Шоўк
Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
10
Мяне прывезлі ў пракуратуру і пасадзілі ў драўлянае крэсла перад такім жа драўляным сталом, папярэдне знялі наручнікі. Я з асалодай пацягнуў рукі і працёр пальцамі зацёкшыя запясці. Са сцяны насупраць на памяшканне пазіраў жалезны Фелікс. Той самы
мужчына ў карычневай скуранцы, які дапытваўся ў Насці, чый гераін у яе кватэры, сеў за стол, склаўшы на ягонай паліраванай паверхні рукі. Ён быў падобны знешне на актора Барыса Шчарбакова. Той таксама любіў выконваць ролі капітанаў міліцыі. Мой капітан, відаць, доўга збіраўся з думкамі, каб пачаць размову. Бачна было, што ён вельмі стаміўся і яму не да мяне. Ён хацеў спаць, бо вочы яго набрынялі чырванню бяссонніцы... А мне хацелася курыць, ды толькі я саромеўся папрасіць у яго дазволу. Капітан сам неяк здагадаўся прапанаваць мне цыгарэту, а мо і самому карцела пакурыць. Мы задымілі. Аднак маўчанне працягвалася. Яно павісла над намі цыгарэтным дымам і знікаць не збіралася. Тады капітан адчыніў фортку. Дым, бы шлейф, унёс з сабою маўчанне, ці вецер проста выцягнуў яго, як злодзей, праз адчыненую фортку.
Капітан не сеў за стол, а пачаў мераць крокамі кабінет. Затым спыніўся, прымесціўся на вуглу стала і з цяжкім уздыхам прамовіў, не гледзячы на мяне:
— Адкуль ты ўзяўся на маю галаву і хто ты такі, чорт цябе вазьмі... Усе планы сапсаваў сваім з’яўленнем. Навошта гэта ўсё табе трэба?
Я і сам не ведаў, навошта, але думаць зараз пра тое, што адбылося, не меў ніякага жадання. Што здарылася — тое здарылася. Чаму, навошта — якая розніца? Усё адно ўжо нічога не паправіш. Я маўчаў.
— Дык, можа, пазнаёмімся? — зноў прамовіў капітан, пільна пазіраючы мне ў вочы. Позірк яго быў востры і ўчэпісты, як у беркута. Здавалася, што ён выцягвае мяне з майго ж цела, і я мімаволі апусціў вочы на драўляную падлогу з патрэсканай карычневай фарбай. Але праз імгненне падняў іх і сказаў, што я беларускі пісьменнік Мікола Адам. Ён адразу сеў за стол і зашчоўкаў клавіятурай камп’ютара. Палез у
базу дадзеных правяраць, ці праўду я яму сказаў, ці зманіў. Навошта мне маніць? Хаця, калі падумаць, не кожны чалавек, які займаецца літаратурай, вось так проста прызнаецца, што ён пісьменнік...
Капітан адсунуўся ад камп’ютара і расслабіўся, адкінуўся на спінку крэсла. Расшпіліў верхнія гузікі на кашулі, якія душылі яму горла, і сказаў:
— Дык чаму ж вы, культурны чалавек, улезлі ў такое дзярмо?..
Я не стаў адказваць на капітанава пытанне, калі гэтая фраза была пытаннем. Чамусьці не верылася, што капітан лічыць мяне злачынцам, і я прамовіў:
— Мне прыемна, што вы гаворыце са мной на роднай мове.
Капітан прымружыў вочы і раптам спытаў:
— Літаратура — гэта вы?
— He я адзін, але літаратура — гэта такія, як я. I нас не так мала, як вам здаецца. Сапраўдная літаратура адродзіцца, паверце мне.
— Вы не лічыце, спадар Адам, што занадта амбіцыёзныя?
— Я ведаю пра гэта, але не лічу заганай. Мы павінны выбавіцца з-пад тоны макулатуры.
— А дзе вы працуеце?
— Нідзе.
— А жывяце за што? — Яго, відаць, моцна ўразіла тое, што я нідзе не працую.— Ці ганарары такія вялікія, што вам хапае на ўсё?
— Ганарары — слёзы. Хіба вы не ведаеце, што каб выдаць кніжку, пісьменніку за яе трэба заплаціць. Заўважце, не мне павінны плаціць за тое, што я напісаў, за маю працу, а я павінен за сваю асабістую працу з недаспанымі начамі плаціць грошы.
— Ну, што ж,— паціснуў плячыма капітан,— вы самі, як кажуць, абралі свой шлях, вам і сцяг у рукі.
Але мы адхіліліся ад тэмы. Кім вам даводзіцца Анастасія Мажар?
Я хацеў адказаць адразу і не думаючы; словы ўжо гатовы былі скочыць з маіх губ калабкамі, але нешта стрымала мяне. Я задумаўся: а на самай справе, хто мне Насця? Каханая жанчына? Шлюха на адну ноч? Ці жонка? Хутчэй за ўсё — усе разам, я так адчуваў, аднак як растлумачыць гэта капітану міліцыі? Мініч, Ілля Варанкоў, Андрэй Шакель, ды любы, хто займаецца хоць нейкай творчасцю, мяне б зразумелі з паўслова, а ці зразумее гэты капітан, такі падобны на актора Шчарбакова? Hi ў якім разе я не лічыў яго тупым і недалёкім, толькі ведаў, што ён мяне не зразумее. I тады я сказаў:
— Таварыш капітан, можна пытанне?
Ён паціснуў плячыма.
— Вы глядзелі калі-небудзь кінастужку Яна Фрыда «Сабака на сене»? — працягваў я.
— Дапусцім,— хітнуў капітан, але ніяк не мог зразумець, да чаго я хілю.
— Вы добра памятаеце адносіны беднага летуценніка-паэта сакратара Тэадора і яго гаспадыні графіні Дзіяны?
— Угу.
— Цяпер уявіце заміж твараў Баярскага і Церахавай — мой і Анастасіі Мажар,— скончыў я.
— Гм,— памуляў капітан сківіцамі.— Але... — ён яшчэ крыху падумаў,— там была такая фраза, што каханне добра ставіцца да роўных па статусу...
— А хто вам сказаў, што мы з Анастасіяй Мажар не роўныя?
— Гэтага мне ніхто не казаў,— адрэзаў капітан.— I сляпому бачна вашае адрозненне,— дадаў ён.— Што ж,— загаварыў пасля непрацяглай паўзы даўжынёй
у падкурванне цыгарэты, я таксама папрасіў агеньчыку,— гэта многае растлумачвае.
Капітан зноў вьійшаў з-за стала і сеў побач са мной на яго вугал, склаўшы на грудзях рукі.
— Навошта вы сказалі, што наркотыкі вашы? — знянацку спытаўся ён, гледзячы мне ў вочы. Я не чакаў такога рэзкага пытання, таму ненадоўга разгубіўся, але хутка адказаў:
— А чые ж яны, па-вашаму?
— Верагодна, Анастасіі Мажар? — няўпэўнена вымавіў ён.
— Выключана,— запярэчыў я.— Насця ніколі не ўжывала наркотыкі.
— Колькі гадоў вы знаёмы? — перапыніў мяне капітан.
— Тры тыдні,— ляпнуў я, не падумаўшы.
— Гм,— твар капітана наведала незразумелая ўсмешка, але, нібы цень, тут жа рэтыравалася,— гэта шмат аб чым гаворыць.
— Аб чым? — занепакоіўся я.
— Вы ў курсе, спадар беларускі пісьменнік, што закаханыя, як правіла, сляпыя?
— 3 чаго вы ўзялі, што я закаханы?
— Ну, як жа,— здзівіўся капітан,— толькі што вы тлумачылі свае адносіны з Анастасіяй Мажар на прыкладзе фільма «Сабака на сене»...
— Я шмат чаго гаварыў,— прамовіў я.— Але гэта не азначае, што ўсе мае словьі — ісціна, бо я не Бог.
— 3 Богам вас ніхто і не параўноўвае,— задумліва прамовіў капітан. Ён зноў сеў за стол, забарабаніў па стрэшцы пальцамі. На дзіва, пальцы міліцыянта нагадвалі жаночыя, зрэшты, як і ў мяне. Такімі пальцамі толькі розных Моцартаў ды Бахаў на піяніне граць.— Вы вельмі супярэчлівы чалавек,— расцягваючы кожнае слова, нібы гуму, адзначыў капітан.— He
баіцеся, што некалі вам давядзецца несці адказнасць за кожнае вымаўленае слова?
— He,— адказаў я,— толькі таму, што маю праўду, як я яе разумею, можна будзе прачытаць у маіх кнігах.
— А да іх далёка...
— He зусім. Усяго чатыры кілаграмы гераіну.
— Вы вельмі любіце гуляць у словы, спадар беларускі пісьменнік.
— Прафесія вымушае.
— Што ж, тады падумайце і пагуляйце ў словы на адзіноце,— сказаў капітан і выклікаў вартавога сяржанта.
— Допыту не будзе? — пацікавіўся я.
— Аб чым вас дапытваць? — усміхнуўся капітан.— Тое, што мне было патрэбна ўведаць, я ўведаў.
Мяне зачынілі ў камсры папярэдняга зняволення, і маўклівая цішыня чорным пледам прыкрыла мне плечы. Я адчуў сябе вельмі стомленым за дзень і заплюшчыў вочы, але сон не ішоў. Зрэшты, мне і не хацелася спаць. Я ўспомніў да драбніц кожны эпізод падзей сённяшняга дня, але ні на адным не спыніўся. Навошта? Я спыняўся толькі на вобразе Насці. Яна стала іншай, не падобнай на сябе. Дзе падзелася тая кава, тая багна млявай чысціні ейных вачэй? Заміж яе я ўбачыў шэры попел, зыбучы пясок і халодную сталь стылету. I гэты маскарад... Адкуль ён? Што сталася з маёй Насцяй? Куды яна падзелася? А гераін? Пры чым тут гераін, і што я раблю ў пракуратуры? Мне гэта патрэбна? Такое ўражанне, што я — звычайны абывацель — трапіў у танны галівудскі трылер выканаўцам пасрэднай, але ключавой ролі. Герой, закаханы ў гераіню, які ўвесь фільм недзе швэндаецца і думаць не думае аб дапамозе каханай, раптам у самы
цікавы момант з’яўляецца гэтакім джэнтльменам і бярэ ўсю віну на сябе, адпраўляючыся за краты. Каханая дорыць яму мілую ўсмешку і працягвае весяліць гледачоў іншымі прыгодамі. А я... я... пофігу гледачам. Яны папляскалі ў ладкі, здзіўленыя маім высакародствам, падумалі, што я поўны дурань, і забыліся на мяне, як і гераіня. Яе чакае свет, поўны радасці і жыцця. Няўжо я на самай справе такі ідыёт, ці мне толькі здаецца? Мне пляваць, адкуль гэты дзярмовы гераін зваліўся на маю галаву, і адкуль ён узяўся ў Насцінай кватэры, пляваць! Я не ведаю і ведаць не хачу, чым займалася Насця на працягу тыдня — часу, за які я ні разу яе не бачыў. Я толькі аднаго хачу. Вярніце мне Насшо. Маю Насцю, чуеце! Яшчэ ўчора я сумняваўся ў сваіх пачуццях да яе, сёння ўсе сумненні — прэч! Я гатовы закрычаць на ўвесь свет, што кахаю Насцю Мажар і мне без розніцы, хто яна! Графіня, царыца, наркаманка ці русалка! Без розніцы! Як да лямпачкі тое, чым яна займаецца. Мне не патрэбны яе тлумачэнні пра ейны занятак, я хачу ейнага кахання!
Вядома, я эгаіст. А хто не эгаіст? Пакажыце мне яго, тыркніце ў яго пальцам, я хачу памацаць яго навобмацак! Няма неэгаістаў. Альтруісты канулі ў лету! За проста так зараз нічога не робіцца. Нават шклянку вады за проста так сын не прынясе хворай маці. Толькі калі яна паставіць на стол пляшку самагонкі. Я ведаю, што кажу, бо сам з вёскі, бо сам нешта падобнае рабіў, пакуль ува мне не прачнуўся дух паэзіі, які б не прачнуўся ніколі, каб не нарадзіліся Кафка і Дастаеўскі, Мапасан і Бальзак, Булгакаў і Томас Вулф, Фіцджэральд і Джойс, Хэмінгуэй і Борхес, Пруст і Картасар... Я мог бы назбіраць такіх прозвішчаў легіён, але што з яго толку? Хіба ён мне дапаможа ў адносінах з Насцяй?..
Усю ноч мне не давала Насця спакою. Я варочаўся на мулкім ложку, успамінаючы ейнае цела, ейныя дотыкі. Насця залятала ў закратаванае акно камеры Маргарытай на мятле і сціскалася ў куце МарыяйМагдалінай. Затым проста Насцяй туліла, хавала сарамліва свае грудзі, нямоцна кусаючы вусны, за выратавальную фланэль маёй клятчатай кашулі...
Раніцы я не памятаю.
Памятаю толькі, як адчыніліся дзверы камеры, затым зноў зачыніліся, і мяне прывялі ў той самы кабінет да капітана, так падобнага на актора Шчарбакова, што я ледзь утрымаўся, каб не папытацца, ці сваякі яны. Капітан вачыма паказаў мне на крэсла перад сталом, і я цяжка сеў. Ён моўчкі сачыў за мной, гартаючы нейкія паперы. Сёння ён быў у форме і выглядаў больш суровым.