Слова пра Браніслава Тарашкевіча
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 192с.
Мінск 1996
Калі б сёння пісала гэтую кніжку, то адвяла б больш месца соймаўскаму Беларускаму клубу, усім беларускім паслом і Антону Луцкевічу, палітычныя погляды якіх не заўсёды былі аднолькавыя, але ўсе яны прадстаўлялі беларускі народ, кожны на свой лад служыў справе беларускага народа.
Беларускі народ атрымае гэтую кніжку праз шмат гадоў з дня яе выхаду ў свет на польскай мове. Ды не мая ў тым віна. Унесла ў беларускае выданне шэраг самых неабходных для мяне паправак. Спадзяюся, што і сёння мая праца паслужыць чытачу.
* * *
У апошнім часе сям-там пішуць, што Тарашкевіч у сваёй аўтабіяграфіі з 1933 года, напісанай у Маскве, чарніў сваіх таварышаў-барацьбітоў; што ў 1937 годзе, калі ён сядзеў у падвале мінскага НКУС, пасля жудаснага катавання падпісаў перад расстрэлам ілжывыя паказанні.
He ўсё, што цяпер пішуць, да мяне дайшло. Але з усяго таго, што я пра яго пісала, не зракаюся і не зракуся аніводнага слова. А адносна 1937 года дайшлі ўжо некаторыя верагодныя звесткі. 28
сакавіка 1988 года я атрымала ліст ад беларускага паэта Станіслава Шушкевіча (бацькі), які паміж іншым пісаў: «...Я быў у старой турме ў напаўпадвальнай камеры... Я быў у пятнаццатай, а ў шаснаццатай камеры быў Браніслаў Адамавіч. Здаецца, гэта было ў пачатку чэрвеня 1937 года... Даведаліся, што Б. А. прыйшоў увесь збіты. Б. А. сказаў, што жывым не застанецца, што ў яго бялізна ў крывавых плямах...»
А ў рэцэнзіі на маю кнігу пісаў А. Багровіч у эміграцыйным беларускім часопісе ў 1977 годзе («Запісы», кн. 15, Беларускі Інстытут Навукі й мастацтва, Нью-Ёрк, 1977): «Есць і вусным пераказам перададзеная ведамка пра Тарашкевіча ў савецкай вязьніцы, пра што А. Бергман ня піша ні слова. Арыштаванага Тарашкевіча НКУС спачатку з Масквы павёз на допыты ў Менск ды пасадзіў у «Амэрыканку». Тарашкевіч там быў у асабліва жалю годным стане, бо НКУС забраў у яго акуляры, і без іх ён быў бездапаможны, блізу зусім сьляпы... Апавядаў гэта ўвосень 1937 года ў «Амэрыканцы» А. Адамовічу адзін з вязьняў, які нейкі час сядзеў у ваднэй камэры з Тарашкевічам»...
Пра 1937 год сёння часта пішуць людзі, якія не маюць паняцця або не хочуць ведаць нічога аб дзікіх вырафінаваных формах катавання на допытах у казаматах НКУС; аб тым, што катаваныя вязьні часта падпісвалі лжывыя паказанні, не прачытаўшы ці не разумеючы таго, што падпісваюць.
У працэсе выяўлення ўсё новых матэрыялаў з архіваў НКУС яшчэ многа чаго даведаемся. Але з усяго таго, што ведаем ці, можа, яшчэ даведаемся пра турэмную долю Тарашкевіча перад яго расстрэлам,— нішто не можа прынізіць яго вялікай ролі ў ахвярным змаганні за адраджэнне Беларусі і развіцці яе нацыянальнай культуры. Ён быў адным з найбольш выдатных сыноў беларускага народа ў XX веку. Памяць аб ім ніколі не згасне — ён быў, ёсць і будзе.
Аляксандра Бергман. Warszawa, 24.12.1992 г.
Раздзел першы
(1892-1916)
Маленства ў Чарнулішках і Лаварушках. — II гімназія ў Вільні. — У польскім гуртку незалежных. —
Фарміраванне беларускай нацыянальнай свядомасці і «Наша ніва». — Студэнцкія гады ў Пецярбурзе і пачатак навуковай працы.
Віленшчына. Хто хоць калі-небудзь спазнаў гэты чароўны куточак свету, шмат разоў апісаны і апеты, не можа без пяшчотнага замілавання згадваць яго. Лагодны тут краявід, вядомыя сваім спагадлівым характарам і сардэчнасцю жыхары. Магчыма, гэта стала вынікам спрадвечнага супольнага жыцця некалькіх народаў.
Аднак стан адносінаў паміж народамі на гэтых землях не заўсёды быў ідылічны. Перапляталіся тут розныя культуры. Вільня памятае Мураўёва-вешальніка, шматвяковы прыгнёт і русіфікатарскую палітыку царызму. Гэты прыгнёт выклікаў супраціўленне праследаванню польскасці, літоўскай культуры і культуры беларускай, якая адраджалася з XIX стагоддзя. Вільня была таксама асяродкам пашырэння свецкай культуры сярод яўрэяў. Усё гэта аб’ядноўвала перад агульным ворагам і збліжала палякаў, беларусаў, літоўцаў, як і пэўныя колы яўрэйскія, асабліва блізкія да рэвалюцыйнага руху. Сярод прыгнечаных народаў панавала атмасфера ўзаемнай памяркоўнасці.
Яшчэ і сёння на Віленшчыне і ў самім горадзе паўсюль — на вуліцы, у цягніку, у аўтобусе чутна некалькі моваў. Размаўляюць па-польску, па-літоўску, па-руску, пабеларуску, па-яўрэйску. Мяняліся ўлады, мяняўся грамадскі лад, але заставаўся той самы мікраклімат, які вызначае галоўную асаблівасць Віленшчыны. Тут кожная нацыя адчувае сябе як дома, выхоўвае сваіх дзяцей паводле ўласных традыцыяў, на ўласнай мове, але і выдатна валодае іншай мовай. Адначасова адчуваецца ўзаемны ўплыў розных культураў, розных моваў. Хоць тут моцна ўкараніліся польскія традыцыі, але польская мова, якая гучыць на вуліцах, спецыфічная — віленскаяі.
1 Тут і далей зноскі ў канцы раздзелаў.— Рэд.
На гэтай Віленшчыне ў засценку Мацюлішкі, што ў 25 км ад Вільні, у сям’і беларускага селяніна каталіцкага веравызнання Адама Тарашкевіча нарадзіўся 20 студзеня 1892 года сын, якому далі імя Браніслаў. Маленства Браніслаў правеў у вёсцы Чарнулішкі Міцкунскай воласці, Віленскага павета, Лаварышскай парафіі.
Па маёй просьбе хранікёр Лаварышак і сваяк Тарашкевіча Антон Янкоўскі правёў пошукі, што датычаць радаводу Браніслава. Ен меў доступ да архіва лаварышскага касцёла і знайшоў там дакумент — сведчанне аб продку Тарашкевіча,— датаваны 1834 годам, у якім гаворыцца, што тойпаходзіў з «працавітых», г.зн. з сялянг. Мне не ўдалося больш дакладна ўстанавіць радавод маці. Вядома толькі, што паходзіла яна з дробнай шляхты (дачка Юзафа Чарняўскага — лоўчага). Чарняўскіх на Віленшчыне было шмат, і нямала сярод іх знакамітых. Можа, ад каго-небудзь з іх Браніслаў атрымаў у спадчыну незвычайны розум? Пазнаць глыбей вобраз маці не маем магчымасці. Ведаем адно, што Браніслаў пяшчотна любіў яе, лічыў узорам чалавека.
Сам Тарашкевіч неаднойчы публічна сцвярджаў, што з’яўляецца «селянінам ад крыві і касцей» і што яго прадзед па бацькавай лініі быў прыгонным селянінам у маёнтку Міцкуныз.
Рыхтуючы гэтую кнігу да першага выдання і пішучы пра радавод Тарашкевіча, яшчэ не ведала таго, што ведаю сёння пра радавод яго маці. Зрэшты, лічыла, што для пазнання сутнасці чалавека і яго характару асноўнае значэнне маюць, перш за ўсё, рэаліі жыцця. А рэаліі былі такія...
Браніслаў нарадзіўся напрыканцы XIX ст., калі працэс збяднення беларускай шляхты зайшоў далёка. Пісаў у сваёй аўтабіяграфіі: «Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. На долю бацькі прыпала 5 га ненайлепшай зямлі. Свайго хлеба амаль заўжды не хапала. Бацька падзарабляў у лесе на вывазках». Пазней сваю зямлю прадаў брату, а сам перайшоў на арэнду разам з цесцем, ад якога бацькі Браніслава былі ў поўнай залежнасці, бо фактычным гаспадаром быў цесць. Маленства Браніслава прайшло ў сям’і, у якой сродкі на жыццё здабываліся цяжкай працай. Вось чаму ён павінен быў зарабляць на сябе ўжо вучнем 5 класа. Сям’я дапамагала яму толькі на працягу першых двух гадоў навучання.
Да пытання пра радавод не змагла нічога дадаць і малодшая сястра Браніслава — Тэкля. Перадала толькі некалькі здымкаў: дамок у Чарнулішках, у якім правёў маленства Браніслаў Тарашкевіч4, здымак дзядулі (Юзафа Чарняўскага), бацькі (Адама) і маці.
У бацькоўскай хаце гаварылі па-беларуску. Бацька любіў устаўляць у гаворку беларускія прыказкі, прывозіў з Вільні беларускія газеты і брашуркі. Сям’я была каталіцкая, набожная. Найбольш верагодна, што добраму чытанню Браніслаў навучыўся па польскім малітоўніку «Злоты олтажык». Гэтак з маленства пазнаваў дзве мовы: адну — на штодзённы ўжытак, другую — для выпадкаў больш урачыстых. Рос у тыповых віленскіх умовах, Сведчаннем гэтага з’яўляецца такі прыклад: малітвам і каталіцкім абрадам вучыла Броніка маці або бабуля Чарняўская, шчырая каталічка, якую звалі па-беларуску «Кумкова», ці «Кумчыха», адмянушкі дзеда Чарняўскага, таксама шчырага католіка, вядомага як «Кумка-Галубка». Маці Тарашкевіча Алену ў весцы інакш не звалі як «Алёна».
Умовы, у якіх прайшло маленства Тарашкевіча, не былі спрыяльныя. Сям’я была шматлікая, але браты і сёстры паміралі ў дзіцячым узросце. Выгадаваліся толькі трое. Апрача Браніслава,— старэйшы Юзаф і малодшая Тэкля, якія адукацыі не атрымалі.
Як ужо ведаем, Адам Тарашкевіч пасля заснавання ўласнай сям’і прадаў сваю зямлю брату, а сам перабраўся ў Чарнулішкі да цесця Юзафа Чарняўскага. Сумесна аселі на арэндзе, на зямлі ўладальніка многіх маёнткаў Яна Котвіча. Будучы галавой сям’і, Адам Тарашкевіч не быў яшчэ поўным гаспадаром. Але перад самай першай сусветнай вайной, пасля смерці цесця, адкупіў ад Котвіча 40 дзесяцін арандаванай ім зямлі. Аднак Котвічы патрабавалі плату за зямлю золатам. Пачалася доўгая судовая цяганіна, якая знясіліла гаспадарку. Матэрыяльныя ўмовы сям’і палепшыліся, калі суд з Котвічамі быў выйграны. У той час Браніслаў быў ужо чалавекам сталым, меў сваю сям’ю.
Малы Бронік быў дужа вясёлы па натуры, любіў весяліцца і забаўляць іншых. Раз, вярнуўшыся з касцёла, апрануў матчыну кашулю і даў прадстаўленне на манер касцельнага набажэнства. «Можа, з яго будзе ксёндз?» Гэта надзея зарадзілася ў сям’і спачатку паціху, а пасля і ўголас. Болып за ўсіх марыў пра гэта Юзаф Чарняўскі. Як і іншыя сялянскія дзеці, да дванаццацігадовага ўзросту Бронік пасвіў жывёлу. Адначасова наведваў пачатковую школу ў Лаварышках. Было гэта так званае «Народное учнлніце в Лаварншках», на адлегласці 4 км ад Чарнулішак5.
Вестка пра яго выключныя здольнасці дайшла да маладой памешчыцы, настаўніцы па прафесіі, Гелены Стамброўскай. Забрала яна Бронюся да сябе, заапекавалася ім і падрыхтавала да 3 класа гімназіі. Было гэта ў 1906 годзе.
У Вільні, як і ва ўсёй царскай Расіі, выкладанне ў сярэдніх навучальных установах вялося выключна на рускай мове, а да дзяцей нярускай нацыянальнасці ставіліся павышаныя патрабаванні. Стамброўская сама завезла яго ў Вільню ў II Віленскую гімназію на экзамены, якія ён здаў паспяхова. Было яму тады 14 гадоў. Паступленне Браніслава ў гімназію было вялікай падзеяй у сям’і. Расчараваным застаўся адзін толькі дзед Чарняўскі, які канчаткова зразумеў, што ўнук ксяндзом не будзе. Бунтаваў і пратэставаў, урэшце запатрабаваў вярнуць яму грошы, тыя, што ён аддаў на адзенне і іншыя выдаткі на Браніслава. Як відаць, бацька Адам не падзяляў настрою цесця, бо ўсё ж рашыў паслаць сына ў Вільню і вучыць у гімназіі.