Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
На танцы
Тэлевізара ў Освальда не было, ён пераслухаў увесь опэрны рэпэртуар, спыніў візыты ў інтэрнат да студэнтак ін язу, перастаў вітацца з Элай і нават на танцы хадзіў без ахвоты — больш проста не было куды.
Дзёньнік ЛГО
17 сакавіка 1961
Я і Эрык пайшлі ў прафсаюзы на танцы. Нудна, але ў апошнюю гадзіну мяне пазнаёмілі зь дзяўчынай з францускай стрыжкай, у чырвонай сукенцы і белых туфлях. Мы танцуем, і я прашу дазволу правесьці яе. Праводжу, разам зь яшчэ пяцьцю кавалерамі. Яе завуць Марына. Мы адразу адно аднаму спадабаліся. Яна дае мне нумар тэлефона і ад’яжджае ў таксі зь не такім новым, як я, сябрам. Я іду дамоў пешкі.
У пісьмовым пераказе свайго менскага жыцьця
для ФБР Марына Прусакова падрабязна апісвае вечар знаёмства на танцах у Палацы прафсаюзаў.
Спачатку плянавалася лекцыя пра Амэрыку — выступала прафэсар Лідзія Чаркасава, тая самая, якую Освальд мог бачыць у кіначасопісе пра жаночы дзень. Паводле таго самага прынцыпу, з-за якога яе саджалі ў прэзыдыюм юбілейных сходаў, яна была ўключаная ў склад дэлегацыі БССР на 15-ю сэсію ААН, плыла разам з Хрушчовым на цеплаходзе «Балтыка» праз Атлянтыку ў Нью Ёрк, прывезла фота — на палубе яна сядзіць леваруч ад кіраўніка партыі, разам зь іншымі сябрамі дэлегацыі.
Марыну танцы заўсёды цікавілі больш за міжнароднае становішча. Яна скончыла фармацэўтычную вучэльню і пачала працаваць у Ленінградзе, дзе жыла з айчымам, але жыцьцё там ня ладзілася, і яна пераехала да дзядзькі ў Менск. У падпалкоўніка міліцыі Ільлі Прусакова і яго жонкі Валі сваіх дзяцей не было, кватэра была вялікая, і пляменьніца пачувалася як дома.
На вечарыну яе запрасіў закаханы ў яе студэнт мэдінстытуту Аляксандар Піскалёў. У той сакавіцкі дзень яна затрымалася на працы ў аптэцы 3-й клінічнай бальніцы, потым дзьве гадзіны пераадзявалася і сядзела перад люстэркам, зрабіла прычоску а-ля Брыжыт Бардо, затым страціла жаданьне і пераадзелася ўхатнюю сукенку. I тут яе дзядзька пачаў кпіць, маўляў, ці варта дзеля гэтага было дзьве гадзіны тырчэць перад люстэркам. Яна потым скажа:
I нарэшце, нешта проста пацягнула мяне на тую вечарыну, нават супраць маёй волі. Я магу
шчыра сказаць — я адчувала нешта незвычайнае ў той вечар, але не надала гэтаму ўвагі.
3 холаду, сьвежая, эфэктная, яна ўваходзіць у залю напрыканцы вечарыны ў суправаджэньні Піскалёва, які выбягаў сустракаць яе кожныя дзесяць хвілін. Адразу даведваецца, што іншы хлопец, які ёй падабаўся, сышоў, як толькі пабачыў яе зь Піскалёвым. Яшчэ адзін студэнт-мэдык, душа кампаніі Юры Меражынскі, сын прамоўцы — прафэсара Чаркасавай, знаёміць яе з Алікам, якога яна прыняла за жыхара Прыбалтыкі. У танцы яны застаюцца самнасам.
Але далей яе ўспаміны пра тое, як скончыўся вечар, адрозьніваюцца ад запісу ў дзёньніку Освальда.
Зь пісьмовага сьведчаньня Марыны Освальд для ФБР:
Пасьля танцаў мы ўсе групай пайшлі дадому да Юрыя, чыя маці была ў ЗШ А. Я памятаю, што яны паспрачаліся крыху з Алікам, бо Алік гаварыў вельмі станоўча пра сваю краіну і вельмі цікава. Мне было вельмі прыемна, што ён стараўся прадставіць сваю краіну зь лепшага боку.
Запісаў амэрыканскай лекцыі прафэсара Чаркасавай і яе спрэчак з Освальдам няма. Освальд яшчэ некалькі разоў адведваў яе дома, глядзеў фатаграфіі, размаўлялі — пакуль муж, таксама прафэсар мэдінстытуту Меражынскі, напалоханы візытамі амэрыканца, не запатрабаваў іх спыніць.
Мэйлер сустракаўся з Чаркасавай і яе сынам Юрыем і ў яе прысутнасьці спрабаваў высьветліць, наколькі праўдзівы аповед яе сына. Юры хваліўся,
што спаў з Марынай перад шлюбам і пасьля, расказваў, як гадзінамі потым яго цягалі на допыты, як хаваўся ў Маскве ад менскага КДБ. Маці спрабавала пярэчыць, расказвала Мэйлеру пра іншую прычыну ад’езду зь Менску — лячыць сухоты, сын абзываў яе сталіністкай, і ўвесь скандал, падрабязнае апісаньне якога займае старонкі кнігі Мэйлера, нагадвае вартае жалю трызьненьне дэградаванага алькаголіка, ніводнаму слову якога нельга даваць веры.
Са сьведчаньня Марыны Освальд для ФБР:
У той вечар Саша і Алік правялі мяне дадому. Мы засталіся адны на вуліцы на нейкі момант, і Лі спытаўся, калі яшчэ можа сустрэцца. Я сказала, што, магчыма, зноў прыйду на танцы туды, дзе мы сустрэліся, але дакладна не абяцала. Але калі потым праз тыдзень я пайшла зь сябрам на танцы — Лі быў там. У той вечар ён прыйшоў са мной дадому, і я прадставіла яго сваёй цётцы. Цётцы спадабаліся яго сьціпласьць і ветлівасьць, а таксама тое, што ён быў вельмі акуратны. Яна сказала мне са сьмехам, што ў маёй калекцыі не было толькі амэрыканца.
Хто больш дакладна запомніўпачатак знаёмства — Освальд, які датаваўсвае запісы досыць вольна і часам сумяшчаў падзеі, ці Марына, якая пісала сваё сьведчаньне амаль праз тры гады пасьля сустрэчы, ня так і важна.
Сустрэліся.
Дэман амнэзіі
Праз чатыры дзесяцігодзьдзі пасьля таго, як музыканты склалі свае трубы і кантрабасы, як апошні наведнік пакінуў Палац прафсаюзаў, як пагасла сьвятло і адзіны, хто заставаўся на пляцы перад палацам, быў помнік Сталіну, у залю вярнуўся адзін з танцораў.
Разьдзел кнігі Эрнста Цітаўца, прысьвечаны танцам, называецца «Лі сустракае сваю будучую жонку». У эпіграф вынесеныя словы Льва Талстога:
Дзіўная рэч, якая поўная бывае ілюзія таго, што прыгажосьць ёсьць дабром.
Цітавец піша:
Вечар 17 сакавіка 1961 году стаў гістарычным момантам жыцьця Лі. У той вечар ён сустрэне прыгожую расейскую дзяўчыну, якую звалі Марына Прусакова, якая неўзабаве стане яго жонкай. Гэта здарылася падчас танцавальнай ве-
чарынкі і, пры блізкім разглядзе, адкрыла шэраг цікавых супадзеньняў. Супадзеньняў, якія даюць падставу думаць, што ў рух былі прыведзеныя большыя сілы, чым выпадковая рамантычная сустрэча маладога чалавека і дзяўчыны.
Далей на 41-й старонцы (гэта другі па памеры разьдзел кнігі, болыпая толькі заключная частка) аўтар дасьледуе гэтыя сілы.
Дакладней — дасьледуе, здаецца, усё, апроч гэтых сілаў. Спачатку гаворка ідзе пра прафэсара Чаркасаву і яе вывучэньне гіпаглікемічнага інсулінавага шоку ў псыхіятрычных пацыентаў, пра яе мужа прафэсара Меражынскага, пра іх дачу ў Ждановічах, пра паездку Чаркасавай у ААН, пра яе грошы, пра яе сына Юрыя, пра яго хваробу, пра яго дзяўчат, пра яго сяброў, пра сваякоў яго сяброў...
Далей ідзе блізкі, праз сорак гадоў, разгляд атмасфэры — выкладчыкі бязь белых халатаў, студэнты бяз гальштукаў, дзяўчаты, якія танчаць адна з адной — не лесьбіянкі, а наступствы вайны, праход з Освальдам па калідорах і лесьвіцах, разглядваньне дзявочых твараў, зазіраньне ў пыльныя каморкі за сцэнай, і расставаньне — амэрыканец ідзе слухаць лекцыю, а Цітавец, як тады казалі, сачкуе.
Пасьля лекцыі пачынаюцца танцы, падчас якіх Освальд зноў знаходзіць Цітаўца і просіць дапамагчы паразумецца зь дзяўчынай, зь якой толькі што пазнаёміўся. На дзьвюх старонках аўтар апісвае, як яны ідуць праз залю і што ён пры гэтым думае, а на трэцяй старонцы паведамляе, што менавіта перакладаў: нумар тэлефона і адрас.
Гэта ўсё.
Так, прынамсі, піша сам Цітавец:
Лі ўважліва ўслухоўваўся праз танцавальны пандэмоніюм у залі, што я яму перакладаў. Аказалася няшмат. Марына дала свой хатні нумар тэлефону і сказала яму, дзе жыве. Ён папрасіў мяне паўтарыць, я паўтарыў. Аказалася, што гэта ўся інфармацыя, якую Лі хацеў ведаць дакладна.
Больш Цітавец у гэты вечар з Освальдам і Марынай ня бачыцца.
Пандэмоніюмам называецца месца ў пекле, дзе жывуць дэманы. На наступных трох дзясятках старонак аўтар выпускае сваіх дэманаў на волю: дэман рэўнасьці, дэман падазронасьці, дэман кансьпіралёгіі, дэман недаверу, дэман двухсэнсоўнасьці, дэман здрады, — як гіганцкія матылькі, яны запаўняюць танцавальную залю і гістарычную прастору вакол яе ў Менску і Амэрыцы.
Гаворка, канечне, пра дэманічны КДБ — пратое, як загадзя былі расьпісаныя ролі ўсіх, хто быў на танцах, як арганізаваная харэаграфія знаёмства, як марыянэткі танчылі пад чужую дыктоўку. I выснова — з сэнсам, няўлоўным, як матылёк:
Хоць амаль кожны вакол Освальда, здавалася, працаваў узгодненым чынам, каб зьвесьці амэрыканца і Марыну разам, малаверагодна, што хто-небудзь ведаў, каго яшчэ кантралюе КДБ, a хто проста на падхваце.
Іншымі словамі, мала таго, што ўся кампанія дружна займалася зводніцтвам, але яшчэ й ня ведала, што рабіла. А Цітавец ведаў:
Такім чынам прафэсіяналы КДБ дамагаліся сваіх мэтаў.
Для гэтага дэтэктыўнага разьдзелу больш пасаваў бы эпіграф з трагедыі «Атэла» Шэксьпіра, чым з «Крэйцаравай санаты» (менавіта там Цітавец знайшоў эпіграф пра падступную небясьпеку прыгажосьці). Хоць зварот да самага жанчынаненавісьніцкага твору Талстога зь яго лютым антысэксуалізмам таксама небеспадстаўны. Цітавец піша, што падчас знаёмства чары Марыны яго ня ўразілі, яна гэта заўважыла і потым казала, што ён ёй напачатку не спадабаўся.
Але прызнае:
Ад гэтай дзяўчыны зыходзіла жывёльная сэксуальнасьць, якая адштурхоўвала мяне, але, магчыма, менавіта гэтая рыса прыцягнула Лі.
Літаратуразнаўцы лічаць, што «Крэйцарава саната» была вельмі асабістай выявай драмы, якую перажываў аўтар.
Свой аповед Талсты адкрывае эпіграфам з Эвангельля паводле Мацьвея:
Я ж кажу вам: кожны, хто з пажадлівасьцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў зь ёю распусту ў сэрцы сваім.
Цітавец памятае, што ў сакавіку 1961-га ад Марыны крыху пахла віном і цыгарэтамі, памятае фрызуру а-ля Брыжыт Бардо, памятае яе вялікія шэрыя вочы, памятае яе вусны і асаблівасьці ўсьмешкі, памятае нізкі выраз сукенкі, які падкрэсьліваў грудзі, памятае яе белыя басаножкі на высокіх абцасах, памятае яе крыху сутулую фігуру, памятае, як яна глядзела на яго, як глядзелі на яе.
Што адбывалася ў сэрцы яго ў тым сакавіку, Цітавец ня піша. Можа таму, што ня памятае.
Забыўся дасьледнік дэманаў з КДБ, што гэта ён сам здабыў у інстытуцкім камітэце камсамолу запрашальныя білеты на дваіх і прывёў Освальда на танцы.
Дэман амнэзіі праляцеў.
3 танцаў
Першы раз у кнізе Мэйлера імя Освальда згадваецца на 25 старонцы і зноў зьнікае, каб зьявіцца ўжо толькі праз паўтара дзясятка старонак у другой частцы, якая пачынаецца яго прыездам у Маскву зь Фінляндыі.
Першая частка называецца «Прыгоды Валі» і цалкам прысьвечаная менскай цётцы будучай жонкі Освальда Валянціне Прусаковай. Цёткі ня роднай — Марына была пляменьніцай яе мужа, падпалкоўніка МУС Ільлі Прусакова.