• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

    Сьлед матылька. Освальд у Менску.

    Аляксандар Лукашук

    Выдавец: , Радыё Свабода
    Памер: 390с.
    Мінск 2011
    65.01 МБ
    Ня самы спакойны душэўны стан.
    Але наўрад ці прароцтва. Усё ж гэта ўспаміны Элы пасьля таго, як усё адбылося, і нагаворана і напісана было шмат усяго і усялякага.
    I ўсё ж...
    Халтуршчыкі з КДБ
    Аднойчы, калі Освальд праводзіў Элу дадому, да іх падбегла дзяўчына, у якой вырвалі сумачку. Освальд не пабег за злодзеем, а спытаў у Элы, ці нельга прайсьці іншай вуліцай. I яны пайші іншай дарогай. Ахоўнікі законнасьці з КДБ у такія сытуацыі ня ўмешваліся.
    Рапарт вонкавага назіраньня КДБ 02.07.60
    Ад 12:00 да 24:00
    У 14:30 Лі Гарві выйшаў з працы і пайшоў на абед у кафэ самаабслугоўваньня на плошчы Перамогі. Пад’еў, быў дома ў 15:00.
    У 16:00 выйшаў з дому, сеў на тралейбус № 1 на плошчы Перамогі і паехаў да Цэнтральнай плошчы без аплаты праезду. Выйшаў праз заднія дзьверы і пайшоў у краму саюздруку № 1 на вуліцы Маркса.
    Там купіў некалькі газэт і пайшоўу гастраном № 13 на праспэкце Сталіна. Нічога не купіў, вый-
    шаў, пайшоў у ГУМ. Паглядзеў тавары ў аддзеле плястмасы, нічога не набыў і пайшоў у кветкавую краму, затым у булачную, потым у кафэ «Вясна». Выйшаў з кафэ праз 5 хвілін, на прыпынку «Камсамольская» сеў на тралейбус № 1, выйшаў на плошчы Перамогі і быў дома ў 16:50.
    У 20:20 Лі Гарві выйшаў з дому і хутка пайшоў да Опэрнага тэатру. Там пачаў хадзіць тудысюды каля цэнтральнагаўваходу. Праз 10 хвілін пайшоў у бок сквэру і на галоўнай алеі сустрэўся зь незнаёмай жанчынай, мянушка «Дора». Яны павіталіся поціскам рук і пачалі гаварыць. Пагаварыўшы хвіліны тры, яны разышліся, не разьвітаўшыся. «Дора» пайшла ў жылы дом на Лаўска-Набярэжнай вуліцы, а Лі Гарві застаўся на плошчы. Праз 20 хвілін «Дора» вярнулася, нешта сказала, і яны, узяўшыся за рукі, пайшлі да цырку.
    Паглядзелі на рэкляму ў вітрынах, пасьля гулялі па праспэкце Сталіна каля 35 хвілін і гаварылі пра нешта.
    У 21:45 Лі Гарві і «Дора» пайшлі ў цырк. Лі Гарві прад’явіў квіткі, і яны занялі свае месцы ў 10-м радзе і пачалі глядзець амэрыканскі фільм «Лілі». У 23:45, пасьля заканчэньня фільму, яны павольна пайшлі да дому № 22 на Лаўска-Набярэжнай, там спыніліся, пагаварылі хвілін 15, пасьля разьвіталіся. «Дора» ўвайшла ў свой дом (асоба высьвятляецца), а Лі Гарві пайшоў дадому і быў там у 24:00. Назіраньне ў гэты момант было спыненае да наступнай раніцы.
    Самае цікавае ў гэтым рапарце — дата.
    Освальд пазнаёміўся з Герман яшчэ зімой, у першыя дні на заводзе.
    I гэтае знаёмства заставалася невядомым для КДБ паўгода! Прынамсі, для групы вонкавага назіраньня.
    Во засакрэцілі.
    Разьбітае сэрца Освальда
    Увосень 1960-га Освальд круціць раманы адразу з чатырма дзяўчатамі: Інай з кансэрваторыі, Нэляй з ін’язу, Розай з Інтурысту і Элай з заводу. Але Менск горад маленькі, і здараецца непазьбежнае — яны сустракаюцца.
    Дзёньнік ЛГО
    18 кастрычніка 1960
    Мой 21-ы дзень нараджэньня, сустракаю з Розай, Паўлам, Элай маленькім сьвяткаваньнем у мяне ў кватэры.
    Эла вельмі прыгожая расейская габрэйка, зь якой я апошнім часам гуляю, працуе таксама на радыёзаводзе. Роза і Эла раўнуюць адна адну, і гэта абуджае ў мяне цёплыя пачуцьці. Абедзьве ўпершыню ў мяне. Эла і Павал дораць мне папяльніцы (я не палю), сьмяемся.
    Освальд ня піша, што потым на вечарынцы зьяўляецца трэцяя госьця — Іна, што пасьля вы-
    клікае бурную размову з Элай. У выніку Освальд разьвітваецца з музыканткай, спыняе паходы ў інтэрнат да студэнткі, ня звоніць перакладчыцы і выбірае Элу.
    Толькі, магчыма, ня так хутка і не ў такой пасьлядоўнасьці — вернемся на пару дзёньнікавых старонак назад.
    У кастрычніку 1960 году мы становімся вельмі блізкія, кульмінацыяй стаў палавы акт 21 кастрычніка. Яна была цнатлівая і вельмі цікавая. Мы сустракаліся такім чынам 4 ці 5 разоў, апошні — 4 лістапада 1960-га.
    Гэтак Освальд піша пра Іну.
    Але далей з Элай усё адбываецца хутка. Нават вельмі хутка.
    Дзёньнік ЛГО
    1 студзеня 1961
    Новы год сустракаю ў доме Элы Герман. Думаю, я закахаўся. Яна адхіліла мае менш высакародныя заляцаньні, мы п’ем і закусваем у прысутнасьці яе сям’і ў вельмі гасьціннай атмасфэры. Потым я іду дадому п’яны і шчасьлівы. Ідучы ўздоўж рэчкі дадому, я вырашаю зрабіць Эле прапанову выйсьці замуж.
    Праз тры дзесяцігодзьдзі Эла Герман пераказала Мэйлеру словы, якія пачула ад сваёй маці раніцай 1 студзеня 1961 году:
    — Эла, гэта твая справа — ты сама выбірай. Але я нешта хачу табе сказаць: у 1939-м цябе маглі арыштаваць толькі за тое, што ты нарадзілася ў Польшчы.
    У сталінскім СССР арыштоўвалі ня толькі за тое, што нарадзіўся ў няправільнай краіне, але й за тое, што ў няправільнай сям’і ад няправільных бацькоў. Але Эла разумела, што маці казала не пра мінулае, а пра будучыню.
    Дзёньнік ЛГО
    2 студзеня 1961
    Пасьля прыемнай прагулкі пад ручку ў мясцовы кінатэатар мы вяртаемся дадому, і на прыступках я раблю прапанову выйсьці замуж. Яна вагаецца, потым адмаўляе. Маё каханьне сапраўднае, а ў яе яго няма. У яе іншыя прычыны, апроч адсутнасьці каханьня: я амэрыканец, і аднойчы мяне могуць арыштаваць, проста таму, як, напрыклад, польская інтэрвэнцыя ў 1920-я прывяла да арышту ўсіх грамадзянаў Савецкага Саюзу польскага паходжаньня. «Ты разумееш, якое міжнароднае становішча, зашмат усяго супраць цябе, і ты нават пра гэта ня ведаеш».
    Я ў шоку. Яна фыркае з маёй някемлівасьці і паварочваецца, каб ісьці. (Я занадта ўражаны, каб думаць!) Я разумею, што яна ніколі не ўспрымала мяне сур’ёзна, а толькі карысталася з таго, што я амэрыканец, каб іншыя дзяўчаты, якія лічылі мяне не такім, як астатнія расейскія хлопцы, зайздросьцілі. Я ў адчаі.
    Мэйлеру расказвалі, што калі Освальд ішоў па цэху на сваё працоўнае месца, дзяўчаты-зборшчыцы сапраўды наперабой віталі яго «Алік, Алік!» I будучы муж Элы сапраўды зьвярнуў увагу на яе пасьля канфлікту з Освальдам з-за ўключанага радыё.
    Аднойчы на беразе Сьвіслачы Освальд і «Дора» паспрачаліся, як правільна пяюць жабы. Эла казала — «ква», Освальд — «фрок».
    He паразумеліся.
    У Беларусі жабы крэкчуць.
    «Я — амэрыканскі грамадзянін»
    Галоўную падзею пачатку 1961-га — грашовую рэформу, якая скасавала адзін нуль на грошах, заробках і цэнах, Освальд не заўважыў ці не палічыў дастаткова істотнай, каб занесьці ў дзёньнік.
    Думкі ў яго былі пра іншае.
    Дзёньнік ЛГО
    3 студзеня 1961
    Я ў адчаі ад Элы. Я кахаю яе, але што зробіш? Гэты стан страху заўсёды быў у Савецкім Саюзе.
    КДБ насьцярожыўся, але потым расслабіўся: як генэрал «Гузьмін» патлумачыў Мэйлеру, Освальд засмуціўся, але не парэзаў ізноў вены, ня кінуў працу, не захварэў, ня стаў піць, не рабіў нічога рызыкоўнага. He было ніякіх падставаў для дадатковых захадаў.
    КДБ не памыліўся ў ацэнцы псыхалягічнага стану Освальда. Ён думаў зусім пра іншае.
    Дзёньнік ЛГО
    4 студзеня 1961
    Праз год пасьля таго, як я атрымаў дазвол на жыхарства, мяне выклікалі ў пашпартны стол і спыталі, ці хачу я атрымаць грамадзянства. Я сказаў — не, проста працягніце мой часовы пашпарт. Пагадзіліся, і мае дакумэнты працягнутыя да 4 студзеня 1962.
    31 студзеня 1961
    4-31 студзеня я пачынаю пераглядаць сваё жаданьне застацца. Праца нудная, грошы, якія я атрымліваю, няма на што патраціць. Hi начных клюбаў, ні боўлінгу. Hi месцаў адпачынку, апроч танцаў у клюбе прафсаюзаў, якіх мне ўжо было досыць.
    1 лютага 1961
    Раблю першы запыт у амэрыканскую амбасаду ў Маскве для перагляду сваёй пазыцыі: я заявіў, што «хацеў бы вярнуцца ў ЗША».
    28 лютага 1961
    Атрымаў ліст з амбасады. Рычард Снайдэр піша, што «я магу прыйсьці на інтэрвію ў любы час, калі захачу».
    16 сакавіка 1961
    1-16 сакавіка жыву ў чаканьні вяртаньня ў ЗША. Я расказаў Зігеру, ён падтрымаў маю ацэнку, але параіў нікому з расейцаў не казаць пра маё жаданьне вярнуцца. Я разумею, чаму.
    Освальд пачаў абмяркоўваць жаданьне зьехаць
    зь Менску яшчэ у мінулым годзе — з Элай Герман. Але напачатку гаворка ішла не пра Амэрыку, а пра іншую сацыялістычную краіну — Чэхаславакію. Ці не пагадзілася б яна жыць у Празе?..
    Але гэтыя гутаркі вяліся на вуліцы і заставаліся ў сакрэце ад КДБ.
    Рапарт вонкавага назіраньня КДБ
    23.12.60
    08:00-24:00
    У 20:45 аб’ект выйшаў з дому і пайшоў на ўсход да дому № 22, кв. 2 на Лаўска-Набярэжнай вуліцы. Праз 10 хвілін ён выйшаў з кантактам «Дора», і яны разам, пра нешта размаўляючы, пайшлі ўздоўж набярэжнай Сьвіслачы і ў 21:15 прыйшлі да кватэры аб’екта.
    Уведаць пра намеры Освальда КДБ мог альбо ад свайго чалавека, якому той давяраў, альбо шляхам праслухоўваньня яго размоваў.
    Але Освальд жыў адзін, тэлефона не было, a праслухоўваньне мае сэнс толькі калі ў кватэры ёсьць нехта яшчэ.
    Заставаліся лісты. СССР падпісаў Жэнэўскую канвэнцыю, якая не дазваляла пэрлюстрацыю пошты, але гэта нікога ня ўводзіла ў зман.
    Першы ліст Освальда ў амбасаду ЗША быў адпраўлены зь Менску 5 лютага — у Маскве яго атрымалі толькі праз восем дзён.
    Тыя, хто яго раскрыўу Менску, пабачылі недвухсэнсоўны тэкст:
    Прашу разгледзець маю просьбу пра вяртаньне майго амэрыканскага пашпарта. Я жадаю вярнуцца ў Злучаныя Штаты пры ўмове, што
    мы дасягнем пэўнага пагадненьня адносна спыненьня любога юрыдычнага перасьледу супраць мяне. Калі так, тады я змагу зьвярнуцца да расейскіх уладаў, каб яны дазволілі мне зьехаць. Калі я змагу прад’явіць ім мой амэрыканскі пашпарт, я лічу, што мне дадуць выязную візу. Яны ніколі не настойвалі, каб я прыняў расейскае грамадзянства. Я жыву тут з часовымі паперамі для замежніка. Я не магу пакінуць Менску без дазволу, і таму пішу, а не зьявіўся асабіста. Спадзяюся, што, аднаўляючы маю адказнасьць перад Амэрыкай, вы будзеце памятаць пра сваю, каб зрабіць усё магчымае і дапамагчы мне, бо я амэрыканскі грамадзянін.
    Гэта пачатак вялікай перапіскі пра вяртаньне, у якой будуць удзельнічаць амэрыканская амбасада ў Маскве, Дзярждэпартамэнт у Вашынгтоне і Освальд у Менску.
    Мэйлер адзначае агрэсіўную настойлівасьць Освальда — ён умела выкарыстоўвае дэмагогію, цісьне на свае правы амэрыканскага грамадзяніна і патрабуе, вымагае, дамагаецца пашпарта, гарантыяў, грошай — аж пакуль не атрымае. Але на гэта спатрэбіцца больш за год.
    Освальд будзе рабіць выгляд, што яму ўсё падабаецца, і ні з кім болып не загаворыць пра прынятае рашэньне аж да канца чэрвеня.
    Гэтае маўчаньне стане глебай для наступных падзеяў, якія хутка ўцягнуць у свой вір зусім новыя пэрсанажы і непазнавальна і назаўсёды зьменяць іх жыцьцё.