Слова аб роднай прыродзе
Пісьменнікі і паэты Беларусі аб прыродзе
Выдавец: Народная асвета
Памер: 272с.
Мінск 1989
ня «На выселках»)
Да чаго прыгожая гэта вясновая раніца! У паветры яшчэ сыра. На лістах вішняку вісяць буйныя кроплі начных туманоў. На платах і на стрэхах ляжыць яшчэ вільгаць. За сялом густа і тучна зеляніцца поле. Загоны перасякаюцца то тонкімі, то шырокімі звілінамі дарог. На пагорку стаіць і яшчэ дрэмле вятрак, але, здаецца, ён ужо сіліцца ўзмахнуць паднятымі крыламі. Узыходзіць сонца. Яно паволі і баязліва паказваецца зза гарызонта,— першыя промені яго кладуцца шырока — густым і нібы цягучым золатам. Над стрэхамі хат вывіваюцца лёгкія празрыстыя дымкі. За імі на небе такое ж самае ружаватае воблачка. Здаецца, што яму нудна быць невялічкаму, аднаму на гэтай галубовай бясконцасці неба, але запрапасціўся недзе гэты чортаў свавольнік вецер, і яно не можа скрануцца. За сялом паказваюцца і рыкаюць каровы, падымаючы на дарозе за ноч пахаладалы і злежаны пыл. Неспакойна ў гурце снуецца бык. Сонца падымаецца над лесам. Яно слізгае па вяршалінах дрэў і западае ў прагаліны. Лес пачынае дыміцца густымі пахамі. Бесклапотна цвыркаюць птушкі. Яны то, гойдаючыся, пырхаюць з дрэва на дрэва, то вылятаюць у поле, дзе, падняўшыся ў неба, сваім танюткім і несканчоным звонам заліваюцца жаўранкі... Якая слаўная ты, селавая, вечна маладая і вечна пявучая раніца!
ЯКУБ КОЛАС
3 АКНА ВАГОНА
(Урывак з трылогіі «На ростанях»)
Разам з прыдарожнымі дробнымі малюнкамі, з якіх складалася палеская краіна, і ўся яна, гэтая краіна, паволі адыходзіла і адыходзіла, саступаючы месца больш светлым, больш вясёлым пейзажам Беларусі.
Развіднялася.
Як лагодная ўсмешка, заяснелася неба на ўсходзе, заяснелася і паружавела. Прасторы зямлі шырыліся, разгортваючы свае малюнкічары. I хто не паддасца гэтым чарам?
81
Палессе засталося дзесь ззаду. Іншая краіна, іншыя малюнкі. Месцамі рассцілаліся прасторныя даліны рэчак, а самі рэчкі пакручастымі завітушкамі вельмі прыгожа вырысоўваліся ў сваіх высокіх беражках. Над далінамі ўзнімаліся роўненька акругленыя схілы ўзгоркаў, аздобленыя зеленню маладой ярыны. На маладых аксамітных усходах палёў, на прыдарожнай траве, сакавітажыццёвай, на лісці кустоў, нібы брыльянты, буйніліся багатыя росы. Выступалі цёмнасінія сцены высокіх лясоў, прыгожа раскіданых па бясконцых прасторах зямлі.
I радасць жыцця была разліта ў прыродзе. Пульс гэтай жыццярадаснасці біўся кожны момант у кожным куточку гэтых вясёлых прастораў. На полі сямтам паказаліся людзі з сохамі і плугамі. У прасторах надзем’я замільгалі вольныя птушкі. Вось побач з поездам ляціць варона, нібы ёй хочацца паспрачацца ў быстрыні з ім. Ляціць доўга, паволі адстае, зварочвае кудысь убок і знікае.
Дзень зачаўся.
АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ
воблака
Уткнуўшы ў бераг вудзільно, Я вуджу раніцою.
А воблака? Плыве яно I небам і вадою.
Нарэшце клюнула разок —
I рыбка немалая!—
3 пяром гусіным паплавок Пад воблака нырае.
Стаіў дыханне. Цішыня...
Убок
Рукой умелай
Я падсякаю галаўня, Цягну з хмарынкі белай.
Вада ў кругах, Вада ў кругах, I неба ў ёй не тое... А воблака? Яно ў руках Трапечацца жывое.
82
НІЛ ГІЛЕВІЧ
свята зямлі
Першы гром быў сёння ўночы. Дождж да дня шумеў вясёла.
Ранак вытарашчыў вочы, Як дзіця, глядзіць наўкола.
Што за ноч магло зрабіцца!
Перайначана ўсё чыста: Поле дыша і дыміцца Парай лёгкаю празрыстай.
Набрынялыя пупышкі,
Што яшчэ драмалі ўчора, Ахінаюць голле пышна, Вабяць яркасцю убораў.
Пад праменнем зыркім росы Зіхацяць на лісцях клейкіх I дрыжаць, як шчасця слёзы На густых дзявочых вейках.
Траўка вылезла ў канаўцы, А ў бары — чуваць за мілі — Музыкантывыканаўцы Конкурс майскі аб’явілі.
О зямля!
Ты ўся ў абновах!
Ты ў мільён званочкаў звоніш, Ты на ста пявучых мовах Весняй радасцю гамоніш.
Ты смяешся так шчасліва, Што адразу ясна стала, Як ты доўга, як цярпліва Свята гэтага чакала!
83
МАКСІМ ЛУЖАНІН
дождж
Нечаканы, буйны, зразу, Сек і ўпоперак і ўдоўж. Па платах, па пералазах Бег упарты, спорны дождж.
I рака дыхнула вольна Паднялася, паплыла.
У дубоў па чорным голлі Кроплі падалі з чала.
Заблішчала сіняй пражай Маладая збажына.
Вось цяпер ніхто не скажа, Што спазнілася вясна.
АНТОН БЯЛЕВІЧ
ВЯСЁЛКА НАД ПОЛЕМ
Лугам рыжым, Полем чорным Ды раздзетым гаем Прабіваецца вясна к нам: — Вас вітаю з маем!
3 першым громам Ды з вясёлкай, 3 дожджыкам вітаю.
Залатым ключом праменным Вам я адмыкаю 3пад ільдоў азёры, рэкі, 3пад снягоў палеткі...
Цеплынёй вясна дыхнула — Засінелі кветкі.
Жаўрукоў вясна сыпнула 3 рукава ў блакіты.
Рукавом другім махнула — Падскочыла жыта
84
На вяршок, другі і трэці На калгасным полі.
He было ж вясны такое, He было ж ніколі!
Заспявалі, Загукалі Лес і пералескі. Засінелі, Зажаўцелі Лотаць і пралескі. Забялелі, Зружавелі Яблыні і вішні.
Пад вясёлку залатую Нашы людзі выйшлі. А яна п’е воду з рэчкі, 3 блакітнага плёса. Як вясёлка маладая, 3 гэткім ясным лёсам Заручыліся навекі Гарады і сёлы.
I, як сейбіт, дбайна шчасце Сее май вясёлы!
ІВАН ПТАШНІКАЎ
МАЙ ШУМЕЎ НАВАЛЬНІЦАМІ
(Урывак з апавядання «Бура ўзнялася з начы»)
Май шумеў навальніцамі. Яны пачыналіся надвячоркам ужо другі тыдзень.
Хмары толькі і вартуюць сонца, каб не даць яму паволі астыць у вячэрняй далёкай смузе; адразу ж, як толькі яно схінецца на захад,— адтуль, з лагоў, устаюць яны, сунуцца цяжкімі тулягамі.
Млее тады дзень у парнай знямозе, у вялай цішы прадлецця. Сонца не відно, яно ўжо там, за густой барвовай смугой, нібы расплавілася,— і ад таго такая духата...
Навальніцы ўчора днём ніхто не чакаў. Яна ўзнялася з начы. Хмара праплыла з зарэчча і павісла над вёскай. Яна падкралася ціха, зусім без ветру і грымот. Мо асцерагалася ўначы, як і лясны драпежнік?
I
85
Першыя грымоты асвяцілі і абудзілі вёску. Рвануў вецер. Недзе зверху. Бы там, за хмарай, сперла паветра і пасля грымот яму стала куды прарвацца...
Хлынула ўсё разам: вада, грымоты. Нехта закрычаў у канцы вёскі, туды, пад лес, і голас згубіўся ў злосным скуголенні ветру.
Над зямлёю гуло, клекатала. Неба жахалася, вырываючы з цемры ўскудлачаныя саламяныя стрэхі і глытаючы іх зноў.
Вуліца плыла, несучы салому, трасочнік, сарваныя застрэшкі.
Вуліца плыла, падмываючы прызбы.
ІВАН ПТАШНІКАЎ
ВЯСНА ЖЫВЕ
(Урывак з апавядання «На шляху луг»)
Вясна атуляе вячэрняй сінечай мяккія ў маладой зелені беразнякі. Поўная жыўнасці лістота, якая — дакраніся толькі — ліпне да рук, неяк нясмела яшчэ,— нібы сарамліва, як маладое дзяўчо,— цягнецца насустрач сонцу, жыцціо. Яна пахне ўсімі водарамі лесу пасля дажджу, і здаецца, што дыхае бярэзнік.
Ужо ладная травіца бяжыць па лузе сюды, пад беразнякі, калі павее вецер, трапечацца, хаваючы на нейкі момант ад людскіх воч краскі, свежыя ў любы час і такія пахучыя.
Пад вечнымі шаптухаміпляткаркамі прыроды — асінамі,— што пры дарозе, ляжаць яшчэ на траве ліпкія чашачкі ад гаючых вясновых пупышак дрэва; пахне разлітай настойкай бальзаму — тафялёўкай.
Адцвітала на ўзлеску сонтрава. Блакітнаяблакітная ў маладосці, яна паліняла ўжо да белізны, пакурчылася, падсохла на сонцы. Вельмі кароткая вясна для гэтых дзіў узлесся.
А вясна жыве.
Ад зялёнага, мяккага яшчэ сіўца на дарозе, які адскочыў ад зямлі і ўткаў аксамітам выпалены ад леташняй сухой жаўцізны лог, патыхае густой вільгаццю.
Хочацца бегчы па лузе босаму, па халоднай мяккай траве, задыхацца і адпачываць дзенебудзь на ўзбярэжжы ракі або ля крыніцы, акунуўшы ногі глыбока ў ледзяную прахалоду, ад якой набракае, стынучы, цела.
86
ЯКУБ КОЛАС
БЫЎ ЯКРАЗ ПАЧАТАК МАЯ
(Урывак з паэмы «Сымонмузыка»)
Быў якраз пачатак мая. Ну й была тады вясна! Ось такая, што бывае Можа ў сотні лет адна: Было ў меру ўсё і ў пору: Дожджык пройдзе, зноў цяпло, Травы, краскі гнала ўгору На прасторы, на святло. Выйдзеш з хаты надасвеце, Так і піў бы дух зямлі.
I раслі б, здаецца, дзеці, Каб іх кінуць на раллі. А дзянёчак як настане, Тая ранічка вясны! Кропля роскі на каштане Блеск запальвае дзіўны; У ёй зорчын смех блукае, I вясёлкі ў ёй дрыжаць, А лес радасцю гукае, Шчасцем вее сенажаць. А вакол так ціхагожа, А паслухаеш — чутно, Як расце трава і збожжа — Нівак свежае руно.
I з зямлі празрыстым парам К небу ўзносіцца туман, Як малітва сонцу, хмарам, I дрыжыць, гарыць пажарам Скат узгоркаў і курган. Ну, вясна была на дзіва!
ЮРАСЬ СВІРКА
МАЯ СТО ПЯТАЯ ВЯРСТА
За Мінск,
За сотню кіламетраў, На поўнач ехаць, за Хатынь. Там баравіннае паветра, Там даражэйшы успамін.
87
Бярозаю падперазаны, Мой край за іншыя бліжэй. Яшчэ там слава партызанаў He ўся ўмясцілася ў музей.
I пабрыгадна, і паротна Яна жывая для жывых.
Ей лепш у памяці народнай, Чым у палоне нашых кніг.
Мой край!
Такі адзіны ў свеце,
Калі ёсць рай, Дык там ён, рай! Хаця там водзяцца мядзведзі, Ды не мядзведжы гэта край.
Каменне некалі на полі
Расло,
Хмызняк на нівы лез, А сёння (не па боскай волі!) Там збажына шуміць, як лес.
Вядзе ў Бягомль мяне дарога, Усе слупы пералічыў.
Дайду да роднага парога, He заблуджуся і ўначы.
Дарога лесам, рэдка — полем. Размову з памяццю вяду.
He!
He праеду я ніколі Сваю сто пятую вярсту.
Удзячны лёсу я за тое, Што здолею і ў цемнаце Сысці яшчэ не сіратою На гэтай памятнай вярсце.
88
УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ
бацькаўшчына
Дагарэў за брамай небакрай, Месяц паміж воблачкаў плыве. Выйду зноў, як у мінулы май, Басанож прайдуся па траве. Дымная, сцюдзёная раса, Цёмныя ў траве ад ног сляды. А такога рослага аўса Я не бачыў доўгія гады.
Бач, хмызы спляліся, як павець, Светлякі мігцяць, гараць святлей. Перад тым, як звонка ў лозах пець, Прачышчае горла салавей. Лашчыцца трава да босых ног. 3 дальніх паплавоў плыве ракой Ледзь прыкметны сумны халадок — Подых юні ўходзячай маёй. Паімчаць за ёю наўздагон? — Хоць і схопіш — ўсё адно падман. Дзе каханне тых мінулых дзён — Веснік паркаў бэзавы туман? Нават шкадаванне — дзе яно? Зноў вясна, і жаль знікае зноў. (Так губляюць пах перад вясной Ссохлыя сцябліны палыноў.) Ціха цмокае у сне рака.
О, як добра, як прыгожа жыць! Раска, як русалчына луска, На вадзе ад месяца гарыць. А