Сьлед матылька. Освальд у Менску.
Аляксандар Лукашук
Выдавец: , Радыё Свабода
Памер: 390с.
Мінск 2011
Чарговы гістарычны абэртон: беларускую вайсковую акругу, від на штаб якой адкрываўся з кватэры Освальда, на пачатку 1960-х узначаліў генэрал Валянцін Пянькоўскі, які, як сьцьвярджаў Алег Пянькоўскі, быў ягоным дзядзькам.
Рэцэпт драмы
Усё зьмяшалася ў доме Освальдаў ужо праз два месяцы пасьля вясельля.
3 расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ
17.07. 61
ЛГО: Я не магу казаць табе, што рабіць. Рабі, што хочаш. Калі хочаш, можаш ехаць са мной.
Жонка: He хачу.
ЛГО: Чаму?
Жонка: Я проста баюся.
ЛГО: Канечне, ты баісься.
Жонка: Я ня ведаю Амэрыкі, я ведаю толькі Расею. Ты можаш вярнуцца да свайго народу. Я ня ведаю, як там будзе. Дзе ты знойдзеш працу?
ЛГО: Я ўсё знайду, усё. Я ўсё зраблю. Гэта мая справа.
Жонка: Як там да мяне будуць ставіцца?
(радыё заглушае размову; зусім немагчь'ма зразумець)
Выдадзеная ў Менску напачатку 1960-х «Кніга
карысных парадаў» атрымала велізарную папулярнасьць і шмат разоў перавыдавалася.
У ліпені Освальд падарыў Марыне тоўсты фаліянт, пад тысячу старонак, які тлумачыў, як накрываць на стол, шыць, чысьціць, рамантаваць, апранацца, рыхтаваць кансэрвы на зіму, выводзіць бародаўкі і шмат чаго яшчэ. Першая чвэрць «Кнігі карысныхпарадаў» была прысьвечаная гатаваньню сьняданку, абеду і вячэры.
3 расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ
19.07.61
Жонка: Адзінае, што ты ўмееш — гэта катаваць.
(ЛГО выходзіць з пакою, нешта крычыць з кухні)
Жонка: Ідзі знайдзі сабе дзеўку, якая ўмее гатаваць. Я працую, у мяне няма часу гатаваць табе катлеты. Ты ня хочаш супу, ня хочаш кашы, толькі смачныя кавалачкі, калі ласка!
ЛГО: Я магу хадзіць есьці ў рэстаран.
Жонка: Ідзі да д’ябла! Калі ты ўжо пакінеш мяне ў спакоі! Я, відаць, не дажыву да таго дня, калі ты пакінеш мяне ў спакоі!
ЛГО: Але ж ты ня ўмееш нічога рабіць.
Жонка: Пакінь мяне ў спакоі!
Жонка, верагодна, проста не дачытала яшчэ падарунак Освальда да 40-й старонкі, дзе быў рэцэпт закускі, здольнай улагодзіць любога, самага патрабавальнага мужа. Перад тым, як падаць першую, другую і трэцюю страву, як раіла кніга, жонка перад ім паставіла б страву, прыгатаваную паводле самага першага рэцэпту разьдзелу «Закускі зь мяса»:
Парася заліўное
Парася нацерці мукой і апаліць, выдаліць вантробы, надсекчы хрыбетнік, прамыць халоднай вадой і, загарнуўшы ў сурвэтку, паставіць варыць у закрытай каструлі, наліўшы ў яе халоднай вады.
Зробім кароткую паўзу і, наліўшы вады, працягнем чытаньне:
У працэсе кіпячэньня здымаць пену, трымаць каструлю на слабым агні каля 1 гадзіны. Затым зьняць з пліты, булён пасаліць, крыху ахаладзіць. Парася пакласьці на разьдзелачную дошку, a булён зноў паставіць на гарачую пліту, дадаць у яго нарэзанае карэньне, цыбулю і прыправы. Прыгатаваць жэле.
Ва ўсім павінна быць мяжа і мера, таму рэцэпт, як гатаваць жэле, ня быў уключаны непасрэдна ў тэкст. А замест гэтага зроблена спасылка на старонку, дзе яго можна было вывучыць асобна — таму і Марына, верагодна, адразу яго чытаць ня стала б.*
Зваранае і ахалоджанае парася насекчы невялікімі кавалкамі, раскласьці на талерку, упры-
*Каб не адсылаць у бібліятэкі адчайных гаспадыняў, якія вырашаць прыгатаваць гэтую закуску, вось клясычны рэцэпт жэле зь легендарнай кнігі: «Каб булён добра застыў, на кожную шклянку яго трэба дадаць ад 1 да 3 лісткоў жэлятыну. Жэлятын папярэдне трэба замачыць у халоднай вадзе, адціснуць і толькі пасьля гэтага пакласьці ў гарачы булён і даць яму закіпець. Жэле з такога булёну атрымаецца смачнае, але не зусім празрыстае». У кнізе прыводзіцца і поўны, як збор твораў клясыкаў марксізмуленінізму, рэцэпт, як зрабіць жэле празрыстым, але тут абмяжуемся проста смачным.
гожыць кружкамі вараных яек, лустачкамі цытрыны, зелянінай пятрушкі, асьцярожна заліць жэле і падаць на стол у застылым выглядзе.
Нават такі гурман, як Освальд, ужо, напэўна, задаволіўся б, але карысныя парады на гэтым не спыніліся:
Да заліўнога парасяці падаюць зялёную салату, салату з чырвонакачаннай альбо белакачаннай капусты, карнішоны, пікулі. Асобна падаецца сьмятанны соўс зь цёртым хрэнам альбо цёрты хрэн з воцатам.
Любы, нават не псыхоляг, скажа, што пасьля прыгатаваньня такой закускі сямейныя сваркі і скандалы немагчымыя ў прынцыпе: у мужа на тое ня будзе жаданьня, у жонкі сіл.
3 расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ
21.07.61
ЛГО: Ну, што ты плачаш? Я казаў, сьлёзы ні да чаго добрага не прывядуць.
(жонка плача)
Ты ж ведаеш, я ніколі не сьцьвярджаў, што я вельмі добры чалавек.
(жонка зноў плача, ЛГО суцяшае)
Жонка (скрозь сьлёзы); Чаму я выйшла замуж? Ты мяне падмануў.
Усе шчасьлівыя сем’і падобныя адна да адной.
I нешчасьлівыя таксама.
Камсамольская любоў
Шчасьлівыя сем’і ўсё ж шчасьлівыя часам парознаму — прынамсі, з розных прычынаў.
Жыць і ніколі не сказаць лішняга слова, бо яно можа быць падслуханым і запісаным — для гэтага трэба быць альбо прафэсіяналам, альбо моцна запалоханым чалавекам. Освальды не былі ні першымі, ні другімі і, нягледзячы на падазрэньні, паводзілі сябе, як маладыя жонка і муж паводзяць сябе ў стрэсавай сытуацыі — сварыліся і мірыліся.
Дзёньнік ЛГО
15 ліпеня — 20 жніўня 1961
Мы высьветлілі, якія фармуляры і дакумэнты патрабуюцца для візы — каля дваццаці папераў: пасьведчаньні аб нараджэньні, афідэйвіты, фатаграфіі, даведкі, іншае. 20 жніўня мы здаем усе паперы. Нам кажуць, што адказ — ці выпусьцяць нас, будзе праз тры з паловай месяцы. Тым часам Марыне давялося прайсьці праз чатыры розныя сходы на працы, якія праводзіла начальства
пасьля ўказаньня ад «некага» па тэлефоне. Яе таксама выклікалі ў райкам камсамолу, і яна мусіла ісьці на гутарку да іх на паўтары гадзіны. Мэта (абвешчаная) — пераканаць яе ня ехаць у ЗША. Вынік: яна становіцца толькі больш упартай у сваім жаданьні ехаць. Марына цяжарная; мы спадзяемся толькі, што візы хутка прыйдуць.
Камсамол і начальства на працы зрабілі тое, што заўсёды робіць вонкавая пагроза: Освальды атрымалі агульнага праціўніка, які паспрыяў іхнаму паразуменьню паміж сабой.
3 расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ
26.07.1961
ЛГО: Ну дык што, быў сход?
Жонка: Так, сход быў.
ЛГО: Дзе?
Жонка: У нашай паліклініцы. Ведаеш, іх бы задаволіла, калі б я сказала — не, я ня еду, я не пакіну Радзіму. Ніколі не гавары ім праўду. Папраўдзе, мне ня трэба было нічога ім казаць увогуле. Трэба было сказаць, што мая сытуацыя такая, што я ня ведаю, што рабіць.
ЛГО: А што яны сказалі?
Жонка: Яны сказалі, што я грублю. Ну, я сказала, што мне не патрэбная добрая характарыстыка, мне ўсё роўна. Я паеду і з дрэннай характарыстыкай, калі трэба. Я сказала ім, што я не такі ўжо злосны злачынец. Я сказала, што я люблю дзяўчат з аптэкі як сваіх сябровак, і што я неблагі сябар, і я ўсё гатовая аддаць дзяўчатам, бо яны простыя, добрыя дзяўчаты.
(Паўза.)
Я адразу гэта сказала. Калі я вам не падабаюся — мне пляваць.
ЛГО: I ты... (не канчае сказў)
Жонка: Яны мяне выкінуць. Яны сказалі, што такія, як ты, не належаць да камсамолу, што мяне трэба выключыць. Я сказала — добра, вельмі цешуся. Чаму ты ня хочаш быць членам, — яны мільён разоў у мяне гэта пыталі. Ну, таму што мне не падабаецца, таму што сумна. А чаму ты раней не гаварыла? Бо я не хацела, каб людзі думалі, што я не такая, як усе. Я сказала шмат рэчаў, якія, верагодна, ня трэба было, але не магла стрымацца. Што ты думаеш пра камсамол? Я адказала: камсамол ёсьць камсамол.
(Паўза.)
Насамрэч, я — антысавецкі элемэнт. Трэба ім аблегчыць зрабіць выснову.
А потым, ведаеш, ён у мяне пытаецца — якія ў вас адносіны з тым чалавекам, зь якім вы езьдзілі ў Маскву. А нехта кажа — гэта яе муж.
ЛГО: (сьмяецца)
Жонка: I хто ваш муж, што за чалавек? Я кажу, вам лепш запытацца ў МУС. Чаму МУС, калі можам запытацца ў цябе? I я кажу, бо я магу вам і не адказаць.
ЛГО: Яны ведаюць самае галоўнае, што я хачу зьехаць.
Жонка: Ён хоча на сваю радзіму, я сказала ім, усе хочуць на сваю радзіму. А ты не спрабавала пераканаць яго застацца тут? He, я сказала. Потым. Я кажу, я ня думаю, што там будзе лепш, не таму, што я шукаю што-небудзь лепшае. Я проста еду са сваім мужам. Магчыма, там будзе горш. Я
кажу, ведаеце, я там не была і вы там не былі, дык як мы можам даваць ацэнкі?
(Паўза.)
Я сказала, што не пакіну мужа. Ен добры чалавек і я ім задаволеная. Ён больш дарагі для мяне, чым іхныя ацэнкі. Я паводзіла сябе груба, вельмі груба. Я сказала, што вы зьбіраецеся рабіць, пакараць людзей, якія давалі мне добрыя характарыстыкі, накрычаць на іх? Прашу не перасьледаваць іх, лепш зрабіце вымову мне. Мы цябе паважаем, мы цябе любім, яны казалі. У цябе ня будзе такіх сяброў, як мы, гаварылі яны. Я не хачу мець такіх сяброў, як вы. Я бачу, як вы мяне любіце.
ЛГО: He хвалюйся, усё будзе файна.
(Паўза.)
Жонка: Самае галоўнае цяпер — зьехаць.
ЛГО: Я ведаю. Мы ад'яжджаем, ня трэба скандалаў.
(Паўза.)
Жонка: He шукай праўды, усё роўна ня знойдзеш. Так маці казала мне.
ЛГО: Усё будзе файна.
Жонка: Ты думаеш?
(Паўза.)
Чаму мне сумна? Мой муж ня выгнаў мяне з дому.
ЛГО: Я цябе кахаю.
Жонка: Гэта цяпер ты так кажаш, а потым скажаш, што не кахаеш.
ЛГО: Твой муж цябе кахае.
Праз чатыры дні пасьля камсамольскага сходу ў СССР абвясьцілі эру камунізму. Дакладней, 30
ліпеня была надрукаваная праграма КПСС, якая вызначыла дату — праз 20 гадоў цяперашняе пакаленьне будзе жыць пры камунізьме.
Абвестка ніяк не паўплывала на рашэньне маладой сям’і жыць пры капіталізьме.
ІГеса «Маладыя». Акт 1
Калі Марына Освальд пагадзілася на інтэрвію для кнігі Мэйлера, яна ведала, што пытаньні будуць пра мужа, пра Менск, пра сям’ю — зрэшты, менавіта гэтаму была прысьвечаная цэлая кніга Прысцылы МакМілан «Марына і Лі».
Але, напэўна, яна не магла прадбачыць пытаньня, якое пачуе падчас новай сустрэчы.
Інтэрвіюер: Ці вы калі сварыліся з-за мыцьця падлогі?
Марына: He.
Інт.: А ён калі-небудзь скардзіўся пра падлогу?
М.: Ня памятаю. Але ня думаю.
Інт.: Вы калі-небудзь спрачаліся пра ўборку дому?
М.: Мы, верагодна, спрачаліся нават пра катоў на даху.
Пытаньне было падказанае архіўнымі дакумэнтамі КДБ.
3 расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ 03.08.61
18:24 (уваходзяць у пакой)
Жонка (крычыць): Я стамілася ад усяго гэтага! А што ты? Ты ня можаш сам памыць? Ты, відаць, хочаш, каб я мыла падлогу кожны дзень?