Сьлед матылька. Освальд у Менску.
Аляксандар Лукашук
Выдавец: , Радыё Свабода
Памер: 390с.
Мінск 2011
буслоў і чапляў. Справа была ня проста ў каньюнктурнай назьве.*
Каньюнктура была нормай, але назва працы Крапіўнага выглядала горш за прыстасаванства — яна гучала як пародыя, прычым пародыя на палітыку партыі і ўраду ў сельскай гаспадарцы. He дапамагло і тое, што заалёгія сапраўды ведала пра гаспадарчае значэньне бусла — пры нашэсьці саранчы буслы вылятаюць на палі і трушчаць шкоднікаў ураджаю, як пішуць у навуковых тэкстах, «у велізарнай колькасьці». Крапіўны прыйшоў да высновы, што ва ўмовах Беларусі гаспадарчае значэньне птушкі хутчэй адмоўнае — яны зьнішчаюць такую колькасьць земнаводных, што разбураюць экалёгію вадаёмаў
У наступным годзе Крапіўны зьехаў зь Беларусі ў Харкаў, дзе ня толькі друкаваў манаграфіі, падручнікі пра зоапсыхалёгію і біяэкалёгію, але й вывучаў паводзіны івалгі, сьпевы валасянак і пеначак, стаў доктарам навук, прафэсарам, прыяжджаў на навуковую канфэрэнцыю ў Менск, усё жыцьцё называў сябе на беларускі лад Алесем, аж пакуль ня выкінуўся з вакна ў 1990-м, не перанёсшы гібелі двух сваіх студэнтаў падчас палявой практыкі.
Пры жыцьці пабачыла сьвет толькі адна яго ненавуковая кніга, якая называлася «Калі няма страху»,
Кніга была не пра людзей.
*Празь месяц пасьля прыезду Освальда ў Менск у газэтах друкавалася абвестка пра публічную абарону дысэртацыі на атрыманьне вучонай ступені доктара гістарычных навук Г.М. Ліўшыцам на тэму, не дасьледаваную ні Флавіем, ні Тамашом Аквінскім, ні айцамі царквы: «Клясавая барацьба ў Юдэі і паўстаньне супраць Рыму».
Karo бусел прынёс
У беларускай традыцыі дзяцей прыносіць бусел. У амэрыканскай — таксама бусел. Хаця, напэўна, ня ўзімку.
Дзёньнік ЛГО
15 лютага 1962
Марына зьбіраецца нарадзіць 1 сакавіка.
Сьвітанак. Марына будзіць. Прыйшоў час. У 9:00 прыяжджаем у шпіталь, пакідаю яе ў руках санітарак, іду на працу. У 10:00 Марына нараджае дзяўчынку. Мне паведамляюць навіну а 5-й вечара, калі я прыходжу ў шпіталь пасьля працы. Мы хацелі хлопчыка. Марына адчувае сябе добра, дзяўчынка таксама.
Рэканструкцыя Мэйлера падае падзеі крыху іначай і з большай рэзкасьцю. Пасьля мітусьні і збораў з дому выйшлі каля 09:00, доўга не маглі злавіць таксі і ў выніку паехалі ў 3-ю клінічную бальніцу на аўтобусе. Освальд яшчэ не даехаў да працы, як
сяброўкі Марыны ўжо пазванілі на завод і на працоўным месцы ён ужо атрымліваў віншаваньні.
Марына ляжала тыдзень — і нататкі, якімі абменьваліся муж з жонкай, урэшце патрапілі ў Камісію Уорэна і сталі афіцыйным матэрыялам сьледзтва. Цяпер гэты прыватны фрагмэнт менскага жыцьця выстаўлены на агульны агляд.
15 лютага 1962
Дарагая Марына,
Мы з табой зусім не чакалі дачкі, але я вельмі рады ўсё роўна. Малайчына! Як ты здолела так хутка нарадзіць? Малайчына! Ізноў малайчына! Калі табе што трэба, кажы любое жаданьне, мы з табой цалкам гатовыя да Джун Марыны Освальд.
Алек
Дарагі Алік!
Вось ты й бацька. Нават добра, што ў нас дзяўчынка.
Роды прайшлі вельмі добра і хутка. А 10-й гадзіне нарадзілася Джун. Зашылі толькі чатыры трэшчынкі звонку. Я і сама не чакала, што ўсё будзе так хутка. Увечары, верагодна, да цябе прыйдзе цётка Валя. Яна ўжо была ў мяне сёньня. Сёньня нічога не прынось. Заўтра прынясі толькі кефір і салодкае. Шакаляд мне ўжо нельга. Астатняе ты ведаеш.
Цалую, Марына
Дарагая!
Як ты жывеш? Кефіру няма. Што табе трэба? Ты ўжо карміда дзіця? Гэтыя фотакарткі аддай
цётцы Валі, у нас яшчэ ёсьць дома. Хто табе званіў сёньня?
Кахаю цябе.
Алек
18 лютага 1962
Дарагая Марына,
Цётка Валя і дзядзька Ільля бы лі сёньня ў мяне раніцай. Яна адведае цябе заўтра а 2-й гадзіне. Я сказаў, што трэба купіць. Я і Эрык учора былі ў Зігераў да 24-х гадзінаў. Як там яна, яна есьць, так?
Што табе трэба? Ты можаш хадзіць? Інэса была ў цябе? Джун яшчэ чырвоная? Ты ведаеш, калі цётка Валя прыйдзе заўтра, перадай фатаграфіі ёй. Сёньня цётка Люба да цябе ідзе.
Ну, пакуль.
Твой муж Алек
P.S. Я заўтра не прыйду, добра?
20 лютага 1962
Хэлоў, тата!
Алек, я ня думала, што будзе так цяжка даглядаць дзіцё. Джун зьядае ўсё чыста. Але малако прыбывае перад кожным кармленьнем, і яго трэба адсмоктваць. Гэта так балюча, што лепш бы я нарадзіла яшчэ адно дзіцё. Дарагі Алек, неадкладна, адразу сёньня купі і перадай мне грудны адсос, і каб гумовая груша была цьвёрдая, ня мяккая.
Алек, я стала так дрэнна выглядаць, што ты мяне не пазнаеш. Гэта таму, што я баюся, што Джун не бярэ грудзі. Таксама, тут не даюць паспаць колькі трэба — толькі з 2 да 5 раніцы.
He магу ўявіць, што буду рабіць дома. Алек, мне таксама пільна трэба 1 руб. 20 капеек. Урэшце, я не магу хадзіць бязь ліфчыка. Тут адной жанчыне купілі два, і яна прадала адзін мне. Мне трэба ёй заплаціць. Гэта ня дзеля прыгажосьці, а каб не застойвалася малако. Ніхто з вас нават ня думае прыносіць мне тое, што мне трэба. Усе толькі і робяць, што пытаюцца, што мне трэба. Ну, хопіць пра гэта, сканчаю.
Марына
21 лютага 1962
Дарагая Марына,
Сёньня мы атрымалі ад заводу вельмі прыгожыя падарункі для Джун; я ведаю, табе спадабаецца. Яны купілі 1 летнюю коўдру, 6 халодных пялюшак, 4 цёплыя пялюшкі, 2 кашулі, 3 вельмі добрыя цёплыя кашулі, 4 вельмі прыгожыя касьцюмчыкі і дзьве цацкі (цалкам 27 рублёў). Я ведаю, што Эрык і Аніта былі ў цябе ўчора, як табе Аніта?
Як Джун есьць?
Заўтра, напэўна, я не прыйду, добра?
Кахаю цябе.
Алек
Дзёньнік ЛГО
23 лютага 1962
Марына выпісваецца са шпіталю, я ўпершыню бачу Джун.
У архівах Менскага ЗАГСу дагэтуль захоўваецца запіс рэгістрацыі грамадзянкі БССР зь незвычайным імем Джун.
Дзёньнік ЛГО
28 лютага 1962
Як патрабуе закон, іду рэгістраваць немаўля. Хачу яе назваць Джун Марына Освальд. Але гэтыя бюракраты кажуць, што яе другое імя павінна быць такім, як маё першае. Расейская традыцыя, падмацаваная законам. Я адмаўляюся, каб запісалі імя «Джун Лі». Абяцаюць пазваніць у гарвыканкам і ўведаць, бо ў мяне сапраўды амэрыканскі пашпарт.
29 лютага 1962
Мне сказалі, што ніхто дакладна ня ведае, што рабіць, але ўсе пагаджаюцца «давай, рабі па-расейску». Імя: Джун Лі.
Ізноў Освальд блытае даты — у лютым 1962-га было 28 дзён. Высакосным быў папярэдні год.
Джун — Юна, Юнона, таксама азначае назву месяца — чэрвень.
Чэрвеня ў Беларусі Джун не дачакаецца — ня хопіць аднаго дня. 1 чэрвеня Освальды будуць ужо ў Маскве.
Антысавецкая фармацэўтыка
23 лютага, калі Освальд упершыню пабачыў дачку, быў мужчынскі дзень — дзень савецкай арміі адзначалі ўсе, хто насіў пагоны, ваяваў, служыў. Прафэсійным сьвятам у доме дзядзькі Марыны цяпер лічыўся і дзень міліцыі, але ён ня мог параўнацца з размахам сьвяткаваньня мужчынскага сьвята. Тым больш, што яно супадала з днём народзінаў цёткі Валі.
У гэты свой першы дзень дома Марына засталася адна і толькі з дапамогай суседкі здолела даць рады дзіцяці — Освальда яна паслала віншаваць цётку. Ён абяцаў хутка вярнуцца, але прыйшоў вельмі позна і на добрым падпітку — Марына ніколі ня бачыла яго ў такім стане. Пілі за цётку, за дачку, за бацьку, за маці, сказаў ён жонцы і заваліўся ў ложак. Як патлумачыць Марына Мэйлеру — не прывык да гарэлкі.
Дзядзьку Марыны, баявому афіцэру падчас вайны, Ільлю Прусакову гэты дзень, напэўна, запомніўся зь іншай прычыны.
Рапарт КДБ
23.02.62.
Сустракаўся з агентам МУС «П» 23.02.62. Сказаў, што ён нядаўна двойчы размаўляў з пляменьніцай Марынай у сувязі з маючым адбыцца ад’ездам з Савецкага Саюзу ў ЗША. «П» растлумачыў Марыне неабходнасьць паводзіцца годна і ня браць удзелу ў антысавецкай прапагандзе ці іншых варожых акцыях, скіраваных супраць Савецкага Саюзу, каб не ствараць праблемы для «П» і іншых сваякоў, якія жывуць у СССР. Марына паабяцала «П», што ня будзе рабіць ніякіх дзеяньняў у ЗШ А, якія скампрамэтавалі б «П» ці іншых сваякоў.
«П» працягне выхаваўчыя гутаркі і таксама пагаворыць з «Налімам», каб пасьля прыезду ў ЗША ён устрымаўся ад паклёпніцкіх выказваньняў пра СССР.
«П» патлумачыў, што падчас гутаркі з Марынай, выказваючы клопат пра яе, ён пацікавіўся, ці яна заўважала нешта падазронае ў паводзінах Л.Г. Освальда ці ўчынках, што магло б сьведчыць пра яго падвойную асобу. Марына заявіла «П», што нічога падобнага ў паводзінах Освальда яна не заўважала.
Падчас сустрэчаў «П» спытаў у Марыны, ці яна не баіцца, што Освальд будзе пакараны амэрыканскімі ўладамі за тое, што ўцёк з ЗША. Марына ведае са словаў Освальда, што ў ЗША гэта ня лічыцца злачынствам, якое пагражала б арыштам, і, быццам, паводле амэрыканскіх законаў, няма падставаў, каб прыцягнуць Освальда да адказнасьці за гэта, калі ён вернецца ў ЗША.
Марына ў Штатах не займалася антысавецкай дзейнасьцю, але яе адказы на пытаньні Камісіі Уорэна можна было ўключаць у любы падручнік пра савецкае жыцьцё.
— Колькі вы зараблялі ў Менску?
— Сорак пяць, як усюды.
— За тыдзень?
— He, за месяц. Гэта не Амэрыка.
— 45 рублёў?
— Так.
— За месяц?
— Так.
— Старымі ці новымі?
— Новымі.
— I колькі гадзін вы працавалі?
— Ад 10:00 да 16:30.
— Калі вы сказалі «як усюды», вы мелі на ўвазе, што аднолькава плацілі і ў вялікіх і ў малых гарадах?
— Так фармацэўтам плацяць усюды.
— Вы ашчаджалі грошы?
— He. Я атрымаю палучку і патрачу за адзін дзень. Максымум за тры.
Марына жыла ў дзядзькі і не плаціла за кватэру, за бялізну, за ежу. Як у Менску жылі астатнія 27 дзён у месяцы, ні сябры Камісіі, ні пазьней Мэйлер не ўдакладнялі. Дый што там удакладняць.
Да камунізму заставалася толькі дваццаць гадоў.
I толькі раз на чатыры гады надараўся высакосны год зь лішнім днём.
Нахабства бязь межаў
Калі меркаваць зь дзёньніку, сакавік 1962-га — даволі спакойны месяц, справы з ад’ездам рухаюцца, Освальд робіць тры апошнія кароткія запісы.
Дзёньнік ЛГО
24 сакавіка 1962
Марына афіцыйна звальняецца з працы.
26 сакавіка
Атрымліваю ліст ад Службы іміграцыі і натуралізацыі з Сан Антоніё, Тэхас, што заява Марыны на атрыманьне візы ЗША ўхваленая!! Апошні дакумэнт. Цяпер трэба толькі дачакацца, пакуль амбасада ЗША атрымае копію паведамленьня, каб афіцыйна даць дазвол.
27 сакавіка
Атрымліваю ліст ад сп. Філіпса (у яго працуе мая маці), з гарантыяй падтрымкі маёй жонцы, калі трэба.
У гэты самы дзень пішацца ліст да маці ў Тэхас.
ЛГО — ліст да Маргарыты Освальд