Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
Чаго ці каго баяўся Освальд?
Цітаўца, які як ляяльны грамадзянін паведаміць уладам пра намер перабежчыка вярнуцца ў ЗША?
Ці Цітаўца, які праз свае ідэалягічныя перакананьні асабіста абурыцца і пакрыўдзіцца на рашэньне амэрыканца зьехаць з СССР, пачне адгаворваць?
Ці Цітаўца, які ўяўляе нейкую іншую небясьпеку, і яму нельга давяраць?
Цітавец у сваіх успамінах намалюе сцэну, дзе ён так горача даводзіць Освальду перавагі сацыялізму, што той выбухае і кажа свайму суразмоўцу — вы жывяце як рабы!
Освальд напісаў тое, што напісаў.
Эрык — OK, а ўсё астатняе — як той казаў, кантэкст.
Сам Цітавец потым у газэтных інтэрвію і кнізе патлумачыў гэты запіс жаданьнем Освальда выгарадзіць яго такім чынам перад савецкімі ўладамі.
Дзеля чаго трэба зрабіць адно дапушчэньне і пагадзіцца з высновай, якая зь яго вынікае.
Трэба дапусьціць, што Освальд чамусьці ведаў, што яго дзёньнік патрапіць у рукі савецкіх спэцслужбаў і гэтак хацеў абараніць Цітаўца. I непазьбежная выснова — што тады такім чынам ён сьвядома «здае» спэцслужбам іншых сваіх знаёмых, пра якіх піша ў дзёньніку прыхільна — Аляксандра Зігера, які раіў яму зьяжджаць, Паўла Галавачова, які пастаянна вядзе антысавецкія размовы, дзяўчат, якія занадта блізка сыходзяцца з амэрыканцам.
Падставаў для такіх высноваў і такога дапушчэньня Освальд нідзе ніколі не даваў.
Калі праз два месяцы амэрыканец зь сям’ёй назаўсёды будзе ад’яжджаць зь Менску, сябры прыйдуць на вакзал.
Цітаўца сярод іх ня будзе.
Як ён тады патлумачыць Паўлу Галавачову — ня ведаў*
*Пра гэту ю вэрсію Цітаўца тады ж, у 1962-м, Галавачоў напісаў Освальдам у Амэрыку, яго ліст захоўваецца ў матэрыя лах Камісіі Ўорэна. Тое самае — што Освальд зьбіраўся сказаць Цітаўцу пра ад’езд толькі напярэдадні і нават пайшоў да яго дадому, але не засьпеў, і Цітаўца не было на вакзале, Марына ў 1964-м расказала Прысцыле МакМілан, і так гэта прадстаўлена ў яе кнізе, выдадзенай у 1977-м. Сам Цітавец цяпер у кнізе, надрукаванай у 2010-м, сьцьвярджае, што разьвітаўся з Освальдам за дзень да ад’езду таго зь Менску, а на вакзал не прыйшоў, бо не любіў доўгія разьвітаньні.
«Здрастуй!» I бывай...
У разьдзеле «Падзякі» Мэйлер згадвае Іну Андрэеўну Пісенку — і ў дужках пазначае, што ёй належыць асаблівая ўдзячнасьць за дапамогу зь перакладамі спэцыяльных праектаў.
Некалькі пакаленьняў студэнтаў ін’язу былі таемна закаханыя ў бліскучую і элегантную Іну, двайную чэмпіёнку Беларусі ў плаваньні (фрыстайл і батэрфляй), выкладчыцу з абсалютным фанэтычным слыхам і выдатную сынхраністку.
Яна адказвала на мае пытаньні пра сустрэчы з Мэйлерам, а потым спыталася — а пра Освальда нецікава?
— А Вы што, яго ведалі?! —
— Вельмі добра. Нават дадому прыводзіла.
Маёй суразмовіцы сапраўды быў прысьвечаны разьдзел у кнізе Мэйлера, але там яна фігуравала пад дзявочым прозьвішчам, і яе знаёмства з Освальдам было для мяне нечаканасьцю.
— Мы пазнаёміліся ў філярмоніі, у мяне быў гадавы абанэмэнт і я хадзіла на ўсе канцэрты. У
перапынку я пачула ангельскую мову — а гэта была такая рэдкасьць у Менску, і мы зь сяброўкай падышлі пазнаёміцца.
— А што гралі ў той дзень?
— Першы канцэрт Мэндэльсона з аркестрам.
Мэйлеру пашанцавала — чалавек, які памятае рэпэртуар філярмоніі праз паўсотні гадоў, памятае і шмат чаго іншага. Памяць, канечне, патрабуе падказак — Іна Маркава расказвала, як уніклівыя пытаньні Мэйлера і яго памочнікаў, па-майстэрску сфармуляваныя і падабраныя, дапамагалі ўспомніць даўно, здавалася, забытыя рэчы, акалічнасьці, дэталі.
Эрык Цітавец, які быў з Освальдам на канцэрце, таксама паспрабаваў выдаць сябе за замежніка, але дзяўчаты не далі веры. I Освальд не падтрымаў гульні — сказаў, што толькі ён амэрыканец.
Пасьля канцэрту новыя знаёмыя прагуляліся да плошчы Перамогі, Іна дала свой тэлефон, і ўжо назаўтра, у нядзелю, пазваніў Цітавец і спытаўся, ці можна ім прыйсьці ў госьці.
Мэйлер піша:
Бацька Іны займаў высокую партыйную пасаду і быў палкоўнікам. Вельмі патрыятычны чалавек. Ён не пацярпеў бы, каб у яго доме быў хто-небудзь з-за мяжы.
У перакладзе гэта можа значыць, што палкоўнік быў нармальным савецкім чалавекам, які баяўся, вядома, не замежнікаў, а суседзяў, якія маглі данесьці, і начальства, якое магло сапсаваць кар’еру. Помнік Сталіну па-ранейшаму ўзвышаўся ў цэнтры Менску, вуліцы, заводы і калгасы па-ранейшаму насілі імя генэралісімуса.
Але дома была толькі маці, і Іна запрасіла на сустрэчу таксама сяброўку, зь якой была ў філярмоніі.
Візыт быў нядоўгім — з-за граматыкі.
Освальд сказаў маці Іны: «здрастуй» замест «здравствуйте», тая выклікала дачку на кухню і пачала ўшчуваць, што гэта за нявыхаваных грубіянаў, якія ня ведаюць як зьвяртацца да старэйшых, прыводзіць тая дадому.
— Мама, ён ня рускі. Ён амэрыканец.
Маці зьбялела і сказала — забяры яго, хутка вернецца бацька.
Але дачка ўгаварыла ўстрывожаную жанчыну, і госьці засталіся, пілі чай і слухалі музыку.
Больш сюды Освальд не прыходзіў.
Наступны раз дзяўчаты сустрэліся ў Освальда дома — яны прыйшлі паглядзець яго бібліятэку, якую, на іх зьдзіўленьне, складалі не амэрыканскія аўтары, а Маркс і Энгельс.
Пасьля гэтага сустрэчы адбываліся на новым месцы, на нэўтральнай тэрыторыі — калі так можна назваць пакоі з кратамі на вокнах, куды ўваход дазваляўся па прапусках і ахоўваўся кругласутачнай вахтай.
У студэнцкім інтэрнаце.
Паходы ў манастыр
Новае месца было зусім блізка ад плошчы Перамогі. Адрас — Омскі завулак, 13, на шыльдзе было пазначана — інтэрнат.
Дзёньнік ЛГО
15 лістапада 1960
У лістападзе я пазнаёміўся з чатырма дзяўчатамі, якія жывуць у інтэрнаце Інстытуту замежных моваў. Нэлі вельмі цікавая, таксама як і Томка, Томіс і Ала. Я звычайна хаджу ў інстытуцкі інтэрнат зь сябрам, які вельмі добра гаворыць па-ангельску. Эрнст Цітавец на чацьвёртым курсе мэдінстытуту. Вельмі здольны хлопец. У інтэрнаце мы шасьцёра сядзім і гаворым гадзінамі па-расейску і па-ангельску.*
*Ня ведаю, наколькі зразумелае гэтае жаданьне сёньня, але за савецкім часам студэнты ін’язу аж млелі ад магчымасьці пагаварыцьз «носьбітам мовы»,якназывалізамежнікаў. Ін’язаўцаў цікавілі не біяграфія, не прафэсія, ня сам чалавек і нават ня тое, што ён кажа — а як гаворыць, яго вымаўленьне, ідыёмы, слэнг.
Каб прайсьці ў інтэрнат, пропуск патрабаваўся нават насельнікам, гасьцей запісвалі ў адмысловую кнігу, патрабавалі дакумэнты ў заклад, па пакоях хадзілі праверкі, не дазвалялі заставацца позна.
Калі пра гэтую працэдуру расказалі Мэйлеру, ён быў так уражаны, што напісаў наступную фразу:
Да дзяўчат, якія вучыліся ў ін’язе, ставіліся як да юных лэдзі ў манастыры.
Юныя лэдзі, аднак, манашкамі зусім не былі, a іх кавалераў не спынялі жалезныя краты на вокнах першага паверху: пруткі можна было разагнуць, мацаваньні расхістаць, былі пажарныя лесьвіцы, вадасьцёкавыя трубы, па якіх можна было залезьці адразу на другі паверх.
Освальд зайшоў у інтэрнат праз уваход.
Адна дзяўчына сказала, што на вахце працуе яе сваячка і прапусьціць, у пакоі замкнулі дзьверы — сапраўдны амэрыканец, як цікава. За першым візытам пайшлі новыя.
Генэрал КДБ «Ігар Гузьмін» так тлумачыў Мэйлеру бесьперашкодныя паходы Освальда ў інтэрнат:
Мы былі таксама гатовыя шукаць людзей у нашым Інстытуце замежных моваў. Як Вы можаце здагадацца, дзяўчаты з інстытуту былі ў стане інфармаваць нас пра паводзіны Освальда. Контраразьведка манітаравала ўвесь гэты працэс і была пра ўсё паінфармаваная.
Размаўлялі, распытвалі, жартавалі, часам зьбіралася па шэсьць дзяўчат, стараліся гучна не сьмяяцца. Адкрывалі тлумачальны слоўнік ангельскай мовы, выбіралі любое слова — і калі дзяўчаты не
маглі здагадацца пра яго значэньне, Освальд заўсёды сьмяяўся — ён ведаў!
Сустрэчы працягваліся пару месяцаў, часам з удзелам Цітаўца, часам без. Аднойчы Освальд патрапіў у сытуацыю, пра якую потым напіша ў рукапісе «Калектыў»:
У 1961 годзе кітайская дэлегацыя прыехала ў Менск, і яе павезьлі з вакзалу ў гатэль. Хаця бы ло ўжо 10:30 ночы, паўсім шляху супрацоўнікі МУС (бясьпекі) забягаліў дамы й інтэрнаты і загадвалі людзям выходзіць на вуліцу вітаць гасьцей. Хаця загадзя не было ніякага паведамленьня пра дэлегацыю, яшчэ адзін спантанны прывітальны камітэт сустрэў кавалькаду чорных лімузынаў і паслухмяна памахаў рукамі зацямнёным машынам, зь якіх крыху высоўваліся жаўтаватыя далоні. Я сам быў у гасьцях у сяброў у інтэрнаце, калі супрацоўнік бясьпекі выклікаў нас дзеля гэтага. Я адразу пайшоў разам з усімі ў натоўп, і ведаю, што гэта ня проста праўда, а стандартная працэдура.
Дзяўчаты да Освальда прывыклі і нават пачыналі нудзіцца — яго гісторыі паўтараліся, жарты былі ўжо ня сьмешныя, сам ён нягеглы, нехта нават сказаў, што ён ходзіць сюды, бо дзяўчаты больш нідзе зь ім не захочуць сустракацца.
Мэйлер, аднак, прыйшоў да высновы, што менавіта ў ін’язаўскім манастыры Освальд знайшоў сабе каханку.
Як бы гэта далікатней удакладніць: ня першую.
«Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі»
Інтымнае жыцьцё Освальда вывучана двума дасьледнікамі, КДБ і Мэйлерам. Ад Мэйлера можна даведацца, што першай жанчынай Освальда была японка (амэрыканскія салдаты на базе Акінава свабодна наведвалі бардэлі), ні разу не было амэрыканкі.
Ад КДБ — што яму падабаліся бляндынкі. Так, прынамсі, сьцьвярджала ў справаздачы «Сьцяпану» крыніца «Таня», перакладчыца Менскага Інтурысту.
Рапарт КДБ
08.07.60
У паводзінах Лі Гарві было заўважана імкненьне знаёміцца з дзяўчатамі, перш за ўсё з бляндынкамі, якія гавораць па-ангельску, адначасна з разьлікам, які мяжуе са сквапнасьцю. Напрыклад, ён можа пайсьці на спатканьне зь дзяўчынай, а потым пайсьці ў рэстаран адзін,
бо лічыць, што аднаму таньней. Ён шмат разоў арганізоўваў сустрэчы з крыніцай, бо можа прыйсьці ці пазваніць ёй на працу.
Крыніца схільная думаць, што Лі Гарві апошнім часам астыў у сваіх заляцаньнях, бо яго патрабаваньне, што ён заслужыў пацалунак пасьля шасьці месяцаў сустрэч, не было задаволенае. Ён прыкінуўся, што расчараваны ці пакрыўджаны і пасьля гэтага стаў сустракацца з крыніцай ня так часта.
Трэцяй крыніцай інтымнай інфармацыі стаў сам Освальд.
Дзёньнік ЛГО
Дадатковая старонка. Бяз даты.
Іна Т*