Шоўк  Мікола Адам

Шоўк

Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
71.45 МБ
Я закурыў. Міма прайшлі дзве старшакласніцы ў калготах і кароткіх спадніцах з кілаграмамі макіяжу на тварах. Яны нават не зірнулі ў мой бок. Вядома, я не падобны на Тома Круза ці Лсанарда Дыкапрыа, што паробіш? Але вясна бярэ сваё: такое жыццё. А што такое жыццё? Крыху кахання, больш расчаравання і дуэль. Дуэль з асабістым лёсам, які заўсёды перамагае. Хаця бывае... што і лёс ломіцца, як клінок шпагі. Магчыма, у нечым я перабольшваю, не ведаю. Як бы там ні было, гэта маё асабістае меркаванне.
Я ўжо пашкадаваў, што выйшаў на двор у куртцы, бо цяплынь стаяла амаль што летняя, аднак дамоў вяртацца не стаў. He таму, што вяртанне — дрэнная прыкмета, у забабоны я ніколі не верыў, а таму, што лянота падымацца на сёмы паверх, бо ліфт чамусьці не працаваў.
Я не ведаў куды пайсці, але накіраваўся да Цэнтра. Верагоднасць сустрэць там каго-небудзь была большай, чым у маім раёне. У метро я абазнаўся. Але ж як затрымцела сэрца, калі ў дзяўчыне, што стаяла спінай да мяне, я ўбачыў Насцю. Яна была ўсяго за некалькі крокаў ад мяне, але гэтыя крокі немагчыма было адолець з тае прычыны, што вагон здаваўся кансервавай бляшанкай, напакаванай людзьмі, як сялёдкай. Аклікнуць я не асмеліўся, але і чакаць, пакуль цягнік спыніцца на нейкай станцыі, не было часу. А раптам яна выйдзе, а я не паспею, ды нават калі б і паспеў, дзе гарантыя, што не згублю яе ў натоўпе? Я запрацаваў рукамі і плячамі, прабіваючы сабе дарогу да Насці, не рэагуючы на незадавальненне пасажыраў. Аднак дзяўчына аказалася не Насцяй. Магчыма, і Насцяй, але іншай, чужой, не маёй.
Я апусціў рукі.
На паветра выйшаў забіты і зацюканы, нібы пасля доўгачасовай лекцыі тэт-а-тэт з выкладчыкам па філасофіі. Знаёмых — нікога.
Я ірвануў да ГУМа, аднак і ў бары — тое самае. Што за дзень? Варта некуды выбрацца, як адно расчараванне вакол, нібы нейкае пакаранне.
Бралася на вечар. Дамоў ісці не хацелася, а я ўжо знаходзіўся на Пушкінскай, дадому — пятнаццаць хвілін ходу. А ў супрацьлеглым напрамку — невядомы мне раён Сухарава. Я ніколі там не быў і вырашыў паехаць паглядзець, «шчо цэ таке».
Зрэшты, нічога асаблівага. Вялізныя «каробкі з алоўкамі» на адзін капыл, шэрыя, як асфальт. Жыць у такім раёне ўсё адно, што жаваць жуйку, у якой даўно адсутнічае смак. Толькі адно месца мяне зацікавіла — бар-кавярня, куды я і паспяшаўся зазірнуць. Цэны тут, канечне, кусаліся, але дзе вы бачылі цэны без зубоў? Я заняў столік у самым непрыкметным кутку, дзе мяне ніхто не мог бачыць, замовіў гарэлкі і бутэрброд з каўбасой. Адчуваў сябе Хэмінгуэем, і ўва мне абуджалася прага пісаць, чаго я за сабой даўно не заўважаў. Чаму б і не? Заўтра трэба будзе захапіць сшытак, асадку і Кафку і прыехаць сюды, каб уволю папрацаваць. Я ведаў, што ў гэтым бары-кавярні здолею напісаць нешта такое, што перакуліць свет. Я б і зараз пісаў, калі б было на чым, бо проста на стале не мог: раптам атрымаю штраф, калі не болей, за сапсаваную дзяржаўную ці камерцыйную мэблю.
Даволі ўтульнае памяшканне, вытрыманае ў духу рамантызму з прымессю постмадэрнізму. Столікі круглыя, засланыя чырвонымі абрусамі, на якіх, на кожным, па пяць прыбораў: талерка, сподак, лыжка, відэлец, нож, а таксама попельніца і чырвоныя сурвэткі конусамі ў шклянцы. Крэслы — драўляныя. разныя, абабітыя чырвоным аксамітам. Падлакотнікі і ножкі — чорным. Падлога паркетная, пад столлю — тэлевізар, па якім ішоў фільм з Джэкі Чанам. Узнікла думка, што знаходжуся ў таверне ці кабачку сямнаццатага стагоддзя. He хапае толькі таго, каб зараз уваліліся мушкецёры ў блакітных плашчах з сярэбранымі крыжамі на спінах і каб Атос патрабаваў сабе віна. Мара ідыёта. А чаму не? Я і не адмаўляю, што я ідыёт, які курыць трэцюю цыгарэту запар, так і не дакрануўшыся ні да кілішка з гарэлкай, ні да бутэрброда, які ўжо даўно астыў; вылупіўшы вочы, як баран, на дзяўчыну, што сядзела насунраць праз чатыры столікі, але не бачыла мяне. Яна
далікатна курыла лёгкую «Магну», пакідаючы на белым фільтры чырвоныя сляды памады. Так сухотнік пакідае плямы крыві на белай насоўцы. Дзяўчына была цалкам у чорным. Чорная касуха, чорныя скураныя штаны, запраўленыя ў чорныя высокія батфорты, чорная блузка з фланэлі, расшпіленая на адзін гузік. Лак на пазногцях таксама чорны, і чорныя валасы крыху кранаюцца плячэй, як крылы кажана. Нават вусны і тыя былі чорныя. Толькі вочы, адны вочы захоўвалі нейкі светлы цень. На імгненне мне падалося, што гэта Насця. Я ледзь не «падарваўся» да яе, але стрымаўся, сціснуўшы кулакі. Што, калі зноў памыліўся? Мне не прывыкаць адчуваць сябе ідыётам, але толькі не ў гэтым памяшканні і не перад гэтай дзяўчынай. Я нават загадаў сабе не думаць пра Насцю, бо дзяўчына ў чорным ніяк ёю быць не магла. У Насці доўгія рыжыя валасы па пояс... Ці доўга іх пастрыгчы і пафарбаваць у чорны колер? Але я не спяшаўся. Нешта падказвала, што дзяўчына ў чорным — Насця, аднак нешта і адштурхоўвала. У Насці не маглі быць такімі халоднымі вочы, хоць толькі яны і выпраменьвалі нейкае святло. Я чакаў. А чаго, не ведаў. Дзяўчына падняла вочы і паглядзела на мяне, але не заўважыла. Я сядзеў у цёмным куце і ўяўляў сабой для яе толькі бясформенны цень. На яе ж падала святло з усіх бакоў. Падалося, што яна наўмысна абрала гэтае месца, і я не мог памыліцца... На мяне глядзела Насця, толькі нейкая не такая, нібы зомбі. Яе вочы былі мёртвыя. Толькі мёртвасць ейных вачэй утрымала мяне ад бязглуздага кроку. Дзяўчына нервавалася, нават пачала паціху касіць вокам, але зусім непрыкметна. Яна некага чакала, безумоўна, і я мог сапсаваць ёй сустрэчу. Чакала? А каго? Няўжо Мініча? Сёння ён ад мяне не ўцячэ, калі Насця чакае яго; ніякія сілы пекла не супыняць мяне. Я зраблю з Мініча біфштэкс з крывёй...
Да яе падышлі двое. У карычневых скуранках. Селі па баках. Я не чуў, пра што яны размаўлялі, бо размову заглушала ідыёцкая музыка з фільма пра Джэкі Чана. Я нічога не мог зрабіць, і мяне калаціла. Двое падняліся. Паднялася і Насця. Якой яна была бледнай!.. Як крэйда!.. Толькі вусны чарнелі, як кроў на снезе. Але спакойна. Яна павесіла сумачку на плячо і накіравалася да выхаду. Двое моўчкі рушылі следам.
Я рынуўся за імі з усіх ног, на хаду кусаючы бутэрброд і запіваючы гарэлкай. Ля самых дзвярэй паслізнуўся, бо падлога была мокрай, відаць, яе толькі што памылі, і расцягнуўся, зачапіўшыся нагамі за крэсла, што стаяла побач з накрытым сталом. Дзякуй богу, што я перакуліў усяго адно крэсла і пусты фужэр на стале. Я хутка падняўся, абтросся, папрасіў прабачэння і папяціўся да дзвярэй, тлумачачы тым, што я вельмі спяшаюся і пазнаёмлюся як-небудзь іншым разам з кампаніяй, з такой прыемнай кампаніяй...
На вуліцы я ледзь не зваліўся з лесвічных прыступак. Мая Насця сядала ў чорную «Волгу», за ёю не адставалі тыя двое. Зараз яна паедзе, і я ніколі больш яе не ўбачу. Я хачу гэтага? Вядома, не. Мне патрэбна Насця, як паветра, як цыгарэта, як вада, як віно, як пельмені, адным словам, патрэбна, і ўсё... Яна ж мая жанчына ў рэшце рэшт і маці маіх будучых дзяцей! Дык чаго я стаю? I на самай справе, чаго? Бегчы за «Boaraft»? Наўрад ці даганю. Але ж яна ўжо кранаецца!..
— Гэ-э-э-э-эй! — закрычаў я, несучыся напярэймы машыне, але яна звярнула не там, дзе я думаў яе пераняць.
— Каналья! — вылаяўся я, як д’Артаньян. Нікім ініпым я сябе не ўяўляў. Але пешшу даганяць машыну?.. Я паймаў вяртлявага «жыгулёнка» і загадаў трымацца чорнай «Волгі». Вадзіцель, даволі малады, хацеў даведацца ад мяне, што здарылася, з якой нагоды, так мовіць, праследаванне? Але я маўчаў,
кінуўшы толькі адну фразу, каб ён сачыў за дарогай. Як не дзіўна, мы набліжаліся да дома, дзе Насця жыла і дзе мы так цудоўна правялі ноч, адкуль пасля мяне запэўнілі, што Насця ніколі не жыла па тым адрасе.
Я не памыліўся, мы якраз пад’язджалі да таго дома.
Першай спынілася «Волга». 3 яе выйшлі спачатку двое ў карычневых скуранках, потым Насця, затым яшчэ двое ў карычневых скуранках. Усе яны ланцужком схаваліся ў пад’ездзе.
— Усё,— сказаў я вадзіцелю,— прыехалі,— і разлічыўся.
— А што адбываецца? — усё дапытваўся ён.
— Кіно здымаем,— вырашыў пажартаваць я, абы назола-вадзіцель адчапіўся, тузаючы дзверцы, якія ніяк не паддаваліся, не выпускалі мяне.
— А якое кіно?
— «Дзевяць з паловай тыдняў», трэцюю частку,— адказаў я і нарэшце справіўся з дзверцамі.
— А хто ў галоўных ролях?
— Акторы малавядомыя,— запэўніў я,— толькі што пасля вучобы...
Бегма я скочыў у пад’езд, ліфт выклікаць не стаў, вырашыў падняцца па лесвіцы. Так бяспечней і спакайней.
Ніхто на мяне не нападаў і не чакаў, на што я вельмі разлічваў, бо адчуваў: не так сабе прыходзілі да Насці хлопцы ў карычневых скуранках і не так сабе прыехалі да яе дамоў. Я не сумняваўся, што і Насця, і чацвёра мужчын у карычневых скуранках знаходзяцца менавіта ў той кватэры, дзе мы з Насцяй правялі ноч. I я меў рацыю. Дзверы ў кватэру — расхінуты насцеж.
Я асцярожна перакрочыў парог і спыніўся ў прыхожай... Па ўсім відаць, ішоў вобыск. Людзі ў скуран-
ках, нібы гаспадары, шасталі па кватэры, зазіраючы ў кожную дзірку, нешта, відаць, шукалі і нерваваліся. Насця сядзела пасярэдзіне залы на зэдліку, склаўшы на грудзях рукі. Яна глядзела на мыскі сваіх батфортаў, нікога і нічога не заўважаючы вакол, і яе трэсла, калаціла... Рукі намагаліся суняць дрыготку ў плячах, але яны не падпарадкоўваліся ёй.
Мне хацелася падбегчы да дзяўчыны, абняць і прытуліць да сябе, і, магчыма, я б так і зрабіў, ні аб чым не пытаючыся і не патрабуючы ніякіх тлумачэнняў, але мяне апярэдзіў халодны абыякавы голас аднаго з тых, хто прывёз Насцю сюды:
— Гэта што такое?
Да Насціных ног паляцелі чатыры цукровыя пакецікі па кілаграме кожны, але ў іх быў не цукар, далёка нс цукар. Я жахнуўся: адкуль столькі гераіну?
— Гэта не маё,— неяк стомлена і з лёгкай усмешкай адказала Насця.
— А чыё, па-вашаму?
— Маё! — зрабіў я некалькі крокаў наперад, хаваючы свой твар ад цікаўных позіркаў мужчын у карычневых скуранках.
Апошняе, што я заўважыў, пакуль на мне зашпілялі наручнікі і пакуль не вывелі — здзіўлены Насцін твар, у якім чытаўся і жаль, і пытанне «навошта?», і каханне. Нягледзячы ні на што, яна мяне кахала. Прынамсі, я так думаў і адчуваў. Магчыма, памыляўся.