Сьлед матылька. Освальд у Менску.  Аляксандар Лукашук

Сьлед матылька. Освальд у Менску.

Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
65.01 МБ
Агульнае разьвіцьцё Лі Гарві, кола яго інтарэсаў падаюцца нашай крыніцы абмежаванымі. Ён дрэнна разьбіраецца ў мастацтве, музыцы, жывапісе, нічога ўжо ня кажучы пра марксісцка-ленінскую тэорыю. Ён імкнецца паступіць у Інстытут замежных моваў і зьбіраецца, у дадатак да ангельскай, самастойна вывучаць нямецкую.
Што да чобатаў, крыніцы можна было даваць веры, а вось дысьлексія Освальда зьбіла з тропу і крыніцу і, самае галоўнае, — КДБ. I на шмат гадоў наперад.
Освальд любіў клясычную музыку і выдатна ў ёй разьбіраўся — дома была вялікая калекцыя кружэлак, якія ён мог слухаць гадзінамі, а калі канцэрт
перадавалі па радыё, ён лёгка ўгадваў кампазытара і твор.
Яго дзёньнік сапраўды поўны граматычных памылак.
Першая кніга па-расейску, якую ён атрымаў у падарунак пасьля прыезду ад сваёй перакладчыцы з маскоўскага Інтурысту — раман Дастаеўскага «Ідыёт». У дзёньніку ён напіша — «Ідэот». Але на чытаньні дысьлексія не адбіваецца.
Гэрбэрт Уэлс — гэты пісьменьнік прыходзіць яму на памяць, калі ён піша ў дзёньніку пра парадкі на заводзе (абавязковая фіззарадка, сходы) — рабочыя як здані з раманаў Гэрбэрта Ўэлса. Верагодна, асацыяцыя са сцэнаў будучыні ў раманах «Машына часу» ці «Першыя людзі на Месяцы». Эрнэст Гэмінгуэй — урыўкі яго апавяданьняў ён начытвае ў Менску на магнітафон.
Калі двух папярэдніх пісьменьнікаў «крыніца Таня» магла чытаць, дык наўрад ці яна і «Сьцяпан» разгортвалі антыўтопію Джорджа Орвэла «1984». Гэты раман Освальд прачытаў яшчэ да паездкі ў СССР.
У сваіх нататках «Калектыў — жыцьцё расейскага рабочага» ён саркастычны ў апісаньні савецкай літаратуры:
Гісторыі пра любоў вельмі рэдкія і звычайна складаюцца з эпізодаў кшталту «хлопец любіць — трактар — дзяўчыну», альбо як Іван павялічыў прадукцыйнасьць працы, каб спадабацца Наташы, брыгадзіру.
Няблага зразумеў Освальд і савецкую выдавецкую палітыку што да замежных аўтараў:
Некаторыя з гэтых аўтараў вельмі папулярныя і ў ЗША, але ня з тых самых прычынаў. Джэк Лондан пісаў, як мы лічым, прыгодніцкія гісторыі, а расейцы думаюць, што гэта адлюстроўвае сёньняшняе жыцьцё.
Эрнэст Гэмінгуэй напісаў «Стары і мора», глыбока кранальную гісторыю барацьбы чалавека з прыродай і морам, якую тут лічаць абвінавачаньнем капіталістычнага грамадзтва, хаця Гэмінгуэй, у адрозьненьне ад Джэка Лондана, ніколі ня быў сацыялістам.
У чалавека, які чытае дэтэктыўныя гісторыі замежных аўтараў, узьнікаюць вельмі дэпрэсіўныя адчуваньні, яго прыдушвае шэрасьць і сум жыцьця, якое там апісана.
Освальд згадвае раманы нямецкага празаіка Леанарда Франка, ангельскага Ўільяма Голдынга, клясыкаў амэрыканскай і ангельскай літаратураў. Хаця кола яго чытаньня ў Менску зусім іншае.
Калі дзьве студэнткі ін’язу, зь якімі Освальд пазнаёміўся на канцэрце ў філярмоніі, упершыню прыйшлі ў яго кватэру, каб паглядзець ангельскія кнігі, яны хваляваліся — вось зараз пабачаць кнігі Гэмінгуэя, Фолкнэра, магчыма, нешта забароненае, рэдкае.
На паліцы стаялі творы Маркса і Леніна па-ангельску.
— I ты гэта чытаеш?!.
— Вельмі цікава, праўда?
— Мы ўсё гэта вывучалі па-расейску, навошта нам чытаць тое самае па-ангельску?
— Ну, я не чытаў, і мне вельмі цікава.
«Ідэот», магчыма, так і застаўся неадоленым — але тэарэтыкаў камунізму ён чытаў*
У сваім дзёньніку Освальд ня згадвае перакладчыцу «Таню», але піша пра перакладчыцу Розу Кузьняцову, бляндынку, ня замужам, працавала ў менскім Інтурысьце і ня раз бывала ў гасьцях у амэрыканца дома.
Яе імя ён піша без двукосься. Можа, не здагадваецца, што некаторыя асобы зь ліку яго знаёмых маюць больш за адно імя. Ці проста ня ведае граматыкі і таму з усіх знакаў прыпынку карыстаецца толькі кропкай.
Але пакуль яе ставіць было рана.
*1 ня толькі іх. У 1963-м ён складзе сваю ўласную тэорыю таго, што павінна прыйсьці на зьмену адначасна капіталізму, сацыялізму і камунізму, і назаве гэта «Атэнская сыстэма». У ёй гарантуецца прыватная маёмасьць (як пры капіталізьме), уводзіцца бясплатная абавязковая адукацыя (як пры сацыялізьме), касуюцца падаткі (як абяцала КПСС), адмяняецца расавая сэгрэгацыя (як абяцала Дэмакратычная партыя ЗША), не дапускалася нацыяналізацыя і манапалізацыя (як пры камунізьме і капіталізьме), забараняўся фашызм, нацыянігілізм і выраб зброі масавага зьнішчэньня, а прэсе гарантавалася свабода (як прапаноўваў акадэмік Сахараў), уся дэмакратыя мелася ажыцьцяўляцца на мясцовым узроўні без цэнтралізаванай дзяржавы (як вучыў Аляксандар Салжаніцын). Як для самавука, дык выйшла моцна — калі б гэтыя ідэі авалодалі масамі, дык грамадзянскай вайны не пазьбегнуць было б ні ў ЗША, ні ў СССР.
Чый Освальд?
Нікому ня рана, і ніколі ня позна, як папулярна тлумачыў шлюб адзін пэрсанаж савецкага кіно, і як усе мудрыя думкі, гэтую можна прыкласьці шмат да чаго. Напрыклад, забегчы наперад дэтэктыўнага сюжэту і адразу задаць пытаньне, вынесенае ў загаловак.
Сачэньне за Освальдам у Савецкім Саюзе мела на мэце высьветліць, ці працаваў ён на ЦРУ, а ў ЗША спрабавалі разабрацца, ці не зьяўляўся ён крэатурай КДБ.
Гэтае самае пытаньне задавала і маці Освальда Маргарыта. Пасьля ліста ад сына, дзе ён парываў усякія сувязі зь сям’ёй, яна зьвярнулася да свайго кангрэсмэна, затым у Дзярждэпартамэнт — чаму сын у СССР? Як імігрант ці выконвае нейкае заданьне амэрыканскага ўраду? Іншымі словамі — ці не агент ЦРУ?
Мэйлер уключыў у кнігу эпізод, які сьведчыць ня толькі пра настойлівасьць Маргарыты Освальд, але і пра амэрыканскую дэмакратыю.
21 студзеня 1961 году маці Освальда вырашыла паехаць у Вашынгтон. Дарога заняла тры дні і дзьве ночы, і адразу з тэлефона на вакзале яна набрала нумар Белага Дому і сказала што хоча гаварыць з прэзыдэнтам Кенэдзі. Было толькі 8 раніцы, апэратар адказаў, што праца пачынаецца а 9-й. Яна перазваніла а 9-й, ёй паведамілі, што Кенэдзі на нарадзе і прапанавалі запісаць паведамленьне для яго. Яна адмовілася і папрасіла сустрэчы зь дзяржсакратаром Раскам. Узамен ёй прапанавалі сустрэчу з Дэвісам Бостэрам, высокапастаўленым дыпляматам, які займаўся справамі СССР. У той самы дзень а 2-й гадзіне яе прынялі ў Белым Доме.
Яна задала галоўнае пытаньне — ці зьяўляецца яе сын амэрыканскім агентам? Калі так, яна хоча каб яго вярнулі, бо сама хворая і патрабуе дагляду. Калі ён перабежчык, што ж — ён мае на гэта права як асоба.
Сына, які ня быў дзяржаўным агентам, ёй вярнуць не змаглі, але выслухалі і нават не абвінавацілі яго ў здрадзе:
Місіз Освальд, мы хочам, каб вы ведалі, што мы таксама так лічым.
I гэта — пра перабежчыка ў разгар халоднай вайны.
ФБР Освальдам таксама зацікавілася. Але не тады, калі ён паехаўу Маскву і адмовіўся ад амэрыканскага пашпарта, а калі ён вырашыў вярнуцца.
Камісія Ўорэна. Матэрыялы
Сьледчая справа на Освальда была заведзеная ФБР 31 траўня 1962 году. Іміграцыйная служба была абавязаная паведаміць ФБР пра яго ўезд
у краіну. Сьледзтва павінна было высьветліць, ці Освальд быў завэрбаваны савецкай разьведслужбай.
Падчас нашай тэлефоннай гутаркі Мэйлер скажа:
Яны мяне ў прынцыпе пераканалі, што К ДБ не спрабаваў скарыстаць Освальда ў якасьці агента. Яны сапраўды былі вельмі разумныя, а іхныя аргумэнты доказныя. Яны казалі: паслухай, Освальд мог працаваць на нас у Японіі — ён мог супрацоўнічаць кароткі час у Японіі з камуністамі. Аднак ён траціць сваю каштоўнасьць, калі прыяжджае да нас у Маскву і заяўляе, што ён пакідае Амэрыку. Цяпер гэта не каштоўны агент, а дадатковая адказнасьць.
Чаго вартае тое, што ён спрабуе адмовіцца ад амэрыканскага грамадзянства ў амбасадзе і там паводзіць сябе вельмі вельмі гучна. Яны згадалі той факт, што ў іх былі жучкі для падслухоўваньня ў сьценах у амбасадзе. Гэта сьмеху варта. Ён гаворыць вельмі гучна, бо, верагодна, хоча, каб жучкі гэта запісалі. Калі б ён і меў нейкую карысьць для іх, усё было разбурана ягоным прыездам у Расею.
Праз год пасьля звароту Освальда па савецкае грамадзянства з такой самай заявай публічна выступілі яшчэ два амэрыканцы. У верасьні 1960-га шыфравальшчыкі Нацыянальнага агенцтва бясьпекі ЗША Ўільям Мартын і Бэрнан Мітчэл на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве папрасілі палітычнага прытулку і савецкага грамадзянства. У якасьці прычыны яны назвалі абурэньне мэтадамі амэ-
рыканскай разьведкі — сакрэтнымі палётамі над тэрыторыяй СССР, перахопам інфармацыі.
Яны таксама крытыкавалі ўнутраную і зьнешнюю палітыку ЗША, захапляліся Савецкім Саюзам і асабліва правамі жанчын (адзін зь іх ажаніўся ўжо праз чатыры месяцы пасьля прыезду). У амэрыканскіх газэтах пра іх пісалі пераважна як пра асобаў з сэксуальнымі адхіленьнямі.
Шкода амэрыканскай бясьпецы ад гэтых перабежчыкаў была ацэненая як вельмі вялікая.*
Мэйлер паспрабаваў спрачацца са сваімі суразмоўцамі з КДБ: маўляў, Освальд шмат што ведаў пра вайсковыя справы.
Яны рассьмяяліся і сказалі, што ў іх была вельмі добрая разьведвальная служба ў Японіі ў той час, у 1958-59, 1960-61 гадах. Нам не патрэбная была яго інфармацыя, якая да таго ж састарэла. Мы маглі распытаць яго ўскосна, праз пасярэднікаў. Але мы ніколі не распытвалі яго напрасткі, не выклікалі ў КДБ. Мы лічылі, што ня мае сэнсу яго распытваць.
Мэйлер прывёў яшчэ адзін аргумэнт КДБ, які падаўся яму вартым даверу:
Яны казалі: а што, калі ён шчыры? Мы тады хацелі верыць, што нашая сыстэма лепшая за амэрыканскую, і было б трагедыяй, калі б мы адаслалі гэтага хлопца назад. I ён сапраўды быў шчырым.
Такім чынам, пазыцыя КДБ будавалася на трох
*Абодва потым расчараваліся і спрабавалі вярнуцца ў ЗША, але былі пазбаўленыя грамадзянства. Першы памёр у Мэксыцы ў 1987-м, другі у Расеі ў 2001-м.
кітах: першы — яны ведаюць, што ён ня іх агент, другі — магчыма, ён сапраўды той, за каго сябе выдае, і трэці — ня выключана, што ён з ЦРУ.
Яны насамрэч думалі, што гэта нейкая дурацкая правакацыя ЦРУ, што ЦРУ пасылала пробны шар, каб паглядзець, як КДБ будзе рэагаваць на гэты нечаканы раздражняльнік. Яны вырашылі нічога адкрыта зь ім не рабіць, не праводзіць допыту.
3 гэтага, сказаў Мэйлер, вынікала толькі адно — за Освальдам трэба было сачыць.
Яны сказалі, што хацелі трымаць яго пад наглядам, каб сачыць, што ён зьбіраецца рабіць. Але яны выключылі магчымасьць прамога кантакту з Освальдам, бо ЦРУ стала б гэта вядома, калі б, як меркавалася, Освальд інфармаваў ЦРУ пра мэтады дзейнасьці КДБ.