Слова пра Браніслава Тарашкевіча
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 192с.
Мінск 1996
А. БЕРГМАН
Слова пра Браніслава Тарашкевіча
ГІСТАРЫЧНЫ ЖЫЦЦЯПІС
Мінск «Мастацкая літаратура» 1996
ББК 83.3(4 Бен)6
Б 48
УДК 882.6.09 + 323(476)
Прадмова Арсеня Ліса
Пераклад з польскай мовы Яраслава Касцюка
Пераклад зроблены з выдання: Aleksandra Bergman.
Rzecz о Bronistawie Taraszkiewiczu.
Warszawa, «Ksiazka i Wiedza», 1977.
Бергман A.
Б48 Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гіст. жыццяпіс/Прадм. А. Ліса; Пер. з польск. Я. Касцюка.— Мн.: Маст. літ., 1996.— 192 с. [1] л. партр., іл.
ISBN 5-340-00928-9.
Манаграфія Аляксандры Бергман прысвечана вьвдатнаму беларускаму палітыку, мовазнаўцу і перакладчыку Браніславу Тарашкевічу. Грунтуючыся на шматлікіх архіуных матэрыялах, успамінах і сведчаннях сучаснікау, польская даследчыца асвяціла складаны жыццяпіс Тарашкевіча, які, як і безліч іншых беларускіх дзеячаў, знік у прадоннях ГУЛАГу.
Б 8820600900 021 70 _ 95 ББК 83(4 Бен) 6 + 66.3(4 Бен)
М 302(03) 96
© А. Бергман, 1996
© Прадмова. A. С. Ліс, 1996
ISBN 5-340-00928-9 © Пераклад. Я. М. Касцкж, 1996
Мужу майму, Стэфану, якому абавязана сям’ёй, што трывае ўжо больш як паўстагоддзя, хоць і разлучалі нас праз доўгія гады тысячы кіламетраў і краты, майму найстражэйшаму крытыку і дарадцу.
Слова да чытача
Працы гісторыка і публіцыста Аляксандры Бергман вядомы ў Беларусі вельмі вузкаму колу людзей, пераважна навукоўцам ды асобным літаратарам.
А між тым даследчыца з Польшчы ў сваіх манаграфіях, артыкулах, нарысах высвечвае няпростыя, адметныя старонкі беларускай гісторыі, напісала яскравыя, гістарычна даставерныя партрэты яе дзеячаў, інтэлектуалаў, носьбітаў нацыянальнай ідэі.
Прычым зрабіла гэта без аглядкі на тое, як ацэньвала, трактавала тую ці іншую з'яву, асобу канфармісцкая на той час гістарыяграфія на Беларусі. Вальнейшая палітычная і духоўная атмасфера Польшчы 60—70-х гадоў і асабісты жыццёвы досвед Аляксандры Бергман, у мінулым актыўнай удзельніцы камуністычнага руху ў даваеннай Польшчы і Заходняй Беларусі, а затым на працягу дзесяці год палітзняволенай сталінскага ГУЛАГу, дадавалі гісторыку даследчыцкай відушчасці. Прынамсі, яе, што прыйшла ў навуку сталым чалавекам і да таго ж працавала па-за рамкамі дзяржаўных навуковых структур самастойна, не прыгняталі, як іншых, ідэалагічныя ўстаноўкі. Фальш, навуковая несумленнасць, якія ішлі ад вымушанага прыстасавання да існуючага парадку рэчаў, выклікалі ў вучонай унутраны пратэст, стымулявалі на пошукі ісціны. Так было, калі А, Бергман ацэньвала некаторыя прынцыповыя аспекты дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі (1923—1938), пісала пра Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (1921 —1923), дэмакратычны перыядычны друк («Нашу ніву», «Вольны сцяг»), узнаўляла старонкі палітычнай біяграфіі Бр. Тарашкевіча, А. Луцкевіча, Л. Родзевіча, С. Рак-Міхайлоўскага, I. Дварчаніна, аглядала літаратурныя і філасофскія набыткі Ул. Самойлы.
Асэнсаванне вялізнага архіўнага матэрыялу, нярэдка выверанага ўласным жыццёвым вопытам, аналітычны падыход да складаных аспектаў палітычнага працэсу 20—30-х гадоў у Польшчы і Беларусі, надавалі напісанаму А. Бергман навуковую важкасць, пераканаўчасць і неардынарнасць. А гэта ў сваю чаргу дазволіла аўтару адной з першых выйсці з беларускай праблематыкай на старонкі аўтарытэтных польскіх навуковых выданняў, такіх, як «Przegl^d Historyczny», «Polski Stownik Biograficzny», «Kwartalnik Historyczny» i інш.
Неадэкватнасць знаёмасці беларускага чытача з плёнам працы
А. Бергман абумоўлена ў значнай меры моўным бар’ерам і не ў апошнюю чаргу нашай інертнасцю, спароджанай доўгатрывалай несвабодай беларускай думкі ў сябе на бацькаўшчыне.
Трэба сказаць, што не лішне даступным было нашаму чытачу і ўсё апублікаванае А. Бергман па-беларуску ў беластоцкай «Ніве» ды выдадзеных БГКТ у Польшчы кнігах-календарах.
Таму здзейснены і падрыхтаваны да друку выдавецтвам «Мастацкая літаратура» беларускі пераклад адной з кніг А. Бергман, а менавіта «Слова пра Браніслава Тарашкевіча»,— рэч, бясспрэчна, актуальная. Актуальнасць манаграфіі польскай даследчыцы заключаецца перш-наперш у тым, што яна прысвечана аднаму з найбуйнейшых дзеячаў беларускага адраджэнска-вызваленчага руху навейшага часу. А. Бергман асэнсоўвае палітычны лёс Тарашкевіча на унікальна багатым дакументальна-архіўным матэрыяле, скрупулёзна сабраным у Варшаве, Вільні, Маскве. Гэта дазволіла даследчыцы глыбей прасачыць унутраныя пружыны грамадскапалітычных працэсаў 20—30-х гадоў, аб’ектыўней зразумець і больш выпукла паказаць вобраз аднаго з самых самаахвярных і трагічных барацьбітоў за суверэнную Беларусь.
Надзённасць кнігі А. Бергман яшчэ і ў тым, што яна зноў жа грунтоўна асвятляе грамадаўскі рух, ля вытокаў якога стаяў Тарашкевіч.
Справа ў тым, што ніхто з паважаных гісторыкаў не сумняваецца ў фенаменальнасці яго як з’явы. Сапраўды, наша гісторыя не ведае аналагу такога імклівага ўзрастання палітычнай свядомасці: за нейкіх паўтара года на заходнебеларускіх землях здолела паўстаць арганізацыя, партыя, якая аб’яднала пад сваімі сцягамі эмпірычнай праграмай больш за сто тысяч чалавек. Беларуская сялянска-работніцкая грамада — не была справай палітычнай кан’юнктуры. Яна арганічна вырастала з традыцый беларускай палітычнай думкі. Яе ўзнікненне было абумоўлена канкрэтнымі сацыяльна-палітычнымі варункамі Заходняй Беларусі, агульным імкненнем беларусаў да нацыянальнай кансалідацыі і вызвалення. Як усякі паважны палітычны рух, БСР Грамада пасля яе разгрому ўрадам Пілсудскага пакінула па сабе пэўную духоўную спадчыну, а таксама палітычныя ўрокі, Што да духоўных спадкаў Грамады ў форме асветы народа, павышэння яго свядомасці, то след уплыву яе можна бачыць на ўсёй далейшай нашай гісторыі па сённяшні дзень. Адносна ж урокаў перад усім палітычнай тактыкі лідэраў БСР Грамады, натуральна, не можа быць адназначных высноў. Аднак папрок-асуджэнне за тое, што яны не здолелі правільна ацаніць стратэгіі ў беларускім пытанні сваіх саюзнікаўкамуністаў, кіраваных з Масквы, не дае падстаў для негатыўнага стаўлення да БСР Грамады ў цэлым. Ацэнка ўкладу грамадаўскага руху ў палітычнае разняволенне беларускага народа яшчэ напе-
радзе. Зрэшты, яна ў пэўнай меры выцякае і з даследаванняў А. Бергман, якія ў адрозненне ад эскападаў супраць БСР Грамады, зробленых у апошнія гады журналістамі, носіць не публіцыстычны, а навукова аргументаваны характар.
Няма сумніву, што беларускі вызваленчы рух, пазначаны этапам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, быў і застаецца прыкметнай вехай на ахвярным шляху беларусаў да свабоды. Кніга А. Бергман, напісаная з добрай аўтарскай самааддачай, навуковай грунтоўнасцю, пераканаўча гэта пацвярджае. У складаны час адбудовы беларускай дзяржаўнасці гістарычны вопыт, праўдзівае бачанне шляхоў мінулага маюць немалое практычнае значэнне. Яны могуць засцерагчы ад нейкіх пралікаў, падказаць спосабы, як актывізаваць грамадскую свядомасць, а галоўнае — мацуюць дух дойлідаў усенароднага Дома, пра які марыла і за які змагалася не адно пакаленне беларускай інтэлігенцыі.
Арсень Ліс
Ад аўтара
Калісьці ў мяне спыталі, чым так прывабіла мяне асоба Браніслава Тарашкевіча, чаму гэтулькі часу аддаю збіранню матэрыялаў пра яго.
Адказала і сёння паўтараю: прычыны належыць шукаць у ім самім, у гісторыі яго жыцця.
Спачатку Тарашкевіч зацікавіў мяне толькі як заснавальнік і правадыр Беларускай Сялянска-Рабочай Грамады, адной з найбольш масавых сялянскіх арганізацыяў у Польшчы і, магчыма, у Еўропе міжваенных гадоў; як чалавек, пра якога ў свой час часта пісала прэса не толькі краёвая і еўрапейская, але і за акіянам. Паступова, па меры збірання звестак, пераканалася, што не толькі гэты перыяд, але і ўсё жыццё Тарашкевіча было цікавае і ў многіх адносінах павучальнае, бо належаў ён да тых людзей з Віленшчыны, якія валодалі незвьічайнай годнасцю і выключнымі здольнасцямі.
Намер напісаць па магчымасці поўную біяграфію Браніслава Тарашкевіча з’явіўся ў ходзе бліжэйшага знаёмства з яго асобай. Ці здзейснены належным чынам намер? Няхай пра гэта мяркуе чытач.
Ад шчырага сэрца дзякую ўсім, хто даслаў мне інфармацыю, усім беларускім, літоўскім і польскім сябрам за іх зычлівыя адносіны да маёй працы. Асабліва ўдзячная кіраўніцтву Цэнтральнага архіва ЦК ПАРП і ўсім супрацоўнікам архіваў і бібліятэк Варшавы, Масквы, Вільнюса, Мінска, Гродна за дапамогу ў пошуках матэрыялаў. Выказваю глыбокую падзяку прафесару Стэфану Кеневічу, за надзвычай каштоўныя заўвагі, а таксама Ежы Тамашэўскаму за сталую дапамогу, заахвочванне ў працы і апеку, прафесару Антаніне Абрэмбскай-Яблонскай, прафесару Альжбеце Смулкавай за парады і кансультацыі, якія датычаць навуковай творчасці Тарашкевіча.
* * *
Матэрыялы пра Браніслава Тарашкевіча пачала я збіраць з 60-х гадоў, але толькі ў 1972 годзе пашчасціла мне апублікаваць тое, што ў ранейшых варунках было не так проста зрабіць,— надрукаваць хоць бы нарыс з яго жыццяпісу. У ходзе далейшай пра-
цы ўдалося мне здабыць невядомыя раней матэрыялы: дзве яго аўтабіяграфіі, артыкулы дваццатых гадоў (надрукаваныя не толькі ў беларускіх газетах), звесткі пра яго дзейнасць у Навуковым беларускім таварыстве ў Вільні і інш. Магла напісаць пра яго больш пашырана. Напісала, аднак, толькі кніжку.
Але стаяла перада мною сцяна мураваная: рэдактары, кансультанты, цэнзары — усе лічылі: ведаюць лепш за аўтара, што трэба пісаць. Асабліва дашукваліся нацыяналізму. Толькі праз восем гадоў удалося мне прабіць гэтую сцяну, і ў выніку кніжку пусцілі ў друк, ды і то скарочаную.
Пасля выхаду ў свет кніжкі сярод мноства ўхвальных рэцэнзіяў было нямала і крытычных заўваг. Мяне дакаралі за тое, быццам залішне праслаўляла Тарашкевіча. 3 гэтым ніяк не магу пагадзіцца. Усё тое, што мы пра яго ведаем, сведчыць, што гэта быў адзін з найвялікшых сыноў беларускага народа. А трэба ўлічыць яшчэ і тое, што не ўсё пакуль знойдзена з усёй яго спадчыны як навуковай, так і гістарычнай: яшчэ не адшуканы яго пераклад на беларускую мову «Іліяды» Гамера, яшчэ не адшукана «Гістарычная граматыка беларускае мовы» і шмат іншых яго працаў і карэспандэнцый. Але я перакананая: калі ўсё тое, што ён зрабіў для беларускай культуры, знойдзецца, яго ацэняць значна вышэй. Ведаю, што ў сваёй працы сям-там памылялася і шмат што трэба было напісаць інакш. Але гэта ўсё не датычыць велічнай постаці Браніслава Тарашкевіча.