Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
Далей па праспэкце крама адзеньня і дзіцячая крама. Цэнтральны кінатэатар, найлепшы ў Менску, зьмяшчае 400 чалавек у маленькай залі без вэнтыляцыі. За ім абутковая крама, насупраць праз вуліцу цэнтральны салён прыгажосьці, цэнтральная аптэка, гастраном і мэблевая крама.
Зыгзагам абабегшы адразу восем адрасоў у трох сказах, Освальд крыху зьніжае тэмп каля наступнага будынку:
Далей ідзе Міністэрства ўнутраных справаў на чале з жорсткім армейскім палкоўнікам Мікалаем Аксёнавым з «народнай міліцыі». Ён мае пасаду
міністра ўнутраных справаў. На рагу знаходзіцца яго падразьдзяленьне, КДБ, Камітэт унутранай бясьпекі (разьведка і тайная паліцыя).
Ці пакрыўдзіліся куратары Освальда, што ён так і ня здолеў разабрацца ва ўзаемаадносінах МУС і КДБ ці, наадварот, усьцешыліся, што так добра працавалі з амэрыканцам, што той нават грозную абрэвіятуру ня здолеў граматна расшыфраваць — невядома. Імя міністра МУС пераблытана — ён Аляксандар, але прозьвішча згаданае дарэчы: менавіта да яго ў адчаі зьвярталася Марына па выязную візу, і хоць ён яе не прыняў, візу ўрэшце далі. Рашэньне, зразумела, прымаў не беларускі міністар.
Праз дарогу заўсёды шматлюдная кніжная крама на праспэкце, а насупраць яшчэ болын шматлюдны рэстаран, адзін зь пяці ў горадзе, дзе за два рублі наведнік можа набыць смажаны язык ці курыцу з бульбай і тушанай капустай, а ня проста «катлеты» (хлеб і мясны фарш) ці шніцэль (дзе крыху болей мяса і менш хлеба) і біфштэкс (адна перамолатая ялавічына), якія падаюцца з бульбай, капустай і часам з макаронамі. Іх заўсёды падаюць у рабочых сталоўках і стаячых кафэ, адкрытых уначы. Часам можна купіць салодкія булачкі, каву, восеньскую садавіну, таксама можна ўзяць салаты і памідоры. Побач з кафэ, якое называецца «Вясна» — булачная. Тут за 13 капеек можна купіць белы батон (без упакоўкі), за 7 капеек — розную салодкую выпечку і за 20 капеек бохан чорнага хлеба. (Бохан чорнага ўдвая большы за белы і такім чынам больш танны ў пераліку за кіляграм і карыстаецца болыпым
попытам. I яшчэ, чорны хлеб з-за цьвёрдай скарынкі выключна доўга застаецца сьвежым.)
Тут Освальд ізноў пераходзіць праспэкт — вяртаецца да кніжнай крамы, ідзе далей уніз да «Ласунка».
Насупраць гэтай булачнай — крама цукерак. Гэта дзіцячая краіна мараў з цукерак і шакаляду, хаця з-за клімату шакаляд каштуе ў чатыры разы болей, чым у ЗША. За чатыры унцыі трэба заплаціць 60 капеек. Шакаляд карыстаецца вялікім попытам, бо расейцы — ласуны. Тут заўсёды натоўп. Яшчэ далей мы падыходзім да адзінага ўнівэрмагу ў Менску, ГУМу, што азначае «дзяржаўная ўнівэрсальная крама».
Падрабязны пералік тавараў і цэнаў з падарожжа па ўнівэрмагу ўжо прыводзіўся, адзначым толькі дакладную гэтым разам расшыфроўку назвы крамы — не галоўная, як шмат хто лічыць, а дзяржаўная. Дзяржаўная не таму, што інпіыя вакол былі прыватныя, a — важная, як узнагарода ці таямніца. Ці як бясьпека.
Перад тым, як выйсьці на плошчу Сталіна, на канцы цэнтральнага раёну праспэкту знаходзім два стаячыя кафэ самаабслугоўваньня. Гэтыя кафэ месьцяцца адно насупраць аднаго праз праспэкт. Звонку і ўсярэдзіне яны абсалютна аднолькавыя, у абодвух падаюць аднолькавыя стравы за аднолькавы кошт. Чаму іх не пабудавалі на розных канцах праспэкту ці нават на розных канцах плошчы — невядома. Хаця гэта было б болып зручна. Прычына, магчыма, палягае ў тым, што архітэктурныя пляны для ўсіх гарадоў
Савецкага Саюзу прысылаюць напрасткі з Масквы, што, як можна ўявіць, зьяўляецца вялікай адказнасьцю для архітэктара. Паколькі ў СССР за памылкі расплачваюцца галавой, лягічнай прычынай стандартнай архітэктуры зьяўляецца тое, што найпрасьцейшы спосаб пабудовы вуліцы — самы бясьпечны.
Лягічна было б у рэчышчы гэтых архітэктурных назіраньняў згадаць якраз такое вырашэньне з помнікамі правадыроў: на адным канцы праспэкту бронзавы Ленін, на другім — бронзавы «Ленін сёньня». Але ў менскіх нататках 9-мэтровая бронзавая статуя Сталіна на 9-мэтровым гранітным пастамэнце ня згадваецца.
У фотаархіве Камісіі Ўорэна няма ніводнага здымка, які звычайна робяць людзі ў чужым горадзе — на фоне адметнага помніка, «Сталін і Освальд». Ці «Ленін і Освальд».
Ну, а зь Дзяржынскім увогуле быў бы клясычны здымак.
Але адсутнасьць здымкаў азначае толькі адсутнасьць здымкаў, ня больш.
Освальд і Сталін
Першы раз Освальд пабачыў Сталіна на дзень свайго 20-га нараджэньня, кал і адведаў маўзалей зь дзьвюма муміямі ў Маскве. Апошні — у лістападзе 1961-га ў Менску.
17 кастрычніка ў Маскве пачаўся самы доўгі пасьляваенны зьезд КПСС, 22-гі, які цягнуўся паўмесяца і завяршыўся вынасам сталінскай муміі з маўзалею.
ЛГО — Робэрту Освальду
01.11.61
Дарагі Робэрт,
мы чулі па радыё, што расейскія ўлады вырашылі прыбраць цела Сталіна з Краснай плошчы. Гэта тут вялікая навіна, для мяне вельмі сьмешная. Калі я слухаю радыё альбо якога-небудзь паліткамісара, я заўсёды думаю пра кнігу Джорджа Орвэла «1984», дзе «двухдумства» зьяўляецца ладам жыцьця таксама. У кожным разе,
тут усё вельмі цікава, і людзі ў цэлым простыя і добрыя.
Ну, гэта амаль усе навіны зь Менску. Твой брат Лі.
Hi ў «Гістарычным дзёньніку», ні ў «Калектыве» Освальд пра Сталіна адмыслова нічога ня піша. Але нягледзячы на іронію ў лісьце да брата, хрушчоўскія зьмены яго ўразілі. Па вяртаньні ў Амэрыку ён дапоўніў менскія нататкі падзеямі лістапада 1961 году:
Новая эра
У Менску быў манумэнт Сталіну, 35 футаў вышынёй, які стаяў нават пасьля выкрыцьця Сталіна Хрушчовым, у той час як помнік Сталіну ў Ленінградзе быў адразу зьнесены. Гэтая вялізная канструкцыя з бронзы і мармуру стаяла так доўга, як гэта было магчыма, дзякуючы намаганьням цьвёрдакаменнага сталінца, такога, як палкоўнік Пятроў, начальнік АВІРу ў Менску, і іншых. Аднак пасьля 22-га зьезду, калі Хрушчоў ізноў разьвянчаў Сталіна, 5 лістапада, за два дні да рэвалюцыйных сьвятаў, атрад у 100 чалавек зьявіўся на плошчы Сталіна (новая плошча Леніна), і з бульдозэрамі і палезабойнымі машынамі пачаў зносіць (не здымаць) помнік. Яны рабілі гэта зь вялікім энтузіязмам, бо ўжо на другі дзень пасьля таго, як яны прыбралі 10 тон бронзы, пяць чалавек старэйшага пакаленьня прыйшлі на плошчу і былі абсьмяяныя саркастычным маладзейшым пакаленьнем.
Самым знакамітым у разбурэньні гэтага гіганцкага манумэнта было тое, што праца
спынілася 6 лістапада, але распачалася ізноў 7-га, у той самы дзень, калі побач праходзіў вялікі парад рабочых. Помнік быў якраз насупраць трыбунаў.
На вачах усіх людзей і рабочых разбурэньне Сталіна і сымбалічнае заканчэньне сталінізму (надзея Хрушчова) было завершанае.
Але Беларусь разам з радзімай Сталіна Грузіяй — усё яшчэ апірышча сталінізму. I адраджэньне сталінізму вельмі, вельмі магчымае ў гэтых дзьвюх рэспубліках.
У гэтым тэксьце Освальд зрабіў паўтузіна памылак і адно прадказаньне. У Ленінградзе сталінскія помнікі (іх было пяць) дэмантавалі не раней, а адначасна зь Менскам; хоць палкоўнік Пятроў быў насамрэч генэралам і старшынём КДБ, ён ня мог ні захаваць, ні разбурыць помнік без каманды з Масквы; у Менску манумэнт зьнесьлі за адну ноч — плошчу ачапілі войскам, сторгнулі статуй, але потым доўга і цяжка дзяўблі пастамэнт, які трымаўся на вялізным бэтонным фундамэнце. Бронзавую фігуру транспартавалі на склады гарадзкіх камунальных службаў, а кавалкі пастамэнта адвозілі на суседняе будаўніцтва музычнай школы пры кансэрваторыі, дзе яны былі закапаныя ў фундамэнт. Плошчу Сталіна тады перайменавалі ня ў «Леніна», а ў «Цэнтральную», і гэты назоў яна захоўвала аж да 1984-га.
У архівах камісіі Ўорэна наступнымі за эсэ «Новая эра» ідуць нататкі Освальда пра камуністычную партыю Амэрыкі. Спачатку ён прапанаваў мясцовай філіі свае паслугі, энтузіязму прапанова ня выклікала, і тады Освальд абвінавачвае партыю
ў здрадзе. Маўляў, яна ператварылася ў рычаг замежнай сілы для скіданьня ўраду ЗШ A — і не дзеля свабоды ці высокіх ідэалаў, а дзеля сэрвільнага згодніцтва з жаданьнямі Савецкага Саюзу, ня самай, як высьветлілася, узорнай сыстэмы.
Саветы зьдзейсьнілі злачынствы, непараўнальныя нават з тым, што рабілі на пачатку капіталістычныя краіны — зьняволеньне сваіх людзей, масавыя зьнішчэньні, тыповыя для Сталіна.
Прыгнёт індывідуальнасьці, строгая рэглямэнтацыя пры Хрушчове.
Дэпартацыі, мэтанакіраванае абмежаваньне харчаваньня насельніцтва Расеі. Забойства гісторыі, прастытуцыя мастацтва і культуры.
Так чытач Орвэла падкарэктаваў сваё захапленьне Савецкім Саюзам пасьля вяртаньня ў Амэрыку.
А ў «Новай эры» патрабуе папраўкі яшчэ адна недакладнасьць — прадказаньне, што адраджэньне сталінізму «вельмі, вельмі магчымае» ў Грузіі і Беларусі.
Памыліўся, як стала відаць праз паўстагодзьдзя. Можа таму, што ў Грузіі ніколі ня быў.
Нататкі антысаветчыка. Працяг
Кніга, якую Освальд пачаў пісаць у Менску, чытаецца цяжкавата.
Магчыма, таму, што аўтар нічога ня піша пра сябе, а наіўна спрабуе вырашыць навукападобную задачу — ахапіць увесь спэктар савецкага жыцьця.
Ён падае перапісаныя аднекуль статыстычныя зьвесткі пра колькасьць студэнтаў, наклады газэт і часопісаў, санаторнае абслугоўваньне, піянэрскую арганізацыю і камсамольскіх актывістаў, тлумачыць інстытут прапіскі і прыводзіць лічбы хабару за пячатку (60-100 руб.), закранае карупцыю ў гандлі, дзе замест ялавічыны могуць падсунуць каніну, параўноўвае, што на 12 кінатэатраў у Менску прыпадае 58 агітпунктаў, дзе ня толькі раздаюць камуністычныя брашуры, але там ёсьць тэлефон і кожны можа зайсьці і зрабіць данос на іншага члена партыі ці любога грамадзяніна.
Хто яму расказваў гэтыя гісторыі, крыху па-
дагнаныя пад орвэлаўскі «1984», невядома, але ў лічбах недакладнасьці: у Менску было 17 кінатэатраў, а агітпункты былі ў кожнай школе, цэху, установе і налічвалі многія сотні.
I, канечне, даносчыкі давалі рады і без тэлефоннай дапамогі агітпунктаў.
Хаця, магчыма, задача рукапісу «Калектыў» не такая і наіўная — яго пры жаданьні можна разглядаць і як пераадоленьне сваіх ілюзіяў, і як падрыхтоўку да трыюмфальнага вяртаньня ў Амэрыку з гатовай кнігай.*
Калі паспрабаваць расставіць паводле значнасьці будынкі, якія прэтэндуюць на ролю галоўных у менскім жыцьці Освальда, дык на трэцяе месца пасьля КДБ і дому, дзе ён меў кватэру, прэтэндуе Палац прафсаюзаў. I Освальд не абмінае месца, дзе ён сустрэў будучую жонку.