Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
Так пачынаюцца многія раманы XVIII—XIX стагодзьдзяў, з доўгай экспазыцыі, гістарычнага фону, філязофскіх адступленьняў, ляндшафтных дэталяў, батанічных зьвестак, мэтэяралягічных зводак і падрабязнай, не раўнуючы як у Кнізе Быцьця, радаслоўнай героя: прапрадзед Томас Гепварт Освальд нарадзіў Уільяма Освальда, які нарадзіў Робэрта Эдварда Л і Освальда, які нарадзіў Лі Гарві...
Але героем кнігі была зусім іншая асоба. «Валя»
— пабочны пэрсанаж, сустракаецца з Освальдам, калі тэрмін яго знаходжаньня ў Савецкім Саюзе пераваліў за палову, у ніякіх драматычных падзеях у гэты час яна ня ўдзельнічае.
Гэта таксама не прыём мадэрнізму — стыль напачатку нагадвае расьцягнутае дакумэнтальнае журналісцкае расьсьледаваньне ўперамешку з эсэістычнымі адступленьнямі і жаданьнем упіхнуць усё, што ўдалося ўведаць. Але хоць клясычныя жанры ня скончыліся разам з эпохай клясыцызму, пытаньне, што ёсьць клясыкай, даўно ўжо саступіла месца новаму, больш важнаму пытаньню — што працуе, што не.
Як, напрыклад, працуе аповед знаёмай Освальда супрацоўніцы Інтурысту Стэліны пра гатэль «Менск».
Прыехала пара, канадыец зь сяброўкай, якая была мадэлькай і мела вугорскі пашпарт, але адміністратар адмовілася пасяліць іх у адным пакоі бяз штампу ў пашпарце. Канадыец не хацеў скандалу, але вугорская дзяўчына надта раззлавалася.
Калі ён пайшоў у свой нумар, гэтая мадэлька выцягнула са свайго нумару ложак на калідор, разьдзелася, легла голая на пакрывала, запаліла цыгарэту і пачала вішчаць на ўвесь голас.
У гатэлі было поўна фінаў, якія пілі так шмат, што ня мелі ніякіх комплексаў. Тэрмінова выклікалі Стэліну, на калідоры вакол голай мадэлькі ўжо сталі зьбірацца фіны.
Калі перакладчыца папрасіла яе адзецца, у адказ пачула:
«Б...ь! Калі мой сябар ня возьме мяне ў свой
нумар, няхай тады гэтыя фіны трахнуць мяне, усе разам!».
Грахоўных падарожнікаў выселілі з гатэлю.*
У інтэрвію пасьля публікацыі Мэйлер адказваў на пытаньне — чаму ён так пачаў кнігу?
— Я пачаў кнігу зь цёткі, якая мела надзвычайны досьвед падчас вайны, і я адчуваў, што гэта задасьць рамкі. Яе (Марыны) цётка — цудоўная жанчына, соль зямлі, якая пераказвала неверагодныя падзеі зь дзіўным, прыемным пазытыўным стаўленьнем. Марына была болып складаная, чым цётка, я не скажу — хваравітая, гэта будзе няслушна, зьняважліва, але жыцьцё яе больш перакруціла. Яна была больш злая, больш ускладнёная, яе турбавала нашмат болып рэчаў. Кніга пачынаецца зь цёткі Валі, яе дзяцінства, вайны, прымусовай працы ў Нямеччыне, сустрэчы з будучым мужам, а потым прыяжджае пляменьніца зь Ленінграду, у якой праблемы. Так пачынаецца кніга, і ў канцы доўгай першай часткі Марына аднойчы ўвечары вяртаецца да-
*Чаму Мэйлер уключыў гэтую гісторыю ў кнігу? Першапачатковае адчуваньне, што проста бракуе рэдактуры — і ня толькі ў гэтым месцы. Але потым у Вікіпэдыі я пабачыў, што ўсё гэта мае прыстойную назву «New Journalism» — новая журналістыка, і што менавіта Мэйлер разам з Томам Вулфам, Трумэнам Капотэ, Гунтарам Томпсанам быў яе заснавальнікам. Гэтыя аўтары выкарыстоўвалі журналісцкую тэхніку і бачаньне для вырашэньня літаратурных задачаў. Расплывістая тэрміналёгія такога тыпу (як тут не згадаць «звышлітаратуру» Алеся Адамовіча) звычайна сьведчыць пра дзьве рэчы. Першая — аўтар на парозе нечага невядомага, якое яшчэ толькі мае быць знойдзеным, і таму зь літаратуры залез па тлумачэньні ў філязофію. Другая — новы тэрмін апраўдвае хістаньні стылю і хаос, зь якога нараджаецца нешта новае.
дому і кажа цётцы: «Валя, уставай. Адзявайся. Я прывяла амэрыканца. Звары кавы. Культурна прымі яго».
Фактычна дзеля апошняй фразы Мэйлер піша папярэднія 25 старонак.
Дарма, выходзіць, мэр Шарапаў папярэджваў амэрыканца пра некультурных людзей у Менску. Ну, можа прыежджыя. А свае — з ложка ўстануць, каб госьцю кавы зрабіць.
I нават адзенуцца.
Allegretto, allegro, allegrissimo
Освальд зробіць прапанову, a Марына прыме яе менш чым празь месяц пасьля першай сустрэчы.
Дзёньнік ЛГО
18 сакавіка 1961
Мы гуляем, я крыху расказваю пра сябе, яна шмат гаворыць пра сябе. Яе завуць Марына М. Прусакова.
30 красавіка 1961
1-30 красавіка стасункі разьвіваюцца роўна, і я вырашаю, што мне трэба яе мець, яна (нечытэльна) адсылае мяне прэч, тады 15 красавіка я (нечытэльна), яна пагаджаецца.
Освальд крыху блытае даты.
3 29 сакавіка да 11 красавіка амэрыканец ляжаў у 4-й клінічнай бальніцы з запаленьнем вуха. Адтуль ён пазваніў па тэлефоне, які дала яму Марына. Адказала цётка. Набліжаўся Вялікдзень, і цётка настаяла, каб пляменьніца схадзіла ў адведкі — усё
ж сьвята. Марына апранала свой белы халат фармацэўта і магла бесьперашкодна адведваць хворага.
Менавіта ў бальніцы Освальд упершыню зрабіў Марыне прапанову. Яна не адмовіла, хаця не ўспрыняла сур’ёзна. Пасьля выпіскі Освальд зноў быў госьцем і спадабаўся ня толькі цётцы, але й дзядзьку, які нават папрасіў яго прыглядаць за пляменьніцай, бо ў яе вецер у галаве. Апроч таго, ён быў вельмі акуратны і ў яго была свая кватэра.
Дзёньнік ЛГО
30 красавіка, пасьля 7 дзён адтэрміноўкі шлюбу ў загсе з-за майго незвычайнага пашпарта, нам дазваляюць зарэгістравацца як мужу і жонцы. Дзьве сяброўкі Марыны выступаюць у ролі сьведак нявесты.
Мы ўзялі шлюб. У хаце яе цёткі спраўляем вясельле, на якім прысутнічаюць каля 20 сяброў і суседзяў. Яны жадаюць нам шчасьця, нягледзячы на маё паходжаньне і акцэнт, якія агулам бянтэжаць расейцаў. Бо замежнікі вельмі рэдкія ў Савецкім Саюзе, нават турысты. Пасьля вечара выпіўкі і закускі дзядзька Вузэр распачаў бойку, потым перагарэўзасьцерагальнік і адключылася сьвятло, мы выйшлі і за 15 хвілін дайшлі да дому. Мы жылі побач, і апоўначы былі дома.
I тут Мэйлер робіць тое, што звычайна робіць каманда КДБ: наводзіць павелічальнае шкло на прыватнае жыцьцё маладой пары, нават, трэба прызнаць, больш пільна, чым КДБ.
Разьдзел «Шлюбная ноч» прысьвечаны высьвятленьню пытаньня, ці была Марына Прусакова цнатліўкай, калі выйшла за Освальда.
Мэйлер пералічвае чуткі пра яе бурную маладосьць у Ленінградзе. Пакаёўка ў гатэлі «Менск» называе яе «папсаванае дабро», «ленінградзкая вулічная прастытутка», перакладчыца Інтурысту згадвае шок, калі Освальд на яе пытаньне, як яны разумеюцца з жонкай безь перакладчыка, прывёў словы Марыны «Выключы сьвятло» і «Пацалуй мяне, калі ласка».
Прыстойныя маладыя дзяўчаты так не гавораць, патлумачыла яна Мэйлеру. Выхаваньне не дазваляе праяўляць ініцыятыву з мужчынамі. Сэкс — гэта сяброўства, клопат, частка вялікага пачуцьця. Многія жанчыны ніколі ня чулі пра жаночы аргазм — навошта?*
Пасьля апытваньня мноства знаёмых і напаўзнаёмых Мэйлер нарэшце дае слова самой Марыне. Дае — гэта фігуральна, больш дакладна — выцягвае, выкручвае, выціскае словы з Марыны падчас пяцідзённага інтэрвію ў яе амэрыканскім доме ў Тэхасе.
Інтэрвіюер: Адзін чалавек сказаў: яна не была цнатліўкай у вясельную ноч. Яна хвалявалася,
*Бібліяй сямейнага жыцьця ў БССР пачатку 1960-х была «Кніга карысных парадаў», якая пісала:
«Толькі пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі полавае жыцьцё людзей ушчыльную наблізілася да тых ідэалаў, пра якія даўно марыла чалавецтва. Як і ва ўсім сваім жыцьці, гэтак і ў полавым жыцьці чалавек ня можа забыцца аб тым, што ён удзельнік нашага сацыялістычнага будаўніцтва. Вырашальнымі заўсёды будуць агульныя здольнасьці чалавека, яго палітычнае і маральнае аблічча, яго разьвіцьцё, яго працаздольнасьць, яго сумленнасьць, адданасьць сваёй радзіме, яго любоў да грамадзтва. Любое ўхіленьне чалавека ад правільных грамадзкіх паводзінаў абавязкова прыводзіць да бязладных паводзінаў у грамадзтве, у т л. прыводзіць да распуснага полавага жыцьця».
што Лі ўведае, пайшла ў аптэку і нешта купіла, каб абараніць шлюб.
Марына: ОК.
Інт.: Дакладна так было сказана.
М.: ОК. Гэта праўда. I што? Трэба быць сэксуальным вычварэнцам, каб пяць дзён распытваць пра гэтую тэму. Хіба ня досыць?
Інт.: Павал казаў пра выпадак на заводзе, калі хлопцы падышлі да Лі і пачалі падколваць: ну што, была твая жонка цэлка ці не? Колькі крыві было на прасьціне? Але мы ня ведаем, што Лі адказаў.
М.: Я ня ведаю.
Інт.: Ніхто ня памятае адказу. Мы ня ведаем, можа, яго нешта турбавала. Важна ведаць. Калі ён не пагаджаўся з Вамі ці калі вы сварыліся.
М.: Ваша здагадка ня горшая за маю.
Інт.: Мы не цікавімся сэксам самім па сабе, a тым, што Лі ведаў пра Ваша мінулае. Як гэта на яго ўплывала?
М.: Я сур’ёзна ставілася да шлюбу. Я хацела мець сям’ю.
Інт.: Давайце я скажу як ёсьць, каб не было адчуваньня, што нехта нешта хавае. Інэса сказала, зь любоўю і пяшчотай да Вас, што ў Вас быў цяжкі багаж зь Ленінграду. Пра тое, як цяжка Вам жылося ў Ленінградзе з айчымам, і што Вам не выпадала ганарыцца сваім жыцьцём там.
М.: Гэты быў ня мой выбар.
Інт.: Інэса патлумачыла, што Вы пачуваліся вельмі дрэнна і моцна перажывалі з-за такога жыцьця ў Ленінградзе, што Вам прыходзілася шукаць розныя спосабы, каб выжыць, есьці, знайсьці дзе пераначаваць.
М.: Hi разу ў жыцьці мне не плацілі грошы.
Інт.: Канечне.
М.: Я шукала каханьня ня там, дзе варта, і часам мусіла за гэта заплаціць. Мяне нават аднойчы згвалціў замежнік.
Інт.: Што?
М.: Я затрымалася ў пакоі. Ён замкнуў дзьверы. Ведаеце, як на кожным паверсе сядзіць дзяжурная з ключамі для насельнікаў? Я не магла крычаць. Я думала, што яна пра мяне падумае? Тады я змагалася з тым мужчынам. Але ўрэшце ён кінуў мяне пад сябе. Ён сказаў: калі б я ведаў, што ты цэлка, я б да цябе не дакрануўся.
Ужо пасьля выхаду кнігі ў тэлевізійным інтэрвію Мэйлер скажа, што ён быў вельмі зьдзіўлены тым значэньнем, якое Марына надала згвалтаваньню ў 17 гадоў — ён чакаў нейкага выкрыцьця, неверагодна ганебнага аповеду, а ўсё аказалася нашмат прасьцей. Такую гісторыю, на яго думку, маглі б расказаць сто тысяч амэрыканскіх дзяўчат.
М.: Лі не пытаўся, але ў шлюбную ноч я прыкінулася. Мне было страшна, я пытала ў сябе: калі ноч прыйдзе, што рабіць? Што? Ад гэтага моманту — чыстае жыцьцё, я хачу быць сур’ёзнай і я была ў жаху. Але Лі не спытаўся.
Інт.: Ён ніколі не пытаўся, ці Вы дзяўчына?
М.: Ён падзякаваў мне за гэта. I я падумала: «Божа. Пранесла, я ізноў сьвятая».
Выключы сьвятло і пацалуй — лёгкая фраза ў выпадковай размове, якая ўсплыла праз тры дзесяцігодзьдзі, каб асьвятліць інтымнаежыцьцё 1960-х у краіне, дзе сэксу, як лічылася, няма.