыма разабраць.)
Сп-ня Зігер: Калі яна вырасьце, яна нават ня будзе ведаць, дзе нарадзілася. Можа, Джун калінебудзь прыедзе.
Сп. Зігер: Адведаць адна рэч. Ёй толькі ня трэба прыяжджаць сюды жыць.
Лі: Ты паставіла чай?
Сп-ня Зігер: He турбуйцеся за нас, усё ў парадку.
Лі: У нас ёсьць шклянкі?
Марына: У нас дзьве шклянкі. Таксама ёсьць мой малы кубак. Ён ужо ўсё запакаваў.
Лі: Усё наша багацьце. Пусты пакой.
Сп-ня Зігер: Вы шчасьлівыя, канечне?
Лі: Мы шчасьлівыя.
Сп-ня Зігер: Марыначка, а ты?
Марына: Я зусім не такая ўжо шчасьлівая, зразумела.
Сп-ня Зігер: Дзіцё будзе бляндынкай, яна будзе прыгожая.
Лі: У яе будзе добрае жыцьцё, у яе ўсё будзе.
(Усе гавораць разам, складана разабраць. Прыходзіць Павал, усе трое мужчынаў ідуць на кухню.)
Кожны ў стане прачытаць гэты разьвітальны дыялёг па-свойму. Ён аднолькава бянтэжыць, калі ўявіць яго перад невядомай будучыняй, што чакае герояў наперадзе, і калі прачытаць яго зь сёньняшняга дня.
Зрэшты, і для тых, хто гаворыць, і для тых, хто чытае, існуе толькі сёньня. Амаль як для матылькоў.
Грошы, свабода, каханьне, душа
Запіс падслухоўваньня 19 траўня, у перадапошні дзень Освальда ў Менску, быў самы доўгі за ўсю гісторыю назіраньня. Упершыню гучаць галасы людзей, зь якімі ён сябраваў, бавіў час, якіх адведваў дома.
Расшыфроўка падслухоўваньня КДБ.
Працяг.
19.05.62
Сп-ня Зігер: Марыначка, ты нават ня ведаеш, як я табе зайздрошчу, ты такая здаровая.
Марына: Я прыеду з дачкой, і ня ведаю, можа, будзе цяжка, можа, ён ня знойдзе працу.
Сп-ня Зігер: Чаму ён ня знойдзе працу? Уладкуецеся, усё будзе добра, у вас будзе ўсё, у вас будзе свабода.
Марына: Будуць грошы, будзе свабода.
Сп-ня Зігер: Божа, як я ненавіджу жыцьцё ў гэтым горадзе. У цябе няшмат бялізны. Ці маеш камод? Божа, а ў нас столькі барахла! Колькі
ўсяго мы прывезьлі! I колькі раздалі! Была шафа, ложак, люстэрка ў дубовай аправе, вялізнае. I посуд! Прадалі ўсё.
Марына: Напачатку вы, напэўна, нічога гэтага ня мелі?
Сп-ня Зігер: Так, я памятаю як учора. Яму быў дваццаць адзін. Мне дваццаць чатыры, я была старэйшая за яго.
Марына: Вы выглядаеце, быццам вы маладзейшая.
Сп-ня Зігер: Як у вас з грашыма?
Марына: Мы ашчаджалі. Мы абое такія.
Сп-ня Зігер: Колькі гэта каштуе?
Марына: Адзін квіток 440 рублёў. На дваіх.
Сп-ня Зігер: А цётка крыху не дапамагла?
Марына: He.