Сьлед матылька. Освальд у Менску.
Аляксандар Лукашук
Памер: 390с.
Мінск 2011
Ніксан заўважна кульгаў — у яго абвастрыўся тромбафлебіт на левай назе, у Вашынгтоне даходзіў да кульмінацыі Ўотэргейцкі скандал, да ганебнай адстаўкі заставалася шэсьць тыдняў...
Ніксан быў на плошчы Перамогі, куды штодня хадзіў Освальд, але наўрад ці яму паказвалі будынак па суседзтве, дзе жыў забойца яго колішняга суперніка на выбарах.
У 1960-м, калі выбаршчык Освальд жыў у Менску і не галасаваў, Ніксан прайграў прэзыдэнцкія выбары Джону Кенэдзі — усяго 0,1% галасоў. Калі б выйграў — у Освальда магла б быць іншая мішэнь.
Марына Освальд пазьней раскажа сьледчым, што муж сапраўды зьбіраўся пры выпадку забіць Ніксана. Такі выпадак надарыўся ў 1963-м, калі Ніксан меўся прыехаць у Далас. Освальд падрыхтаваў зброю і на пытаньне ўстрывожанай Марыны адказаў, што будзе дзейнічаць па абставінах. Яна ведала, што ён не жартуе, бо раней ужо спрабаваў забіць генэрала Ўолкера, аднаго зь лідэраў амэрыканскіх правых, абстраляў яго дом. Паліцыя вяла сьледзтва, але нікога не знайшла. У дзень прыезду Ніксана Марыне ўдалося са скандалам адгаварыць Освальда.
Менск стаў апошнім горадам за мяжой, які наведаў Ніксан-прэзыдэнт. На ўрачыстым абедзе падчас абмену тостамі Ніксан пажартаваў, што Брэжнеў паслаў яго ў Менск з-за таго, што там жыве гімнастка Вольга Корбут, алімпійская чэмпіёнка.
А мог і пра Освальда пажартаваць.
Скандал быў бы — ня меншы за Ўотэргейт.*
*Астролягі, канечне, заўважаць, што апошнія паўстагодзьдзя Менск спэцыфічна зьвязаны зь Белым домам: спачатку забойства Кенэдзі, потым Джонсан, які, дзякуючы гэтаму, стаў прэзыдэнтам, адмаўляецца ісьці на другі тэрмін, затым Ніксан пасьля візыту ў Менск ідзе ў адстаўку, Клінтан адведвае Менск і атрымлівае імпічмэнт. У менскай паездцы Ніксана суправаджаў памочнік Пэт Бюкэнан, які потым сам тройчы спрабаваў стаць прэзыдэнтам ЗША — і ўвесь час марна. Страшнае слова просіцца з кампутара на старонку — карма.
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Існуе мноства прычынаў і мэтаў, чаму людзі запісваюць падзеі жыцьця і свае ўражаньні ў дзёньніку, але найбольш дакладны адказ дае часьцей за ўсё сам тэкст.
Пасьля арышту Освальда паліцыя правяла ператрус яго рэчаў і знайшла запісы пад загалоўкам «Гістарычны дзёньнік».*
Уся гістарычная гісторыя зьмясьцілася на дванаццаці старонках, якія ахопліваюць падзеі ад прыезду ў Маскву ў кастрычніку 1959-га і да сакавіка 1962-га. Апошнія тры месяцы перад ад’ездам у Амэрыку запісы не рабіліся — але большасьць
‘Арыгінал далучаны да матэрыялаў Камісіі Ўорэна. Першая публікацыя ў СССР адбылася ў 1990-м у часопісе «Крыніца/ Роднлк» накладам 400 тысяч асобнікаў — я рыхтаваў яе паводле публікацыі «Поўны расейскі дзёньнік Освальда» ў часопісе «Life» за 1964 год. У той амэрыканскай публікацыі і, адпаведна, у маім перакладзе зь меркаваньняў бясьпекі былі зьмененыя імёны людзей, зь якімі Освальд сустракаўся ў СССР. У гэтым беларускім тэксыде — новы поўны пераклад з арыгіналу. Памылкі правапісу не перадаваліся.
старонак запоўненая і прысьвечаная падзеям, якія адбываюцца ў Менску.
Дзёньнік ЛГО
7 студзеня 1960
Выяжджаю цягніком з Масквы ў Менск, Беларусь.
Але потым ізноў:
7 студзеня 1960
Прыяжджаю ў Менск.
За адзін дзень? Цягніком?..
Дзёньнік выклікае масу падобных пытаньняў — ён стракаціць граматычнымі памылкамі, непасьлядоўны, зь вялікімі прабеламі, пазьнейшымі дадаткамі, часам выглядае, быццам напісаны задняй датай, за адзін прысест. Ці сапраўды гэта дзёньнік?
Адказ дае сам тэкст — гэта такі дзёньнік. Запісы арганізаваныя храналягічна, але рабіліся нерытмічна, часам запозьнена, зь вялікімі пропускамі. Ня клясыка жанру. I правапіс мадэрнісцкі — перастаўленыя літары, пропускі, перайначаныя імёны.
У Освальда была дысьлексія — ён ня мог граматычна правільна пісаць. Але на праўдзівасьць напісанага дысьлексія не ўплывае. Як і час, калі запісы робяцца.
I памылкі, калі яны сустракаюцца — усяго толькі памылкі, а не падробка ці фальшаваньне.
4 студзеня Освальда выклікалі ў Маскоўскі АВІР і выдалі гадавы дазвол на жыхарства, назаўтра ён атрымаў грошы ад Чырвонага Крыжа і празь дзень увечары з рэчамі выправіўся на Беларускі вакзал.
Дзёньнік ЛГО
7 студзеня 1960
Выяжджаю цягніком з Масквы ў Менск, Беларусь. Рахунак за гатэль быў на 2200 рублёў, квіток да Менску — 150 рублёў, такім чынам, у мяне шмат грошай і надзеі. Я напісаў брату і маці лісты, дзе сказаў, што ніколі больш з вамі не жадаю кантактаваць. Я пачынаю новае жыцьцё і не хачу нічога са старога.
Насамрэч ён выехаў на дзень раней, 6 студзеня. Дата ў дзёньніку пазначаная памылкова.
Маці і брат заставаліся ў мінулым, з сабой меліся грошы і надзея, наперадзе быў Менск.
Пад стук колаў на паліцы ў начным цягніку сьпіць пасажыр, тым часам спраўджваецца ягоная мара: з замежнага турыста і асобы бяз пашпарту ён ператвараецца ў новага чалавека — жыхара сталіцы адной з правінцыяў камуністычнай імпэрыі і члена савецкае рабочае клясы, самае перадавое, як пісалі тады газэты, клясы сучаснасьці, якой належыць будучыня.
Ён пачынае новае жыцьцё і нічога ня хоча са старога.
Так, забыўшыся пра сваё існаваньне ў якасьці яйка, вусеня і вопрадня, калі б думаў, мог лічыць матылёк.
Шоў-шоў і прыйшоў
Освальда чакалі.
Дзёньнік ЛГО
7 студзеня 1960
Прыяжджаю ў Менск, сустракаюць дзьве жанчыны з Чырвонага Крыжа, ідзем у гатэль «Менск», бяру нумар, знаёмлюся з Розай і Стэлінай, супрацоўніцамі Інтурысту ў гатэлі, якія гавораць па-ангельску. Стэліне за 40, прыгожая, замужам, мае малое дзіця, Розе каля 23, бляндынка, сымпатычная, ня замужам, выдатная ангельская, мы адразу ўпадабалі адно аднаго.
8 студзеня 1960
Сустракаюся з мэрам гораду таварышам Шарапавым, які вітае мяне і абяцае «неўзабаве» знайсьці для мяне бясплатную кватэру, папярэджвае пра «некультурных людзей», якія часам абражаюць замежнікаў.
Паход у гарсавет і сустрэча са старшынём былі арганізаваныя яшчэ ў Маскве, і падрыхтаваны там сцэнар для Осва льда ў Менску ўвасабляўся без адхіленьняў.
Рапарт вонкавага назіраньня КДБ
09.01.60
08:00-23:00
У 10 гадзін Лі Гарві ўвайшоў у фае гатэлю «Менск», падышоў да адміністратара і пачаў размаўляць зь ім пра нешта. Пасьля падняўся ў фае 4-га паверху, сеў і ўступіў у размову зь перакладчыцай Таняй, да якой далучылася яшчэ адна работніца гатэлю.
Пасьля размовы, якая доўжылася каля 40 хвілін, Лі Гарві вярнуўся ў свой пакой 453.
У 11:40 Лі Гарві выйшаў з гатэлю і хутка пайшоў уніз па вуліцы Сьвярдлова да мясной крамы. Усярэдзіне ён абышоў прылаўкі, коратка агледзеў выстаўленыя прадукты, пасьля чаго выйшаў і накіраваўся па вуліцы Кірава на скрыжаваньне да вакзалу, спыніўся, агледзеў вітрыну тэхнічнага аддзелу Беларускай чыгункі, затым падышоў да рэстарану «Радуга», пастаяў там, пасьля пайшоў у гастраном на вуліцы Кірава. На ўваходзе ён разглядаў людзей, якія ўваходзілі за ім. Прайшоў па краме, выйшаў, нічога не купіўшы, і напрасткі пайшоў у кнігарню, дзе прайшоў праз усе сэкцыі не спыняючыся, затым выйшаў і хутка пайшоў. Вярнуўся ў гатэль у 12:25.
16:40 Лі Гарві выйшаў з пакою і спусьціўся ў рэстаран «Менск». Сеў за вольны столік і стаў чакаць афіцыянтку. (Назіраньне ў рэстаране не вялося, бо было замала людзей.)
Выйшаў з рэстарану праз 45 хвілін і падняўся ў свой пакой. He выходзіў з пакою да 11:00 вечара, і назіраньне прыпынена да наступнай раніцы.
Пайшоў, увайшоў, абышоў, прайшоў, выйшаў, пайшоў — гэты прымітыўны, як апісаньне рухаў казуркі, тэкст цытуецца тут ня зь першакрыніцы.
Дэпутат ідзе ў КДБ
Першакрыніцамі за савецкім часам называлі працы клясыкаў марксізму-ленінізму (фактычна замест дуэту было трыё ці нават квартэт, але Энгельс на свой «ізм» не дацягнуў, а Сталін на пачатку 60-х з канцэртнай брыгады ўжо выпаў). Першакрыніцай менскага пэрыяду Освальда зьяўляецца, канечне, справа агентурнай распрацоўкі КДБ — гэты орган дыктатуры вёў свой летапіс жыцьця, часам кастраваны, нярэдка ў стылі фэнтэзі, але па-канцылярску падрабязны.
Освальдам у Менску я пачаў цікавіцца яшчэ за часамі СССР, але ніколі, нягледзячы на статус сябра камісіі Вярхоўнага Савету па правах ахвяраў палітрэпрэсіяў, нават ня бачыў яго архіўную справу, і калі б асабіста ня ведаў аднаго чалавека, які трымаўяе ў руках, мог бы падумаць — а ці ёсьць яна ўвогуле?
Чалавек, які ня толькі бачыў, але гартаў справу Освальда — дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык.
Неяк у 1992-м да мяне ў Менск пазванілі амэрыканскія тэлежурналісты, якія зьбіраліся здымаць дакумэнтальны фільм пра Освальда — набліжалася 30-я гадавіна забойства Кенэдзі, ім трэба была дапамога са здымкамі на заводзе, з архіўнай справай КДБ. Я пераадрасаваў просьбу Сяргею Навумчыку — ён быў ня толькі ўплывовым каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі, але і сакратаром камісіі па справах сродкаў масавай інфармацыі, галоснасьці і правоў чалавека.
I яшчэ ён быў журналістам — таму ахвотна ўзяўся дапамагчы і зацікавіўся справай сам. Ён успамінае:*
У 1992 годзе я атрымаў просьбу амэрыканскіх журналістаў паспрыяць доступу да справы Освальда ў беларускім КДБ. Я напісаў ліст старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіславу Шушкевічу з просьбай даць доступ да «справы Освальда» і мне. Я разумеў, што калі Шушкевіч дасьць прамое ўказаньне кіраўніцтву К Д Б, у мяне будуць рэальныя шанцы атрымаць доступ. Празь некалькі дзён памочнік старшыні ВС паказаў мне рэзалюцыю на маім звароце: «Э.Шыркоўскаму — С.Шушкевіч». I — усё. Маўляў, хай старшыня КДБ вырашае.
У той час КДБ напрасткі падпарадкоўваўся Вярхоўнаму Савету і яго старшыні — іншага начальства над камітэтам у незалежнай Беларусі не было. Апроч таго, паводле заканадаўства, дэпутаты мелі
*Спэцыяльна для гэтай кнігі Сяргей Навумчык аднавіў хаду падзеяў — у яго захавалася шмат сваіх нататак таго часу, дакумэнтаў, аўдыёзапісаў.
доступ ва ўсе дзяржаўныя органы і да ўсіх дакумэнтаў. Ведамасныя інструкцыі КДБ абмяжоўвалі кола асобаў, дапушчаных да сакрэтаў. Але закон мусіў быць вышэйшы.
Ня ўсё было так проста, канечне. У перапынку сэсіі Вярхоўнага Савету да Навумчыка падышоў таксама дэпутат, намесьнік старшыні КДБ генэрал Генадзь Лавіцкі і агарошыў навіной: вось ты, Сяргей, пішаш просьбы да Шушкевіча, а ў Менску поўным ходам працуе амэрыканскі пісьменьнік Мэйлер, прыходзіць у клюб Дзяржынскага і яму даюць дакумэнты са справы Освальда, водзяць да яго менскіх знаёмцаў Освальда.