Слова пра Браніслава Тарашкевіча
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 192с.
Мінск 1996
15 снежня 1917 года ў Мінску адкрыўся агульнабеларускі з’езд, скліканы абласным Саветам. Ў ім удзельнічала 1800 дэлегатаў — сяляне, салдаты, рабочыя, інтэлігенцыя, сярод якіх было шмат прыхільнікаў Савецкай улады і якія ставілі перад сабой мэту — вызначэнне формы беларускай дзяржаўнасці. Але, ахопленыя ідэяй сусветнай рэвалюцыі, Мяснікоў і яго таварышы ў кожнай праяве нацыянальных памкненняў бачылі контррэвалюццю, і з’езд гэты быў разагнаны.
Вынікі былі фатальныяз. Паколькі большасць дэлегатаў да гэтага гвалтоўнага акта разгону з’езда бачыла будучыню Беларусі як аўтаномнай рэспублікі ў межах Расіі, то цяпер настрой пераважнай большасці дэлегатаў змяніўся і ўзнік рух, скіраваны на адмежаванне ад Расіі. Гэта найбольш яскрава выявілася ў акцыі супраць Брэсцкага дагавора (3.IIL1918), на аснове якога значная частка Беларусі заставалася яшчэ доўгі час пад нямецкай акупацыяй і ўрэшце была падзелена.
У 1917—1918 гадах у асяродку БСГ сутыкаліся дзве плыні. Першая ўяўляла сабой тыя сілы, якія звяржэнне царызму лічылі канчатковай умовай для ліквідацыі тагачаснага ладу. Гэта была плынь, якая імкнулася да радыкальных грамадска-палітычных змен. Гэтую пазіцыю займалі ў Расіі, як вядома, бальшавікі, а ў асяродку БСГ — група левых дзеячаў на чале з Аляксандрам Чарвяковым і Зміцерам Жылуновічам — вядомым паэтам і празаікам Цішкам
Гартным. Летам 1917 года яны пакінулі рады партыі і заснавалі ў Петраградзе Беларускую сацыялістычную рабочую партыю. Неўзабаве яна была ператворана ў Беларускую Камуністычную партыю і стала секцыяй РКП(б). Заснавальнікі і актывісты Беларускай Камуністычнай партыі былі адначасова актыўнымі дзеячамі Беларускага камісарыята пры Савеце Народных Камісараў у Петраградзе. I што важней за ўсё — мелі значны ўплыў на ўтварэнне беларускай дзяржаўнасці — Беларускай Савецкай Рэспублікі. У выніку першы, часовы ўрад Савецкай Беларусі (створаны 1 студзеня 1919 г.) складаўся напалову з дзеячаў Беларускага народнага камісарыята і напалову з дзеячаў тэрытарыяльных, якія прымалі непасрэдны ўдзел ва ўзброенай барацьбе за Савецкую ўладу на тэрыторыі Беларусі. Зміцер Жылуновіч, рэдактар беларускага савецкага тыднёвіка «Дзянніца», які знаходзіўся ў той час у Петраградзе, выконваў функцыі першага старшыні Савета Народных Камісараў Савецкай Беларусі, Аляксандр Чарвякоў быў, як і ў пазнейшыя гады, Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
Другую плынь сярод беларусаў складалі сілы, якія падзенне царызму звязвалі з перспектывай утварэння самастойнай беларускай дзяржавы. У гэтай плыні існавалі розныя групоўкі на класавай глебе, але найбольш адрозніваліся паасобныя групы ў сваёй палітычнай арыентацыі. Частка іх арыентавалася на Расію, частка на Нямеччыну, а пазней узніклі польская арыентацыя і пралітоўская. У сярэдзіне 1918 года Беларуская сацыялістычная грамада распалася. Частка былых дзеячаў БСГ заснавала Беларускую сацыял-дэмакратычную партыюв. У яе актыве побач з Язэпам Лёсікам, Аляксандрам Прушынскім, Антонам і Іванам Луцкевічамі, Сымонам РакМіхайлоўскім бачым і Тарашкевіча. БСДП мела праграму, падобную да праграмы БСГ, аднак шэраг пастулатаў вызначаўся ў ёй болып канкрэтна. Так, напрыклад, праграмай-максімум было ўтварэнне Незалежнай беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Пры гэтым зазначалася, што БСДП выступае за эвалюцыйнае развіццё грамадства, не выстаўляючы, аднак, гэтую задачу як прамую, непасрэдную. Праграма партыі адлюстроўвала настрой, які панаваў у той час сярод значнай часткі беларускай інтэлігенцыі. Болыпасць дзеячаў БСДП апынулася неўзабаве на тэрыторыі Полыпчы.
Увесну 1918 года, яшчэ ў перыяд дзейнасці БСГ, была зроблена спроба рэалізацыі галоўнага пастулата, які вы-
стаўляла гэтая партыя,— была абвешчана незалежнасць Беларусі. 25 сакавіка ў Мінску незалежніцкія беларусы абвясцілі ўтварэнне беларускага ўрада і Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
У часы сталіншчыны, калі ў ацэнцы гістарычных падзеяў пераважалі не навуковыя, а палітычныя матывы, БНР разглядалася як з’ява выключна адмоўная. Падкрэслівалася, што яе дзейнасць выявілася выключна ў абвяшчэнні створанага ўрада і нічога больш канкрэтнага для Беларусі яна не зрабіла. Яна абвінавачвалася ў імкненні адарваць Беларусь ад Расіі і ў памяркоўных адносінах да немцаў, якія і надалей працягвалі акупацыю значнай часткі Беларусі. Варожасць да БНР узрасла яшчэ і таму, што апошняя спроба яе самасцвярджэння была зроблена пры ўдзеле дэлегатаў, што прыбылі з Вільні,— братоў Івана і Антона Луцкевічаў. Гэта ж Антона на працягу многіх дзесяцігоддзяў, амаль да самай яго рэабілітацыі ў 1989 годзе (толькі ў 1989 г.!), абзывалі нацыяналістам, нацыяналфашыстам, надзялялі іншымі абразлівымі найменнямі.
3 той пары мінула семдзесят гадоў, і цяпер варта падкрэсліць, што абвяшчэнне першы раз у гісторыі незалежнасці Беларусі мела ■ дабратворны ўплыў на далейшае развіцце нацыянальнай ідэі. Упершыню беларусы вырашылі, што самі павінны ўтварыць незалежны ўрад. Раней жа не мелі такой упэўненасці і такой адвагі і заўжды шукалі вырашэння сваіх праблем у саюзе з суседзямі, абапіраючыся на іх, Важнае значэнне мела тут і ідэя абавязковага аб’яднання ўсіх беларускіх земляў.
Якую ж пазіцыю ў тых пераломных часах заняў Тарашкевіч? Здаецца, што яе можна акрэсліць як хістанне паміж прызнаннем рэвалюцыі і лаяльным супрацоўніцтвам з бальшавікамі і платформай беларускіх незалежнікаў. 3 некаторых крыніц вынікае, што ён уваходзіў у склад «Вярхоўнай рады» беларускага эміграцыйнага ўрада, а з іншых крыніц — што быў актыўным савецкім дзеячам і ў Беларускім народным камісарыяце ў Петраградзе ў лютым 1918 года выконваў функцыю загадчыка аддзела культуры і асветы?.
Верагодна, што абедзве інфармацыі праўдзівыя. Тарашкевіча ўжо не задавальняла пашырэнне асветы сярод петраградскіх беларусаў (хоць у свой час гэта мела выключнае значэнне для Беларусі), і таму ён распачаў актыўную палітычную дзейнасць. Вельмі балюча ўспрыняў мір, заключаны ў Брэсце паміж Савецкай Расіяй і Германіяй.
Улетку 1918 года Тарашкевіч пакінуў Петраград і праз
Фінляндыю накіраваўся на Віленшчыну (гэтыя тэрыторыі былі ў той час заняты нямецкімі войскамі). Найбольш верагодна, што дабрацца дадому дапамог яму Юзаф Зябіцкі, які быў тады адным з галоўных арганізатараў рэпатрыяцыі палякаў на радзіму. Праз некалькі месяцаў пабыўкі ў бацькоў і ў Вільні Тарашкевіч паехаў у Мінск, таксама акупаваны немцамі. Там працаваў у Беларускім школьным кураторыі і прымаў удзел у заснаванні Беларускага педагагічнага інстытута. Тым часам савецкія атрады паступова ачышчалі Беларусь ад акупантаў. 10 снежня 1918 года Савецкая ўлада цалкам завалодала становішчам у Мінску. Тарашкевіч не пакінуў інстытут, працягваў працаваць у ім. Аднак неўзабаве, паддаючыся настроям, якія панавалі сярод большасці былых дзеячаў БСГ, палічыў, што яго месца па другі бок барыкадаў, і пакінуў Беларусь. Вясной і летам 1919 года жыў у Варшаве і толькі пазней перабраўся ў Вільню. 1918 год быў поўны ваганняў і зменаў вельмі істотных у жыцці нашага героя. Кідаўся з адной крайнасці ў другую, таму што ў асяродку, у якім знаходзіўся пасля Taro, як пакінуў Расію, былі нацыянальныя дзеячы такія, як ён; грамадскія радыкалы, якія спалучалі самавызначэнне з ліквідацыяй усякага прыгнечання і перш за ўсё класавага; былі таксама і заўзятыя нацыяналісты.
У час свайго кароткага знаходжання ў Вільні летам 1918 года Тарашкевіч выдаў найважнейшую працу, плён шматгадовай работы — «Беларускую граматыку для школ»в. Гэта было першае выданне навуковай граматыкі беларускай мовы. Запынімся крыху на гэтай важнай падзеі ў яго жыцці. 3 ліста Купалы (гл. вышэй) відаць, што граматыкай займаўся ўжо на трэцім годзе навучання. Пад канец навучання напісаў працу ў галіне кампаратыўнай граматыкі індаеўрапейскіх моваў, якая атрымала станоўчую ацэнку. Верагодна, што ўжо ў той час назапашваў неабходныя матэрыялы для беларускай граматыкі.
Сваю работу Тарашкевіч вёў, натхнёны прафесарам Шахматавым, пад яго непасрэднай апекай і наглядам. У прадмове да кнігі пісаў пра свайго навуковага кіраўніка, што быў ён тым «добрым настаўнікам, які на працягу ўсяго перыяду навучання, а таксама пасля яго завяршэння бесперапынна кіраваў маёй работай і прыдаваў бадзёрасці». Выказаў падзяку таксама прафесару Карскаму. Канчатковая работа ішла два гады — 1916-ты і 1917-ты.
Поспех у гэтай рабоце забяспечыла яму веданне многіх еўрапейскіх моваў (давала магчымасць параўнання), але, перш за ўсё, веданне сваёй мовы — не ў школе набытай
беларускай мовы, а той, што гучала ў беларускай вёсцы пад Вільняй, веданне беларускіх дыялектаў.
З’яўленне першай беларускай граматыкі было вялікай падзеяй у культурным жыцці беларусаў. Звярнуў на гэта ўвагу Максім Гарэцкі, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (Вільня, 1920) пісаў пра Тарашкевіча: «Малады беларускі вучоны, філолаг, аўтар першай навукова апрацаванай граматыкі беларускай мовы. Адзін з тых, што працуюць над стварэннем беларускай літаратурнай тэрміналогіі».
У прадмове да першага выдання сваёй граматыкі Тарашкевіч пісаў: «Неадкладныя практычныя патрэбы школы змусілі мяне адкінуць усё, што мела болып ці менш важнае навуковае значэнне. Увесь час я перш за ўсё меў на ўвазе педагагічны бок кнігі. Маю, аднак, надзею, што ў будучым лепшыя ўмовы дазволяць мне выдаць болып поўную і на лепшай навуковай аснове граматыку беларускай мовы».
Гэтую першую сваю працу выдаў, маючы 26 гадоў. Ці выканала яна сваю ролю? Каб адказаць на гэтае пытанне, варта звярнуцца да «Гісторыі беларускай літаратурнай мовы»», кнігі, якая была выдадзена праз 50 гадоў пасля выхаду працы Тарашкевіча:
«Яна прадстаўляе сабой першы і тым не менш вельмі ўдалы вопыт вылучэння асноўных заканамернасцяў беларускай мовы. Прапанаваная аўтарам фанетыка-граматычная сістэма беларускай мовы замацавалася як сістэма яе літаратурных нормаў. Граматыка Тарашкевіча... доўга заставалася па сутнасці адзіным стабільным вучэбным дапаможнікам, на аснове якога ствараліся ў далейшым новыя падручнікі, працы I даследаванні па беларускай мове» (с. 162); «Выхад «Беларускай граматыкі» Тарашкевіча садзейнічаў значнаму ўдасканаленню і нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы 20-х гадоў...» (с. 220); «Праца Б. А. Тарашкевіча, якая «заснавала цэлую эру ў гісторыі нашай граматыкі і правапісу...» (с. 182); «Граматычная тэрміналогія ў тым выглядзе, у якім яна прадстаўлена ў «Беларускай граматыцы» Тарашкевіча (маючы на ўвазе і апошняе выданне 1929 г.), амаль поўнасцю захавалася і да нашых дзён, ствараючы аснову сучаснай беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі» (с. 179); «...асноўная схема граматыкі беларускай літаратурнай мовы, закладзеная Тарашкевічам, амаль не змянілася за ўвесь час яе развіцця. Граматыка Тарашкевіча з’явілася тым зыходным пунктам, які быў пакладзены ў аснову шматлікіх створаных у той час школьных падручнікаў і дапаможнікаў» (с. 181).